Гонарам беларускага Паазер'я з'яўляюцца цымбалы з іх незвычайна пераліўчатым звонам. У ансамблi са скрыпкай (“даўнішняя музыка”) i з гармонікам (“настаяшчая музыка”) яны – нерв музыкі. Гэты запазычаны музычны iнструмент прайшоў шматвяковую эвалюцыю i умацаваўся ў прафесiйна-акадэмiчным мастацтве Беларусi ў якасцi нацыянальнага.
Аснову складае канкрэтна-гістарычны аналіз Пастаўскай інструментальнай традыцыi ў яе працэсуальнасці, непарыўнасці матэрыяльнай і духоўнай сфер. Вывучэнне яе рэгіянальнай спецыфікі шляхам арэальнага даследавання актуальна для сучаснага этнамузыказнаўства, якое імкнецца да паглыбленага спасціжэння нацыянальнай самабытнасці народа. У якасці вядучага выступае сістэмна-этнафанічны метад, які спалучаецца з вывучэннем народных уяўленняў у традыцыйнай культуры.
У Пастаўскiм раёне гiстарычна функцыянуюць дзве выканальніцкія школы народных музыкаў: Варапаева і Груздава. Геаграфічнае размяшчэнне населенных пунктаў вызначыла пагранічную своеасаблівасць развіцця iнструментальнага выканальнiцтва, у якiм арганічна перапляліся глыбокія карані нацыянальнай спадчыны і еўрапейскай цывілізацыі.
Да арэала Груздава адносяцца: Груздава, Пожарцы, Ажарава, Ралаўцы, Біюці, Смычча, Сліжова, Задубенне, Дубрава, Забалацце, Цешалава, Плаксы. У арэал Варапаева уваходзяць: Варапаева, Ляхаўшчына, Дунілавічы, Зарэцкія, Барэйкі, Кавалі, Мышкі, Рэдзькаўшчына, Голбія. Тут склаліся музычныя дынастыі Падгайскіх з в. Цешалава; Мацкевічаў, Новікаў, Мельцаў – з в. Пожарцы, Крывенькіх – з в. Груздава і Ажарава, Крываносаў – з в. Біюці і інш. Іх нашчадкі захавалi сямейныя традыцыі да сённяшняга дня.
Груздаўскiя цымбалы – самаробныя, дыятанічныя, маюць гукарад з паніжанай VІІ ступенню. Корпус плоскі, дрэва светлае, акантоўка цёмна-карычневага колеру, у верхняй дэцы выразаны дзве рэзанансныя адтуліны ў форме круга з ромбамі ўнутры. Памеры iнструмента вагаюцца ў межах – унізе 980-1060 мм, шырыня корпуса 360-380 мм, вышыня 65 мм. Ён адметны сваім празрыстым звонам.
Галоўнымi якасцямi цымбал лiчацца iх строй, прынцыпы наладкi, выгляд малаточкаў i выманне гуку. У традыцыйным выканальніцтве існуе два варыянты строю: “нізкі пад гармонік” (“даўнішні”) у фа мажоры і “высокі пад баян” у соль мажоры. Наладка інструмента ў пэўным строі кадзіруе гукавую эстэтыку музычных інструментаў, іх семантычную прыроду, што звязана з асаблівасцямі іх функцыяніравання. “Нізкі строй” лічыцца “больш душэўным” i выкарыстоўваецца пры выкананні песенных лірычных найгрышаў, вальсаў. З “высокім строем” у народа звязана ўяўленне пра весялосць, радасць, таму ён характэрны для полек.
Сістэма настройкi цымбалаў “пад гармонік” пачынаецца з другой струны зверху на галасавой падстаўцы з фа1 актавы, а “пад баян” адметная тым, што замест фа апорнай струной з’яўляецца соль1 актавы. “Наводка” цымбалаў пад скрыпку пачынаецца з ля1 актавы (першая струна скрыпкі).
