Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Народная гульня моладзі «Яшчар» у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе):
Дата ўключэння: 10/05/2018
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 28.04.2018 № 04-01- 02/4. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 10.05.2018 № 31
Шыфр (у Інвентары): НКС-20190102

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУК «Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна». Адрас: вул.Чырвонаармейская, д. 10, 211875, г. Паставы ;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Народная гульня моладзі «Яшчар» у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Гульня “Яшчар”, “У Ящчара”, “Яшчур”

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Удзельнікі фальклорнага гуртка Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра, моладзь і дарослыя з вёскі Гута і навакольных вёсак Голбія, Вайцяхі, Белькі, Полава, Рагоўскія, Косаўшчына Варапаеўскага пасялковага Савета Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Віцебская вобласць » Пастаўскі раён » в. Гута;  

Кароткае апісанне элемента:

Народная гульня “Яшчар” была распаўсюджана сярод моладзі на Пастаўшчыне яшчэ ў сярдэдзіне ХХ ст. У перыяд адрадджэння нацыянальнай традыцыйнай культуры ў канцы ХХ ст. моладзь зноў пачынае ладзіць гульню “Яшчар” у сваім асяроддзі, якая на сённяшні дзень актыўна практыкуецца ў вёсцы Гута ўдзельнікамі фальклорнага гуртка пры сацыяльна-культурным цэнтры. Гульня “Яшчар”, на думку навукоўцаў, мае вельмі старажытнае паходжанне, аб гэтым сведчыць як назва гульні, што ўвасабляе архаічную міфалагічную істоту, так і асноўныя сэнсатворныя прыкметы – выбар на ролю Яшчара хлопца, якога пераапранутым садзяць у цэнтры, і рух карагода дзяўчат з песняй вакол яго. Падчас карагоду Яшчару прапануецца выбраць сабе “панну”. У яе, як і ва ўсіх астатніх дзяўчат, ён забірае хустку або вянок, пасля кожная дзяўчына спявае Яшчару песню і выконвае розныя яго заданні, каб вярнуць сваю рэч. Гульня заахвочвае да творчага самавыяўлення, кемлівасці, дасціпнасці, эмацыянальнай экспрэсіі, развівае майстэрства выбудоўвання ўзаемаадносін, выкарыстання музычных, песенных, вершаваных, танцавальных складнікаў. Гульня на Пастаўшчыне традыцыйна ладзіцца ў калядны, купальскі і велікодны перыяд падчас правядзення вячорак з разнастайнымі народнымі гульнямі (гл.дадатак), песнямі і танцамі пад акампанемент мясцовых музыкаў. Старэйшыя школьнікі пераймаюць гульнёвыя традыцыі падчас сустрэч са старэйшымі жыхарамі навакольных вёсак і з вялікай ахвотай актуалізуюць іх пры падтрымцы кіраўніка гуртка, мясцовых музыкаў, спецыялістаў устаноў культуры раёна. Паглядзець на гульні моладзі прыходзяць бацькі, настаўнікі, старэйшыя жыхары вёсак, якія рады бачыць, што іх культурная спадчына пераймаецца маладымі

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Вусныя традыцыі і формы выражэння » Традыцыйныя гульні

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Веды пра гульню “Яшчар” і іншыя традыцыйныя гульні, якія праводзяцца разам, падтрымліваюць сувязь часоў, захаванне і пераемнасць народнай культурнай спадчыны. Яны будуць карыснымі для педагогаў і культработнікаў пры арганізацыі пазнавальна-выхаваўчай дзейнасці ва ўстановах культуры і адукацыі, для правядзення святочных і культурна-адпачынкавых праграм на народных традыцыях. Пераносячы да вытокаў беларускай культуры, народныя гульні адначасова садзейнічаюць адчуванню нацыянальнай самасвядомасці, удасканальванню фізічных і псіхалагічных якасцей удзельнікаў, стварэнню маральна-этычнага вобразу беларуса. Менавіта гульня “Яшчар” спрыяе таксама сацыялізацыі асобы, усталяванню кантактаў у асяродку моладзі, развіццю творчых здольнасцей і самавыяўленню ўдзельнікаў. Яна заахвочвае падрастаючае пакаленне да вывучэння міфалагічнай і казачнай традыцый беларусаў. Дзякуючы традыцыйнаму зместу, выкарыстанню мясцовага дыялекта і аўтэнтычнага музычнага суправаджэння, такія праявы народнай культуры, як музыка, гульні, танцы, спевы, варожбы на вячорках моладзі, могуць уяўляць сабой цікавасць і для турыстаў як сваеасаблівыя фальклорна-этнаграфічныя адметнасці краю

