Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

  • Роспіс на шкле прадстаўляе сабой від народнага мастацтва, які на тэрыторыі Беларусі атрымаў распаўсюджванне ў другой палове XIX - пачатку XX ст., калі ў народным побыце шкло становіцца больш даступным. З пачатку XX ст. вылучыўся ў самастойны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, распаўсюджанага па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Традыцыйны роспіс на шкле на Беларусі быў у асноўным – арнаментальна-дэкаратыўны. Асновай беларускага роспісу на шкле былі чыстыя колеры без паўтона і колеравых пераходаў і выкарыстанне фольгі. Распісвалі шкло па разнаму: празрыстым колеравым лакам, падкладваючы скамканую фольгу; алейнымі ці друкарскімі краскамі; часам распісвалі і шко і падкладачную паперу, якая прасвечвалася скрозь празрысты лак. Тэхналогія роспісу на шкле: спачатку пяром “зорачкай” чорнай тушшу малюецца контур эскіза (у становішчы “наадварот”). Калі ён засохне, тады размалёўваецца краскамі ад больш буйных дэталяў да самых дробных. На прамавугольных кавалках шкла алейнымі фарбамі малявалі абразкі, дэкаратыўныя арнаментальныя і сюжэтныя кампазіцыі. Асноўная тэматыка – зааморфныя (жывёлы, птушкі ў кветкавых гірляндах) і раслінныя матывы (букеты, кветкі, вазоны), а таксама краявіды, казачныя сюжэты і інш., выкананыя сакавітымі фарбамі, часта з чорнай абводкай па контуры на белым, чорным, сінім фоне. Пад малюнкі, выкананыя празрыстымі лакамі, часам падкладвалі фольгу. Выявы раслін, жывёл, птушак і людзей былі плоскасныя, з рознымі цікавымі абрысамі. Узоры роспісу на шкле ўносілі ў традыцыйны інтэр’ер народнага жылля гучны мажорны акцэнт, пераклікаліся з роспісам на куфрах, дыванах, пабеленых сценах печаў, тканымі і вышыванымі ўзорамі. [13] Гістарычны арэал бытавання прадстаўленай традыцыі налічваў 24 населеных пункты ў Бярозаўскім і 17 населеных пункты ў Пружанскім раёнах. Размалёўкі на шкле з'яўляюцца відам народнага жывапісу, якія па стылі, кампазіцыйнаму і колераваму рашэнню вельмі разнастайныя. Найбольшага развіцця дасягнуў у 1920-1960-я гг., калі маляванкі сталі абавязковай дэталлю вясковых інтэр’ераў. У 1970-я гады дадалася праца з празрыстымі лакамі. Макоўчык Алена Васільеўна з в. Совіна Бярозаўскага раёна яшчэ па сённяшні дзень можа распавесці гэтую тэхналогію роспісу. Потым, амаль да 1980-х гадоў адчувалася зніжэнне цікавасці да гэтага майстэрства, паменьшылася колькасць майстроў. Разам з тым, дзякуючы адзінкавым майстрам Барозаўскага і Пружанскага раёнаў, якія працягвалі традыцыю і не давалі ёй цалкам знікнуць, мастацтва роспісу на шкле працягвала існаваць. Працэс аднаўлення традыцыі распачаўся ў другой палове 1980-х гг. шляхам правядзення выстаў і майстар-класаў, конкурсаў, заняткаў, збірання калекцый. У мерапрыемствах бралі ўдзел носьбіты традыцыі, якія дзяліліся сваімі навыкамі з маладымі мастакамі. На Пружаншчыне, пачала грунтоўна даследваць і навучаць гэтаму віду творчасці дорослых і дзяцей – народны майстар Беларусі Марыя Кулецкая 1950 г.н. Марыя Мікалаеўна зладзіла экспедыцыі па вывучэнню традыцыі роспісу на шкле амаль па ўсім раёне, вывучала работы носьбітаў традыцый, каб засвоіць іх манеру і аднавіць тэхніку малявання. Кожную з карцін майстроў дэталёва вывучыла, а потым сама ўзялася за працу. Маляванкі яна не капіравала — толькі пераймала тэмы, асвойвала почырк народных мастакоў. Цікавасць да гэтага віду творчасці пераняла ад свайго бацькі Клімашэвіча Мікалая Рыгоравіча і маці Еўдакіі Мікіцічны з в. Кабылаўка. Перадала свае веды дачцэ Мамановіч Ірыне Міхайлаўне. Малююць на шкле і ўнукі майстра. Марыя Мікалаеўна вяла і вядзе папулярызацыю роспісу на шкле з дапамогай правядзення выстаў і