Дранікі – папулярная паўсядзённая страва з цёртай сырой бульбы. Назва ад слова “драць” – церці, абдзіраць слаямі. Бульбяныя аладкі, як часам называюць дранікі, і бліны сустракаюцца практычна ўсюды, дзе ў ежу ўжываюць бульбу. Адносяцца да комплексу страў, прыгатаваных з дзёртай бульбы, у склад якога таксама ўваходзяць клёцкі, бабка, бульбяная кішка, калдуны, пызы і г.д.
Гатуюць з дранай (таркаванай) на тарцы бульбы, у якую часам дадаюць муку. Бульбу на дранікі папярэдне чысцяць. Пякуць вялікімі (на ўсю патэльню) або невялікімі накшталт аладак. Да дранікаў смажаць сала, дадаюць смятану. Дранікі звычайна пякуць раніцай (калі паляць у печы) на снеданне, тыя дранікі, што застаюцца ад снедання, складаюць у кацялок або міску, заліваюць тукам або маслам, смятанай і ставяць у печ, у лёгкі дух. Хтосьці дадае цыбулю або кефір, каб цёртая бульба не чарнела, некаторыя пасля абсмажвання стамляюць дранікі ў печы або духоўцы. Начынне можа быць разнастайным: твораг, яйкі, мясны фарш, грыбы, часнок, морква, кабачок. Каб дранікі атрымліваліся смачнымі, іх трэба смажыць адразу пасля таго, як ўсё падрыхтавалі і падваць на стол абавязкова гарачымі.
На Віцебшчыне дранікі маюць розныя лакальныя назвы: “драчоны”, “дзеруны”, “бонды”, “картафлянікі” (“картаплянікі”), ”картапляныя аладкі” (Браслаўскі раён), “драчы” (Докшыцкі, Лепельскі раён), “бульбянікі”, “бульбяшы”, “сарока”, “наліснікі”, “калдуны”, “таўчанікі” (Лёзненскі раён), “дзяронікі”, “драннё”, “дзеруны” (Вароніцкі сельскі савет, Полацкі раён), “пацёркі” (Зялёнкаўскі сельскі савет, Полацкі раён), “дзяроныя бліны”, бліны з дранай бульбы, дранікі са шкваркамі ўнутры, калдуны (в.Парфёнаўцы, Полацкі раён); “картафлянікі”, “калдуны”, “дзяронікі”, “сарока”, “топцікі” (Ушацкі раён), “бульбешнікі” (Шаркаўшчынскі раён).
Акрамя традыцыйных дранікаў, якія распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі вобласці, сустракаюцца і адметныя – дранікі з тварагом (Верхнядзвінскі, Лепельскі, Пастаўскі, Ушацкі, Шаркаўшчынскі раёны), зразы (Лепельскі раён), картоплікі (Віцебскі раён), бульбяная кішка, “дранка” (таркаваная на вялікую тарку бульба, смажаная на патэльні), калдуны (Пастаўскі раён), дранікі з грыбамі, дранка, запяканка (Расонскі раён).
У меню сучасных спажыўцоў з’яўляюцца і новыя назвы, напрыклад: “Дранікі па-браслаўскі” (рэстаран “Дрывяты” г.Браслаў, кафэ “Пряж” г.Браслаў, кафэ “Балаш” г.Браслаў, рэста-бар “На грані” г.Браслаў, кафэ “Струсцянскі прытулак” ў в.Струста), “Браслаўскія дранікі па-муражску” (аграсядзіба “Муражжа” г.Браслаў); “Дранікі са смятанкавым соусам” (кафэ “Сава”, г.п.Лёзна), “Дранікі з душой” (аграсядзіба “У Нінэль”, аг.Пушкі Лёзненскі раён).
Як сцвярджаюць гаспадыні, сакрэт прыгатавання дранікаў вельмі просты – іх трэба смажыць адразу пасля таго, як гатова рошчына, і падаваць на стол гарачымі.
Практыка прыгатавання дранікаў і іншых відаў бліноў з цёртай бульбы не перарывалася, што звязана з іх трывалым замацаваннем у мясцовай сістэме харчавання і дастаткова простай рэцэптурай, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне ў сем’ях, паўсюдна выкарыстоўваецца ў пунктах грамадскага харчавання.
Стравы з таркаванай бульбы не набылі свайго пэўнага месца ў абрадавым жыціі жыхароў паўднёвага захада Беларусі. Менавіта таму, што бульба атрымала распаўсюджанне нядаўна, адносна фарміравання вераванняў і традыцый беларускага этнаса. Але ж феномен такіх страў, у тым, што менавіта на тэрыторыі нашай краіны яны атрымалі найвялікшае масавае распаўсюджванне з неверагоднай колькасцю варыянтаў прыгатавання. У кожнай сям’і маецца шэраг рэцэптаў з таркаванай бульбы. Такія стравы сталі сапраўды брэндавым гастранамічным прадуктам і візітнай карткай краіны. І канешне самую вялікую колькасць варыянтаў прыгатавання маюць дранікі.
Як было ўжо схарактарызавана калегамі з Гродненскай вобласці – дранікі – папулярная паўсядзённая страва з цёртай сырой бульбы. Назва ад слова “драць”, церці, абдзіраць слаямі. Бульбяныя аладкі, як часам называюць дранікі, і бліны сустракаюцца практычна ўсюды, дзе ў ежу ўжываюць бульбу. Адносяцца да комплексу страў, прыгатаваных з дзёртай бульбы, у склад якога таксама ўваходзяць клёцкі, бабка, бульбяная кішка, калдуны, галушкі, бульбяныя вожыкі, запражка і г.д..
На Берасцейшчыне дранікі маюць розныя лакальныя назвы: “полюбэныкі” (аг. Снітава Іванаўскага раёна); “дэруны”, “картопляныкы”, “аладкі” (в. Перхавічы Баранавіцкага раёна).
У класічным рацэпце дранікаў тры інгрэдыенты: бульба, надраная на тарцы, цыбуля і соль, і вось вакол гэтага простага рацэпта ўзнікаюць кулінарныя шэдэўры, створаныя з дапамогай ведаў, навакаў, густу і фантазіі гаспадынь.
Вось напрыклад, Чарапенька Галіна Іванаўна з в. Аранчыцы любіць гатаваць “Аладкі з ліскамі са смятанай”, а каб бліны былі хрумсткімі пячэ на свінным тлушчы, бо пры награванні тлушч мае больш высокую тэмпературу.
У в. Клятная і в. Чымерын Пінскага раёна, выпякаліся блінцы на “сніданне”, гэта было амаль што абавязковай святочнай стравай. На стале стаяла вялікая “лімэнёвая” міска з гарой картапляных блінцоў і да блінцоў прыгатаваная ціла сковорода “вэрэшчака” (у тэксце выкарыстоўваюцца дыялектныя словы). Са слоў Ніны Раманаўны Барышчук – “вэрэшчака” – смачная йіда, іі робылы з крохмала, яец, молока. Маты ў “лімэнёвую” мыску сыпала крохмал, выбывала яйца, добаўляла сіль, у конці добаўляла молоко і взбывала вілкою, ставыла ў піч запыкатыса. Крохмал маты так робыла: тэрла бульбу, сцыдьвала сок отдельно ў мысочку, крохмал, якый осядаў на дні мыскы промывала тры разы водою холодной. Промытый крохмал ложкою выбырала і ўпотрыбляла ў іду, чы шчэ куды. Картопляныі блінцы ілы з вэрэшчакою на свято “Коляды”, “Шчодрыкі”. Яшчэ адзіны варыянт вэрэшчакы – гэто зажаранэе сало, мясо і много цыбулі. Вэрэшчаку добаўляють і до другэі іды”. Вэрэшчака – ад слова вішчаць. У працэсе прыгатавання, пры награванні на патэльні страва пачынала выдаваць спіцыфічныя гукі, што напамінала віскатанне.
Прааналізаваўшы звесткі сабраныя з розных раёнаў Брэсцкай вобласці ад найстарэйшых носьбітаў, можна прыйсці да высновы, што дранікі ад бульбяных бліноў адрозніваюцца тым, што яны гатуюцца толькі з карняплодаў без мукі, крухмала, яек і іншых связуючых кампанентаў. Яны атрымліваюцца хрусткія і падрумяненыя. Можна дадаць лук і чорны перац; адрозненне бульбяных бліноў ад дранікаў – у тым, што бульбяныя бліны больш сакавітыя, тоўстыя, далікатныя і менш хрумсткія і падрумяненыя.
Стравы з таркаванай бульбы гатуюцца незалежна ад пары года або часу, гаспадыні гатуюць гэтыя стравы, як штодённа, так і на розныя жыццёвыя падзеі: вяселлі, імяніны, хрысціны і інш.
Музычна-інструментальная традыцыя Смаргонскага раёна – ўзор рэпрэзентацыі народнага музычна-інструментальнага выканальніцтва Гродзенскага Панямоння з тыповымі стылістычнымі характарыстыкамі. Народная музыка гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна фарміравалася ва ўзаемадзеянні з культурнымі плынямі суседніх рэгіёнаў і пад уплывам гістарычных падзей XX ст. Элемент складаецца з комплекса ўменняў і навыкаў ансамблевага выканальніцтва ў складзе капэлы традыцыйнай траістай музыкі (падбор музычнай партыі па слыху, дакладнае пачуццё рытму, свабоднае валоданне інструментам і музычнай імправізацыяй і інш.), музычна характэрнага мясцовага рэпертуару танцавальнай і абрадавай (вясельнай) музыкі, практыкі музычна-інструментальнага выканальніцтва ў мясцовай супольнасці.
