Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Стравы з таркаванай бульбы – дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя – традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Магілёўскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 53БК000149
Дата ўключэння: 16/05/2022
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 13.05.2022 № 04-01-02/4. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 16.05.2022 № 28
Шыфр (у Інвентары): НКС-20220824

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-астветнай работы. Адрас: вул. Першамайская, 10, г. Магілёў, 212010;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Стравы з таркаванай бульбы – дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя – традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Магілёўскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Булёны, драчаны, дранка з бульбы, бульбяныя бліны, бульбяная бабка (Бялыніцкі раён); бульбяныя латкі (Быхаўскі раён); блінкі картапляныя, бліны драныя, ладкі з бульбы драныя, дранікі, дзеруны (Дрібінскі раён); драчоны, бульбянікі (Касцюковіцкі раён), “Дранікі па-вяскоўскі”, церункі (Кіраўскі раён); драчы, дранка, ёжыкі (Краснапольскі раён); дзярунікі тварожныя (Круглянскі раён); асянікі (Магілёўскі раён); цыганская дранка (Асіповіцкі раён); лапуны (Хоцімскі раён); бульбяныя дранкі з тварагом, дзеруны з начыннем, грыбныя дранікі, таркоўкі з мясам (Чэрыкаўскі раён).

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары Магілёўскай вобласці (Бялыніцкага, Быхаўскага, Глускага, Дрыбінскага, Клімавіцкага, Клічаўскага, Кіраўскага, Касцюковіцкага, Крычаўскага, Краснапольскага, Круглянскага, Магілёўскага, Мсціслаўскага, Асіповіцкага, Хоцімскага, Чэрыкаўскага, Чавускага, Шклоўскага раёна).

Арэол распаўсюджвання:

Кароткае апісанне элемента:

