Інвентар НКС
Вобласць:
Раён:
Ігрышча “Ката пячы” ў аг. Скірмантава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласціШыфр (у Дзяржаўным спісе): 33АК000117
Дата ўключэння: 12/10/2017
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 16.12.2016 № 11-01-01/13. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 12.10.2017 № 66
Шыфр (у Інвентары): НКС-20190206/01
Звесткі аб адказнасці адносна НКСКуратар:
Дзяржынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці . Адрас: вул. Вайсковая, 1, 222731, в. Станькава, вул. Вайсковая, 1; Выяўленне элементаў НКСНазва: Ігрышча “Ката пячы” ў аг. Скірмантава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт): Гульня (гулянка) “Ката пячы” Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы): Жыхары аг. Скірмантава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, аб’яднаныя ў сямейны ансамбль “Сваякі” і народны хор народнай песні “Весялухі”, аснова якога — род Рэдзько з вёскі Грынкевічы Арэол распаўсюджвання:
Мінская вобласць » Дзяржынскі раён
» аг. Скірмантава;
Кароткае апісанне элемента: Ігрышча «Ката пячы» у Скірмантаве праводзіцца 27 лістапада вечарам, напярэдадні перадкаляднага посту. Жанатыя і нежанатыя пары збіраюцца ў адной хаце на вясёлую гулянку ўскладчыну, асноўная падзея якой – абрадавая гульня «Ката пячы». Галоўным дзеяннем гульні з’яўляецца выраб фігуры “ката” са спецыяльна выпечаных булак пэўнай формы, якія адмысловым чынам злучаюцца паміж сабой, галава “ката” аздабляецца вушкамі з сала, вочкамі з чарніц, далучаецца хвост са свойскай каўбасы. Вырабленага такім чынам “ката” урачыста выносяць на цэнтр хаты і прывязваюць да столі. Пасля пачынаецца жартоўнае спаборніцтва паміж удзельнікамі, хто якую частку ката здолее адкусіць, дзеля чаго кожны па чарзе “едзе” на вілках да ката і падскоквае, імкнучыся адкусіць яго частку. Пры гэтым неабходна пераадолець перашкоды, якія ствараюць іншыя ўдзельнікі і выканаць пэўныя ўмовы (не ўсміхацца, не чапаць ката рукамі і інш.). Тыя, хто не справіўся, атрымоўваюць розныя жартоўная заданні. Пераможцам лічыцца той, хто адкусіў хвост, пасля чаго “ката” дзеляць паміж усімі прысутнымі. Усе этапы гульні суправаджаюцца традыцыйнымі песнямі, прыпеўкамі, танцамі пад гармонік, жартоўнымі гульнямі, анекдотамі, вячэрай з пачастункамі, якія ўдзельнікі прыносяць з сабой. Ежа падкрэслена тлустая і багатая, а ўжо 28 лістапада пачынаецца перадкалядны пост «Піліпаўка» з забаронамі не толькі на скаромнае, але на гульні ды забавы. Ідэнтыфікацыя і апісанне элементаКатэгорыя элемента: Вусныя традыцыі і формы выражэння » Традыцыйныя гульні Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам: Сучасныя танцы для моладзі ў клубе ўжо надакучылі сваёй аднастайнасцю. Яны не патрабуюць ад выканальнікаў творчасці. Таму вяртанне ў культурнае жыццё сучаснага аграгарадка вясковай спрадвечнай традыцыі актуальнае для цяперашняга часу. Калі больш шырокае кола людзей будзе засвойваць мясцовыя танцы і гульні, то адпачынак моладзі і дарослых будзе праходзіць значна цікавей. Дзеці, якія выхоўваюцца на мясцовых традыцыях, якія перадаваліся з пакаленне ў пакаленне, вырастаюць прывязаныя душой да роднага кута, усведамляюць сябе адной этнічнай супольнасцю. Сам факт, што ў Скірамантава існуе такая цікавая абрадавая гульня, выклікае гонар у тых, хто выехаў на сталае жыхарства ў Мінск і іншыя мясціны. Сувязь са сваякамі паспрыяе папулярызацыі гэтай гульні. Побач з аг. Скірмантава знаходзяцца Якуцкія Горы — першы ў Беларусі горналыжны цэнтр, створаны ў 2001 годзе. Вакол аграгарадка ў вёсках будуюцца і дзейнічаюць аграсядзібы. У іх дзейнасць можа быць уключана і ігрышча, якое захоўваецца ў Скірмантава. Магчыма стварыць этнатурыстычны маршрут на аснове культурнага кластара на гэтай тэрыторыі, і гульня “Ката пячы” разам са стравамі мясцовай кухні можа выклікаць цікавасць у айчынных і замежных турыстаў Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі: Захаванне гульні, як яркага праяўлення мясцовай народнай