Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

  • Дуда з’яўляецца беларускім нацыянальным музычным інструментам. Дударства на Гомельшчыне ўяўляе сабой водгукі агульнанацыянальнага культурнага адраджэння, якое пачалося ў апошняй чвэрці ХХ ст. На цяперашні час Гомельская вобласць мае шэраг асоб, якія вывучаюць і папулярызуюць выканальніцтва на дудзе, пераймаюць майстэрства валодання інструментам ад майстроў і музыкаў з іншых рэгіёнаў краіны. Асобныя музыкі самастойна засвойваюць дударскія традыцыі і час ад часу іграюць на дудзе на сяброўскіх вечарынах, у тым ліку танцавальных. Дударскае выканальніцтва актуальна ў асяроддзі сучасных музычных гуртоў. Ужыванне дуды ў дзейнасці музычных калектываў узбагачае гучанне музычных твораў, дадае адметны нацыянальны каларыт. Традыцыі дударства падвяргаюцца пераасэнсаванню для выкарыстання ў сучасных музычных кампазіцыях разнастайнай стылістыкі, каб рабіць актуальны музычны прадукт, запатрабаваны слухачамі. Веды пра традыцыю дударства як адметную нацыянальную рысу садзейнічаюць развіццю нацыянальнай свядомасці, патрыятызму. Вывучэнне традыцый дударства спрыяе цікавасці ў дзяцей і дарослых да вывучэння беларускай традыцыйнай народнай культуры. Выканальніцтва на дудзе садзейнічае асабістаму культурнаму росту, развіццю фізічных здольнасцей, у тым ліку праз развіццё дыхальнай сістэмы.
  • Гонарам беларускага Паазер'я з'яўляюцца цымбалы з іх незвычайна пераліўчатым звонам. У ансамблi са скрыпкай (“даўнішняя музыка”) i з гармонікам (“настаяшчая музыка”) яны – нерв музыкі. Гэты запазычаны музычны iнструмент прайшоў шматвяковую эвалюцыю i умацаваўся ў прафесiйна-акадэмiчным мастацтве Беларусi ў якасцi нацыянальнага. Аснову складае канкрэтна-гістарычны аналіз Пастаўскай інструментальнай традыцыi ў яе працэсуальнасці, непарыўнасці матэрыяльнай і духоўнай сфер. Вывучэнне яе рэгіянальнай спецыфікі шляхам арэальнага даследавання актуальна для сучаснага этнамузыказнаўства, якое імкнецца да паглыбленага спасціжэння нацыянальнай самабытнасці народа. У якасці вядучага выступае сістэмна-этнафанічны метад, які спалучаецца з вывучэннем народных уяўленняў у традыцыйнай культуры. У Пастаўскiм раёне гiстарычна функцыянуюць дзве выканальніцкія школы народных музыкаў: Варапаева і Груздава. Геаграфічнае размяшчэнне населенных пунктаў вызначыла пагранічную своеасаблівасць развіцця iнструментальнага выканальнiцтва, у якiм арганічна перапляліся глыбокія карані нацыянальнай спадчыны і еўрапейскай цывілізацыі. Да арэала Груздава адносяцца: Груздава, Пожарцы, Ажарава, Ралаўцы, Біюці, Смычча, Сліжова, Задубенне, Дубрава, Забалацце, Цешалава, Плаксы. У арэал Варапаева уваходзяць: Варапаева, Ляхаўшчына, Дунілавічы, Зарэцкія, Барэйкі, Кавалі, Мышкі, Рэдзькаўшчына, Голбія. Тут склаліся музычныя дынастыі Падгайскіх з в. Цешалава; Мацкевічаў, Новікаў, Мельцаў – з в. Пожарцы, Крывенькіх – з в. Груздава і Ажарава, Крываносаў – з в. Біюці і інш. Іх нашчадкі захавалi сямейныя традыцыі да сённяшняга дня. Груздаўскiя цымбалы – самаробныя, дыятанічныя, маюць гукарад з паніжанай VІІ ступенню. Корпус плоскі, дрэва светлае, акантоўка цёмна-карычневага колеру, у верхняй дэцы выразаны дзве рэзанансныя адтуліны ў форме круга з ромбамі ўнутры. Памеры iнструмента вагаюцца ў межах – унізе 980-1060 мм, шырыня корпуса 360-380 мм, вышыня 65 мм. Ён адметны сваім празрыстым звонам. Галоўнымi якасцямi цымбал лiчацца iх строй, прынцыпы наладкi, выгляд малаточкаў i выманне гуку. У