Інвентар НКС
Вобласць:
Раён:
Калядная зорка Случчыны. Асаблівасці вырабу і выкарыстанняШыфр (у Дзяржаўным спісе): 63БЛ000177
Дата ўключэння: 23/11/2023
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 10.11.2023 № 04-01-02/7. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 23.11.2023 № 177
Шыфр (у Інвентары): НКС-20230607
Звесткі аб адказнасці адносна НКСКуратар:
Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама. Адрас: Мінская вобласць, г. Слуцк, вул. Леніна, 189; Выяўленне элементаў НКСНазва: Калядная зорка Случчыны. Асаблівасці вырабу і выкарыстання Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт): Звязда, абыход двароў са звяздой на Шчадрэц Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы): Жыхары аграгарадка Лучнікі Слуцкага раёна Мінскай вобласці Арэол распаўсюджвання:
Кароткае апісанне элемента: З даўніх часоў у аграгарадку Лучнікі, што знаходзіцца побач з г. Слуцкам, да Каляд рыхтуюць вялікую, да 1,5 метра ў дыяметры, шаснаццаціражковую зорку, якая ўмацоўваецца на доўгае дрэўка. Калядная зорка Случчыны мае своеасаблівы і самабытны выгляд, яе канструкцыя мае адмысловую злучальную частку, дзякуючы якой зорка пакручваецца ў час выканання песень і цэнтральную відовішчную частку ў выглядзе обада, закрытага з боку гледачоў празрыстым матэрыялам, за якім нерухома замацавана запаленая свяча, што асвятляе біблейскі сюжэт нараджэння Хрыста, намаляваны на тыльным баку панарамнай часткі. Асаблівасцю рухомай часткі з’яўляюцца яркія, аб’ёмныя, прыгожыя ражкі, якія прымацаваны да обада пад вуглом 45 градусаў і ўтвараюць своеасаблівы купал. Ідэнтыфікацыя і апісанне элементаКатэгорыя элемента: Традыцыйныя цырымоніі » Святы Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам: Цікавай і відовішчнай будзе рэканструкцыя абыходу з каляднай зоркай Случчыны па вясковых вуліцах раёна. Звычай будзе цікавы, як гістарычная спадчына, стане відовішчнай святочнай з’явай, дапаможа ўключыць лепшыя старадаўнія традыцыі ў сучаснае святкаванне Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі: Актуалізацыя Свята Божага нараджэння яднае народ агульнасцю светаўспрымання, выхоўвае якасці дабразычлівасці і дабрачыннасці, павагі і гасціннасці, шчодрасці і ўдзячнасці, уважлівасці і дабрыні, падрыхтоўка святочнага абыходу і сам абыход умацоўвае ўзаемаадносіны паміж людзьмі, вяртае да ўважлівасці і сяброўства сярод суседзяў і аднавяскоўцаў. Асаблівасць слуцкага варыянту каляднай зоркі складае, найперш, велічыня і форма зоркі, аб’ёмная канструкцыя мае 16 ражкоў, усе яны прымайстраваны пад вуглом 45 градусаў да відовішчнай часткі і ствараюць своеасаблівы купал. Абход дамоў са звяздой грунтуецца на перакананні ў сіле прамоўленага слова, пажадання, песні ў сакральна вылучаны прамежак часу. Да магіі Новага года, Калядаў дадаецца бясспрэчны аўтарытэт Святога Пісьма, Біблійнай гісторыі. Зорка ўспрымаецца як своеасаблівы сімвал свята Ражства Хрыстова і служыць напамінам аб евангельскай зорцы, што прывяла вешчуноў да Немаўляткі-Хрыста. Традыцыя з’яўляецца выразным фактарам фарміравання нацыянальнай і лакальнай ідэнтычнасці з падкрэсленым гонарам за сваю малую Радзіму, наглядна ўвасабляе важныя для супольнасці і асобы народнарэлігійныя ідэі, валодае выхаваўчым патэнцыялам у дачыненні да стабілізацыі духоўнага жыцця вёскі Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента: Паходжанне элемента: Стан бытавання: Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент: Першы пісьмовы ўспамін пра Лучніковічы змяшчаецца ў Інвентары горада і княства Слуцкага і Копыльскага і датуецца 1566 годам. У першай палове XVII ст. назва вёскі скарачаецца, і ў Інвентары 1631 года яна названа сялом Лучнікі. У другой палове XVI ст. ў Вялікім княстве Літоўскім