традыцыі, выконвае функцыю этнакультурнага самасцвярджэння, яе ідэнтыфікацыйная функцыя з’яўляецца асновай культурнай разнастайнасці і ўстойлівага развіцця супольнасці. Сёння носьбіты і пераемнікі традыцыі з’яўляюцца і асноўнымі яе спажыўцамі. Але функцыі гэтай абрадавай гульні паступова пашыраюцца. Папулярызацыя ігрышча садзейнічае аднаўленню мясцовых народных харэаграфічных, спеўных, гульнявых традыцый, узбагачаючы баўленне вольнага часу. Актыўная практыка народных традыцый садзейнічае згуртаванню мясцовых супольнасцей Дзяржынскага раёна і заахвочвае да захавання сваёй рэгіянальнай традыцыйнай культуры. Гэта дзейнасць значна ўзбагачае рэсурсы турыстычна-рэкрэацыйнага развіцця тэрыторыі: гульня “Ката пячы” можа зацікавіць турыстаў і прыцягнуць увагу да аграгарадка, да горналыжнага цэнтра “Якуцкія Горы” з паркам актыўнага дапачынку, да агратурыстычных сядзіб, да мясцовых культурных традыцый Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента: Дзяржынскі раённы метадычны цэнтр Паходжанне элемента: Перыяд з’яўлення гульні дакладна невядомы. Па сведчанню сталых жыхароў аг. Скірмантава яна існавала ў многіх вёсках Дзяржынскага раёна яшчэ ў перыяд маладосці іх бацькоў. Соф’я Адольфаўна Рэдзько 1932 г.н. расказвала, што ў гэту гульню гулялі яе бацькі, уся радня і яна сама ў маладосці, калі яе сям’я жыла ў в. Грынкевічы (4 км ад Скірмантава). Калі вёска стала занепадаць, і цэнтр гаспадаркі засяродзіўся ў аг. Скірмантава, сям’я Соф’і Адольфаўны Рэдзько пераехала сюды. Сярод продкаў Соф’і Адольфаўны былі таленавітыя народныя спевакі, танцоры і музыканты (гармонік, балалайка, мандаліна, гітара). Каб стварыць умовы для захавання багатай творчай спадчыны, ў 1982 годзе яна стварыла гурт “Весялуха”, а ў 1987 г. — самадзейны калектыў “Сваякі”з музыкантаў і спевакоў свайго роду. Разам са сцэнічнай дзейнасцю, калектыў захоўваў народныя абрады і традыцыі свайго асяродку, у тым ліку — ігрышча “Ката пячы”, якое ладзілі на запусты перад Піліпаўкай 27 лістапада. Зараз у калектыве “Сваякі” — нявестка, унукі, пляменнік Соф’і Адольфаўны, яе выхаванцы. Яна памерла ў 2009 годзе, і Наталля Пятроўна, нявестка, стала яе пераемніцай. Наталля Пятроўна Рэдзько — салістка, знаўца народных песень і танцаў, зараз асноўны захавальнік традыцыі, арганізатар ігрышча. Яна таксама паходзіць з музычнай сям’і, дзе бацька іграў на гармоніку, а маці спявала. Гульня “Ката пячы” праводзіцца ў Скірмантава штогод з 1993 года, калі зніклі забароны на првядзенне народных абрадаў. Калектыў “Весялуха”, якім з 1990 года кіравала Наталля Пятроўна Рэдзько, атрымаў найменне “народны” і быў запрошаны у 1996 годзе на тэлеперадачу “Запрашаем на вячоркі”, дзе паказваў гульню “Ката пячы”. Удзельнікі калектываў актыўна працягваюць сваю дзейнасць па захаванню народных традыцый, сярод якіх найбольш адметнай і цікавай з’яўляецца гульня “Ката пячы”, якая ўжо доўгі час праходзіць у спадчынным доме роду Рэдзько. У апошнія гады з’явілася магчымасць арганізоўваць гульню ў мясцовым клубе Стан бытавання: менш распаўсюджаны Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент: Аграгарадок Скірмантава знаходзіцца за 22 км ад раённага цэнтра Дзяржынск і за 49 км ад Мінска. У гэтай мясцовасці знаходзяцца вытокі рэк Пціч, Іслач, Сула, Уса, Волма, бо гэта самая высокая частка Мінскага ўзвышша, на якой размешчана найвышэйшая кропка Беларусі гара Дзяржынская –345 м над узроўнем мора. Вакол Скірмантава – маяляўнічыя лясы, багатыя на грыбы і ягада. Паселішча вядомае з 1802 года. У савецкія часы тут быў моцны саўгас, пабудаваны вялікі Дом культуры, двухпавярховыя дамы для жыхароў з усімі выгодамі. У культурным плане Скірмантава праславілі аматарскія самадзейныя калектывы “Весялуха” (створаны ў 1982 г., калі быў адкрыты Дом культуры, званне “народны” атрымаў у 1993 г.) і “Сваякі” (створаны ў 1987 г., званне “народны” атрымаў у 2003 г.). Асновай іх дзейнасці якіх з’яўляецца захаванне і папулярызацыя мясцовых спеўных, музычных і харэаграфічных традыцый. Некаторыя