традыцыйным выканальніцтве існуе два варыянты строю: “нізкі пад гармонік” (“даўнішні”) у фа мажоры і “высокі пад баян” у соль мажоры. Наладка інструмента ў пэўным строі кадзіруе гукавую эстэтыку музычных інструментаў, іх семантычную прыроду, што звязана з асаблівасцямі іх функцыяніравання. “Нізкі строй” лічыцца “больш душэўным” i выкарыстоўваецца пры выкананні песенных лірычных найгрышаў, вальсаў. З “высокім строем” у народа звязана ўяўленне пра весялосць, радасць, таму ён характэрны для полек. Сістэма настройкi цымбалаў “пад гармонік” пачынаецца з другой струны зверху на галасавой падстаўцы з фа1 актавы, а “пад баян” адметная тым, што замест фа апорнай струной з’яўляецца соль1 актавы. “Наводка” цымбалаў пад скрыпку пачынаецца з ля1 актавы (першая струна скрыпкі). Гукарад варапаеўскiх цымбалаў цэлатонны, ахоплівае 7 танальнасцей. У iх апорны гук соль1 перамяшчаецца ўніз, на чацвёртую струну зверху на галасавой падстаўцы. Затым наладка ўсіх цымбал ажыццяўляецца стэрэатыпна – квінта праз падстаўку ўверх і актава ўніз. Навучанне ажыццяўляецца ў трох формах: найманне настаўніка, у сям’і, самастойна (“праз сябе”) і пачынаецца з “аплікатурнага паказу”: правая рука выконвае мелодыю, а левая “падбівае басы”. Спосаб гуказдабывання адзін – удар. Пасля ўдару музыка не адразу паднімае малаточак, струна, якая вагаецца, паспявае на нейкае імгненне некалькі разоў адказаць, ударыць па малаточку. Гэтая дэталь зусім мяняе гучанне цымбал: далікатнае, “празрыстае і пявучае, без лязгання”. Струны ніколі не глушаць, бо розная колькасць абертонаў ўздзейнічае на інтанацыйную выразнасць кожнага штрыха і ўсёй тэмбравай разнастайнасці. Засваенне сродкаў мастацкай выразнасці праламляецца праз творчую індывідуальнасць, якая ў кожным канкрэтным выпадку фарміруе свае комплексы прыёмаў і характар іх выкарыстання.
  • З даўніх часоў у аграгарадку Лучнікі, што знаходзіцца побач з г. Слуцкам, да Каляд рыхтуюць вялікую, да 1,5 метра ў дыяметры, шаснаццаціражковую зорку, якая ўмацоўваецца на доўгае дрэўка. Калядная зорка Случчыны мае своеасаблівы і самабытны выгляд, яе канструкцыя мае адмысловую злучальную частку, дзякуючы якой зорка пакручваецца ў час выканання песень і цэнтральную відовішчную частку ў выглядзе обада, закрытага з боку гледачоў празрыстым матэрыялам, за якім нерухома замацавана запаленая свяча, што асвятляе біблейскі сюжэт нараджэння Хрыста, намаляваны на тыльным баку панарамнай часткі. Асаблівасцю рухомай часткі з’яўляюцца яркія, аб’ёмныя, прыгожыя ражкі, якія прымацаваны да обада пад вуглом 45 градусаў і ўтвараюць своеасаблівы купал. Абыход двароў са звяздой, а менавіта так называюць сваю зорку мясцовыя жыхары, адбываецца ў аг. Лучнікі вечарам 13 студзеня і суправаджаецца духоўнымі спевамі, якія спалучаюць матывы царкоўных песнапенняў і народнапесеннага выканальніцтва. Зорку носяць заўсёды мужчыны, а жанчыны спяваюць разам з імі. Калядныя спевы і канструктыўныя асаблівасці звязды доўгі час перадаваліся з пакалення ў пакаленне ў сям’і Шахновіча Паўла Пятровіча (1931 – 1921). Члены яго сям’і, нашчадкі і сваякі працягваюць адметную мясцовую традыцыю калядных абыходаў, а аднавяскоўцы штогод чакаюць, з радасцю прымаюць іх, частуюць і адорваюць у адказ. Зорка, вырабленая з дрэва, даволі цяжкая, таму калядоўшчыкі часам выкарыстоўваюць і больш лёгкія матэрыялы, але стараюцца захоўваюць усе канструктыўныя асаблівасці адметнай слуцкай зоркі. Асноўная канструкцыя заўсёды складаецца з доўгай рукаяткі, злучальнай