выдзелілася невялікая група ваенна-служывых – выбранцоў. Не абышла гэта падзея і Слуцкае княства. Выбранцоў рассялілі ў шасці, размешчаных блізка да Слуцка вёсках. Адной з іх стала вёска Лучнікі. Да нашага часу дайшлі цікавыя звесткі аб тым, што князь з мэтаю мець у пяхотнай роце рослых і адборных салдат арганізоўваў для выбранцоў гулянне. Для ўдзелу ў ім былі адабраны прыгожыя, статныя дзяўчаты, і кожны служывы ў той дзень абавязаны быў прыглядзець сабе жонку. Пасля выбранцы павінны былі жаніцца толькі на “выбранках”. Гэта вялося аж да пачатку XX стагоддзя. І сёння карэнныя жыхары вёскі вызначаюцца статнасцю, ростам, прывабнасцю і ганарлівасцю. Дзякуючы захаваным дакументам з пералікам выбранецкіх вёсак за 1754 год да сёняшняга дня дайшлі прозвішчы жыхароў Лучнікоў, большасць якіх характэрна і сёння. Мясціны вакол Лучнікоў нізкія, месцамі забалочаныя. Тут бярэ пачатак рака Бычок, якая ўпадае ў Случ. У старыя часы тут было некалькі ўрочышч, кожнае з іх мела сваю назву, а некаторыя калгасныя палі захавалі гэтыя назвы і сёння. Статус аграгарадка вёска Лучнікі атрымала ў 2005 годзе – гэта быў першы аграгарадок у Слуцкім раёне. Сёння тут знаходзяцца ААТ “Аграфірма “Лучнікі”, Лучнікоўскі цэнтр культуры, бібліятэка, дзіцячая школа мастацтваў, Лучнікоўская сярэдняя школа, паштовае аддзяленне, два магазіны. Аграгарадок налічвае 752 двары і 1482 жыхары. У 2008 годзе адкрыўся музей “Гісторыя СВК “Аграфірма “Лучнікі”. Яго экспазіцыя складае 4 раздзелы: “У глыбіні стагоддзяў” (XVI - пачатак XX ст.), “На павароце гісторыі” (1905–1940 гады), “Ваеннае ліхалецце” (1941–1945 гады), “Мірная праца” (1944–2008 гады). У экспазіцыі першага раздзела знаходзіцца калядная зорка Случчыны Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца: Слуцкая група гаворак паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы, “трасянка” Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента: Асноўныя атрыбуты каляднага абыходу – звязда на 16 ражкоў з багатым аздабленнем і свячой; зоркі мінулых гадоў, як музейныя экспанаты для этнаграфічных даследаванняў. Атрыбуты іншых калядных звычаяў: “казельчык” (драўляная канструкцыя ў выглядзе галавы казла, з якім бегаюць дзеці днём), касцюмы і маскі шчадроўных гуртоў моладзі, якія ходзяць ноччу. Шчодрыя сталы і пачастункі, якія гатуюць гаспадыні ў гэты дзень Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента: Песні, прымеркаваныя да Раства Хрыстова і Каляд. Іншыя звычаі, прымеркаваныя да Шчадраца: днём дзеці аббягаюць вёску з “казельчыкам” (драўляная канструкцыя ў выглядзе галавы казла), затым непасрэдна ідзе абыход з каляднай зоркай, а затым ідуць пераапранутыя шчадроўнікі. Падрыхтоўка да свята стварае радасны ўзнёслы настрой у дзяцей і моладзі, яны таксама загадзя вучаць песні, ладзяць для сябе «козлікаў», «каня», іншыя касцюмы, а таксама торбачкі пад прысмакі. Пад вечар на вуліцы з’яўляюцца шчодрыкі. Гэта дзяўчаткі з завязанымі на верхнюю вопратку «крыж на крыж» прыгожымі вялікімі хусткамі, не размаляваныя, і хлопчыкі, у руках аднаго ці двух з іх – «казельчыкі», у некалькіх дзетак праз плячо торбачкі, каб рукі былі свабоднымі. «Казельчык» ўяўляў сабою драўляны, з метр вышынёй, шэст, на якім зверху быў замацаваны з тонкай драўлянай дошчачкі ледзь прадаўгаваты прамавугольнічак (мордачка), а знізу да яго – перпендыкуляр на дзве вузкія дошчачкі (мыска козліка). Да ніжняй прыбіты кавалачак аўчыны – імітацыя барады, прывязана вяровачка, якая прыводзіла яе ў дзеянне. Калі вяровачку пацягнуць да нізу і адпусціць, яна ўдаралася аб верхнюю дошчачку, з’яўляўся гук «ляп, ляп». Верхнюю частку «мордачкі» звычайна ўпрыгожвалі папяровымі кветкамі. Шчодрыкі стараліся забегчы ў кожны двор. Вёска ажывала: па ціхаму марознаму паветру далёка