Інвентар НКС
Вобласць:
Раён:
Традыцыі свята “Тры каралі” на ГродзеншчынеШыфр (у Дзяржаўным спісе): 43БЛ000180
Дата ўключэння: 29/05/2024
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 15.05.2024 № 04-01-02/4. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 29.05.2024 № 72
Шыфр (у Інвентары): НКС-20240920
Звесткі аб адказнасці адносна НКСКуратар:
ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”. Адрас: вул. Савецкая, 8, 230023, г. Гродна; Выяўленне элементаў НКСНазва: Традыцыі свята “Тры каралі” на Гродзеншчыне Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт): Тры каралі Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы): - мясцовыя жыхары аграгарадка Ваверка Лідскага раёна; - вучні дзяржаўнай установы культуры “Ваверская сярэдняя школа” Лідскага раёна; - дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Спадчына” і аматарскае аб’яднанне людзей сталага ўзросту “Вавярэск” філіяла “Ваверскі Дом культуры” дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”; - мясцовыя жыхары аграгарадка Больцішкі Воранаўскага раёна, вёскі Сцігане, аграгарадка Трабы Іўеўскага раёна. - творчы калектыў філіяла “Больцішскі цэнтр культуры і досуга” дзяржаўнай установы культуры “Воранаўскі цэнтр культуры і народнай творчасці”; - творчы калектыў аддзела культурна-масавай і асветнай работы аг. Трабы дзяржаўнай установы культуры “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу”. Сучасны арэал бытавання элемента “Традыцыя правядзення абраду “Тры каралі” на Гродзеншчыне: вёска Больцішкі Воранаўскага раёна, вёска Сцігане, аграгарадок Трабы Іўеўскага раёна, аграгарадок Ваверка, вёскі Мейры, Паперня, Чашэйкі, Сямейкі, Серафіны, Мікуты Лідскага раёна. Арэол распаўсюджвання:
Кароткае апісанне элемента: Традыцыя правядзення свята “Тры Каралі” на Гродзеншчыне – адметнае праяўленне лакальнай каталіцкай каляднай абраднасці. Уяўляе сабой абыход двароў з віншаваннямі гаспадароў, спевам калядных песень “Дзісяй Бэтлеем”, “Сардэчна матка”, “Пуйдзь мы вшыстцы да стаенкі” трыма “Каралямі-калядоўшчыкамі”, на галаве якіх надзеты блішчастыя кароны, на плячах прыгожыя накідкі чырвонага, сіняга, зялёнага колеру з зоркамі. У руках аднаго Караля – калядная зорка. Традыцыя распаўсюджана ў вёсцы Больцішкі Воранаўскага раёна, вёсцы Сцігане, аграгарадку Трабы Іўеўскага раёна, а таксама ў аграгарадку Ваверка, вёсках Паперня, Мейры Лідскага раёна сярод мясцовага насельніцтва і прымеркавана да хрысціянскага свята “Аб’яўленне Пана” па каталіцкім календары ці “Тры Каралі” – па народным, якое адзначаецца 6 студзеня. Тры Каралі – гэта маскіраваныя асобы – мужчыны (па ўспамінах жыхароў аграгарадок Ваверка, вёска Сямейкі Лідскага раёна ў Каралёў прыбіраліся не толькі мужчыны, але і жанчыны) у ролі трох валхвоў ці Каралёў – Каспара, Мельхіёра і Бальтазара, якія, паводле біблейскага сюжэта, ішлі на святло зоркі да месца, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос, каб прынесці яму дары ў выглядзе золата, ладана і міры. Ідэнтыфікацыя і апісанне элементаКатэгорыя элемента: Традыцыйныя цырымоніі » Святы Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам: У абрадзе “Тры каралі” ўвасабляюцца важныя духоўныя рысы нашага народа. Адна з іх – імкненне ўсіх адарыць увагай і прынесці кавалачак радасці ў кожны дом, незалежна ад таго, заможныя гаспадары ў ім жывуць ці бедныя. Усе складнікі каляднага абыходу – творчая падрыхтоўка да шчадравання (выраб “каляднай зоркі”, касцюмаў ), наведванне калядоўшчыкамі гаспадароў з жаданнем шчадраваць, выказванне абрадавага тэксту з пажаданнямі дабрабыту, выкананне віншавальных “шчадроўных” песень для гаспадара і яго сям’і, адорванне калядоўшчыкаў дарамі – цалкам рэалізуюць памкненне дзяліцца радасцю. Немалаважным з’яўляецца і кансалідацыя вясковай супольнасці, якая праяўляецца ў здольнасці аб’ядноўваць людзей падчас правядзення абраду “Тры Каралі” і паважаць традыцыі вяскоўцаў іншага веравызнання. Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі: Традыцыя правядзення абраду “Тры Каралі”, як складовая частка Калядных святаў, для супольнасці і носьбітаў выконвае камунікатыўную, кансалідуючую і сацыялізуючую функцыі. Абрад фарміруе ў жыхароў ўсведамленне таго, што яны з’яўляюцца адной супольнасцю як па месцы жыхарства, але і абшчынай, якая мае адметную традыцыйную культуру. Паглядзець на абрад кожны год прыязджаюць прадстаўнікі прэсы, сваякі жыхароў гэтых вёсак. Гэта ўмацоўвае прэстыж абраду і супольнасці, якая яго захоўвае. Маладыя хлопцы, якія ўдзельнічаюць у абрадзе, мараць так жа апранаць прыгожы абрадавы касцюм, спяваць, іграць на гармоніку, як старэйшыя, а на сёняшні дзень ім падабаецца пакрасавацца падчас абыходу вёскі. Абрад “Тры каралі” спрыяе захаванню і далейшаму развіццю лакальнай традыцыі, рэпрэзентацыі яе адметнасці, умацаванню пачуцця ідэнтычнасці ў супольнасці. Веданне мясцовых традыцый кансалідуе грамадства, спрыяе фарміраванню патрыятызму. Традыцыя правядзення абраду “Тры Каралі” актуалізуе паняцце “лакальная культура”, што ў навуковай і грамадскай працы садзейнічае культурнаму, сацыяльнаму і гаспадарча-эканамічнаму развіццю рэгіёна. Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента: 1) Упраўленне культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. 2) Аддзел культуры Лідскага райвыканкама. 3) Сектар культуры Воранаўскага райвыканкама. 4) Сектар культуры Іўеўскага райвыканкама. 5) Дзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”. 6) Дзяржаўная ўстанова “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” 7) Дзяржаўная ўстанова культуры “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу”. 8) Дзяржаўная ўстанова культуры “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Паходжанне элемента: Урачыстасць Гасподняга Богаяўлення належыць да найстаражытных святаў царкоўнага года якое ў першыя стагоддзіх хрысціянства лічылася зборным, так як датычылася некалькіх падзей з жыцця Ісуса Хрыста: яго нараджэння, пакланення мудрацоў, Хрышчэння. Заходняя Царква ў старажытнасці называла Гасподняе Богаяўленне днём з’яўлення і ў яго святкаванні ўзвялічвала наступныя падзеі: з’яўленне зоркі, паклон мудрацоў, Хрышчэнне Ісуса. У канцы II-пачатку III ст. Богаяўленне пачала адзначаць і Усходняя Царква. Пачынаючы з XV-XVI стагоддзяў у многіх краінах Еўропы ў цэрквах у гэты дзень пачалі благаслаўляць кадзіла і крэйду, якімі вернікі пазначаюць дзверы свайго жылля ў знак таго, што ў іх доме прынялі Сына Божага. Стан бытавання: менш распаўсюджаны Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент: На традыцыю правядзення абраду “Тры Каралі” на Гродзеншчыне, у сувязі з асаблівасцямі геаграфіі, паўздзельнічала народна-рэлігійная культура суседніх краін – Польшчы (Падляшскае ваяводства) і Літвы (Вільнюскі і Алітускі ўезды), на тэрыторыі якіх таксама праводзіцца абрад 6 студзеня і ўяўляе сабой абыход вёскі з песнямі і пажаданнямі гаспадарам, якія, у сваю чаргу, адорваюць вешчуноў дарамі. Абрад бытуе ў вёсцы Сцігане Іўеўскага раёна, аграгарадку Больцішкі Воранаўскага раёна, вёсках Міхнаўцы, Паперня Лідскага раёна, аднак на сёння асноўнае месца яго бытавання – мястэчка Ваверка, вядомае з 1413 г., калі быў заснаваны касцёл Святога Францішка. У 1463 годзе ў Ваверцы пабудавалі другі касцёл – Святой Тройцы. Гэта сведчыць аб тым, што Ваверка з’яўлялася даволі вялікім паселішчам. Хрысціянская традыцыя рыма-каталіцкай абраднасці трывала ўкаранілася на Ваверскай зямлі, аб чым сведчыць і захаванасць абраду. Ваверскі касцёл ва ўсе часы быў вельмі ўплывовы. У 1930-я гады яго парафія налічвала да 12 000 прыхаджан. Цяпер ён лічыцца яркім помнікам архітэктуры з выкарыстаннем стылізаваных элементаў рэнесансу, барока, класіцызму і канструктывізму. Хрысціянская традыцыя рыма-каталіцкай абраднасці трывала ўкаранілася на Ваверскай зямлі, аб чым сведчыць і традыцыя абраду “Тры каралі”. Сёння ў аграгарадку Ваверка дзейнічае Ваверская сярэдняя школа, на базе якой існуе краязнаўчы музей “Спадчына”, вучні якой актыўна ўдзельнічаюць у правядзенні абрада “Тры каралі”. На базе філіяла “Ваверскі Дом культуры” дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” плануецца адкрыццё краязнаўчай творчай майстэрні з мэтай вывучання фальклорнай спадчыны навакольных вёсак, адраджэння традыцыйных спеваў, танцаў, гульняў. Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца: Паўночна-заходняя дыялектная зона з паланізмамі (словы, запазычаныя з польскай мовы, беларуска-польская лінгвістычная інтэрферэнцыя (накладанне) Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента: 1. Адзенне Трох Каралёў. На галов апраналі блішчастыя кароны, абцянутыя шаўковай тканінай, на плячах каралёў – прыгожыя накідкі з вышытымі на тканіне блішчастымі зоркамі. На Воранаўшчыне адзін з Каралёў апранаўся ў вывернуты кажух. 2. Калядная зорка. У руках аднаго з Каралёў была зорка, часцей вялікага памеру. У некаторых вёсках Лідскага раёна яе называлі “булавой” (па ўспамінах Трусіла Мечыслава Іосіфавіча 1928-2018 гг., магчыма за яе памеры ці ўпрыгожванні – бубенчыкі. Такой зоркай адзін з Трох Каралёў пастукваў аб падлогу ў хаце гаспадароў з мэтай ахоўнай функцыі. Упрыгожвалі зорку яшчэ травой сітніка (Лідскі раён), з якой спляталі кветкі і жгутавыя вузельчыкі. Зорка апісваецца сведкамі па-рознаму: “звязда на палке, шырокая, бальшая; зорка ўбрана была ў сітнік, з якога высоўвалі рабачок, рабілі кветачкі і ўпрыгожвалі калядную зорку”. 3. Музычныя інструменты. Звычайна бралі з сабой гармонік, бубен, на Воранаўшчыне – скрыпку – пашыраныя ў мясцовых вёсках музычныя інструменты. 4. Дары гаспадароў. Па ўспамінах Аксіновіч Вальдэмара Францавіча, 28.10.1931 г.н., жыхара аграгарадка Ваверка: “Тры каралі былі жаданымі і доўгачаканымі гасцямі ў кожнай хаце. Гаспадары прымалі іх вельмі цёпла, запрашалі да стала, частавалі рознымі прысмакамі, не адпускалі без падарункаў”. У якасці падарункаў былі сыр, каўбаса, печыва, грошы, гарэхі і інш. 5. Маршрут Трох Каралёў: спасылаючыся на ўспаміны сведкаў абраду, Тры Каралі заходзілі ў кожную хату вёскі, нават да ксяндза, дзверы ніхто не замыкаў. На сённяшні дзень абрад адбываецца па загадзя спланаванаму маршруту, па дамоўленасці з гаспадарамі хат. Тым не менш, у любы час далучыцца да сакральнага дзейства можа кожны жыхар мястэчка (вёскі). Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента: 1) Веданне і разуменне мясцовых песень народна-рэлігійнага характару, якімі суправаджаецца абрад. 2) Іншыя звычаі хрысціянскіх каталіцкіх супольнасцей, прымеркаваныя да гэтага свята. 3) Навыкі ігры на музычных інструментах (гармонік, бубен). Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці: Перш за ўсё абрад захоўваецца ў жывой традыцыі ў супольнасці жыхароў аграгарадка Ваверка Лідскага раёна, вёскі Сцігане і аграгарадка Трабы Іўеўскага раёна, вёскі Больцішкі Воранаўскага раёна. Супрацоўнікамі філіяла “Ваверскі Дом культуры” ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, вучнямі Ваверскай сярэдняй школы, актыўнымі жыхарамі аграгарадка абрад быў адноўлены ў 2016 г. Хоць і адбыўся 70-гадовы перапынак у актыўным правядзенні абраду (1946 – 2016 гг.), жыхары гэтых вёсак старэйшага пакалення паспелі перадаць сваім нашчадкам – моладзі і дзецям – усе звесткі пра абрад, таму таксама ажыццявілася перадача традыцыі з пакалення ў пакаленне. Церазпакаленная трансляцыя адбываецца таксама ад маладых удзельнікаў абраду “Тры Каралі”, далучаных да яе правядзення з 2016 г. Адраджэнне абраду ў вёсках Міхнаўцы, Паперня, Мейры, Чашэйкі, Сямейкі, Серафіны, Мікуты Лідскага раёна; у аграгарадку Больцішкі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці; вёсцы Сцігане, аграгарадку Трабы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці таксама спрыяе пераемнасці традыцыі ў супольнасці. Пагрозы для існавання і перадачы элемента: Зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва ў сельскай мясцовасці і міграцыя ў гарады, імклівае развіццё сродкаў камунікацыі, павышэнне мабільнасці насельніцтва. Працэсы глабалізацыі і ўрбанізацыі з цягам часу прыводзяць да трансфармацыі, перараджэння, а ў асобных выпадках і знікнення народных абрадаў. Ключавыя словыАб’яўленне Пана, Тры каралі , Каспер, Мельхіёр і Балтазар, К+М+Б Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКАДакументы, звязаныя з элементамАрэал сучаснага бытавання элементу НКС-Тры каралі.pdf Арэал сучаснага бытавання элементу НКС-Тры каралі.pdfЭкспертнае заключэнне_Т.В.Валадзіна.pdf Экспертнае заключэнне_Т.В.Валадзіна.pdf |