Інвентар НКС
Вобласць:
Раён:
Традыцыйная тэхналогія ткацтва “кажушком” у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласціШыфр (у Дзяржаўным спісе): 13БК000169
Дата ўключэння: 20/03/2023
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 06.03.2023 № 04-01-02/1. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 20.03.2023 № 56.
Шыфр (у Інвентары): НКС-20230421-Б
Звесткі аб адказнасці адносна НКСКуратар:
Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта. Адрас: вул. Савецкая 36, г. Маларыта, Брэсцкая вобласць; Выяўленне элементаў НКСНазва: Традыцыйная тэхналогія ткацтва “кажушком” у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт): Кажушок Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы): Жыхары в. Дарапеевічы, в. Вялікія Дарапеевічы, аг. Чарняны Чарнянскага сельвыканкама, аг. Хаціслаў, в. Мельнікі, в.Сушытніца, в.Замшаны Хаціслаўскага сельвыканкама, г. Маларыта, в. Ацяты, в.Хмялеўка, в.Радзеж, аг. Олтуш, в.Збураж Олтушскага сельвыканкама, аг. Лукава, в. Ужова Лукаўскага сельвыканкама, аг.Ляхаўцы, в.Макраны Макранскага сельвыканкама Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Арэол распаўсюджвання:
Брэсцкая вобласць » Маларыцкі раён » аг. Хаціслаў ; Брэсцкая вобласць » Маларыцкі раён » в. Дарапеевічы ; Брэсцкая вобласць » Маларыцкі раён » г. Маларыта; Брэсцкая вобласць » Маларыцкі раён » аг. Чарняны; Брэсцкая вобласць » Маларыцкі раён » в. Сушытніца; Брэсцкая вобласць » Маларыцкі раён » в. Мельнікі; Брэсцкая вобласць » Маларыцкі раён » в. Замшаны; Брэсцкая вобласць » Маларыцкі раён » в. Ацяты; Брэсцкая вобласць » Жабінкаўскі раён
» в.Хмялеўка; Брэсцкая вобласць » Маларыцкі раён » в.Радзеж; Брэсцкая вобласць » Маларыцкі раён » аг. Олтуш; Брэсцкая вобласць » Маларыцкі раён » в. Збураж; Брэсцкая вобласць » Маларыцкі раён » аг. Лукава; Брэсцкая вобласць » Маларыцкі раён » аг. Ляхаўцы; Брэсцкая вобласць » Маларыцкі раён » в. Макраны;
Кароткае апісанне элемента: Аснову паўсядзённага занятку жанчын, якія традыцыйна забяспечвалі сям’ю неабходнай вопраткай, абрадавымі і ўжытковымі тканінамі, з’яўляецца ткацтва, якое на Маларытчыне разнастайнае па мастацкаму аздабленню і тэхніцы выканання. Ідэнтыфікацыя і апісанне элементаКатэгорыя элемента: Традыцыйныя рамёствы » Ткацтва Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам: За апошняе дзесяцігоддзе, у выніку хуткага развіцця агратурызму ў краіне, гаспадыні аграсядзіб Маларыцкага раёна пачалі ўсе больш звяртацца да этнакультурных традыцый, якія захаваліся ў нашым раёне, а менавіта выкарыстоўваюць у сваей рабоце народнае адзенне, якое вызначаецца самабытнасцю, архаічнасцю і ўстойлівасцю традыцыйных форм, маляўнічасцю аздаблення народнага касцюма. Для захавання традыцыйнанага народнага мастацтва і промыслаў у 1998 годзе рашэннем Маларыцкага райвыканкама ў в. Замшаны быў створаны Дом ткацтва. У 2001 годзе ён быў перанесяны ў Маларыту і атрымаў назву Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці. На сенняшні дзень у ім размешчаны дзве выставачныя залы, дзе сабраны прадметы даўніны, багатая калекцыя касцюмаў і ручнікоў маларыцкага строю і сучасных вырабаў з розных