Стравы з таркаванай бульбы – папулярная паўсядзённая страва. Дранікі ад слова “драць” - церці, абдзіраць слаямі. Бульбяныя аладкі, як часам называюць дранікі, і бліны сустракаюцца практычна ўсюды, дзе ў ежу ўжываюць бульбу. Асноўнымі інгрэдыентамі для прыгатавання дранікаў і сёння застаюцца: бульба, надраная на тарцы, цыбуля і алей (тлушч). У Магілёўскай вобласці стравы з таркаванай бульбы маюць розныя лакальныя назвы: “драчаны”, “бліны з бульбы”, “драчэнікі”, “бульбяныя бліны”, “дранка”, “драчы”, “блінкі картапляныя”, “бліны драныя”, “ладкі з бульбы драныя”, “дранікі”, “бабка”, “бульбяная бабка”, “асянікі”, “дзеруны з сырам і зелянінай”, “таркованцы з мясам”, ”драныя аладкі”, ”картафлянікі”, “дранікі з тварагом”,  “бульбянікі”, “калдуны”. У кожным рэцэпце дранікаў і бульбяных бліноў асноўнымі па-ранейшаму застаюцца інгрэдыенты: крухмальная  бульба, надраная на тарцы, цыбуля. Выпякалі дранікі на свіным  тлушчы,  пазней  –  на  алеі. Іншым  разам  патэльню змазваюць  толькі  невялікім  шматком  сала (“падмазкай”)  – атрымліваюць  “сухія  бліны”, якія з’яўляюцца дапаўненнем да іншых страў: яечні, мачанкі, поліўкі,  супа і  інш. У Быхаўскім раёне бульбяныя латкі (дранікі, дзеруны) гатаваліся з сырой дранай бульбы з дабаўленнем солі, курыных яек і грэчневай крупы. Падаваліся з смятанай і кіслым гурком, соусам з сухіх грыбоў, зажаркай свінога сала, мяса і цыбулі, сметанкавым маслам. На левабярэжжы Быхаўскага раёна зімой падаваліся з дзічынай (вяпрынай). На Глушчыне ў вядомым сямейным рэцэпце гаспадыні Сіраж Зоі Міхайлаўны (1965 г.н.) з в. Калацічы дранікі рабіліся на “закваске”, якая прагатавалася ў драўлянай дзяжы. Дранікі падаваліся са здорам, які салілі з прыправай, скручвалі ў скрутак і клалі пад сала ў драўляны кубел, каб прасаліўся. А калі ён добра ўлежваўся, наразалі кружкамі і мазалі гарачы дранік. У вёсцы Малкава гаспадыня Пашкевіч Наталля Станіславаўна (1971 г.н.) дабаўляла адварныя дробна пасечаныя грыбы. Сясева Марыя Лаўрэнцьеўна (1941 г.н.) з вёскі Заеліца Слаўкавіцкага сельскага Савета жарыла вялікія дранікі на ўсю патэльню, потым іх рэзала маленькімі трохвугольнікамі і складала ў чыгунок слаямі і кожны слой абмазвала салам разам с тлушчам і смятанай. Жыхарка в. Поблін Лазовік Ганна Андрэеўна (1941 г.н.) ў рэцэпт “драчэнікаў” дабаўляла некалькі лыжак аўсянкі , смятаны і сала.
На Дрыбіншчыне стравы з дранай бульбы часцей маюць назвы: “блінкі картапляныя”, “бліны драныя”, “ладкі з бульбы драныя”, “дранікі”. У Дрыбінскім раёне у рэцэпт дадаваліся і морква, і шкваркі, і мяса альбо маленькія кавалачкі хатняй каўбаскі. У аг. Малышкавічы Клімавіцкага раёна, акрамя вядомых інгрэдыентаў, у сваём рэцэпце выкарыстоўваюць: фарш, моркву, вароную таўчоную бульбу (пюрэ) і прыправы. На Касцюкоўшчыне ў аг. Муравілье існуе рэцэпт тоўстых бліноў з даданнем варанай таўчонай бульбы (пюрэ) і солі. На святы ў сярэдзіну маглі дабаўляць смажаныя грыбы з цыбуляй і надавалі ім форму дранікаў, а ў якасці падліўкі падавалі зажарку з сала і цыбулі. У аг. Шарэйкі вараную бульбу сцэжвалі і ў драўлянай ступе таўклі з крухмалам, пакуль не атрымоўвалась мягкае цеста. Затым на стале вымешвалі ў муцэ, фарміравалі вялікі тоўсты блін і выпякалі на подзе ў печы. На Крычаўшчыне ў дранікі дабаўляецца гарбуз.                                 У Краснапольскім раёне выкарыстоўвывалісь дабаўкі: кроп, тмен, пятрушка, грыбы, мяса (фарш), часнок, цыбуля, перац, морква, кабачкі і інш., дабаўляюць драную моркву і цыбулю. Пры прыгатаванні “сухіх” драчоў драная бульба аджымаецца ад бульбянога соку, не патрабуе яек і мукі, выпякаюцца ў печы на сухой патэльні, выкарыстоўвалі замест хлеба. На Кругляншчыне – дабаўляюць тварог.

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйная ежа

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Рэцэптура і тэхналогія прыгатавання страў з таркаванай бульбы актыўна выкарыстоўваецца ў паўсядзённым сямейным побыце, якія перадаюцца з пакалення ў паленне. Пачаставацца дранікамі, пазнаёміцца з працэсам іх прыгатавання і прыняць удзел у працэсе выпякання можна непасрэдна на розных фестывалях і святах. Так на Краснапольшчыне для наведвальнікаў рэгіянальнага фальклорнага фестывалю “Чары сівой даўніны” прапануецца выстава-дэгустацыя мясцовых традыцыйных страў, у тым ліку і дранікаў. Папулярызацыя “краснапольскага драніка” неаднаразова была выкарыстана на розных значных фестывалях вобласці, у тым ліку і пры правядзенні Міжнароднага форуму “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс развіцця грамадства”, які ладзіцца ў УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”. У Касцюковіцкім раёне выклікае зацікаўленнасць у насельніцтва “Ільінскі кірмаш”, на якім адбываецца абмен рэцэптамі сярод гаспадынь, а таксама кулінарныя батлы. Кожная гаспадыня мае свае асаблівасці пры прыгатаванні дранікаў. Так Шагун Ірына Леанідаўна з вёсцы Цяцерына Круглянскага раёна частуе жыхароў эксклюзіўнымі дранікамі пад назвай “Дранікі з тварагом”, рэцэпт якога перадаўся ёй ад матулі. А ў сваю чаргу Ірына Леанідаўна навучыла гэтай страве сваю дачку. А вось у Чэрыкаўскім раёне у в. Вербеж жыхарка Людміла Уладзіміраўна здзіўляе сваіх аднавяскоўцаў сваімі цудоўнымі драчунамі “Драчуны грыбныя”. У Магілёўскім раёне выкарыстоўваюцца мясцовымі жыхарамі бульбяныя аладкі “Асяннікі”, якія з'яўляюцца пачастункам на падворках Магілёўскага раёна ў час правядзення раённых і абласных народных святаў. Шмат носьбітаў прыгатавання дранікаў ці бульбяных аладкаў перадаюць з пакалення ў пакаленне праз выставы, майстар-класы, мерапрыемсты, гурткі. Судзілоўская Надзея Ягораўна з в. Верамейкі Чэрыкаўскага раёна лічыць, што яе майстар-классы – гэта сваеасаблівы спосаб перадачы беларускай спадчыны падрастаючаму пакаленню. Яна час ад часу ладзіць смачныя майстар-класы па прыгатаванню беларускіх страў, паказваючы спосабы прыгатавання, якія яна пераняла ад сваей матулі. А вось на базе Радуціцкага сельскага клуба быў створан клуб аматараў беларускай кухні “Бульбаш”, якім кіруе Васільева Раіса Захараўна. Яго ўдзельнікі дзеляцца паміж сабою рэцэптамі прыгатавання розных страў, але бульбяныя бліны “Па Радуціцкі” – адны з самых жаданых, якімі частуюць гасцей і наведвальнікаў вечароў адпачынку, святочных мерапрыемстваў рознага ўзроўню.