часткі ў выглядзе ўтулкі і вялікай, прыгожай рухомай часткі. Рухомая частка складаецца з обада і ражкоў. Обад мае тыльную панарамную частку, на якой размяшчаецца выява біблейскага сюжэта Раства і невялікія дзверцы, пярэднюю празрыстую панарамную частку з выявай анёлаў па акружнасці і нерухомае прыстасаванне для свячы. Упрыгожваюць зорку 16 рознакаляровых ярка аздобленых промняў (ражкоў). Абыход дамоў аднасяльчан з зоркай – неад’емная частка святкавання Шчодрага вечара, які на Случчыне называецца Шчадрэц. У вёсках сустракаюцца розныя звычаі, прымеркаваныя да гэтага свята. Днём дзеці могуць бегаць з “казельчыкам”, ноччу моладзь калісьці щадравала з “канём” ці іншымі маскамі, але менавіта абыход двароў з зоркай, які пачынаецца з наступленнем прыцемкаў і можа працягвацца аж за поўнач, пакуль не абыйдуць усю вёску, з’яўляецца галоўнай падзеяй свята! Жыхары аг. Лучнікі шмат гадоў падтрымліваюць мясцовую традыцыю святкаваць Шчадрэц, неад’емнай часткай якога з’яўляюцца ўрачыстыя спевы, прамяністая зорка, шчырыя вітанні і зычэнні. Пераемнікі і захавальнікі традыцыі Ф.М.Корзун і М.М.Савановіч штогод рыхтуюць зорку і ладзяць адметнае щадраванне для аднасяльчан. Яны з вялікай пашанай адносяцца да мясцовых звычаяў і з пачуццём вялікай адказнасці захоўваюць сваю культурную спадчыну, каштоўную для мясцовай супольнасці. Жыхары аг. Лучнікі спадзяюцца, што ім удасца захаваць адметную святочную падзею, неад’емным атрыбутам якой з’яўляецца прыгожая шаснаццаціканцовая зорка, і перадаць сваю традыцыю маладому пакаленню
“вэсну співаты” “провады зімы” "драць заяц" аб’яўленне пана абрад абрады абраз аброк абыход абыход двароў арнамент, узор аснова бандарнае рамяство бандарства баран баранава батлейка беларуская дуда беларуская саломка белаўзорыстае ткацтва, традыцыя, ручнік берда божая маці бортнік бульбяныя бліны бурдон бэтлейка бярэзінскі раён в. пагост вада валёнкі валянне велікодны карагод, "лука", маркава воўна выдаўбіць човен выразанка выразкі вырэзванне з паперы выстрыганка выцінанка выцінанка-выбіванка вышыўка вялікдзень вянкі вярба вяселле вясельныя гульні, песні, "рагаты" каравай, звычай г.п.мір габелен гаворка ганчарства гліна гліняная свістулька гліняная цацка гуканне вясны гульні гульня гурт даўбёжнае рамяство дзед дзежка дзень абраза маці боскай казанскай дзеці дранікі дрэва дуда дудар дударская музыка дударства дудары дудзелкі дудка-выкрутка душа дываны дыялект дыялог дэмбрава ежа жлоб жніво жораўскі хлеб, "кулітка", бохан, хлеб на сыроватцы жывёла жытні хлеб запусты засуха, дождж, магія, ураджай ігрышча “ката пячы” інсіта, мастацтва прымітыву, наіўнае мастацтва інструменты к+м+б кадрыля кадычак казкавыя сюжэты казкі калода, борць, вулей каляда калядная зорка калядная зорка случчыны, звязда, шчадрэц каляды каляндар камень, паданне, аброк, маладыя, здароўе камяні каравай каравайніцы каравайніцы, дзяжа, мука, печ, “шышкі” карагод карагоды каспер, мельхіёр і балтазар касцёл каталіцтва кваснік кераміка клёцкі конік, шчодры вэчор кросны кросны, перабор, набіванкі, подвязь, штапноўка крыжы крыніца культ камянёў купалаўскі тэатр купалле куст кухня лагойшчына лапці лірыка лодка-аднадрэўка лыка лялька лясное бортніцтва майстар макавей макатка маляванка маляванкі маска масла масленіца масленка музыка мядовы спас найгрыш, капэля. вясельны марш, вальс, намётка народная гульня неглюбка неглюбскі строй павук падвойнае ткацтва пакланенне палессе паломніцтва пальмавая (вербная) нядзеля