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Народныя гульні, якія дайшлі да нас, выконваюць такія асноўныя функцыі для спажыўцоў традыцыі, як асветніцкая, кансалідуючая, сацыялізуючуя, эстэтычная. Асветніцкая функцыя для моладзі вызначаецца ў далучэнні ўдзельнікаў да гістарычных рэалій даўнейшых часоў, форм жыццядзейнасці і баўлення вольнага часу беларусаў ў рэтраспектыве. Кансалідуючая функцыя выяўляецца ў аб’яднанні пэўнай супольнасці в. Гута і навакольных вёсак – удзельнікаў фальклорнага гуртка Гуцкага СКЦ, іх бацькоў, настаўнікаў, носьбітаў традыцый, якія аб’ядноўваюцца, каб падтрымліваюць гэтыя элементы народнай культуры, падчас практыкі каторых адбываецца сацыялізацыя маладых людзей, удасканальваюцца навыкі ўзаемадзеяння, у тым ліку з прадстаўнікамі працілеглага полу. Эстэтычны кампанент народных гульняў для спажыўцоў традыцыі выступае як творчае самавыяўленне, эмацыянальная экспрэсія, бо выкарыстоўваюцца таксама музычныя, песенныя, вершаваныя, танцавальныя складнікі. Менавіта гульня “Яшчар”, якая спалучае традыцыйныя і імправізацыйныя элементы, выконвае як кансалідуючую функцыю ў свядомасці ўдзельнікаў і назіральнікаў, так і сацыялізуючую, спрыяючы зносінам і новым знаёмствам маладых людзей. Выяўляецца і эстэтычная функцыя гульні, дзе разам з яе сімволіка-рытуальнай формай, маюцца магчымасці мастацкай самарэалізацыі і псіхалагічнага самавыяўлення, што з’яўляецца актуальным і сёння для спажыўцоў традыцыі. Адукацыйная функцыя для настаўнікаў і бацькоў назіраецца ў далучэнні моладзі да традыцыйнай культуры роднага краю. Такія веды карысныя для педагогаў і культработнікаў пры арганізацыі пазнавальна-выхаваўчай дзейнасці ва ўстановах культуры і адукацыі пры правядзення святочных і культурна-адпачынкавых праграм па народных традыцыях. Для носьбітаў гульня “Яшчар”, як і іншыя элементы народнай культуры, выконваюць сацыялізуючую і мастацкую функцыі, бо яны маюць магчымасць далучыцца да супольнасці, ўспомніць сваю маладосць, адчуць яркія станоўчыя эмоцыі. Вечарыны па народных традыцыях ў Гуцкім СКЦ могуць стаць цікавымі для турыстаў і гасцей гэтай мясцовасці, выконваць функцыю рэсурса турыстычна-рэкрэацыйнага развіцця. Элемент НКС – гульня “Яшчар” па даследаваннях этнографаў, што будзе падрабязней паказана ніжэй, узыходзіць да славянскай раннетрадыцыйнай культуры язычніцкіх часоў і ўяўляе сабой старажытны помнік нематэрыяльнай культуры. На працягу часоў гульня працярпела пэўныя трансфармацыі, мае мясцовыя асаблівасці, якія таксама выкладаюцца асобна і даюць магчымасць вызначыць навуковую, гістарычную, мемарыяльную і мастацкую каштоўнасці гэтай адметнай з’явы народнай культуры

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна; Гуцкі сацыяльна-культурны цэнтр ЦКіНТ Пастаўскага раёна; Варапаеўскі горпасялковы Дом культуры; Гуцкая сярэдняя школа і іншыя агульнаадукацыйныя школы раёна