матэрыялаў. Пры цэнтры працуюць гурткі ткацтва, бісерапляцення, вышыўкі, саломапляцення. З мэтай захавання і папулярызацыі сучаснай і традыцыйнай культуры, у тым ліку ткацтва, у Маларыцкім раёне паспяхова дзейнічаюць 20 клубных устаноў: гарадскі Дом культуры, 12 сельскіх Дамоў культуры, 2 сельскіх клуба, аўтаклуб, раённы цэнтр народнай творчасці, 2 Дамы фальклору і Дом рамёстваў. Для папулярызацыі народнай творчасці ў раёне раз у два гады праводзіцца фестываль абрадавага фальклору “Спадчына зямлі Маларыцкай. Дзякуючы фестывалю захоўваюцца старажытныя традыцыі і рытуалы асноўных абрадаў гадавога каляндарнага цыклу, якія з даўніх часоў бытуюць на Маларытчыне. Мэты і задачы фестывалю - захаванне і пераемнасць мясцовай традыцыйнай культуры, далучэнне дзяцей і моладзі да ўдзелу ў вывучэнні, развіцці і папулярызацыі абрадавага фальклору, фарміравання ў іх разумення каштоўнасці рэгіянальнай культуры як сацыяльна-значнага фактара жыцця. Правядзенне свят спалучаецца з выставамі народнай творчасці, дзе ў вялікай колькасці прадстаўлены экспанаты народных рамёстваў: ткацтва, вышыўкі, саломапляцення, разьбы па дрэве і інш. Удзельнікі фальклорных калектываў апрануты менавіта ў маларыцкія строі, вытканыя па старадаўняй тэхналогіі ткацтва “кажушком” і адрозніваюцца маляўнічасцю і самабытнасцю. Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі: 2.3. Якія сацыяльныя і культурныя функцыі элемента з’яўляюцца актуальнымі сёння для супольнасцей (носьбітаў і спажыўцоў традыцый)? (не больш за 250 слоў) Першая функцыя – функцыя пераемнасці. Культурная камунікацыя ў соцыуме ажыццяўляецца, у тым ліку, пад час сумеснай працы, што спрыяе выхаванню індывіда і, як вынік, супольнасці цалкам. Традыцыйная тэхналогія ткацтва “кажушком” адносіцца да адной з асноўных традыцый мясцовай культуры, якая аб’ядноўвае носьбітаў і спажыўцоў паміж сабой. Традыцыя дапамагае захаваць культурна-гістарычную сувязь паміж пакаленнямі, засвоіць моладдзю традыцыйныя тэхналогіі, асаблівасці светаадчування і побыту продкаў. Функцыя трансляцыі культурнага вопыту ахоплівае ўсе кампаненты культуры: веды, каштоўнасці, нормы, звычаі і другія нематэрыяльныя праявы чалавека, вызначаецца ў перадачы традыцыі ад аднаго народа другому, ад папярэдняга пакалення наступнаму. Маларыцкі раён знаходзіцца на мяжы з Ратнаўскім і Шацкім раёнамі Украіны. Негледзячы на тое, што ў цяперашні час раёны размяшчаюцца ў розных дзяржавах, паміж імі заўсёды існавалі цесныя сацыяльна-культурныя і духоўныя сувязі, якія можна адзначыць у мясцовым традыцыйным сельскім ўкладзе жыцця, гістарычным абліччы сельскіх паселішчаў са мноствам гісторыка-культурных і прыродных помнікаў, традыцыйных рамёствах і інш. Жыхары памежных раёнаў заўсёды добра ладзілі паміж сабой, што спрыяла трансляцыі традыцыі. Вырабы ў тэхніцы ткацтва “кажушком” выкарыстоўваліся ў штодзённым жыцці, у сучаснасці маюць больш святочны характар ужывання, але некаторыя прадметы застаюцца па-ранейшаму актуальнымі, таму маюць утылітарную функцыю. Функцыя этнакультурнага самасцвярджэння. Маларыцкі раён - гэта невялікая тэрыторыя ў Брэсцкай вобласці, але такая багатая на культурную