музыканты і спевакі выехалі са скірмантава і жывуць у Дзяржынску, але свой удзел у дзейнасці калектываў не спынілі. Дейнасць па захаванню багатых праяў мясцовай нематэрыяльнай культурнай спадчыны вельмі актуальная, бо вёскі вакол Скірмантава ператвараюцца ў дачныя пасёлкі, колькасць мясцовага насельніцтва скарачаецца. У Скірмантава шмат прыезджых з іншых рэгіёнаў Беларусі, таму вельмі важна тое, што калектывы працуюць на мясцовым матэрыяле — гэта дае жыхарам аграгарадка трывалае ўяўленне пра культурную спадчыну, да якой (пакуль толькі пасіўна) далучаюцца дзеці. Важна на аснове гэтай спадчыны праводзіць работу ў школе з дзецьмі па спецыяльнай праграме этнавыхавання. Мэтазгодна больш актыўна далучаць спецыялістаў да вывучэння фальклорнай спадчыны гэтага рэгіёна, наладзіць іх экспедыцыі па навакольных вёсках разам з мясцовымі культработнікамі. Тады карціна культурнага ландшафту вакол аграгарадка Скірмантава, узбагаціцца новымі праявамі народнай творчасці, якія дапоўняцць цыкл гадавых народных святаў, сярод якіх зойме сваё пачэснае месца абрадавая гульня “Ката пячы”. Непадалёку знаходзіцца парк актыўнага адпачынку “Якуцкія горы”, куды прыязджаюць турысты пакатацца на квадрацыклах летам ці на санках і лыжах зімой. Культурны адпачынак на аснове мясцовых абрадаў і традыцый становіцца актуальным напрамкам развіцця турыстычнай сферы Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца: Мінска-маладзечанская гаворка Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента: 1) рытуальнае печыва ў выглядзе ката; 2) пояс самаробны скручаны, з кістачкамі на канцах — для падвешвання ката; 3) святочныя скаромныя стравы для сумеснага застолля, якія гатуюць жанчыны-удзельніцы ігрышча; 4) касцюмы старыя сцэнічныя народныя; 5) музычныя інструменты: баяны, акардэоны, барабаны, шумавыя; 5) вілкі, качарга, якія выкарыстоўваюцца для таго, каб разагнацца і, абапіраючыся на іх, падскочыць і адкусіць кусок пірага ў выглядзе ката або яго хвост з каўбасы Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента: Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці: Ігрышча “Ката пячы” захавалася дзякуючы роду Рэдзько, прадстаўнікі якога захоўваюць мясцовыя песні, танцы, гульні, музыку, папулярызуюць усё гэта ў сцэнічнай форме. А ў межах культурнага адпачынку сваіх самадзейных калектываў “Сваякі” і “Весялуха” захавалі і абрадавую гульню “Ката пячы”. Такім чынам, элемент захоўваецца ў сям’, ў вясковай супольнасці і праз дзейнасць мясцовага Дома культуры Пагрозы для існавання і перадачы элемента: 1) Недастатковая папулярызацыя элемента. Яго захавальнікі людзі сціплыя, яны ацэньваюць гэтую гульню не так высока, як сваю сцэнічную дзейнасць. Таму важна іх падтрымаць у захаванні ігрышча, каб з часам традыцыя не знікла. 2) Калі раней гульня “Ката пячы” захоўвалася і перадавалася ў вясковым асяроддзі, то ва ўмовах аграгарадка і ў наш час яна можа набыць забаўляльную форму для гасцей, турыстаў, таму патрэбны рэкамендацыі вучоных па захаванні і перадачы элемента. 3) Замена інтэр’ераў вясковых хат на больш сучасныя, выхад з ужытку традыцыйных печаў, якія цесна звязана з практыкай элемента. 4) Калектывы аграгарадка Скірмантава павінны мець пераемнікаў традыцый, якія яны захоўваюць, для чаго неабходна праводзіць працу з дзецьмі і моладдзю, прыцягваючы іх да правядзення іншых абрадаў і свят гадавога кола, а калі навучацца спяваць і танцаваць і дасягнуць дарослага ўзросту, далучыць іх да ўдзелу ў ігрышчы “Ката пячы” Ключавыя словыігрышча “Ката пячы” , Запусты, Скірмантава, Спевы, Гульні Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКАДакументы, звязаныя з элементамМеню вячэры_ выраб Ката.pdf Меню вячэры_ выраб Ката.pdfГульні падчас ігрышча.pdf Гульні падчас ігрышча.pdfТэксты песень.pdf Тэксты песень.pdfТанцы падчас ігрышча.pdf Танцы падчас ігрышча.pdfТанцы з прыпеўкамі.pdf Танцы з прыпеўкамі.pdfАпісанне ігрышча і яго элементаў з друкаванных крыніц.pdf Апісанне ігрышча і яго элементаў з друкаванных крыніц.pdf |