Паходжанне элемента:

У энцыклапедыі “Міфы народаў свету” В.В.Іваноў на аснове даследаванняў розных культур вызначае, што вобраз змея (або яшчара, цмока і да т.п.) прадстаўлены амаль ва ўсіх вядомых міфалагічных сістэмах чалавецтва і звязаны з урадлівасцю, зямлёй, жанчынай, яе плоднасцю, вадой, дажджом з аднаго боку, а з другога – з агнём, дамашнім вогнішчам, мужчынскай апладняльнай сілай. Фіксацыі і даследаванні гульні “Яшчар”( або “Яшчур”) на Беларусі зроблены шэрагам навукоўцаў. У пачатку ХХ ст. уяўленні беларусаў аб Змеі – Цмоку – Яшчару занатаваў Н.Я.Нікіфароўскі . Паводле М.Федароўскага – “гэта такая фігура, якая абкружана таямнічасцю і славіцца як спакуснік дзявочай цнатлівасці і сквапна на шлюбны вянок”. Адпаведныя матэрыялы беларускай этнаграфіі можна знайсці ў працах канца ХІХ – пач. ХХ ст.ст. М.В.Доўнар-Запольскага, Я.Ф.Карскага, К.Машынскага, І.А.Сербава, В.Шэйна. Старажытная летняя абрадавая дзея ўсходніх славян, што дайшла да нашых дзён у форме гульні “Яшчар”, па меркаванню вядомых даследчыкаў славянскай культуры Б.А.Рыбакова, Т.А.Бернштама, Н.К.Казлова мае дачыненне да рытуальнага шлюбу з татэмнай істотай і выбудоўваннем з ёй пазітыўных адносін. Цэнтральную ролю ў гульні выконваў сімвал дзявочай нявіннасці – вянок, які пазней, тым больш узімку, стаў замяняцца на іншыя жаночыя рэчы-прыналежнасці – хустку, пярсцёнак, грабеньчык і г. д. Іх патрабавалася выкупіць у хлопца-Яшчара розным шляхам: не засмяяцца, калі Яшчар смешыць, ці трэба яго пацалаваць, ці выканаць якое іншае заданне. У працы сучаснай беларускай даследчыцы Т.Бярковіч “Песенна-гульнявыя дзеі перыяду сонцавароту ў этнамузычнай традыцыі беларусаў” адзначаецца прымеркаванасць гульні “Яшчар” на большай частцы тэрыторыі Беларусі да Каляд. Аднак, згодна запісам А.Е.Багдановіча канца ХІХ ст., у Барысаўскім павеце ў “Яшчара” гулялі дзеці і падлеткі “зимой в хате, весной – на лужайке”. Варыянты “Яшчара” як вяснова-летняй гульні зафіксаваны і іншымі фалькларыстамі, а таксама запісаны на Пастаўшчыне. Сустракаюцца гульні з падобным сюжэтам або назвамі на тэрыторыі суседніх краін, напрыклад, руская веснавая гульня “Олей”, дзіцячая гульня “Яша” і інш. Беларускі навуковец А.Лозка, які сабраў некалькі дзесяткаў запісаў гульні “Яшчур” (“Яшчар”) адзначае, што “беларускія варыянты выглядаюць больш кансерватыўнымі, архаічнымі”, а прыпеў “ладу, ладу”, вядомы ў шматлікіх праявах фальклору, у дачыненні да гульні “Яшчур” – сведчанне “злучэння двух культаў – гаспадара ніжняга свету і вялікай багіні вяснова-летняй урадлівасці, царыцы вяселляў, шлюбнага жыцця”. Запісы гульні “Яшчур” А.