Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Абрад ”Розгары“ ў аграгарадку Лукомль Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 23БЛ000143
Дата ўключэння: 22/10/2020
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 14.10.2020 № 04-01-02/8. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 22.10.2020 № 75
Шыфр (у Інвентары): НКС-20210927

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці». Адрас: вул. Леніна, 35а, г. Віцебск;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Абрад ”Розгары“ ў аграгарадку Лукомль Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Свята ”Розгары“

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары аграгарадка Лукомль Лукомльскага сельскага Савета Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці, фальклорны калектыў ”Вяскоўцы“ Лукомльскага сельскага Дома культуры

Арэол распаўсюджвання:

Кароткае апісанне элемента:

Абрад ”Розгары“ праводзіцца на восьмы дзень пасля свята Тройцы ў панядзелак. Важнейшыя кампаненты гэтага абраду: віццё вянка, провады вянка русалкі да могілак і фактычна ўшанаванне гэтага прыроднага духа. Бо русалка  – гэта дух нівы, які сёлета напаўняе жыта сілаю, але сыходзіць час і мусіць быць праведзены да могілак.
Жыхары аграгарадка Лукомль з’яўляюцца адной супольнасцю не толькі па месцы жыхарства, але і супольнасцю, якая мае адметную традыцыйную культуру і прызнае гэты элемент як частку іх культурнай спадчыны. Жыхары таксама ганарацца тым, што паглядзець на абрад прыязджаюць прадстаўнікі прэсы, жыхары іншых вёсак і гарадоў. Фальклорны гурток, які захоўвае абрад, выязджае на відэаздымкі для тэлеперадач, удзельнічае ў раённых і абласных мерапрыемствах, каб больш людзей пазнаёміць з нематэрыяльнай спадчынай сваёй супольнасці.
Каштоўнасць абраду яшчэ ў тым, што ён звязаны з памяццю і павагай да сваіх продкаў, ад якіх перададзены наступнаму пакаленню для падтрымкі сваёй ідэнтычнасці, пачуцця самабытнасці.
Адметнасць абраду ”Розгары”:
1.1. з’яўляецца выразным фактарам фарміравання нацыянальнай і лакальнай ідэнтычнасці з падкрэсленым гонарам за сваю малую Радзіму і яе ўнікальную традыцыю;
1.2. выяўляе адметнасць у структуры беларускай традыцыі (вянок фактычна сімвалічна замяшчае самую русалку як сезоннага духа ўрадлівасці і разам з тым адноснага за сферы замагілля);
1.3. з’яўляюцца аўтэнтычнымі з пункту гледжання паходжання і рэалізацыі; і нават прынесенасць з суседняй вёскі не перашкаджае прызнанню яго мясцовым і аўтэнтычным;
1.4. уяўляюць сабой добры прыклад фарміравання эстэтычнага густу моладзі ва ўмовах панавання масавай культуры

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Абрады

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Традыцыя правядзення абраду ”Розгары“ ў вясковай культуры аграгарадка Лукомль захавала пераемнасць на ўзроўні сям’і ў тым выглядзе, у якім перанялі ад сваіх матуль, бабуль. Застаецца культурна-запатрабаванай у дадзенай супольнасці, дзякуючы ўдзельнікам фальклорнага калектыву ”Вяскоўцы“ Лукомльскага сельскага Дома культуры. Абрад вельмі цікавы і прыгожы. Жанчыны і дзяўчаты збіраюцца, каб сплесці вялікі абрадавы вянок, выклікаць усіх гаспадароў з хат, сабраць народ і пажадаць здароўя, багацця, дабрабыту, а моладзі паваражыць на каханне і лёс, трэба прайсці ўсю вёску, ”адкупіцца ад гневу русалак“. Лічыцца, што вянок, сплецены на Розгары, мае лекавыя ўласцівасці. Яго можна выкарыстоўваць для лячэння хатняй жывёлы (калі хварэе скаціна, забіралі з дрэва вянок, вянок дадавалі ў ежу, або запарвалі і паілі ім скаціну).

