Лекцыі-канцэрты па гісторыі традыцыйных музычных інструментаў і беларускага народнага тэатра правёў Іван Кірчук для жыхароў ТураўшчыныСемінар-практыкум “Захаванне і папулярызацыя традыцыйных выканальніцкіх мастацтваў у абрадавых і пазаабрадавых фальклорных практыках” прайшоў 13-14 сакавіка 2024 года ў г. Тураў і г. Жыткавічы ў межах праекта “Рэалізацыя плана аховы вясновага абраду “Юраўскі карагод” у в. Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці”. Семінар з’яўляецца часткай комплексу мерапрыемстваў праекта, які рэалізуецца ўстановай адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” (БДУКМ) сумесна з Жыткавіцкім райвыканкамам пры падтрымцы Фонда нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Другая частка семінара “Прэзентанцыя традыцыйнага мастацтва ў творчасці сучасных выканаўцаў” прайшла для шырокага кола ўдзельнікаў, сярод якіх, акрамя кіраўнікіоў, метадыстаў і спецыялістаў раённых устаноў культуры і адукацыі, прысутнічалі выкладчыкі і вучні дзіцячых школ мастацтваў, агульнаадукацыйных школ Жыткавіцкага раёна, якія займаюцца вывучэннем народнай культуры, захаваннем і папулярызацыяй нацыянальных культурных традыцый. На базе філіяла “Дварэцкі гарадскі дом культуры” ДУК “Жыткавіцкі раённы цэнтр народнай творчасці і арганізацыі культурнага вольнага часу насельніцтва” была прадстаўлена выстаўка традыцыйных музычных інструментаў з калекцыі этналабараторыі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў (ІПКіПК) БДУКМ. Адметныя экспанаты выстаўкі паслужылі матэрыялам для лекцыі-канцэрта па гісторыі народных музычных інструментаў “Ад чароткі да дуды”, якую прапанаваў Кірчук Іван Іванавіч, старшы выкладчык кафедры псіхолага-педагагічных дысцыплін ІПКіПК БДУКМ. Кожны інструмент у руках славутага музыканта загучаў і па асобку, і ў спалучэнні са спевамі, замовамі, расповядамі пра традыцыі продкаў. Дарослыя і дзеці з замілаваннем слухалі гукі ліры і дуды і патраплялі разам з імі ў чароўны свет беларускага народнага тэатра з яго таемнымі вобразамі, маскамі і касцюмамі. Лекцыя-прэзентаацыя на гэту тэму была цесна знітавана з музыкай і спевамі, тэмай традыцыйнай абраднасці і яе ўвасаблення ў сучасным жыцці. У якасці метадычнай дапамогі для работы ўстаноў культуры і адукацыі Жыткавіцкага раёна Іван Іванавіч прапанаваў два грунтоўныя выданні “Кветка Перуна: каляндарна-абрадавы даведнік” і музычны альбом “Варажбіт. Па матэрыялах беларускага фальклору”, а таксама шэраг мультымедыйных матэрыялаў з багатага ўласнага досьведу творчай і выкладчыцкай дзейнасці. Асаблівая значнасць работы ў дадзеным напрамку была адзначана ў лекцыі “Захаванне традыцыйнага выканальніцкага мастацтва – важны складнік развіцця нацыянальнай культурнай прасторы”, з якой выступіў перад удзельнікамі семінара Радзівонаў Андрэй Аляксандравіч, намеснік дырэктара ІПКіПК БДУКМ, кандыдат ваенных навук. Абмеркаванне пытанняў семінара-практыкума прайшло і ў асобных групах з супрацоўнікамі Тураўскага краязнаўчага музея, Жыткавіцкай раённай сеткі бібліятэк, Тураўскага і Дварэцкага гарадскіх дамоў культуры, Пагосцкага цэнтра народных традыцый і іншых філіялаў Жыткавіцкага раённага цэнтра народнай творчасці і арганізацыі культурнага вольнага часу насельніцтва.
Арганізатары семінара выказалі шчырую ўдзячнасць удзельніцам народнага фальклорнага ансамбля «Дубравіца» Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры і народнага фальклорнага калектыву «Веціца» Старажавецкага клуба-бібліятэкі, якія захоўваюць багатую спеўную спадчыну Тураўшчыны і шчодра дзеляцца сваёй творчасцю. Форум для отзывов 1 не существует. |