спадчыну. Жыхары беражліва захоўваюць асаблівасці рэгіянальнай культуры, тым самым самасцвярджаюцца ў сацыякультурнай прасторы. Выхаваўчая функцыя вызначаецца праз выхаванне ў моладзі павагі і цікавасці да гісторыка-культурнай спадчыны Маларыцкага раёна, зберажэнне нацыянальных культурных традыцый. Для гэтага ва ўстановах культуры Маларыцкага раёна створаны гурткі па ткацтву. Камунікатыўная функцыя адлюстроўвае сучасныя адносіны паміж носьбітамі, а таксама сувязь з іншай супольнасцю праз прадстаўленне элемента ў культурнай прасторы: на сямейных святах, фестывалях, выставах народнай творчасці і іншых імпрэзах. Ткацкае рамяство заўсёды аб’ядноўвала ткачых розных пакаленняў у межах адной сям’і альбо ў межах адной вёскі, бо працэс ткацтва часцей за ўсё патрабуе калектыўнай працы, асабіста пад час падрыхтоўкі да падзей з удзелам вялікай колькасці людзей (вяселле, радзіны, крысціны і інш). Яркім прыкладам міжнацыянальнай камунікабельнасці з’яўляецца праект “Народная творчасць без межаў”, які быў арганізаваны ў рамках праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства Беларусь-Україна. Праект накіраваны на фарміраванне спрыяльных умоў для захавання і папулярызацыі элементаў народнай культуры беларуска-украінскага памежжа. Асноўнай задачай стала падтрымка, адраджэнне і пашырэнне традыцый рэгіянальнага ткацтва “кажушком” на тэрыторыі Маларыцкага і Ратнаўскага раёнаў. Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента: Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама. Сельвыканкамы Маларыцкага раёна. ДУК “Маларыцкі раённы метадычны цэнтр культурна -асветнай работы”. Маларыцкі раённы Цэнтр народнай творчасці ДУК “Маларыцкі раённы цэнтр культуры”. ДУК “Маларыцкі раённы цэнтр культуры”. Дамы фальклору і Дом раместваў ДУК “Маларыцкі раённы цэнтр культуры”. Паходжанне элемента: У першай палове ХХ стагоддзя ўплыў гарадскога касцюма з яго тэндэнцыяй да спрашчэння і ўніверсалізацыі формаў, шырокае выкарыстанне штучных фарбавальнікаў з тэндэнцыяй да выкарыстання аднафарбавых тканін прывялі да карэннай змены ручнога хатняга ткацтва. Адны віды і часткі адзення выйшлі з ужытку, а тыя, што захоўваліся і ўзніклі, сталі больш зручнымі і простымі. Разам з ільнянымі і ваўнянымі тканінамі распаўсюдзіліся баваўняныя, шаўковыя і інш. З’явіліся невядомыя раней матэрыялы і спосабы ўпрыгожвання. І мужчынскія, і жаночыя касцюмы сталі больш разнастайнымі, сугучнымі часу. У 1930-я гг. ХХ стагоддзя колеравая гама адзення зрабілася больш стракатай. Спалучэнне колераў - смялейшым. Гублялася семантыка традыцыйнага для Заходняга Палесся геаметрычнага арнаменту, усе большае месца адводзілася раслінным узорам. Строгая геаметрыя ўзорыстых тканін разбуралася расліннымі матывамі пад назвамі “ружы” (ружы), “валошкі” (васількі) і інш. На Маларытчыне ад саматканага адзення пачалі паступова адыходзіць у сярэдзіне ХХ стагоддзя, пасля таго, як у людзей з’явіліся грошы на пакупку адзення. Паводле ўспамінаў народнага майстра Рэспублікі Беларусь Сцепаніды Аляксееўны Сцепанюк, ткаць перасталі, калі ў калгасах пачалі плаціць зарплату: “Хай і капейкі, але ж на адзенне хапала. Людзі