Лозка змясціў таксама ў грунтоўных выданнях “Гульні, забавы, ігрышчы” (1996, 2000, 2003) і “Беларуская фалькларыстыка: народныя гульні” (2012, 2014). Трансфармаваная накшталт варыянтаў гульняў “У жмуркі” ці “Сляпы музыка”, прымеркаваная да лета, дзіцячая гульня “Яша”, зафіксавана ў в. Стаўры Аршанскага раёна М. А. Козенкам. Трэба адзначыць захаванасць “слепаты” галоўнага героя ў згаданых гульнях, бо Яшчур па сваёй хтанічнай прыродзе мог быць “сляпым” (па меркаванні лінгвіста Р.В.Якабсона, на якое спасылаецца расійская даследчыца Н.К.Казлова, марфема “шчур” абазначае недахоп святла). Варыянты гульні занатаваныя І.І.Круком , знаходзім у выданні “Народны тэатр” і інш. крыніцах. Такім чынам, вобраз Яшчара можна вызначыць як старажытнага міфічнага персанажа, сакральнага сімвала дзявочага сталення, які з часам стаў вядучым героем папулярнай забавы моладзі. Мяркуецца, што “вярнуць сабе вянок – гэта як прайсці абрад ініцыяцыі, атрымаць ад міфічнай істоты ласку, якая дапаможа ў будучым паспяхова выйсці замуж”. Запісы гульні “Яшчар” з Пастаўшчыны і суседніх раёнаў былі выкарыстаны ў працах беларускіх навукоўцаў Т.Бярковіч і І.А.Алекснінай, якая робіць высновы, што гэта гульня “паступова губляе свой першапачатковы язычніцкі сэнс, уяўляе сабой гульнёвую тэатралізацыю з элементамі імправізацыі” . Запісы з Пастаўшчыны, далі падставу Т.Бярковіч вызначыць музычны вобраз напеву ў другой частцы гульні як набліжаны да жалобных вясельных напеваў. Аўтар робіць выснову аб прымеркаванні гэтай дзеі да раннетрадыцыйнай культуры. Экспедыцыйная работа па зборы фальклорных і этнаграфічных матэрыялаў праводзіцца ў Цэнтры культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна мэтанакіравана на працягу 26 год з самага яго заснавання. На тэрыторыі раёна сабрана каля 20 запісаў гульні “Яшчар”, атрыманых вусным шляхам ад носьбітаў традыцыйнай культуры. Зроблена фіксацыя элемента шляхам тэкставага апісання, фатаграфавання, відэа- і аўдыязапісаў. Правядзенне гульні мае некаторыя адрозненні ў розных мясцінах Пастаўшчыны ў напевах і ходзе гульні, але застаюцца нязменнымі асноўныя сэнсатворныя прыкметы – выбар галоўнага героя – Яшчара, якога пераапранутым садзяць у цэнтры, і рух карагода дзяўчат з песняй вакол яго. Гульня “Яшчар” аднаўлялася моладдзю яшчэ ў 90-х гг. падчас актыўнага адраджэння мясцовай традыцыйнай культуры ў клубных установах, выкарыстоўвалася ў фальклорных імпрэзах Нядзельнага ліцэя беларускай культуры, які быў створаны намаганнямі супрацоўнікаў раённага вучэбна-метадычнага цэнтра аддзела культуры, настаўнікаў Пастаўскай дзіцячай мастацкай школы і агульнаадукацыйных школ раёна з удзелам краязнаўцаў Пастаўшчыны. Пачынаючы з 2012 г. гульня штогод ладзіцца ў перыяд Купалля і Каляд моладдзю фальклорнага гуртка Гуцкага СКЦ на традыцыйных вячорках, мерапрыемствах паводле народных святаў, гісторыка-культурных акцыях “Святкуем па-беларуску”, якія арганізуюць культработнікі Пастаўшчыны, праводзіцца падчас мерапрыемстваў, прысвечаных народным традыцыям у школах і лагерах адпачынку Пастаўскага раёна

