Дуда – старажытны традыцыйны музычны інструмент і твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з’яўляецца не толькі старажытным музычным інструментам, але і атрыбутам рытуальна-музычных практык, якія ўзыходзяць да старажытных культаў.
У Магілёўскай вобласці творчую, культурную дзейнасць ажыццяўляе адзін дудар гэта – Мікалай Георгіевіч Забаўскі, які грае на інструменце на слых, без нот. Мікалай Георгіевіч выкарыстоўвае музычны інструмент у абрадах, у якіх ён ўдзельнічае, грае на дудзе ў народным ансамблі народнай песні “Вязанка” Вязьеўскага сельскага Дома культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна”. У рэпертуар музыкі ўваходзяць наступныя песні: “Калядная”, “Саўка ды Грышка”, “Рэчанька”, “Падыспань”, “Лявоніха”, “Пад’язжаем мы да сяла”, “Карагод вялікі – вуліца малая”.
Забаўскі Мікалай Георгіевіч набыў інструмент у беларускага майстра музычных інструментаў Тодара Кашкурэвіча.
Тодар Кашкурэвіч нарадзіўся у Мінску ў мастацкай сям’і і з’яўляецца прадстаўніком мастацкай дынастыі Кашкурэвічаў. Працуе ў галіне манументальнага мастацтва, жывапісу, кніжнай графікі і дызайну. Даследуе і аднаўляе старадаўнюю музычную традыцыю (беларуская дуда, ліра). Гэта адзін з найбольш вядомых у балтыйскім рэгіёне майстроў, што вырабляюць дуды паводле аўтэнтычных узораў і пачынальнікаў сучаснага дударскага руху ў Беларусі.
Культура беларускай дуды з’яўляецца комплекснай нематэрыяльнай каштоўнасцю, якая ўключае веды і навыкі, звязаныя з вырабам і выкарыстаннем музычнага інструмента адпаведнага традыцыйным узорам, што здаўна бытавалі на тэрыторыі Беларусі, музычна-інструментальнае выканальніцкае мастацтва, якое грунтуецца на традыцыйным рэпертуары дудовай музыкі і паступова ўключае больш сучасныя найгрышы, разнастайныя формы культурных практык з удзелам дудароў – музыкаванне падчас традыцыйных каляндарных і грамадскіх святаў; кірмашоў, фестываляў, вечарын традыцыйных танцаў, канцэртаў і іншых урачыстых падзей, а таксама сакральна-міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з беларускай дудой. Дуда – старажытны традыцыйны музычны інструмент і твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У мінулыя стагоддзі з’яўлялася не толькі музычным інструментам, але і атрыбутам рытуальна-магічных практык, якія ўзыходзілі да старажытных культаў. Дуда была вельмі папулярным музычным інструментам, выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак, на сямейных і каляндарных абрадавых святах, ігрышчах і кірмашах. На дудзе ігралі як сольна, так і ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі і бубнам. Узоры аўтэнтычных найгрышаў на дудзе прадстаўляюць вялікую мастацкую і гістарычную вартасць, паколькі дэманструюць стылявыя асаблівасці найбольш даўніх пластоў музычнай культуры беларусаў.
