Гонарам беларускага Паазер'я з'яўляюцца цымбалы з іх незвычайна пераліўчатым звонам. У ансамблi са скрыпкай (“даўнішняя музыка”) i з гармонікам (“настаяшчая музыка”) яны – нерв музыкі. Гэты запазычаны музычны iнструмент прайшоў шматвяковую эвалюцыю i умацаваўся ў прафесiйна-акадэмiчным мастацтве Беларусi ў якасцi нацыянальнага.
Аснову складае канкрэтна-гістарычны аналіз Пастаўскай інструментальнай традыцыi ў яе працэсуальнасці, непарыўнасці матэрыяльнай і духоўнай сфер. Вывучэнне яе рэгіянальнай спецыфікі шляхам арэальнага даследавання актуальна для сучаснага этнамузыказнаўства, якое імкнецца да паглыбленага спасціжэння нацыянальнай самабытнасці народа. У якасці вядучага выступае сістэмна-этнафанічны метад, які спалучаецца з вывучэннем народных уяўленняў у традыцыйнай культуры.
У Пастаўскiм раёне гiстарычна функцыянуюць дзве выканальніцкія школы народных музыкаў: Варапаева і Груздава. Геаграфічнае размяшчэнне населенных пунктаў вызначыла пагранічную своеасаблівасць развіцця iнструментальнага выканальнiцтва, у якiм арганічна перапляліся глыбокія карані нацыянальнай спадчыны і еўрапейскай цывілізацыі.
Да арэала Груздава адносяцца: Груздава, Пожарцы, Ажарава, Ралаўцы, Біюці, Смычча, Сліжова, Задубенне, Дубрава, Забалацце, Цешалава, Плаксы. У арэал Варапаева уваходзяць: Варапаева, Ляхаўшчына, Дунілавічы, Зарэцкія, Барэйкі, Кавалі, Мышкі, Рэдзькаўшчына, Голбія. Тут склаліся музычныя дынастыі Падгайскіх з в. Цешалава; Мацкевічаў, Новікаў, Мельцаў – з в. Пожарцы, Крывенькіх – з в. Груздава і Ажарава, Крываносаў – з в. Біюці і інш. Іх нашчадкі захавалi сямейныя традыцыі да сённяшняга дня.
Груздаўскiя цымбалы – самаробныя, дыятанічныя, маюць гукарад з паніжанай VІІ ступенню. Корпус плоскі, дрэва светлае, акантоўка цёмна-карычневага колеру, у верхняй дэцы выразаны дзве рэзанансныя адтуліны ў форме круга з ромбамі ўнутры. Памеры iнструмента вагаюцца ў межах – унізе 980-1060 мм, шырыня корпуса 360-380 мм, вышыня 65 мм. Ён адметны сваім празрыстым звонам.
Галоўнымi якасцямi цымбал лiчацца iх строй, прынцыпы наладкi, выгляд малаточкаў i выманне гуку. У традыцыйным выканальніцтве існуе два варыянты строю: “нізкі пад гармонік” (“даўнішні”) у фа мажоры і “высокі пад баян” у соль мажоры. Наладка інструмента ў пэўным строі кадзіруе гукавую эстэтыку музычных інструментаў, іх семантычную прыроду, што звязана з асаблівасцямі іх функцыяніравання. “Нізкі строй” лічыцца “больш душэўным” i выкарыстоўваецца пры выкананні песенных лірычных найгрышаў, вальсаў. З “высокім строем” у народа звязана ўяўленне пра весялосць, радасць, таму ён характэрны для полек.
Сістэма настройкi цымбалаў “пад гармонік” пачынаецца з другой струны зверху на галасавой падстаўцы з фа1 актавы, а “пад баян” адметная тым, што замест фа апорнай струной з’яўляецца соль1 актавы. “Наводка” цымбалаў пад скрыпку пачынаецца з ля1 актавы (першая струна скрыпкі).
Гукарад варапаеўскiх цымбалаў цэлатонны, ахоплівае 7 танальнасцей. У iх апорны гук соль1 перамяшчаецца ўніз, на чацвёртую струну зверху на галасавой падстаўцы. Затым наладка ўсіх цымбал ажыццяўляецца стэрэатыпна – квінта праз падстаўку ўверх і актава ўніз.
Навучанне ажыццяўляецца ў трох формах: найманне настаўніка, у сям’і, самастойна (“праз сябе”) і пачынаецца з “аплікатурнага паказу”: правая рука выконвае мелодыю, а левая “падбівае басы”. Спосаб гуказдабывання адзін – удар. Пасля ўдару музыка не адразу паднімае малаточак, струна, якая вагаецца, паспявае на нейкае імгненне некалькі разоў адказаць, ударыць па малаточку. Гэтая дэталь зусім мяняе гучанне цымбал: далікатнае, “празрыстае і пявучае, без лязгання”. Струны ніколі не глушаць, бо розная колькасць абертонаў ўздзейнічае на інтанацыйную выразнасць кожнага штрыха і ўсёй тэмбравай разнастайнасці.
Засваенне сродкаў мастацкай выразнасці праламляецца праз творчую індывідуальнасць, якая ў кожным канкрэтным выпадку фарміруе свае комплексы прыёмаў і характар іх выкарыстання.
Нематэрыяльная каштоўнасць “Культура беларускай дуды ў г.Мінску” мае комплексную форму ўвасаблення і ўключае наступныя складнікі.