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Нацыянальная кухня з’яўляецца адной з састаўляючых частак гісторыі і матэрыяльнай культуры народа. Традыцыі прыгатавання страў з таркаванай бульбы на Магілёўшчыне заснаваны на даўнейшых тэхналогіях, якія перадаюцца ў сям’і з пакалення ў пакаленне і спрыяюць далейшаму развіццю нацыянальнай беларускай кухні і ўстойліваму развіццю рэгіёна ў гэтым напрамку. Традыцыі захоўваюцца стараннямі як носьбітаў, так і намаганнямі работнікаў сферы культуры. Тэхналогія прыгатавання дранікаў засталася амаль нязменнай з даўніх часоў. Адбываецца кантамінацыя традыцыйных, узыходзячых да архаічнага мінулага сімвалічных значэнняў ежы і актуальных сацыякультурных каштоўнасцяў. Гэта спрыяе таму, што традыцыя гатоўкі страў з таркаванай бульбы не толькі захоўваецца, але і развіваецца, дапаўняецца і узбагачаецца новымі рэцэптамі ў сферы традыцыйнай беларускай кухні. Дадзены элемент шырока выкарыстоўваецца ў паўсядзённым жыцці і таму мае ўжыткова-ўтылітарную функцыю, што спрыяе ўмацаванню ў свядомасці дзяцей і моладзі да гісторыка-культурнай спадчыны. Вывучэнне, захаванне і выкарыстанне традыцый абрадавай і святочнай кухні спрыяе фарміраванню ў маладога пакалення беларусаў глыбокай павагі да шматвяковых народных культурных каштоўнасцей. Атаясненне нацыянальнай традыцыйнай кухні з кухняй сучаснай фармуе ўстаноўку на захаванне традыцый нацыянальнай культуры. Зберажэнне культурнай спадчыны і яе выкарыстоўванне маюць вялікае значэнне для устойлівага прыцягнення турыстскіх патокаў і развіцця папулярызацыі канкрэтнага турыстскага накірунку. Гэта стымулюе рабіць падарожжы з кулінарна-гастранамічным ухілам, з мэтай папулярызацыі нацыянальнай культуры праз дэгустацыю традыцыйных страў.

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Установа культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Бялыніцкага раёна”; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна”; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Глускага раёна”; дзяржаўная ўстанова культуры “Дрыбінская цэнтралізаваная клубная сістэма”; аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дрыбінскага райвыканкама; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клімавіцкага раёна”; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”; аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Крычаўскага раёна”; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Магілёўскага раёна”; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Мсціслаўскага раёна”; дзяржаўная ўстанова культуры “Хоцімскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей”; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна”; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чэрыкаўскага раёна”; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна”; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Шклоўскага сістэма раёна”; дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Шклоўскага раёна”.