Стан бытавання:

пад пагрозай знішчэння

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Вёска Гута знаходзіцца ў 35 км ад райцэнтра Паставы на рацэ Голбіца (Галбяіца), дзе яна ўтварае два шырокія плёсы – азёры Гуцкае і Галбейскае. Галбейшчына – старажытны маляўнічы куток Пастаўскага раёна, тэрыторыя якога выцягнулася ў напрамку з поўначы на поўдзень па даліне ракі Галбяіца, самай доўгай у межах Пастаўскага раёна. Далетапіснае насельніцтва гэтай мясцовасці – фіна-вугорскія плямёны, што адлюстравана ў тапаніміцы. Адпаведнае даследаванне вызначае, што назва “Галбяіца” – гэта “рака, якая цячэ па нізіне” праз балоты. Іншыя назвы пазнейшага паходжання – узніклі ў час славянізацыі на мяжы першага-другога тысячагоддзяў. У Галбеі знайшлі помнікі археалогіі – гарадзішча V cт. да н. э. – V ст. н. э. і курганны магільнік. Археолаг Э. М. Зайкоўскі лічыць галбейскае гарадзішча на гары Гарадзец крэпасцю палачан на мяжы з балтамі альбо паганскім капішчам, што пацвярджаецца мясцовай легендай аб царкве, якая правалілася пад зямлю. Нагадаем тут таксама меркаванне савецкага і расійскага археолага, даследчыка славянскай культуры акадэміка Б. А. Рыбакова, аўтару кнігі “Язычество древней Русі”, што часта на балоце будаваліся ў старажытнасці свяцілішчы для абрадаў, прысвечаных баству падземна-падводнага свету – Яшчуру. У сярэднявеччы Голбія была даволі значным па памерах і колькасці жыхароў населеным пунктам Ашмянскага павета. На карце 1800 г. паказана, што ў вёсцы размяшчаўся храм. У другой палове ХІХ ст. тут працаваў млын. Аднак акружанасць забалочанымі лясамі стрымлівала развіццё паселішча. У 1913 г. купцом Каганом тут пабудаваны шклозавод, на якім працавалі сяляне з навакольных вёсак. Так узнікла суседняя вёска Гута. Першапачаткова вёска называлася “Гута-Голбія”, што зафіксавана на польскіх картах. З 1921 г. вёскі, будучы ў складзе Пастаўскай гміны Віленскага ваяводства Польшчы, мелі статус мястэчка, дзе ладзіліся значныя кірмашы і фэсты. З 1962 г. Гута з Голбіяй далучаны да Пастаўскага раёна. У 2001 г. Гута была адным з буйнейшых населеных пунктаў Пастаўшчыны (паводле кнігі М. Арэха і І. Пракаповіча “Гута. Голбія” – Мінск: “Кнігазбор”, 2007 г. і кнігі “Памяць. Пастаўскі раён” – Мінск: “Белта”, 2001 г.). Па перапісе 2009 г. тут пражывала 678 жыхароў, у цяперашні час – 616. Ёсць сярэдняя школа, бібліятэка, сацыяльна-культурны цэнтр, фельчарска-акушэрскі пункт. Па прычыне эканамічных цяжкасцей ў пачатку ХХІ ст. шклозавод закрыты, што негатыўна адбілася на занятасці мясцовага насельніцтва. Пры савецкай уладзе ў Гуце працаваў клуб, потым сельскі Дом культуры, пераўтвораны ў 2008 г. у Гуцкі сацыяльна-культурны цэнтр. З 1986 г. тут першым у раёне быў створаны фальклорны гурток для дзяцей і моладзі, дзе вывучаюцца мясцовыя спевы, побытавыя танцы, гульні, пераймаюцца іншыя элементы народнай культуры. Цікава праводзяцца сустрэчы з носьбітамі фальклору, вечарыны па народных традыцыях. Моладзь з задавальненнем прымае ўдзел у калядных і валачобных абходах, у народных святах. Дырэктарам СКЦ і адначасова кіраўніком фальклорнага гуртка Т. В. Маслоўскай аформлена змястоўная папка “Майстры народнай тврчасці”, дзе размешчаны матэрыялы аб носьбітах народнай культуры, гістарычны нарыс аб Галбейшчыне, дыялектны слоўнік, элементы размоўнага фальклору, народныя песні і інш. У экспедыцыі тут пабывалі мінскія навукоўцы – В. І. Басько і М. А. Козенка. На вячорках і іншых іпрэзах паводле народных традыцый у Гуцкім СКЦ грае ансамбль народных інструментаў сям’і Пачкоўскіх – лаўрэат абласных святаў-конкурсаў “Грай, гармонік!”, удзельнік V Рэспубліканскага этнаграфічнага канцэрта “Фальклор беларускай глыбінкі”. Практыка элемента “Народная гульня моладзі “Яшчар” традыцыйна належыць да пэўнай сацыяльна-узроставай катэгорыі насельніцтва – вясковай моладзі. У цяперашні час гэтая гульня пераносіцца і ў іншае асяроддзе – гуляюць моладзь і падлеткі на мерапрыемствах па народных традыцыях, а таксама дзеці - падчас “Гадзіны народных гульняў” у агульнаадукацыйных школах раёна