1. Апісанне музычнага інструмента. Дудары горада Мінска выкарыстоўваюць музычны інструмент, які ўяўляе сабой аднабурдонную дуду. Яна адпавядае традыцыйным узорам, што бытавалі на тэрыторыі Беларусі. Інструмент складаецца са скуранога меха, соскі-сопеля, жалейкі і бурдона. У якасці матэрыяла выкарыстаны скура буйной рагатай жывёлы, драўніна клёна, раструбы (рагаўні) могуць быць выкананы з рога буйной рагатай жывёлы. Тэхналогія вытворчасці ўключае тачэнне, свідраванне, склейку або прашыванне скуранога мяшка, наступную настройку інструмента.
2. Музычна-інструментальнае выканальніцкае мастацтва грунтуецца на традыцыйным рэпертуары дудовай музыкі, а таксама ўключае сучасныя найгрышы, выконваемыя як сольна, так і ў ансамблі з іншымі беларускімі народнымі інструментамі. Дудары г.Мінска маюць прафесійную вышэйшую музычную адукацыю і з’яўляюцца баяністамі, трубачамі, кларнецістамі або флейцістамі і валодаюць акадэмічнай манерай выканання. Сярод выканаўцаў большасць складаюць мужчыны. Падчас выканання некаторыя дудары трымаюць дуду пад левы бок, некаторыя пад правы, таксама могуць прытрымліваць бурдон каля меха. У рэпертуары або імправізацыі саміх выканаўцаў, заснаваныя на народным фальклоры, мелодыях з “Полацкага сшытку”, або апрацаваныя ці напісаныя творы сучаснымі беларускімі кампазітарамі У.М.Громам, А.Я.Крамко, І.А.Мангушавым. Мелодыі, якія выконваюць на дудзе, уключаюць, у тым ліку, танцавальна-вакальныя кампазіцыі. Як правіла, найгрышы на дудзе могуць быць як уступ да музычнага твора, які выконваецца ансамблем, або сола паміж ансамблевым выкананнем. Пашыраецца практыка спалучэння ігры на дудзе пад акампанемент фартэпіяна.
3. Разнастайныя формы культурных практык з удзелам дудароў. На тэрыторыі г.Мінска дудары ўваходзяць у склад розных калектываў, сярод якіх Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, Нацыянальны акадэмічны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, Філармонія для дзяцей і юнацтва Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай песні і музыкі “Шчодрыца” Мінскага гарадскога палаца культуры, Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, фальклорны ансамбль “Дударыкі” УА “Гімназія № 14 г.Мінска” і іншыя прафесійныя і аматарскія гурты. Дудовая музыка ўключана ў рэпертуар акадэмічных, школьных і аматарскіх калектываў. Адной з форм культурна-адукацыйных практык з удзелам дудароў з’яўляецца выкладанне дуды ў гуртках устаноў школьнай і па-зашкольнай адукацыі, знаёмства студэнтаў Інстытута павышэння кваліфікацыі БДУКМ з дадзеным інструментам і яго гучаннем падчас заняткаў. Дудары і майстры ўдзельнічаюць у фэстах, кірмашах, творчых конкурсах, канцэртах, музейных культурна-асветніцкіх праектах і інш.
4. Сакральна-міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з беларуской дудой. Традыцыйна дуду лічаць рытуальным інструментам, які першапачаткова звязвалі з культам Перуна і выкарыстоўвалі для выклікання дажджу. Адначасова распаўсюджаны ўяўленні, якія звязваюць дуду з культам казы і аднаўленнем жыцця праз агонь. Устойлівымі ўяўленнямі з’яўляюцца асацыяцыі дуды з падземным светам. Менавіта гэтымі ўяўленнямі тлумачыцца форма дуды: бурдон, які апушчаны ўніз, сімвалізіруе падземны свет, скураны мех (першапачаткова са шкуры казы) – сувязь паміж падземным светам і сучасным зямным жыццём. Пасля смерці “казы” (зносу скуранога меха) дуда пераўтвараецца ў чорнага лебедзя (форму лебедзя нагадвае дуда ў перавернутым стане).
Дуда – старажытны традыцыйны музычны інструмент і твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з’яўляецца не толькі старажытным музычным інструментам, але і атрыбутам рытуальна-музычных практык, якія ўзыходзяць да старажытных культаў.
У Магілёўскай вобласці творчую, культурную дзейнасць ажыццяўляе адзін дудар гэта – Мікалай Георгіевіч Забаўскі, які грае на інструменце на слых, без нот. Мікалай Георгіевіч выкарыстоўвае музычны інструмент у абрадах, у якіх ён ўдзельнічае, грае на дудзе ў народным ансамблі народнай песні “Вязанка” Вязьеўскага сельскага Дома культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна”. У рэпертуар музыкі ўваходзяць наступныя песні: “Калядная”, “Саўка ды Грышка”, “Рэчанька”, “Падыспань”, “Лявоніха”, “Пад’язжаем мы да сяла”, “Карагод вялікі – вуліца малая”.
Забаўскі Мікалай Георгіевіч набыў інструмент у беларускага майстра музычных інструментаў Тодара Кашкурэвіча.
Тодар Кашкурэвіч нарадзіўся у Мінску ў мастацкай сям’і і з’яўляецца прадстаўніком мастацкай дынастыі Кашкурэвічаў. Працуе ў галіне манументальнага мастацтва, жывапісу, кніжнай графікі і дызайну. Даследуе і аднаўляе старадаўнюю музычную традыцыю (беларуская дуда, ліра). Гэта адзін з найбольш вядомых у балтыйскім рэгіёне майстроў, што вырабляюць дуды паводле аўтэнтычных узораў і пачынальнікаў сучаснага дударскага руху ў Беларусі.