Беларуская дуда – музычны інструмент, які належыць да класу язычковых аэрафонаў. Уяўляе сабой скураны мех з маленькай трубачкай-«соскай» для напаўнення яго паветрам і некалькімі ігравымі трубкамі рознай даўжыні – «перабор» (або «жалейка») з 6-8 адтулінамі для выканання мелодыі і 1-2 трубкі – «гукі». Кожны «гук» выдае толькі адзін нязменны тон (бурдон). Ігравыя трубкі маюць на адным канцы пішчык з адзінарным язычком з чароту або гусінага (індычага) пяра, на другім – рагавень (выгнуты раструб). Такім чынам, дуда ўяўляе сабой скураны мех, да якога далучаны драўляная жалейка, бурдон (адзін альбо некалькі), сапель. Праз сапель, звычайна, чалавек дзьме паветра, якім напаўняецца мех. Апошні трымаецца пад левай пахай такім чынам, каб сапель дацягваўся да роту выканаўцы. Падціскаючы мех рукой, надаецца паветраны ціск, які падаецца ў канал жалейкі і бурдона герметычна прыробленых да асновы (самаго меха). У сапелі павінен прысутнічать клапан, які не дае зваротнага ходу. У жалейцы і бурдоне прысутнічаюць драўляныя пішчыкі (прынцып духавога музычнага інструмента). Пад уздзеяннем паветранага ціску выдаецца гук. Бурдон гучыць адным танальным гукам, які зыходзіць праз раструб на канцы (рагаўні). Жалейка выконвае асноўную ролю. У ёй прысутнічаюць дзесяць адтулін (прынцып блок-флейты) і рагаўня. Па памерах жалейка заўсёды меншая чым бурдон. Меладычныя трубкі (жалейка, бурдон) пераважна робяцца з клёну, рагаўні з ліпы. У некаторых выпадках драўляныя элементы ўпрыгожваюцца інкрустацыяй з метала. Мех вырабляецца са скуры буйнай рагатай жывёлы. Для зручнасці навязваецца пояс, якім дуда падвешваецца на плячо музыкі. На працягу апошніх 25 гадоў адбываецца адраджэнне беларускай дуды дзякуючы працы даследчыкаў, выкладчыкаў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, майстроў па вырабе дуд, музыкаў-аматараў. У сучаснай музычнай практыцы дуда гучыць у шматлікіх калектывах розных музычных кірункаў (ансамблі народнай музыкі, аркестр імя І.Жыновіча, рок-гурты і інш.). Вытокі беларускай інструментальнай музыкі губляюцца ў глыбіні стагоддзяў. У сістэме духоўнай культуры беларусаў ёй належыць адмысловае месца, паколькі яна, як і некаторыя іншыя складнікі фальклору, звязана з самымі рознымі сферамі народнага жыцця (працай, абрадамі, хатнім побытам, адпачынкам). Да сярэдзіны ХХ ст. дуда была адным з галоўных інструментаў на танцавальных вячорках беларусаў.
Без дуды не абыходзілася не толькі на ігрышчах, кірмашах, у корчмах, але і ў час асобных каляндарна-земляробчых і сямейных абрадаў, асаблівую ролю дуда выконвала падчас вяселля. Выканаўца на дудзе, паводле вераванняў беларусаў, лічыўся сакральнай асобай, якая валодае звышнатуральнай сілай, здольны гукамі сваёй прылады выклікаць дождж, сонца і вецер. Сёння мы сутыкаемся з феноменам узрастаючай цікавасці да беларускай народнай культуры і яе спадчыны. Папулярызуецца фальклорная музыка, народныя танцы, абрады, гулянні. Дударства існуе ў звязку з традыцыямі і з’яўляецца часткай культуры ў цэлым. Заходні тып усходнееўрапейскіх дудаў уключае (апроч беларускай аднагукавай і двухгукавай дудаў) дуду Аўкштайціі і Жмудзі (сучаснай Літвы), дуды Велькапольшчы (сучаснай заходняй Польшчы), дуды тыпу “бок” вендаў (сучаснай Усходняй Германіі), часткова Чэхіі. Усе інструменты дадзенага тыпу дэманструюць адзінства ў выкарыстанні ражкоў-раструбаў, а таксама дэкору волавам (кольцы, пілападобны элемент, нахіленыя палоскі і інш.). Скандынаўска-балтыйскі тып уключае дуды Даларны (сучасная Швецыя), часткова Фінляндыі. Пад дадзены тып дудаў у большай ступені падыходзіць беларуская дуда-мацянка. Заходнебалканскі тып дудаў уключае інструменты з Босніі-Герцагавіны, Албаніі, Грэцыі і вострава Крыт. Цэнтральнабалканскі тып дудаў уключае інструменты з Славеніі, Паўночнай Сербіі, Славакіі, Венгрыі, Паўднёвай Польшчы і Заходняй Украіны. Інструменты дадзенай групы спалучаюць рысы заходнебалканскага тыпу дудаў, у якіх разам выкарыстоўваюцца асобы гук і ражкі-раструбы (у некаторых выпадках у рудыментарнай форме). Дэкор выкарыстоўваецца эпізадычна волавам, прысутнічаюць геаметрычная разьба і драўляная стылізаваная галава казы. Гэта сведчыць пра ўзаемапранікненне традыцый. На сённяшні дзень уменні ігры на дудзе і майстэрства вырабу інструмента перадаюцца пераважна ад майстра да вучня.