куплялі, таму што самастойна вырабляць – гэта была праца на цэлы год”. Але не ва ўсіх было дастаткова грошай і ўсё роўна людзі яшчэ ткалі. За непатрэбнасцю некаторыя секлі кросны на дровы, іншыя зберагалі, каб ткаць ручнікі, мяхі, дываны, накідкі. У другой палове ХХ стагоддзя ўнікальная тэхналогія ткацтва “кажушком” была страчана. Узнавіць тэхналогію ткацтва “кажушком” атрымалася дзякуючы намаганням ткачыхі, народнага майстра Рэспублікі Беларусь Сцепаніды Аляксееўны Сцепанюк у 2000 годзе. Страчаная тэхналогія запраўкі станка не давала ёй спакою. Каб узнавіць “кажушок”, майстрыхі раённага Цэнтра народнай творчасці распускалі знізу і зверху старыя спадніцы, апытвалі ў акрузе ўсіх жанчын, якія калісьці ткалі на станку, вывучалі спецыяльную літаратуру, энцыклапедыі, звярталіся ў бібліятэкі, у вышэйшыя навучальныя ўстановы Брэста і Мінска. Шэсць разоў запраўляўся ткацкі станок, але нічога не атрымлівалася. Праз паўгода бесперапыннай працы над пастаўленай задачай, Сцепаніда Аляксееўна вырашыла апошні раз заправіць кросны. Яна ўспамінае: “Ну яшчэ заўтра раз паспрабую - не атрымаецца, кідаю ўсё. Я памалілася, перахрысцілася і лягла спаць”. А ноччу жанчыне прысніўся сон. -“Мне прыснілася, што я іду ў г. Кобрын. Наперадзе - зялёнае поле, і на ім стаяць кросны, за якімі сядзіць жанчына. Я ўзрадавался ўяве, зразумела, што цяпер гэтая жанчына падкажа, як трэба заправіць кросны. Але калі дайшла да ткацкага станка, за ім ужо нікога не было, але ж я ўсе ж убачыла, як ён быў запраўлены.” – распавядае Сцепаніда Аляксееўна. Раніцай майстрыха перш за ўсё села за станок і заправіла ніткі так, як бачыла ў сне. Па ўспамінах жанчыны, яе радасці не было канца. Ад шчасця і падзякі Богу жанчына нават заплакала. На гэтым станку былі вытканы тры першыя камплекты спадніц і фартухоў па ўзорах стагадовай даўніны. А потым пачалася карпатлівая работа па вывучэнні ўзораў і арнаментаў касцюмаў маларыцкага строю. Зараз у раёне 8 ткачых, пераняўшых тэхналогію ткацтва, якія ўжо з’яўляюцца носьбітамі традыцыі, некаторыя працуюць у Маларыцкім цэнтры народнай творчасці. Работы цэнтра высока цэняцца ў Беларусі. За ўклад у развіцце традыцыйнага ткацтва Сцепанідзе Аляксееўне Сцепанюк у 2012 годзе было прысвоена ганаровае званне “Народны майстра Рэспублікі Беларусь”, у 2013 годзе яна атрымала гран-пры фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” як лепшая ткачыха конкурсу, у 2020 годзе за адраджэнне старадаўняй тэхналогіі ткацтва “кажушком” прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Маларыцкага раёна”. Стан бытавання: развіццё ці распаўсюджванне Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент: Навукоўцы адносяць тэрыторыю Маларыцкага раёна да самабытных рэгіенаў Беларусі і лічаць своеасаблівым запаведнікам традыцыйнай культуры, дзе добра захаваліся мясцовыя народныя традыцыі і промыслы. Маларыцкі край – край легенд і паданняў, край сівой даўніны, меладычных песень і старажытных абрадаў, край самабытных талентаў. Тут не атрымала развіцця цяжкая індустрыя і добра захаваліся мясцовы традыцыйны ўклад жыцця, культура аграрнага землекарыстання, гістарычнае аблічча сельскіх