Паходжанне элемента:

Бульба ўваходзіць у многія стравы нацыянальнай беларускай кухні. Сярод страў з таркаванай бульбы – дранікі, бабка, бульбяная запяканка, параная, жараная, тушаная бульба, бульбяныя супы і каўбасы, праснакі і інш. Дранікі і бульбяныя аладкі – папулярная паўсядзённая ежа з цёртай сырой бульбы. Назва ад слова “драць” – церці, абдзіраць слаямі. Дранікі, і бліны сустракаюцца практычна ўсюды, дзе ў ежу ўжываюць бульбу, аднак рэцэпты і спосабы прыгатавання ва ўсіх розныя. Адносяцца да комплексу страў, прыгатаваных з дзёртай бульбы, у склад якога таксама ўваходзяць клёцкі, бабка, калдуны і г.д. Як сцвярджаюць большасць гаспадынь, сакрэт прыгатавання дранікаў вельмі просты – іх трэба смажыць адразу пасля таго, як гатова рошчына, і падаваць на стол гарачымі. “Стравы з бульбы займаюць трывалае месца у кожнай сям’і і застаюцца любімымі па сённяшні дзень” – кажа носьбіт Фралянкова Надзея Васільеўна 1955 г.н. (Клімавіцкі раён). У пасляваенныя часы, у часы аднаўлення гаспадаркі, бульба была самай даступнай ежаю. “У сям’е расло чацвёра дзяцей, ды яшчэ дарослыя, таму наша маці Крупко Марыя Ануфрыеўна (1935 г. – 2006 г.) гатавала шмат страў з бульбы. Але ж самай смачнай стравай былі “калдуны”. У в. Цяцерына Круглянскага раёна назва мясцовых дранікаў – “Дзярунікі тварожныя” пайшла ад звычая частаваць знаёмых і суседзяў хлебам, салам, мясам, агароднінай і садавіной новага ўраджаю, расказвае носьбіт традыцыі Трыносава Ніна Віктараўна (1950–1997 гг.). У в. Варатыншчына носьбіт традыцыі Высотіна Р.І. пераняла ўменне ад маці Фурманавай В.А. (1913 г.н.), якая нарадзілася і пражыла ў в. Варатыншчына, Вендаражскага сельскага выканкама Магілёўскага раёна. Назва мясцовых дранікаў – “Асянікі”. Іх гатавалі ў в. Варатыншчына на свята “Багач”, або “Асяніны”, адкуль і пайшла назва гэтай стравы. Ў вёсках Хоцімшчыны рэцэпт перадаваўся ад старэйшых да малодшых жанчын, у гэтым выглядзе дайшоў да нашых дзён. На Быхаўшчыне смажаць бульбяныя латкі двух тыпаў. 1 – звычайныя, 2 – з дадаткам грэчневай крупы. Носьбіт традыцыі Захарава Ганна Аляксандраўна пераняла ўменне ад свякрухі Нянахавай Людмілы Іванаўны (1932–1995 гг.), якая нарадзілася і пражывала ў г. Быхаве. Назва мясцовых дранікаў – бульбяныя латкі пайшла ад яўрэйскіх дранікаў “латкес”, а таксама ад назвы патэльні сярэдніх памераў – “латка”. Тэрмін “латкес” звязаны з яўрэйскай дыаспарай, што пражывала ў г. Быхаве. Усе носьбіты адзначаюць, што рэцэпт гатоўкі дранікаў яны даведаліся ад сваіх бацькоў.

Стан бытавання:

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Магілёўская вобласць унікальны аграрны рэгіён, з года ў год збірае высокія ўраджаі сельскагаспадарчай прадукцыі. Усё гэта спрыяе дастатковай колькасці разнастайнай, якаснай сыравіны – бульбы, якую вырошчваюць як сельскія калгасы, так фермерскія і прыватныя гаспадаркі, асобныя гаспадары. Традыцыі прыгатавання і ўжывання страў з таркаванай бульбы распаўсюджана ў рэгіёне. Дранікі гатуюць як самастойную страву, падаюць з маслам, з мачанкай, са здорам альбо смятанай. Часам дранікі маюць мясную начынку і ўжываюцца з соусамі рознага гатунку. Бульбяныя бліны служаць дапаўненнем да іншых страў: яечні, мачанкі, халадніка і інш. Аднак, нягледзячы на значныя змены ў гастранамічных прыхільнасцях сучаснага спажыўца, традыцыі прыгатавання страў з таркаванай бульбы застаюцца нязменнымі.