На Гродзеншчыне дударская музыка фіксуецца з ХVI–ХVII стст. у гістарычных звестках (запісы іезуіта Філіпа Аўрыля 1687–1689 гг.) і іканаграфічных звестках (гравюры Олафа Магнуса 1555 г.) пра ўладанні князёў Радзівілаў і іх т.зв. Смаргонскую акадэмію (XVII cт.). Найбольш ранняе літаратурнае апісанне беларускай дуды адносіцца да сярэдзіны XIX стагоддзя: “Дуда – духавы музычны інструмент, звычайна ўласнага вырабу граючага, ёсць не што іншае як пашыты са скуры даўгаваты пузыр, велічынёю з самага вялікага гусака і амаль з такою ж, як у гусака, шыяй, у які ўмацоўваецца верхнім канцом жалейка - невялікая (вяршкоў 6 у даўжыню)дудачка з загнутай шырокай адтулінай унізе, накшталт тытунёвай курыльнай трубкі з чубуком; у іншым канцы пузыра, г. зн. там, дзе ў гусака хвост, умацавана дудка-рагаўня вельмі вялікага памеру, даўжынёй ў аршын і таўшчынёй ў руку; там жа, дзе ў гусака спіна, прымацаваная да пузыра маленькая дудочка вяршкі ў тры даўжынёй і ў палец таўшчынёй, называемая “саплем”.
Паводле апісання, дуда складаецца з чатырох частак: меха, соскі, перабору і гука (колькасць апошніх - ад аднаго да сямі). Хоць канструкцыя дуды адносна нескладаная, аднак зрабіць такую дуду, на якую “і самому можна паглядзець і людзям не сорамна паказаць”, цяжка. Гэта пад сілу толькі майстру, які мае ўмелыя рукі і добры музычны слых.
Адным з такіх асоб з’яўляецца народны майстар Беларусі Мар’ян Антонавіч Скрамблевіч (1939 г.н.) з аграградка Адэльск Гродзенскага раёна таксама займаецца рэканструкцыяй старых інструментаў, якія трапляюць яму ў рукі. Пачынаў з мастацкай разбы па дрэве, затым прыйшло жаданне спалучыць рамяство і музыку. З цягам часу пазнаў “музычныя здольнасці” розных парод дрэў. Зараз працуе з клёнам, акацыяй, ясенем, чаромхай, сасной, дубам і нават індыйскім бамбукам. Пры вырабе музычных інструментаў майстар звычайна коле дрэва, каб яно не трэскалася слаямі. І яшчэ адно правіла: Мар’ян Антонавіч ніколі не выразае дудкі з сарцавіны драўніны, бо, як ён кажа, “тады не граюць”. Майстар доўга працуе над кожным інструментам: мяняе таўшчыню сценак, памеры адтулін, па-свойму “шліфуе” гук і тэмбр. Таму кожная яго дудка мае сваю меладычную афарбоўку, набліжаную да прыроднага каларыту. На іх можна перадаць шум ветрыку, лістоты дрэў і птушыныя спевы.
У пачатку 2000-ых гг., калі дударскі рух на Беларусі актыўна пачаў развівацца, Мар'ян Антонавіч Скрамблевіч прымае рашэнне змайстраваць дуду з суцэльнага апрацаванага кавалка скуры казы. Краі меха прашывае двайным радком і праклейвае спецыяльным клеем, каб не прапускала паветра. Для вырабу драўляных частак дуды – соскі, гука, галасавіка (перабору) – Скрамблевіч М.А. выкарыстоўвае клён і ліпу. Для пішчыка, які ўстаўляецца ў верхнюю частку галасавіка – бамбук. Для больш зручнай ігры на дудзе майстар злучыў гук і галасавік тканым поясам, які адзяваецца на плячо.
Дуда Мар’яна Антонавіча аднагукавая, мае адзін басуючы гук у танальнасці рэ мажор. Скрамблевіч М.А. выкарыстоўвае дуду як сольны інструмент, не практыкуючы ансамблевае выкананне. У яго рэпертуары – аўтарскія творы, песенныя найгрышы, полькі.
Майстар увесь час удасканальвае сваё майстэрства, стварае новыя арыгінальныя музычныя інструменты, якія гучаць у многіх аматарскіх і прафесійных мастацкіх калектывах Беларусі.