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Функцыі абраду: - этнавыхаваўчая. Дзеці, якія ўдзельнічаюць у абрадзе, тым самым пераймаюць мясцовую народную культуру. Спрыяе выхаванню ў маладога пакалення паважлівых адносін да звычаяў продкаў і захаванню сваёй адметнай культуры; - тэмпаралізацыя культуры. Абрад праходзіць у пэўны час – на восьмы дзень пасля Тройцы – уплывае на вылічэнне і разуменне часу мясцовай супольнасці; - эстэтычная. Абрад стварае адметнае і чароўнае свята ў аграгарадку: жанчыны і дзяўчаты спяваюць і завіваюць вянок з сабраных кветак, зжатых жытнёвых каласкоў, з песняй ”А ў нас сёння Розгары“ (тэкст песні змешчаны ў дадатку) збіраюць жыхароў, жадаюць усяго добрага і варожаць; - кансалідуючая. У правядзенні абраду ўдзельнічаюць людзі рознага ўзросту, ад малых да пажылых, што яднае жыхароў, тым самым спрыяе ўстойлівасці мясцовай супольнасці; - забаўляльная. У час правядзення ўдзельнікі розных сацыяльных груп актыўна кантактуюць як з носьбітамі абраду, так і між сабой; - камунікатыўная і сацыялізуючая. Носьбіты традыцыі ўдзельнічаюць у рознага роду мерапрыемствах (напрыклад, фальклорны калектыў ”Вяскоўцы“ ўдзельнічаў у фестывалі ”У госцi да Лепельскага Цмока – 2016“, у мерапрыемствах у рамках Міжнароднага фестывалю ”Славянскі базар у Віцебску“, у раённых мерапрыемствах); - магічна-ўтылітарная, накіраваная на забеспячэнне ўраджаю на палях і дабрабыту ў гаспадарцы. Лічыцца, што вянок, сплецены на Розгары, мае лекавыя ўласцівасці. Яго можна выкарыстоўваць для лячэння хатняй жывёлы; - магічна-сакральная, як своеасаблівы спосаб уміласціўлення міфалагічных герояў (русалак), пераступаючы праз вянок жадалі здароўя, дабрабыту: ”Будзь здаровы як вада, будзь багаты як зямля, каб у гэтым годзе не балела галава“

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Лукомльскі сельскі Дом культуры дзяржаўнай установы ”Чашніцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці“, дзяржаўная ўстанова ”Чашніцкі раённы метадычны цэнтр культуры і народнай творчасці“, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чашніцкага райвыканкама, рэдакцыя раённай газеты ”Чырвоны прамень“

Паходжанне элемента:

Абрад ”Розгары“ вядомы з ХVIII стагоддзя (гэта былі ўспаміны Феадосіі Іосіфаўны Дубіцкай 1838 г.н. – бабулі Дар’і Рыгораўны Дубіцкай, прабабулі Эмы Ягораўны Багатыровай і перадавалася ад пакалення да пакалення). Запісаны работнікамі метадычнага цэнтра, былым дырэктарам Лукомльскага сельскага Дома культуры Садоўскай Тамарай Барысаўнай, кіраўніком фальклорнага калектыву ”Вяскоўцы“ Багатыровай Эмай Ягораўнай у 1990 годзе ад жыхароў-носьбітаў вёскі Ротна Лукомльскага сельскага Савета Дубіцкай Наталлі Андрэеўны, 1914 года нараджэння і Старавойтавай Лідзіі Фёдараўны, 1932 года нараджэння. Са слоў Наталлі Андрэеўны: ”На свята ”Розгары“ яшчэ маленькай хадзіла з маці. Да нашага дому прыходзілі, спявалі, вялікі вянок прыносілі, мы праз яго нешта рабілі. Калі я ўжо падрасла, то зразумела навошта і вянок плялі, і песні вывучылі, а што іх было вучыць, яны самі запаміналіся. Пакуль пройдзеш па ўсей вёсцы ды раз 20 яе праспяваеш, на душы неяк лёгка становіцца і весела. Людцы ўсе смяюцца, праз вянок праходзяць, а ім жадаюць і каб багатыя былі і здаровыя. А калі ўжо цёмна на двары было, усе ішлі на могілкі, каб гэты вянок на самае высокае дрэва павесіць, гэта быў дар для русалак, каб яны жыта не ламалі ды людзей не палохалі. А калі вярталіся з могілак, ужо ноч была. Але ніхто да дому не спяшаўся, ішлі ўсе на гулянку, а там і гарэлку пілі, і танцавалі, і песні спявалі”. Лідзія Фёдараўна Старавойтава ўспамінае, як першы раз ішла з вяскоўцамі па вёсцы: ”Усе пелі песні, жартавалі, а калі звярнулі на могілкі – неяк усе прыціхлі, павесілі вянок на дрэва, усе стаяць ціхонька, а тут нейкі трэск ды шум і ў белых адзеннях нехта бяжыць на нас. Мы ўсе ў крык і ўцякаць, жаху было, а калі адбегліся, та зразумелі, што гэта вясковыя мужыкі былі - гэта так патрэбна, каб ніхто доўга на могілкі не хадзіў і памерлых не трывожыў“. У в. Ротна носьбіты праводзілі абрад да 2000 года. З 1990 фальклорны калектыў ”Вяскоўцы“ пачаў паралельна паказваць на сцэне Лукомльскага сельскага Дома культуры, з 1996 г. – па усім традыцыям, з 2000 г. – абрад перайшоў у аг. Лукомль, таму што носьбіты не мелі магчымасці праводзіць абрад у сілу свайго ўзросту і здароўя. Частка жыхароў павыязджала ў аг. Лукомль, у другія вёскі. На цяперашні час няма ў в. Ротна карэнных жыхароў, у асноўным гэта дачнікі. Практыка элемента не перарывалася. Пра падобны абрад змешчаны звесткі ў наступнай літаратуры: - Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых даследаванняў 2016. Лакальныя асаблівасці русальнага тыдня на віцебскім Падзвінні Т.І. Кухаронак, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, дзе гаворыцца пра тое, што па ўспамінам інфармантаў у некаторых вёсках даследуемай тэрыторыі Віцебскага Падзвіння провады русалкі ажыццяўляла толькі моладзь: ”Вечарам на Розгары, калі вялі русалку, збіралася моладзь з усіх вёсак. Выбіралі месца ў жыце на перакрыжаванні. Там палілі вогнішча, рабілі факелы“ (в. Вяцера, Чашніцкі раён) [3, с. 237]; - Беларускі фальклорна-этналінгвістычны атлас Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; - Кухаронак Т.І. ”Маскі ў каляндарнай абраднасці беларусаў“ [3, с. 113]; - Камінскі А.Я. ”Рэжысура традыцыйнага абраду“ [4, с. 78]; - Няборская А.В. ”Вобраз русалкі ў беларускіх абрадавых ігрышчах“; - Міфы бацькаўшчыны/ Уклад. У.А.Васілевіч. — Мн.: БэлЭн, 1994 [6, с. 72]