разносіліся вясёлыя дзіцячыя галасы і «драўлянае» ляпанне. У хатах гаварылі: «О, ужо пайшлі «казельчыкі» – свята пачынаецца». Дзеткі забягалі ў двор, выстрайваліся пад акном, ляпалі «казельчыкамі» і пачыналі рытмічна спяваць: Ляп, ляп, ляп «казельчык», Навара да стала, Як у небе хвала. Пастушкі з ягняткам Перад тым дзіцяткам На калені ўпадалі Хрысту Богу пакланялі… Выходзілі гаспадары, і тут ліліся віншаванні з Новым годам, Калядамі, пажаданні здароўя, дабрабыту, шчасця і радасці. У агульныя торбачкі клалі цукеркі, абаранкі, пранікі, гарбузікі, арэхі, яблыкі. Бывала, што давалі і грошы. У «каня» хадзіла моладзь – хлопцы і дзяўчаты. Постаць каня была зроблена з моцнага драцянога каркасу і абцягнута шчыльнай, у асноўным белай тканінай. Морду каня рабілі амаль у натуральную велічыню, а яшчэ пышную грыву і хвост, і нават збрую і папоны, усё, як мае быць. Па сярэдзіне спіны «каня» зроблена дзірка, каб у яе мог залезці чалавек. Мацаваліся лямкі, якія надзяваў той, хто залазіў у «каня». Усё было так добра прадумана, што той, хто знаходзіўся ў «кані», мог вырабляць розныя выкрутасы – узбрыкваць, танцаваць, іграць на гармоніку, падскокваць і г.д. Астатнія адзявалі вывернутыя кажушкі, дзяўчаты былі ў прыгожых тараноўках, андараках (у каго захаваліся ад бабуль), некаторыя з іх апраналіся пад цыганак – размалёўваліся, у доўгіх спадніцах, павязвалі некалькі хустак: на галаву, плечы… Гэта былі самыя спрытныя дзяўчаты. Спяваючы, танцуючы, рассыпаючы жарты, віншаванні і пажаданні, яны ўносілі сваім з'яўленнем весялосць і святочны настрой. Пад вокнамі яны спявалі гаспадару, гаспадыні і ўсім дарослым членам сям'і віншавальна-велічальныя песні, у якіх жадалі здароўя, ураджаю, прыплоду жывёле, а маладым – выйсці замуж ці жаніцца. Іх калядаванне звычайна завяршалася песняй-просьбай аб адорванні, якая часта гучала як патрабаванне, бо выступалі калядоўшчыкі ў ролі заклінальнікаў, гэта значыць, што тое, што яны жадалі, павінна адбыцца толькі пасля адорвання. Іх адорвалі каўбасамі, салам, пірагамі, яблыкамі, цукеркамі, грашыма, вішнёўкай і гарэлкай. Калі шчадравалі асобнымі гуртамі дарослыя, маладыя жанчыны, якія добра спявалі, іх часта запрашалі ў хату, дзе быў ужо прыгатаваны святочны стол. Спевы працягваліся, яны былі меладычнымі, прыгожымі, іншы раз сумнымі: «…А ў мары, мары чоўнічак плыве. Святы вечар, людзям добрым! А ў тым чоўнічку Яначка едзе, стрэлачкі рэжа. Святы вечар, людзям добрым! Плывеце тыя стрэлачкі да мае дзевачкі». У песнях былі прыпевы «святы вечар…», «шчодры вечар…», «добры вечар…» Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці: Традыцыя калядных абыходаў са звяздой перадаецца па спадчыне ў сям’і Паўла Пятровіча Шахновіча, нашчадкі якога жывуць у аг. Лучнікі і штогод перад Калядамі рыхтуюць зорку і ладзяць з ёй абыход двароў, усаўляючы Раство Хрыстова. Жыхары аграгарадка чакаюць і з радасцю прымаюць аднасяльчан са звяздой у сваіх дварах. Для іх гэта традыцыя з’яўляецца неад’емнай частка святочнага вечара. У перспектыве для захавання і папулярызацыі традыцыі калядных абыходаў далучацца ДУК “Слуцкі раённы Цэнтр народнай творчасці” і Лучнікоўскі Цэнтр культуры Пагрозы для існавання і перадачы элемента: Недахоп маладых пераемнікаў традыцыі Ключавыя словыКалядная зорка Случчыны, Звязда, Шчадрэц Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКАДакументы, звязаныя з элементамЭкспертнае заключэнне_Т.В.Валодзіна_2022.pdf Экспертнае заключэнне_Т.В.Валодзіна_2022.pdfНавукоўцы вывучаюць, як шчадравалі раней на Случчыне_Слуцкі РЦНТ_2022.pdf Навукоўцы вывучаюць, як шчадравалі раней на Случчыне_Слуцкі РЦНТ_2022.pdfЗахаванне калядных традыцый вёскі Лучнікі_Слуцкі край_2021.pdf Захаванне калядных традыцый вёскі Лучнікі_Слуцкі край_2021.pdf |