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Змешанае маўленне беларускай і рускай мовы.

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Бульба, цыбуля, сыракваша (кефір), алей, гарбуз, прыправы, свіное сала і мяса, яйкі, фарш, соль, мука, сыр, твораг, грыбы, крухмал, смятана, зеляніна, патэльня, чыгунок, тарка, печ, пліта і інш.

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Са слоў носьбітаў стравы з таркаванай бульбы – дранікі, былі паўсядзённай стравай. Важная роля адводзілася культуры праваслаўнай. Быў стол “посны” і стол “скаромны”. У пост іх елі з алеем, а у скаромныя дні з салам і мясам, мачалі ў здор, са смятанай, вяршковым маслам або малаком. Акрамя дранікаў з бульбы гатавалі бульбяныя бліны, рабілі “камы” – вараная тоўчаная бульба, запраўленая моцна выжаранымі скваркамі з цыбуляй, з бульбянога цеста рабілі круглыя шарыкі і выкладвалі іх на патэльню, ставілі ў печ, каб “камы” пакрыліся румянай скарыначкай; варылі “клёцкі” з адціснутай надранай на дробнай тарцы бульбай, такія “клёцкі” потым, як яны паварацца ў кіпені, залівалі малаком і атрымоўваліся клёцкі з малаком, або іх складвалі на патэльню і залівалі скваркамі з цыбуляй, часта “клёцкі” начынялі мясным або грыбным фаршам і таксама варылі ў кіпені, потым падавалі са смятанай. Вельмі любілі ставіць у печ “бабку” – надраная бульба, якую разводзілі вадой, або малаком, каб “бабка” была не такой густой, перамешвалі са скваркамі, салілі па смаку і ставілі ў печ. Гатавалі клёцкі “з душамі”. Часта гатавалі бульбу печаную – памытую бульбу проста закідвалі у гарачую печ, каб яна там спяклася і потым ставілі на стол, да яе падавалі салёныя агуркі, малако, прастаквашу, салёнае сала, квас з салёных агуркоў або цыбулі. “Сухія” бульбяныя бліны у Бялыніцкам раёне, якія выпякалі перад агнем у печы на патэльні змазанай салам, ужывалі з супам, малаком, замест хлеба, а таксама з яечняй, мачанкай, поліўкай і інш. Дранікі падавалі на стол і як самастойную страву з смятанай, з малаком. Бульбяныя бліны таксама змазвалі “здорам” салёным (патайны свінны тлушч). Бульбяную бабку падаюць з малаком, смятанай. На Быхаўшчыне дранікі падаваліся з смятанай і кіслым гурком, соусам з сухіх грыбоў, зажаркай свінога сала, мяса і цыбулі, смятанай, сметанкавым маслам, здорам з часнаком. У Глускім раёне дранікі і бульбяныя бліны, падаюцца да стала з мачанкай, грыбамі, з тлушчам, са смятанай, з яешняй. А ў весцы Журбін Косцюковіцкага раёна сталыя жанчыны часта пяклі тонкія бліны, ў якія дадавалі малако, яйкі і муку. Такія бліны змазвалі салам і ставілі ў вытапленую печ жалець. Смятану ставілі ў печ, недалека ад загнёта, затым, у час снедання, у яе дабаўлялі дробна “паскрылянае” пер’е зялёнай цыбулі, пятрушкі і крыху солі. Усе гэта ўзбівалася венчыкам і гарачым падавалі да дранікаў. Дранікі падаваліся з зажаркай з сала і цыбулі. У Кіраўскім раёне падаюць дранікі да стала ў комплексе з мачанкай, малаком, смятанай, хатняй каўбасой, мясам, салам і інш. Драчы звычайна ўжываюць гарачымі ў якасці самастойнага блюда. Драчы могуць падавацца са смятанай, смажанай свежанінай (зажаранымі скварачкамі). Яны могуць запівацца халодным або гарачым малаком, што асабліва падабаецца дзецям. “Сухія” драчы ў Краснапольскім раёне выпякаюцца звычайна ў печы на сухой патэльні, толькі крыху патэльня змазваецца памазком (лой або свіное сала абгортваецца трапачкай, гэта і ёсць памазок). Сухія драчы таксама могуць ўжывацца як самастойнае блюда – іх змазваюць лоем (барановым тлушчам), або макаюць у смятану ці смажаніну і ядуць. “Сухія” драчы могуць ужывацца і замест хлеба – з імі ядуць, напрыклад, боршч. Канстанцінава Раіса Мікалаеўна (1953 г. н.) паведала, што “сухія” драчы і нават смажаныя ў гарачым стане макалі ў нерафінаваны сланечнікавы алей, яна часта ўжывае іх такім чынам і сёння. Яшчэ спечаныя “сухія” драчы складваюць у чыгунок, добра запраўляюць свіным тлушчам або смятанай і адпраўляюць у натопленую печ або ў духоўку. Смак такіх добра тушаных драчоў – незвычайны, па кансістэнцыі драчы становяцца мяккімі, добра насычанымі тлушчам, набываюць і асаблівы апетытны смак. Дранікі на Крычаўшчане падаюць адначасова с ронымі саленнямі, капустай, агурком, грыбамі. Таксама с грыбным супам, з баршчом з квашанай капусты. Дранку ядуць з паджаранымі шкваркамі, і таксама гатуюць і салодкі ласунак з бульбы: бульбяные зразы с яблычным варэннем, з творагам. У вёсках Клічаўскага і Хоцімскага раёна дранікі і бульбяныя бліны падаюцца з рознымі стравамі. У большасці выпадках гэта жаранае сала з мясам і цыбуляй, у якую па прыгатаванню кладуць некалькі лыжак смятаны і потым бліны “мачаюць” у такую мачанку. Падаюць да дранікаў проста смятану, растопленае сметанковае масла, малако, мачаюць бліны проста у алей. Таксама замест сала і мяса паджарваюць тонкія каўбаскі, яйка і мачаюць дранікі ў яйка, закусваючы каўбасой. Жараць грыбы, дабаўляюць туды цыбулю, смятану і таксама ядуць з дранікамі. Ў Магілёўскім, Клімавіцкім, Круглянскім, Асіповіцкім, Чавускім, Чэрыкаўскім, Шклоўскім раёнах стравы з таркаванай бульба падаюцць як самастойную ежу, так і са смятанай. ЛАПУНЫ (Хоцімскі раён), Тоўстыя бліны з варанай тоўчанай бульбы, Тоўстыя бульбяные бліны з прастаквашай (Касцюковіцкі раён)