майстар-класаў для розных катэгорыях насельніцтва, заахвочвае маладых мастакоў. Народны майстар Беларусі Тацянна Зданевіч даследвала тэхналогію роспісу на шкле падчас экспедыцый, якія былі арганізаваны ў 26 вёсках Бярозаўскага раёна. Майстар зберагае тэхніку роспісу майстроў Бярозаўшчыны, адлюстроўвае ў сваіх працах і дэманструе на майстар-класах і выставах. Перадала майстэрства роспісу на шкле сваім дзьвум дочкам і 127 вучням. Непасрэдныя стасункі з пакаленнем сталых майстроў на Бярозаўшчыны і Пружаншчыне мелі 19 майстроў. Сёння яны з’яўляюцца паўнавартаснымі пераемнікамі сакрэтаў рамяства, працуюць у традыцыйных формах маляванкі з адметнымі вобразамі і сюжэтамі, характэрнымі для індывідуальнай творчасці. У народнай культуры бярозаўскія і пружанскія размалёўкі на шкле маюць характар адметнай мастацкай традыцыі з адмысловымі прыёмамі выканання, кампазіцыйнымі схемамі і высокім узроўнем стылізацыі раслінных і анімалістычных форм. Шклінкі-маляванкі мелі арнаментальна-дэкарататыўную структуру кампазіцыі, плоскаснае рашэнне, страчвалі натуральнасць форм, набылі мнагаколернасць абмежаваную лакальнымі фарбамі. Тыпалагічна ў Бярозаўскім і Пружанскім раёнах прадстаўлены ўсе віды дэкаратыўных роспісаў на шкле. Маладыя майстры працягваюць традыцыю роспісу на шкле на Бярозаўшчыне і Пружаншчыне, не дазволяюць знікнуць гэтай з’яве. Яны лічаць, што роспіс на шкле з’яўляецца мастацкім адлюстраваннем рэчаіснасці, аказвае моцнае ўздзеянне на развіццё асобы, фарміруе пачуцці, думкі, развівае эстэтычны густ, прывівае любоў да гісторыі і традыцый нашых продкаў.
  • Аснову паўсядзённага занятку жанчын, якія традыцыйна забяспечвалі сям’ю неабходнай вопраткай, абрадавымі і ўжытковымі тканінамі, з’яўляецца ткацтва, якое на Маларытчыне разнастайнае па мастацкаму аздабленню і тэхніцы выканання. На працягу ХХ стагоддзя ў гэтым рамястве адбываліся значныя змены – з аднаго боку ішоў працэс заняпаду ткацтва, з другога – старадаўнія тэхнікі ткацтва ўдасканальваліся і з’яўляліся новыя. Прыкладна да пачатку 1930-х гг. у весках ткалі з ільну і воўны рознага гатунку, тканіны на адзенне, кужэльныя наміткі і платы, вясельныя ручнікі, уціральнікі, настольнікі, простыя посцілкі-“радзюжкі”. Безузорныя тканіны выконваліся на двух і чатырох нітах у тэхніцы аднаўточнага ткацтва такімі відамі перапляценняў, як “льніна”, пад “кажушок”. У Маларыцкім раёне ў канцы ХIX – пачатку ХХ стагоддзя характэрна было ўжыванне ўзорных тэхнік ткацтва для аздаблення прадметаў адзення (сарочкі, фартухі, наміткі, паясное адзенне) і ручнікоў. Тэхніка бранага двухуточнага ткацтва дазваляла ствараць геаметрычныя ўзоры. Спосабы арнаментавання насілі розныя назвы, напрыклад “бралі на пруцікі” ці “пад дошку” (в. Дарапеевічы). Браныя ўзоры атрымлівалі пры дапамозе дошчачкі. Распавядае народны майстар Рэспублікі Беларусь Сцепаніда Аляксееўна Сцепанюк – “У пэрэборы – это надо под дошчычку дыржаты, в два ныты і доску надо дыржаты”. Характэрнай асаблівасцю ткацтва Маларытчыны з’яўляецца спалучэнне бардзюраў бранага ткацтва з безузорнымі палосамі, выкананымі з перапляценнем, якое носіць мясцовую назву “кажушок”. Узор “кажушком”, як і ўсякі “нітавы” ўзор, закладваецца перш за ўсё ў запраўцы кросен. У тэхналогіі ткацтва “кажушком” характэрнай рысай з’яўляецца тое, што ўточная нітка ўтварае адначасова ўзор і фонавае палатно. Пры разбурэнні ўзору парушаецца структура і самой тканіны.