паселішчаў са мноствам гісторыка-культурных і прыродных помнікаў, рамёствы, фальклорныя, абрадавыя і гастранамічныя традыцыі мясцовага насельніцтва. І менавіта тут, у нашым краі, адным з непаўторных куткоў Прыбужскага Палесся, краі своеасаблівай гісторыі і культуры, захавалася ўнікальнае рамяство – традыцыйная тэхналогія ткацтва “кажушком”, якая з’яўляецца ўвасабленнем нематэрыяльнай культуры. Яна захавалася ў натуральным асяроддзі шматлікіх вёсак раёна. Кожная вёска Маларыцкага раёна мае асаблівыя рысы культурнага жыцця. Традыцыйны культурны ландшафт Маларытчыны з’яўляецца месцам зліцця розных культур: рускай, беларускай, украінскай. На тэрыторыі Маларыцкага раёна добра захаваўся мясцовы традыцыйны ўклад жыцця з багатай духоўнай культурай, мноствам элементаў этнаграфічнай спадчыны і нематэрыяльнай традыцыйнай культуры. Захаваліся прадметы народнага побыту, тэхналогія ткацтва “кажушком”, вусная народная творчасць і мясцовы песенны фальклор. У рэгіёне і ў цяперашні час ёсць носьбіты ткацтва, саломапляцення, вышыўкі, інсітныя мастакі. Таму невыпадкова ў г. Маларыта быў адкрыты раённы цэнтр народнай творчасці, які звяртае асаблівую ўвагу ў сваей рабоце на захаванне ткацтва. Своеасаблівым брэндам і спадчынай нашай рэгіянальнай культуры з’яўляецца самабытны Маларыцкі касцюм XIX стагоддзя, які захаваўся ў натуральным выглядзе. Касцюм Маларыцкага строю – гэта жамчужына народнага мастацтва Брэсцкай вобласці, багатая энцыклапедыя традыцыйных мастацкіх узораў. У ім увасобіліся найлепшыя дасягненні мастацкай творчасці маларыцкіх жанчын у галіне ручнога ўзорыстага ткацтва і вышыўкі. Толькі на Маларытчыне насілі цяжкую з воўны спадніцу-“бурку”, толькі тут яшчэ ў 30-50-я гг. мінулага стагоддзя маладзіцы ўвіваліся акалястымі наміткамі – платамі. Галоўным і непаўторным хараством Маларыцкага строю з’яўляецца сарочка, якая шылася з не вельмі шчыльнага пластычнага палатна. Яна кроілася з прамымі полікамі (дэталі крою) і адкладным ці стаячым каўняром. Паясное адзенне жанчын адпавядала пары года і прызначэнню. Яно адрознівалася матэрыялам і тэхнікай вырабу, каларытам і характарам аздаблення, мела розныя назвы: “хвартух”, “бурка”, “пасамэннік”,“летнік”. Яркай адметнасцю жаночага касцюма Маларыцкага строю з’яўлялася багата-арнаментаваная паўсуконная спадніца – “бурка”, якая з’яўлялася самым цёплым і дарагім тыпам жаночага паяснога адзення, таму выкарыстоўвалася ў самыя ўрачыстыя моманты жыцця, пераважна ў халодную пару года. Яшчэ нельга не заўважыць такія элементы жаночага адзення, як фартук і намітка, якія кампазіцыйна завярашалі ўвесь комплекс адзення. Народны касцюм Маларытчыны – гэта вандроўка ў геаграфію, гісторыю і культуру рэгіёна. Калі глядзіш на арнамент і ўзор, адчуваецца гонар за тых, хто змог не толькі ўбачыць, але і перадаць усё хараство Маларыцкага каларыту праз ткацтва і вышыўку. Традыцыйная тэхналогія ткацтва “кажушком” практыкуецца ў вясковым асяродку разнастайнымі гістарычна-складзенымі суполкамі са сваімі правіламі, культурнымі традыцыямі, у якіх яшчэ захавалася аўтэнтычнасць той ці іншай асаблівасці ці з’явы. Захаванне традыцыі спрыяе вывучэнню рэгіянальнай культуры Маларыцкага раёна, усталяванню дабрабытных адносін сярод вяскоўцаў. Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца: Гаворка заходне-палескага тыпу Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента: Кросны, народны касцюм, прадметы інтэр’еру, ніткі, бавоўна, лён, верацяно, калаўрот. Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента: Малітва, вусная і песенная народная творчасць, абрады сямейнага і каляндарнага цыклаў жыцця, ткацкая магія і традыцыйныя паводзіны, звязаныя з ткацкім рамяством. Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці: Элемент практыкуецца і перадаецца ў межах вясковых суполак, праз сям’ю, а таксама ва ўстановах культуры Маларыцкага раёна. Традыцыя з’яўляецца ўстойлівай. Работнікамі культуры, зацікаўленымі грамадзянамі, а таксама носьбітамі Маларыцкага раёна прыкладваецца шмат намаганняў, каб зберагчы гэты элемент. Носьбіты дзеляцца сваімі сакрэтамі з моладдзю і ўсімі тымі, каго цікавіць традыцыйная тэхналогія ткацтва “кажушком”. Веды і навыкі традыцыйнай тэхналогіі ткацтва “кажушком” трансліруюць больш за 8 носьбітаў(гл. п.2.4.) У Хаціслаўскім сельскім Доме культуры працуе гурток ткацтва “Чаўнок”, якія наведваюць 6 чалавек. Пры Дарапеевічскім Доме фальклору ў школе народнай творчасці веды і навыкі традыцыі атрымліваюць 5 дзяцей. Традыцыйная тэхналогія ткацтва “кажушком” з’явілася тэмай хранікальна-дакументальнага фільма “Узоры лёсу”, знятага Рэспубліканскім прадпрыемствам “Беларускі відэацэнтр” Міністэрства культуры Республікі Беларусь, праграмы “Край” Брэсцкай студыі тэлебачання з Міколам Пракаповічам, праграмы “Спадчына” Мінскага відэацэнтра, каналаў ОНТ, Беларусь-3, Беларусь-5, НТВ-Беларусь і інш. Пра элемент многа пісалі ў мясцовай газеце “Голас часу”, абласных газетах “Вячэрні Брэст”, “Зара”, рэспубліканскіх “Культура”, “Рэспубліка”, “Белорусь сегодня” і інш. Гэта спрыяе распаўсюджванню ведаў аб традыцыі сярод розных слаёў насельніцтва (копіі артыкулаў гл. ў дадатку) Пагрозы для існавання і перадачы элемента: Пагроза знішчэння існуе. У цяперашні час шмат новых тэхналогій у сістэме тэкстыльнай прамысловасці. З-за складанасці працэсу ткацтва і значнага сабекошту зніжаецца запатрабаванасць у вырабах. Прасцей набыць у краме гатовы выраб натуральнай якасці, якіх у сучасных гандлёвых кропках даволі шырокі асартымент. Можна вылучыць некалькі пунктаў, якія могуць спрыяць пагаршэнню ўмоў для практыкі элемента: 1. Адсутнасць майстроў па вырабу якасных ткацкіх станкоў. 2. Павелічэнне кошту сыравіны для вырабу тканін. 3. Высокі себекошт тканін ручнога вырабу. 4. Адсутнасць прафесійнага валодання тэхналогіяй ткацтва ў сучасных ткачых. 5. Зніжэнне цікавасці моладзі і падлеткаў да элемента традыцыйнай тэхналогіі ткацтва “кажушком”. Ключавыя словыТкацтва, Кросны, Аснова, Берда, Сноўніца, Чаўнок, Панажы Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКАДакументы, звязаныя з элементамЭкспертнае заключэнне_В.А.Лабачэўская.pdf Экспертнае заключэнне_В.А.Лабачэўская.pdfАрэал бытавання тэхналогіі ткацтва кажушком у Маларыцкім раёне.pdf Арэал бытавання тэхналогіі ткацтва кажушком у Маларыцкім раёне.pdf |