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Перадача традыцый ажыццяўляецца у сем’ях, ад пакалення да пакалення, падчас раённых выстаў-дэгустацый беларускай народнай кухні, на святах, на занятках і пасяджэннях клубных фарміраванняў і інш. У сучасны перыяд працэс адраджэння традыцый нацыянальнай культуры набірае папулярнасць. Асноўнымі каталізатарамі гэтага працэсу з’яўляюцца работнікі ўстаноў культуры, якія займаюцца вывучэннем, засваеннем і захаваннем беларускіх народных традыцый, фальклору, нацыянальнай кухні. Арганізуючы правядзенне ў сваіх гарадах і сёлах народных свят, работнікі ўстаноў культуры далучаюць моладзь і дзяцей да народных традыцый і вяртаюць да народных вытокаў. Папулярызацыя страў ажыццяўляецца праз рэкламна-інфармацыйную прадукцыю, асобныя выданні і сродкі масавай інфармацыі.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Значнай пагрозы не існуе. Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны шырока практыкуецца ў паўсядзённым жыцці. Стравы з таркаваннай бульбы вельмі моцна укараніліся ў традыцыйную беларускую кухню. Прыгатаванне гэтых страў не патрабуе вялікіх матэрыяльных затрат, гэта вельмі сытнае і смачнае блюда, часта гатуецца на сняданак або вячэру, вельмі папулярнае у людзей рознага ўзросту. Так сама дзейнічаюць аматарскія аб’яднанні, у якіх ідзе перадача рэцэптаў, праходзяць культурна-массавыя мерапрыемства, на якіх праходзяць майстар-класы.

Ключавыя словы

дранікі, бульбяныя бліны

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя