Гістарычна човен прадстаўляе сабой выдзеўбаную з цэльнага камля дуба, сасны, асіны ці ліпы лодку-аднадрэўку. У залежнасці ад выкарыстанага матэрыялу вар’іруюцца і назвы гатовых вырабаў: з ліпы – ліпаўка, з асіны – асінаўка, з ветлы (вярбы) – вятлоўка. На тэрыторыі Палесся човен быў вельмі распаўсюджаным транспартным сродкам амаль да канца ХХ ст. Прызначэнне выдзеўбаных чаўноў было розным: ад перавозкі да бліжэйшых населеных пунктаў грузаў і людзей – да рыбнай лоўлі і палявання. Выраб прыпяцкіх чаўноў мае свае рэгіянальныя адрозненні. Памеры чаўноў вар’іраваліся ад 2,5 да 10 м даўжыні і 1–1,5 м шырыні. Падобныя памеры дазваляюць павялічыць грузапад’ёмнасць чоўна да трох дарослых мужчын. Памеры залежалі ад прызначэння чоўна і шырыні ракі ці канала. На човен выбіраецца дрэва з тоўстым ствалом і моцнай драўнінай, без вялікіх сучкоў і дэфектаў на паверхні. Кіраванне чоўнам ажыццяўлялася непасрэдна адналопасным вяслом без уключын. Палескае вясло мае сваю адметнасць – папярэчыну на ручцы, якую тут называюць «мыліца». Тэхналогіі вырабу чоўна перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў сем’ях і вясковай супольнасці. Для вырабу чоўна выкарыстоўваліся: сякера, струг, капыл прамы і каленчаты (закруглены), рубанак для ашалёўкі бакоў чоўна.
На сённяшні дзень ў в. Перароў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці некалькі майстроў займаюцца даўбёжным рамяством, вырабляюць і карыстаюцца чоўнамі. Гэта Швец Леанід Іванавіч і Масла Уладзімір Васільевіч. Майстры захоўваюць і перадаюць веды і навыкі па вырабу прыпяцкага чоўна жыхарам Жыткавіцкага раёна і зацікаўленым асобам з усёй Беларусі
Віцебскі жлоб – гэта адметны тып народнага батлеечнага тэатра, які спалучае ў сабе статычную лялечную панараму з рухомым тэатрам ценяў. Паказ батлейкі звязаны з нараджэннем Хрыста і адбываецца падчас Каляд. Жлобам (жолабам, жлобкам) у народзе называюць яслі для кармлення жывёл, у якіх паводле рэлігійнага падання ляжаў Хрыстос у час пакланення вешчуноў. Такі тып батлейкі быў пашыраны на Віцебшчыне і прылеглых тэрыторыях у 19 ст.
Батлейка “Віцебскі жлоб” – гэта лялечны тэатр, пабудаваны на прынцыпе тэатра ценяў, і сваім выглядам значна адрозніваецца ад звычайнага тыпу беларускай батлейкі. Сцэны, якія разыгрываюцца ў ім, маюць рэлігійную тэматыку і адносяцца да свята Божага Нараджэння, Калядаў. Таму перыяд паказаў вельмі кароткі, усяго два тыдні і доўжыцца ад Свята Раства да Свята Хрышчэння. Сам тэатр мае выгляд трохкупальнай царквы, якая стаіць на адмысловай лаве, і спалучае як статычную частку, так і рухомы тэатр ценяў, мае адну нішу, дзе знаходзяцца нерухомыя лялькі і тры нішы з рухомымі кружэлкамі. Усе дзеянне суправаджаецца песнямі і кантамі на тэму Раства. Усю дзею выконвае батлейшчык, які запальвае свечы, запускае кружэлкі ў нішах і каменціруе дзеянне, а таксама гурт, які выконвае песенную частку. Дзея распачынаецца спевам “Зямля і неба”, падчас якой батлейшчык запальвае свечку у першай нішы, якая прадстаўляе фігуркі валхвоў, якія ідуць пакланіцца нованароджанаму цару, другая ніша прадстаўляе сцэну “Уцёкі Святой Сям’і ў Егіпет”, трэцяя прадстаўляе Цара Ірада , які аддае загад войску знішчыць усіх немаўлят. І на заканчэнне спяваецца радасная частка. Батлейшчык запальвае свечкі каля нерухомых фігур у сярэднім ніжнім аддзеле, дзе паказана сцэна Божага Нараджэння, у жлобку ляжыць немаўлятка Хрыстос, поруч стаяць Язэп з Марыяй, Анёл, і адбываецца Хрыстаслаўленне. Спяваюцца песні і канты, якія праслаўляюць Раство. Уся дзея адбываецца у цемры і фігуркі, якія круцяцца ў нішах пры святле свечак, ствараюць магічны чароўны свет.
Віцебскі жлоб – неацэнны сродак далучэння да спадчыны, знаёмства з біблейскімі легендамі і іх народнай інтэрпрэтацыяй. Лялечны тэатр – сінкрэтычны від мастацтва, які развівае самыя розныя здольнасці: акцёрскія, рэжысёрскія, драматургічныя, музычныя, мастацкія, дызайнерскія, архітэктурныя, сталярныя, шавецкія, літаратурныя, моўныя, гістарычныя і шмат іншых. Гэта ўніверсальны і эфектыўны сродак навучання і выхавання, нягледзячы на сваю старадаўнасць.
Сёння адноўленая традыцыя Віцебскай батлейкі прыцягвае ўвагу даследчыкаў, журналістаў, турыстаў, усіх, хто неабыякава ставіцца да традыцыйнай культуры і народнай спадчыны. Сучасная супольнасць, ужываючы элементы традыцыйнай культуры ў сваёй дзейнасці павышае аўтарытэт і цікавасць да сябе, мае свае адметныя асаблівасці.
Бульба – адзін з галоўных прадуктаў на стале беларусаў. У XVIII стагоддзі бульба з’явілася на тэрыторыі Беларусі, а з XIХ стала адыгрываць важную ролю ў нацыянальнай кухні, яе называюць «другім хлебам». Кліматычныя ўмовы Беларусі спрыяюць надзвычайнай распаўсюджанасці бульбяных страў. Рэцэпты страў з бульбы можна знайсці ў меню жыхароў розных краін свету, аднак менавіта ў Беларусі яны сталі асноўнымі ў рацыёне і надзвычай разнастайнымі, дзякуючы шматлікім кулінарным сакрэтам. Стравы з таркаванай бульбы – адны з самых распаўсюджаных у традыцыйнай кухні Міншчыны. Кожны рэгіён Мінскай вобласці мае значную колькасць арыгінальных рэцэптаў, якія перадаюцца і захоўваюцца супольнасцямі.
Амаль што ў кожнай сям’і рэцэпт гэта спадчынны здабытак, ён перадаецца ад старэйшых да малодшых і нярэдка ў гэтым пераліку па чатыры – пяць пакаленняў гаспадынь. На Пухаўшчыне дранікі маюць розныя лакальныя назвы: «картапляныя аладкі», «картафлянікі», «навасёлкаўскія прысмакі». У Чэрвенским раёне аднымі з самых упадабаных з’яўляюцца бульбяныя аладкі – дранікі і бульбяныя бліны. У асноўным іх так і называюць, але ў некаторых гаспадынь захаваліся свае назвы, якія перадаліся па спадчыне ад сваякоў. Так, напрыклад, Крываручка Тамара Сяргееўна, якая нарадзілася і пражывае ў аг. Любішына распавяла, што вялікія бульбяныя бліны яшчэ яе мама называла «cкавароднікі». А маці і бабуля Паўлава Дзмітрыя Мікалаевіча, які нарадзіўся ў в. Парэчча Гомельскай вобл., а зараз пражывае аг. Любішына называлі вялікія бліны – драчы, а бульбяныя аладкі – «дзеруны» і «драчонкі». Жыхарка горада Чэрвеня, пенсіянерка Станіславовіч Галіна Антонаўна адзін з відаў дранікаў называе «лянівіцы». «Калдуны» і «вожыкі» досыць часта сустракаюцца ў гутарках з жыхарамі Чэрвеньскага раёна. У весцы Шасціснопы гатуюцца і бульбяныя бліны, якія называюць «кіслыя». На Любаншчыне ў розных вёсках сустракаецца некалькі назваў гэтай стравы: найчасцей «картаплянікі» ці «картафлянікі», ад мясцовага слова картоплі ці картофлі, «таркаванікі» ад мясцовых слоў таркаваць, тарка. Сёння найчасцей ужываюць слова «дранікі». Відаць, не сустрэнецца ніводнага чалавека, які не ведаў бы гэтай стравы, ніводнай сям’і дзе б яе не гатавалі.
Дзякуючы шматлікім сем’ям, у якіх захоўваюцца арыгінальныя рэцэпты, традыцыі прыгатавання страў з таркаванай бульбы жывуць, шануюцца і маюць усе падставы для далейшага існавання. Разуменне адметнасцяў нацыянальнай культуры, часткай якой з’яўляюцца традыцыі мясцовай кухні – аб’ядноўваючы фактар для ўсяго грамадства. Шанаванне кулінарных традыцый спрыяе ўмацаванню сямейных сувязяў і выхаванню паважлівых адносін да вопыту продкаў у маладога пакалення.