На сенняшні дзень дакладна зафіксаваны даследчыкамі склад мясцовай музычна-інструментальнай капэлі, шырокавядомая ў рэгіёне і вельмі папулярнай у першай палове ХХ ст.: яна складалася з саліруючай скрыпкі, часам – узмоцненай кларнетам, акампануючага мелодыю гармоніка, акардыёна ці дуды, рытмізуючага музычную фактуру барабана. Элемент адносіцца да «мастацтва стабілізаваных капэль з налажаным міжпакаленным перайманнем». Для такіх капэляў характэрны: стабілізаванасць (сістэматычнае перыядычнае выканальніцтва на мясцовых вяселлях і танцавальных вячорках); абрадавасць (музыка на вяселлях) і танцавальнасць (музыка на танцавальных вячорках); міжпакаленнае перайманне, праяўленае ў сямейным гурце Ч.Жыха, а таксама змешаных (даросла-падлеткава-дзіцячых) калектывах Смаргонскага раёна.
Смаргонскія найгрышы ўключаюць цыкл вясельных маршаў, разнастайныя полькі, вальсы, мелодыі розных танцаў і некаторых песень.
Для музычнага рэпертуару інструментальнай традыцыі Смаргонскага раёна характэрны песенны склад мелодыі найгрышаў, паўторнасць і квартавыя хады ў невялікім дыяпазоне гучання мелодыі. просты рытмічны малюнак, выкарыстанне пераменнасці ладу (у асноўным з мінору ў мажор). разнастайнасць у тэмпавыя малюнках
У складзе пэўнага рэпертуарнага аб’ёму элемента вартыя ўвагі інструментальныя найгрышы, якія захаваліся на Смаргоншчыне:
цыкл вясельных маршаў: “Вясельны”, “Калі благаслаўлялі”, “Калі на каня сядалі”, “Як за стол садзіцца”, “Як усе госці ўселіся”, “Як дораць маладую”;
полькі “На кажухі”, “Полька-паспалітаўка”, “Чэшская”, “Шабасоўка”, “Петраградка” (“Таргашка”);
вальсы: “Вішанька” “Старынны вальс”; “Польскі вальс”; “Вальс Багдановіча”; “Златыя горы”, “Афіцыянтка”;
найгрыш “Велікодны”;
найгрышы да танцаў “Ліцвін”, “Нарэчанька”, “Кракавяк”, “Польскае танга”, “Польскі факстрот”, “Лявоніха”, “Обэрак”, “Куханэчак”, “Крэўскі мазурэк”, “Казачка” (“Казачок”), “Лысы”, “Магдаленка”, “Падыспан”;
найгрышы да песень: “Ой, ляцелі гусі з броду”, “Зялёны дубочак, шырокі лісточак”, “У полі тры дубы”, “Надзену я майку, майку галубую”, “Колькі ў небе зор” і інш.
Адметным прадстаўніком мясцовых музыкаў быў Уладзіслаў Іванавіч Будзько (1919-2016 гг.), унікальны музыка-самавук, які большую частку свайго жыцця граў са сваёй музычнай капэлай танцы і вяселлі па ўсёй акрузе. У 1990-я гады яго выканальніцкае майстэрства «з рукі на руку» пераняў мультыінструменталіст Чэслаў Альфонсавіч Жых, які зладзіў сямейную музычную капэлу і арганізаваў калектыў “Гулянок” з вучняў школы мастацтваў.
Сёння “Смаргонскія найгрышы” практыкуюцца на тэрыторыі г. Смаргонь і аг. Жодзішкі, дзе жывуць і працуюць носьбіты. Народная музыка Смаргоншчыны жыве і выконваецца па сённяшні дзень на вяселлях мясцовых жыхароў, а таксама на раённых, абласных і рэспубліканскіх святах, танцавальных імпрэзах, фестывалях і конкурсах. Дзеці і моладзь засвойваюць музычную традыцыю шляхам выканальніцкага пераймання на розных інструментах праз навучанне ва ўзорным ансамблі народнай музыкі “Гулянок” ДУА “Смаргонская ДШМ імя М.К.Агінскага”, узорным фальклорным гурце “Нальшчаначка” ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс Жодзішкаўскі яслі-сад-сярэдняя школа”, аматарскім калектыве супрацоўнікаў ДУК “Смаргонскі раённы цэнтр культуры”. Традыцыя перадаецца ад спрактыкаваных музыкаў да маладых. Яны іграюць у складзе вышэйадзначаных аматарскіх калектываў, а таксама самастойна на святах і вечарынах для сваіх родзічаў, сяброў і знаёмых.
Захаванне традыцыйнай музыкі вітаецца жыхарамі Смаргоншчыны, якія ведаюць мясцовую музычна-інструментальную традыцыю і жадаюць, каб яна працягвалася