Тэхналогія ткацтва “кажушком” дазваляе ткаць не толькі аднакаляровыя (пры дапамозе аднаго чаўна), але і шматколерныя (пры дапамозе некалькіх чаўноў) тканіны. Тым не менш тканіна застаецца аднаўточнай, узор нельга аддзяліць ад карэннай тканіны. Такі від ткацтва ўжываўся пры вырабе і аздабленні тканін для жаночага адзення. Тканіна, якая атрымлівалася ў ткачыхі, была шчыльнай, таму што ніці ўтка засцілалі ніці асновы правага боку. Пры гэтым тканіна атрымлівалася не толькі цёплая, але і мела годны выгляд, які вызначаўся багаццем і разнастайнасцю арнаментальна-кампазіцыйнага вырашэння. Глыбокі каларыт дэкору, у якім пераважаў цёмна-чырвоны, карычневата-чырвоны або бурачкова-вішнёвы колер, амаль заўсёды дапаўняўся фіялетавай ці зялёнай ніткай, якая падкрэслівала кампазіцыйны цэнтр бардзюраў і іх межы. Тканіна атрымлівалася з упрыгожанымі складанымі, дакладна распрацаванымі узорыстымі кампазіцыямі, якія ў пэўным рытме чаргаваліся паміж сабою і запаўнялі ўсё поле. Паміж чырвонымі ўзорыстымі палосамі дадаткова натыкалі гладкія ці дробнаўзорыстыя шэра-белыя палоскі. Яны памякчалі напружанасць каларыту аздаблення і надавалі тканіне непаўторную прыгажосць. У маларыцкім строі падол спадніцы і рукавы сарочкі былі ўпрыгожаны масіўнымі і рознымі па шырыні бардзюрамі ромба-геаметрычнага арнаменту, які натыкаўся “пераборам”. Бардзюры ў пэўным рытме чаргаваліся паміж сабою, шчыльна запаўнялі паверхню. Паміж чырвонымі ўзорыстымі палосамі дадаткова натыкалі гладкія ці дробнаўзорыстыя шэра-белыя палоскі. Яны памякчалі напружанасць каларыту аздаблення і надавалі тканіне непаўторную прыгажосць. Для ткацтва выкарыстоўвалі ў асноўным традыцыйныя для гэтых мясцін матэрыялы - лён і воўну. Скарыстоўвалі самапрадзеныя ніткі з лёну, воўны, пазней таксама баваўняныя і шарсцяныя ніткі фабрычнага вырабу. Маларыцкі раён адметны тым, што нават у наш час існуюць жывыя асяродкі ткацтва ў аг. Дарапеевічы, аг.Хаціслаў, вв. Хмялеўка, Ацяты, Сушытніца, Мельнікі, г. Маларыта. У развіцці мясцовага ткацтва вылучаецца некалькі перыядаў, кожнаму з якіх уласцівы адпаведныя тэхнікі выканання тканін, іх асартымент, ужываемыя матэрыялы і колеравае вырашэнне.
  • Нематэрыяльная каштоўнасць “Культура беларускай дуды ў г.Мінску” мае комплексную форму ўвасаблення і ўключае наступныя складнікі. 1. Апісанне музычнага інструмента. Дудары горада Мінска выкарыстоўваюць музычны інструмент, які ўяўляе сабой аднабурдонную дуду. Яна адпавядае традыцыйным узорам, што бытавалі на тэрыторыі Беларусі. Інструмент складаецца са скуранога меха, соскі-сопеля, жалейкі і бурдона. У якасці матэрыяла выкарыстаны скура буйной рагатай жывёлы, драўніна клёна, раструбы (рагаўні) могуць быць выкананы з рога буйной рагатай жывёлы. Тэхналогія вытворчасці ўключае тачэнне, свідраванне, склейку або прашыванне скуранога мяшка, наступную настройку інструмента. 2. Музычна-інструментальнае выканальніцкае мастацтва грунтуецца на традыцыйным рэпертуары дудовай музыкі, а таксама ўключае сучасныя найгрышы, выконваемыя як сольна, так і ў ансамблі з іншымі беларускімі народнымі інструментамі. Дудары г.Мінска маюць прафесійную вышэйшую музычную адукацыю і з’яўляюцца баяністамі, трубачамі, кларнецістамі або флейцістамі і валодаюць акадэмічнай манерай выканання. Сярод выканаўцаў большасць складаюць мужчыны. Падчас выканання некаторыя дудары трымаюць дуду пад левы бок, некаторыя пад правы, таксама могуць прытрымліваць бурдон каля меха. У рэпертуары або імправізацыі саміх выканаўцаў, заснаваныя на народным фальклоры, мелодыях з “Полацкага сшытку”, або апрацаваныя ці напісаныя творы сучаснымі беларускімі кампазітарамі У.М.Громам, А.Я.Крамко, І.А.Мангушавым. Мелодыі, якія выконваюць на дудзе, уключаюць, у тым ліку, танцавальна-вакальныя кампазіцыі. Як правіла, найгрышы на дудзе могуць быць як уступ да музычнага твора, які выконваецца ансамблем, або сола паміж ансамблевым выкананнем. Пашыраецца практыка спалучэння ігры на дудзе пад акампанемент фартэпіяна. 