Гукарад варапаеўскiх цымбалаў цэлатонны, ахоплівае 7 танальнасцей. У iх апорны гук соль1 перамяшчаецца ўніз, на чацвёртую струну зверху на галасавой падстаўцы. Затым наладка ўсіх цымбал ажыццяўляецца стэрэатыпна – квінта праз падстаўку ўверх і актава ўніз.
Навучанне ажыццяўляецца ў трох формах: найманне настаўніка, у сям’і, самастойна (“праз сябе”) і пачынаецца з “аплікатурнага паказу”: правая рука выконвае мелодыю, а левая “падбівае басы”. Спосаб гуказдабывання адзін – удар. Пасля ўдару музыка не адразу паднімае малаточак, струна, якая вагаецца, паспявае на нейкае імгненне некалькі разоў адказаць, ударыць па малаточку. Гэтая дэталь зусім мяняе гучанне цымбал: далікатнае, “празрыстае і пявучае, без лязгання”. Струны ніколі не глушаць, бо розная колькасць абертонаў ўздзейнічае на інтанацыйную выразнасць кожнага штрыха і ўсёй тэмбравай разнастайнасці.
Засваенне сродкаў мастацкай выразнасці праламляецца праз творчую індывідуальнасць, якая ў кожным канкрэтным выпадку фарміруе свае комплексы прыёмаў і характар іх выкарыстання.
З даўніх часоў у аграгарадку Лучнікі, што знаходзіцца побач з г. Слуцкам, да Каляд рыхтуюць вялікую, да 1,5 метра ў дыяметры, шаснаццаціражковую зорку, якая ўмацоўваецца на доўгае дрэўка. Калядная зорка Случчыны мае своеасаблівы і самабытны выгляд, яе канструкцыя мае адмысловую злучальную частку, дзякуючы якой зорка пакручваецца ў час выканання песень і цэнтральную відовішчную частку ў выглядзе обада, закрытага з боку гледачоў празрыстым матэрыялам, за якім нерухома замацавана запаленая свяча, што асвятляе біблейскі сюжэт нараджэння Хрыста, намаляваны на тыльным баку панарамнай часткі. Асаблівасцю рухомай часткі з’яўляюцца яркія, аб’ёмныя, прыгожыя ражкі, якія прымацаваны да обада пад вуглом 45 градусаў і ўтвараюць своеасаблівы купал.
Абыход двароў са звяздой, а менавіта так называюць сваю зорку мясцовыя жыхары, адбываецца ў аг. Лучнікі вечарам 13 студзеня і суправаджаецца духоўнымі спевамі, якія спалучаюць матывы царкоўных песнапенняў і народнапесеннага выканальніцтва. Зорку носяць заўсёды мужчыны, а жанчыны спяваюць разам з імі. Калядныя спевы і канструктыўныя асаблівасці звязды доўгі час перадаваліся з пакалення ў пакаленне ў сям’і Шахновіча Паўла Пятровіча (1931 – 1921). Члены яго сям’і, нашчадкі і сваякі працягваюць адметную мясцовую традыцыю калядных абыходаў, а аднавяскоўцы штогод чакаюць, з радасцю прымаюць іх, частуюць і адорваюць у адказ.
Зорка, вырабленая з дрэва, даволі цяжкая, таму калядоўшчыкі часам выкарыстоўваюць і больш лёгкія матэрыялы, але стараюцца захоўваюць усе канструктыўныя асаблівасці адметнай слуцкай зоркі. Асноўная канструкцыя заўсёды складаецца з доўгай рукаяткі, злучальнай часткі ў выглядзе ўтулкі і вялікай, прыгожай рухомай часткі. Рухомая частка складаецца з обада і ражкоў. Обад мае тыльную панарамную частку, на якой размяшчаецца выява біблейскага сюжэта Раства і невялікія дзверцы, пярэднюю празрыстую панарамную частку з выявай анёлаў па акружнасці і нерухомае прыстасаванне для свячы. Упрыгожваюць зорку 16 рознакаляровых ярка аздобленых промняў (ражкоў).
Абыход дамоў аднасяльчан з зоркай – неад’емная частка святкавання Шчодрага вечара, які на Случчыне называецца Шчадрэц. У вёсках сустракаюцца розныя звычаі, прымеркаваныя да гэтага свята. Днём дзеці могуць бегаць з “казельчыкам”, ноччу моладзь калісьці щадравала з “канём” ці іншымі маскамі, але менавіта абыход двароў з зоркай, які пачынаецца з наступленнем прыцемкаў і можа працягвацца аж за поўнач, пакуль не абыйдуць усю вёску, з’яўляецца галоўнай падзеяй свята!
Жыхары аг. Лучнікі шмат гадоў падтрымліваюць мясцовую традыцыю святкаваць Шчадрэц, неад’емнай часткай якога з’яўляюцца ўрачыстыя спевы, прамяністая зорка, шчырыя вітанні і зычэнні. Пераемнікі і захавальнікі традыцыі Ф.М.Корзун і М.М.Савановіч штогод рыхтуюць зорку і ладзяць адметнае щадраванне для аднасяльчан. Яны з вялікай пашанай адносяцца да мясцовых звычаяў і з пачуццём вялікай адказнасці захоўваюць сваю культурную спадчыну, каштоўную для мясцовай супольнасці. Жыхары аг. Лучнікі спадзяюцца, што ім удасца захаваць адметную святочную падзею, неад’емным атрыбутам якой з’яўляецца прыгожая шаснаццаціканцовая зорка, і перадаць сваю традыцыю маладому пакаленню
Роспіс на шкле прадстаўляе сабой від народнага мастацтва, які на тэрыторыі Беларусі атрымаў распаўсюджванне ў другой палове XIX - пачатку XX ст., калі ў народным побыце шкло становіцца больш даступным. З пачатку XX ст. вылучыўся ў самастойны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, распаўсюджанага па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Традыцыйны роспіс на шкле на Беларусі быў у асноўным – арнаментальна-дэкаратыўны. Асновай беларускага роспісу на шкле былі чыстыя колеры без паўтона і колеравых пераходаў і выкарыстанне фольгі. Распісвалі шкло па разнаму: празрыстым колеравым лакам, падкладваючы скамканую фольгу; алейнымі ці друкарскімі краскамі; часам распісвалі і шко і падкладачную паперу, якая прасвечвалася скрозь празрысты лак.
Тэхналогія роспісу на шкле: спачатку пяром “зорачкай” чорнай тушшу малюецца контур эскіза (у становішчы “наадварот”). Калі ён засохне, тады размалёўваецца краскамі ад больш буйных дэталяў да самых дробных.
На прамавугольных кавалках шкла алейнымі фарбамі малявалі абразкі, дэкаратыўныя арнаментальныя і сюжэтныя кампазіцыі. Асноўная тэматыка – зааморфныя (жывёлы, птушкі ў кветкавых гірляндах) і раслінныя матывы (букеты, кветкі, вазоны), а таксама краявіды, казачныя сюжэты і інш., выкананыя сакавітымі фарбамі, часта з чорнай абводкай па контуры на белым, чорным, сінім фоне. Пад малюнкі, выкананыя празрыстымі лакамі, часам падкладвалі фольгу. Выявы раслін, жывёл, птушак і людзей былі плоскасныя, з рознымі цікавымі абрысамі. Узоры роспісу на шкле ўносілі ў традыцыйны інтэр’ер народнага жылля гучны мажорны акцэнт, пераклікаліся з роспісам на куфрах, дыванах, пабеленых сценах печаў, тканымі і вышыванымі ўзорамі. [13]
Гістарычны арэал бытавання прадстаўленай традыцыі налічваў 24 населеных пункты ў Бярозаўскім і 17 населеных пункты ў Пружанскім раёнах.
Размалёўкі на шкле з'яўляюцца відам народнага жывапісу, якія па стылі, кампазіцыйнаму і колераваму рашэнню вельмі разнастайныя. Найбольшага развіцця дасягнуў у 1920-1960-я гг., калі маляванкі сталі абавязковай дэталлю вясковых інтэр’ераў. У 1970-я гады дадалася праца з празрыстымі лакамі. Макоўчык Алена Васільеўна з в. Совіна Бярозаўскага раёна яшчэ па сённяшні дзень можа распавесці гэтую тэхналогію роспісу.
Потым, амаль да 1980-х гадоў адчувалася зніжэнне цікавасці да гэтага майстэрства, паменьшылася колькасць майстроў. Разам з тым, дзякуючы адзінкавым майстрам Барозаўскага і Пружанскага раёнаў, якія працягвалі традыцыю і не давалі ёй цалкам знікнуць, мастацтва роспісу на шкле працягвала існаваць. Працэс аднаўлення традыцыі распачаўся ў другой палове
1980-х гг. шляхам правядзення выстаў і майстар-класаў, конкурсаў, заняткаў, збірання калекцый. У мерапрыемствах бралі ўдзел носьбіты традыцыі, якія дзяліліся сваімі навыкамі з маладымі мастакамі.
На Пружаншчыне, пачала грунтоўна даследваць і навучаць гэтаму віду творчасці дорослых і дзяцей – народны майстар Беларусі Марыя Кулецкая 1950 г.н. Марыя Мікалаеўна зладзіла экспедыцыі па вывучэнню традыцыі роспісу на шкле амаль па ўсім раёне, вывучала работы носьбітаў традыцый, каб засвоіць іх манеру і аднавіць тэхніку малявання. Кожную з карцін майстроў дэталёва вывучыла, а потым сама ўзялася за працу. Маляванкі яна не капіравала — толькі пераймала тэмы, асвойвала почырк народных мастакоў. Цікавасць да гэтага віду творчасці пераняла ад свайго бацькі Клімашэвіча Мікалая Рыгоравіча і маці Еўдакіі Мікіцічны з в. Кабылаўка. Перадала свае веды дачцэ Мамановіч Ірыне Міхайлаўне. Малююць на шкле і ўнукі майстра. Марыя Мікалаеўна вяла і вядзе папулярызацыю роспісу на шкле з дапамогай правядзення выстаў і майстар-класаў для розных катэгорыях насельніцтва, заахвочвае маладых мастакоў.
Народны майстар Беларусі Тацянна Зданевіч даследвала тэхналогію роспісу на шкле падчас экспедыцый, якія былі арганізаваны ў 26 вёсках Бярозаўскага раёна. Майстар зберагае тэхніку роспісу майстроў Бярозаўшчыны, адлюстроўвае ў сваіх працах і дэманструе на майстар-класах і выставах. Перадала майстэрства роспісу на шкле сваім дзьвум дочкам і 127 вучням.
Непасрэдныя стасункі з пакаленнем сталых майстроў на Бярозаўшчыны і Пружаншчыне мелі 19 майстроў. Сёння яны з’яўляюцца паўнавартаснымі пераемнікамі сакрэтаў рамяства, працуюць у традыцыйных формах маляванкі з адметнымі вобразамі і сюжэтамі, характэрнымі для індывідуальнай творчасці.
У народнай культуры бярозаўскія і пружанскія размалёўкі на шкле маюць характар адметнай мастацкай традыцыі з адмысловымі прыёмамі выканання, кампазіцыйнымі схемамі і высокім узроўнем стылізацыі раслінных і анімалістычных форм. Шклінкі-маляванкі мелі арнаментальна-дэкарататыўную структуру кампазіцыі, плоскаснае рашэнне, страчвалі натуральнасць форм, набылі мнагаколернасць абмежаваную лакальнымі фарбамі. Тыпалагічна ў Бярозаўскім і Пружанскім раёнах прадстаўлены ўсе віды дэкаратыўных роспісаў на шкле.
Маладыя майстры працягваюць традыцыю роспісу на шкле на Бярозаўшчыне і Пружаншчыне, не дазволяюць знікнуць гэтай з’яве. Яны лічаць, што роспіс на шкле з’яўляецца мастацкім адлюстраваннем рэчаіснасці, аказвае моцнае ўздзеянне на развіццё асобы, фарміруе пачуцці, думкі, развівае эстэтычны густ, прывівае любоў да гісторыі і традыцый нашых продкаў.