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Паўночна-усходні дыялект беларускай мовы (полацкая група дыялектаў) з відавочным уплывам польскай мовы

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Яшчара касцюміруюць – надзяваюць вывернуты кажух і шапку, падпярэзваюць дзягай. Ён сядае на зэдлік ці крэсла. Дзяўчаты накідваюць на плечы лёгкія хусткі. Ансамбль сям’і Пачкоўскіх грае на наступных музычных інструментах: гармонік, дыятанічныя цымбалы, вырабленыя мясцовым народным майстрам Е. А. Павінічам (2 шт.), старадаўнія дыятанічныя цымбалы невядомага майстра з в. Чарты Пастаўскага раёна, даўнейшая драўляная (з ліпы) карына, аздобленая берастой (выраблена майстрам з в. Голбія для пасты), дудка, свістулькі народнага майстра С. У. Шчэрбы з в. Навасёлкі Пастаўскага раёна, бубен і трашчоткі, дапрацаваныя кіраўніком ансамбля Г. А. Пачкоўскім

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Традыцыйныя побытавыя танцы: “Кракавяк”, “Падэспань”, “Лысы”, “Лявоніха”, “Абэрак”, мясцовыя варыянты полькі і вальса, гульнёвыя карагоды “Падушачка”, “У карагодзе мы былі” Іншыя народныя гульні, якія традыцыйна праводзіліся на мясцовых вечарынах: “У лямура”, “У суседку”, “На вішаньку”, “Адам і Ева”, “Споведзь”, “Галубка”, “У кісяля”, “Карміць галубцоў”, “Золата”, або “Цыбулька”, або “Вугалёк”, “У ручаёк”

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Пераемнасць народнай гульні “Яшчар” адбылася ў фальклорным гуртку Гуцкага СКЦ ад старэйшых носьбітаў К. І. Касарэўскай (1935 г. н.), Э. В. Мацур (1930 г. н.) і В. У. Павініч (1933 г. н.) падчас асабістых сустрэч і гутарак, якія адбываліся ў сувязі з практыкай наведванняў старэйшых людзей на даму з нагоды народных свят і віншаванняў з юбілеямі. Падтрымліваецца сувязь з В. У. Павініч, якая жыве побач ў в. Голбія і сама прыходзіць на фальклорныя імпрэзы, дзе можна з ёй пагутарыць, параіцца аб дакладнасці пераймання народнай спадчыны. Народная гульня моладзі “Яшчар” перадаецца ў супольнасці вясковай моладзі праз вечарыны, якія ладзіць фальклорны гурток Гуцкага СКЦ, распаўсюджваецца праз выкарыстанне на народных святах, якія праводзяцца ў раённай сістэме культуры, правядзенне гісторыка-культурных акцый “Святкуем па-беларуску”, “Гадзін народных гульняў” у Гуцкай сярэдняй школе і іншых школах Пастаўскага раёна

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Ключавыя словы

Яшчар, народная гульня, хлопец-Яшчар, карагод

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Арэал гістарычнага бытавання і сучасны стан бытавання гульні ЯШЧАР_ Пастаўскі_ раён.jpg

Арэал гістарычнага бытавання і сучасны стан бытавання гульні ЯШЧАР_ Пастаўскі_ раён.jpg

Фотафіксацыя

Аўдыёфіксацыя

Мелодыя песні ў карагодзе_Гульня Яшчур_в.Гута.mp3:

Мелодыя песні ў карагодзе_Гульня Яшчур_в.Гута.mp3

Мелодыя песні пры выкупе вянка_Гульня Яшчур_в.Гута.mp3:

Мелодыя песні пры выкупе вянка_Гульня Яшчур_в.Гута.mp3