3. Разнастайныя формы культурных практык з удзелам дудароў. На тэрыторыі г.Мінска дудары ўваходзяць у склад розных калектываў, сярод якіх Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, Нацыянальны акадэмічны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, Філармонія для дзяцей і юнацтва Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай песні і музыкі “Шчодрыца” Мінскага гарадскога палаца культуры, Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, фальклорны ансамбль “Дударыкі” УА “Гімназія № 14 г.Мінска” і іншыя прафесійныя і аматарскія гурты. Дудовая музыка ўключана ў рэпертуар акадэмічных, школьных і аматарскіх калектываў. Адной з форм культурна-адукацыйных практык з удзелам дудароў з’яўляецца выкладанне дуды ў гуртках устаноў школьнай і па-зашкольнай адукацыі, знаёмства студэнтаў Інстытута павышэння кваліфікацыі БДУКМ з дадзеным інструментам і яго гучаннем падчас заняткаў. Дудары і майстры ўдзельнічаюць у фэстах, кірмашах, творчых конкурсах, канцэртах, музейных культурна-асветніцкіх праектах і інш. 4. Сакральна-міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з беларуской дудой. Традыцыйна дуду лічаць рытуальным інструментам, які першапачаткова звязвалі з культам Перуна і выкарыстоўвалі для выклікання дажджу. Адначасова распаўсюджаны ўяўленні, якія звязваюць дуду з культам казы і аднаўленнем жыцця праз агонь. Устойлівымі ўяўленнямі з’яўляюцца асацыяцыі дуды з падземным светам. Менавіта гэтымі ўяўленнямі тлумачыцца форма дуды: бурдон, які апушчаны ўніз, сімвалізіруе падземны свет, скураны мех (першапачаткова са шкуры казы) – сувязь паміж падземным светам і сучасным зямным жыццём. Пасля смерці “казы” (зносу скуранога меха) дуда пераўтвараецца ў чорнага лебедзя (форму лебедзя нагадвае дуда ў перавернутым стане).
“вэсну співаты” “провады зімы” "драць заяц" аб’яўленне пана абрад абрады абраз аброк абыход абыход двароў арнамент, узор аснова бандарнае рамяство бандарства баран баранава батлейка беларуская дуда беларуская саломка белаўзорыстае ткацтва, традыцыя, ручнік берда божая маці бортнік бульбяныя бліны бурдон бэтлейка бярэзінскі раён в. пагост вада валёнкі валянне велікодны карагод, "лука", маркава воўна выдаўбіць човен выразанка выразкі вырэзванне з паперы выстрыганка выцінанка выцінанка-выбіванка вышыўка вялікдзень вянкі вярба вяселле вясельныя гульні, песні, "рагаты" каравай, звычай г.п.мір габелен гаворка ганчарства гліна гліняная свістулька гліняная цацка гуканне вясны гульні гульня гурт даўбёжнае рамяство дзед дзежка дзень абраза маці боскай казанскай дзеці дранікі дрэва дуда дудар дударская музыка дударства дудары дудзелкі дудка-выкрутка душа дываны дыялект дыялог дэмбрава ежа жлоб жніво жораўскі хлеб, "кулітка", бохан, хлеб на сыроватцы жывёла жытні хлеб запусты засуха, дождж, магія, ураджай ігрышча “ката пячы” інсіта, мастацтва прымітыву, наіўнае мастацтва інструменты к+м+б кадрыля кадычак казкавыя сюжэты казкі калода, борць, вулей каляда калядная зорка калядная зорка случчыны, звязда, шчадрэц каляды каляндар камень, паданне, аброк, маладыя, здароўе камяні каравай каравайніцы каравайніцы, дзяжа, мука, печ, “шышкі” карагод карагоды каспер, мельхіёр і балтазар касцёл каталіцтва кваснік кераміка клёцкі конік, шчодры вэчор кросны кросны, перабор, набіванкі, подвязь, штапноўка крыжы крыніца культ камянёў купалаўскі тэатр купалле куст кухня лагойшчына лапці лірыка лодка-аднадрэўка лыка лялька лясное бортніцтва майстар макавей макатка маляванка маляванкі маска масла масленіца масленка музыка мядовы спас найгрыш, капэля. вясельны марш, вальс, намётка народная гульня неглюбка неглюбскі строй павук падвойнае ткацтва пакланенне палессе паломніцтва пальмавая (вербная) нядзеля