Стан бытавання:

па-ранейшаму захоўваецца ў сваім першапачатковым стане

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Абрад адбываецца на 8 дзень пасля Тройцы, у пару, блізкую да найбольшага росквіту расліннасці. Выкарыстоўваюцца жытнёвыя каласкі, кветкі, зёлкі, галінкі дрэў, што адпавядае прыродным умовам Лукомльскай мясцовасці. Абрад практыкуецца ў вясковым асяродку, такім жа, як і асяродак яго ўзнікнення і развіцця. Аграгарадок Лукомль, Лукомльскага сельскага Савету. На сучасны час 398 жыхароў, 200 гаспадарак. Лукомль - месца слаўнае, гістарычнае. Лукомль з’яўляецца адным са старажытнейшых пасяленняў на тэрыторыі нашай краіны. Назва селішча пайшла ад слова ”лук“, бо калі паглядзець на рэчку, якая акружае замчышча, з вышыні птушынага палёту, то яе русла нагадвае ЛУК. А калі ўспомніць, што калісьці быў роў, або пратока, якая злучала канцы русла рэчкі як цеціва, то сапраўды атрымоўваецца лук. Замак, які быў драўляным і да нашых дзён не ўцалеў, знаходзіўся як бы на востраве і злучаўся з горадам мастом. У старажытнасці Лукомль належаў да ліку гарадоў Полацкага княства. Гэта быў даволі буйны горад: па сведчанню археолагаў, у ХІ – ХІІ ст. яго плошча складала 15 – 20 гектараў, а гандлёва-рамеслены пасад па памерам пераважаў нават полацкі. Па тыпу забудовы горад быў унікальны: яго пасад размяшчаўся па абеім берагам рэчкі Лукомкі. Атрымлівалася, што горад быў як бы нанізаны на рэчку, як пацерка (бусіна) на нітку. Для населенага пункта ХІІ – ХІІІ стагоддзя гэта быў выключны выпадак, адзіны ў сваім родзе. Напэўна адной з прычын узнікнення Лукомля з’явілася тое, што ён знаходзіўся на адным з водна – транспартных шляхоў ”з вараг у грэкі“. Гандлёвы шлях ішоў ”з вараг у грэкі“ Па паўнаводнай Лукамцы шырокай. Плылі купцы з краін заморскіх Гандлярства працвітала тут ад веку. Гэты шлях ляжаў праз рэкі:Заходняя Дзвіна, Ула, Лукамка, воз. Сялява, Бобр, Бярэзіна, Дняпро. Па сцвярджэнню Г. В. Штыхава ”Лукомль, як археалагічны комплекс ІХ стагоддзя не мае сабе роўных у Беларусі“ [8]. Раён Лукомля сярод густых лясоў і паўнаводнай ракі ў мінулым, быў узвышаным месцам па рэльефу (Лукомскае ўзвышша) і зручным для ўзвядзення крэпаснога замка. Да нашых дзён, у цэнтры вёскі Лукомль захавалася замчышча, альбо, як яго называюць археолагі, гарадзішча. Знаходзіцца яно на правым беразе ракі Лукомка. Срэбрам ахваляя Лукомка Як лук, выгнута дугою. Яна пяшчотна і лагодна Абдымае замчышча старое. Выява лукомскага замка на экслебрысе Князёў Лукомскіх. Недалёка ад вёскі Лукомль знаходзіцца ўрочышча пад назвай “Праклятае поле”. Па сведчанню летапісаў, у гэтым месцы , адбылася вялікая бітва паміж рускімі і шведамі (па другім звесткам паміж Полацкім князем і Манамахам). Многа воінаў загінула з аднаго і другога боку. Кроў лілася ракой, і зямля доўга не магла ўвабраць яе ў сябе. Глеба зрабілася карычнева-ржавага колеру і доўга потым на тым месцы нічога не расло. А пасля бітвы на ўскрайку поля вырасла 6 курганоў, у якіх былі пахаваны загінуўшыя. І па сённяшні дзень там дрэнна ўсё родзіць, зямля мае колер запёкшыйся крыві. Вясной на курганах расцвітаюць белыя кветкі, падобныя на мак. Нідзе ў акрузе больш такіх кветак не расце. Бытуе павер’е, што калі гэтыя кветкі пасадзіць ля хаты, то гаспадары пачынаюць хварэць і хутка паміраюць. А яшчэ кажуць, што белыя кветкі, гэта душы палеглых воінаў і ноччу яны ператвараюцца ў белых матылёў. Таму народ і назваў гэту мясціну “Праклятым полем”. Да нашага часу захавалася толькі 4 курганы. Яшчэ адну гісторыю паведаў жыхар Лукомля, былы настаўнік гісторыі Кудраўцаў Яфім Андрэявіч пра камень-следавік, які па яго словам быў у Лукомлі. “Калісьці ў Лукомлі, на скрыжаванні дарог, ляжаў вялікі камень з адбіткам следа, як казалі, Прасвятой Багародзіцы. Людзі да яго прыязджалі з усёй акругі, каб памаліцца і пацалаваць адбітак. Улады, па просьбе вернікаў, рашылі пабудаваць на тым месцы царкву. Яна была пабудавана ў 1885 годзе і названа ў гонар Магдаліны Марыйскай (у народзе Пятніцкай) бо след цалавалі ў пяту. (Па іншых звестках Параскевы Пятніцы.). Камень знаходзіўся ў царкве да Вялікай Айчыннай вайны. Па пятніцах ля царквы ў Лукомлі бывалі вялікія кірмашы, якія ў народзе называлі “пяценкамі”. Пасля Вялікай Айчыннай вайны царква была разбурана, камень падзеўся невядома дзе” (запісана са слоў Кудраўцава Я.А., 1999 г.н.). Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца хата на два гаспадары. На агародзе, на месцы былой царквы, адным з гаспадароў быў знойдзены старадаўні нацельны крыж. Хутка час бяжыць ды ўсё змяняецца, паступова Лукомль прышоў у заняпад і згубіў сваё колішняе значэнне і вагу, з цягам часу ператварыўся ў звычайную вёску [7].

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Віцебска-магілёўскія гаворкі паўночна-ўсходняй групоўкі гаворак асноўнага беларускага дыялектнага тыпу з ужываннем русізмаў

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Адзенне паўсядзённае, абрадавы вянок з кветак і жытнёвых каласкоў, ежа вясковая

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Спевы акапэльныя

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Элемент перадаецца ў супольнасці ад пакалення да пакалення. Пад час правядзення абраду далучаюцца жыхары вёскі ад малога да старога. У маладога пакалення фарміруецца пачуццё самабытнасці і пераемнасці, садзейнічаючы тым самым павазе да культурнай разнастайнасці і творчасці чалавека.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

1. У вёску на лета прыязджаюць сем’і з дзецьмі, з розных куткоў Беларусі. Канешне, магчыма сабраць большую колькасць народу, каб абрад праводзіўся ў нядзелю, у выхадны дзень. Аднак па традыцыі яго спраўляюць у панядзелак, а гэта працоўны дзень. Многія, хто можа, імкнуцца не прапусціць. Аднак частка людзей бачыць абрад не кожны год; 2. Змяняецца жыццёвы лад і сістэма каштоўнасцяў сучасных людзей. Паступова мяняецца традыцыйны вясковы ўклад, які з’яўляецца падмуркам для традыцыйнай культуры, у тым ліку і для абрадаў. Дзеці і моладзь арыентаваны больш на гарадскую культуру, імкнуцца пераязджаць у буйныя гарады, і не зацікаўлены ў перайманні традыцый

Ключавыя словы

абрады

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя