Вясельныя песні ў выкананні носьбітаў фальклору з вёскі Клін Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці рэпрэзентую традыцыю Беларускага Падняпроўя і з’яўляюцца яркім паказальнікам спецыфічных асаблівасцей рэгіянальнай манеры выканання. Іх стылістычныя ўдметнасці заключаюцца ў дамінантнасці прыўзнятых святочных настрояў, маторным характары рытмікі, асобай яркай манеры выканання, перавазе ладоў мажорнага нахілення ў аб’ёме квінты, значнай ролі квінтавай інтанацыі, асаблівай гучнасці і эмацыйнай адкрытасці.
Вясельныя песні суправаджаюць асноўныя этапы вясельнага абраду: сватанне, прыезд маладога да маладой, ад’езд маладой з бацькоўскага дому, вясельны пір, абрадавыя дзеі другога дня. Акрамя ўласна песен, прымеркаваных да ключавых момантаў вяселля, у выканальніцкую традыцыю ўключаны таксама і жартоўныя песні, дражнілкі, адрасаваныя свату, паджанішку, паджанішцам, гасцям.
Носьбітамі песеннай традыцыі з’яўляюцца ўдзельніцы фальклорнага гурта в. Клін, рэпертуар якога ўключае розныя жанры абрадавай і пазаабрадавай культуры. Адну з цікавейшых старонак гэтага рэпертуару прадстаўляюць менавіта вясельныя песні, якія з’яўляюцца паказальнікам унікальнай, багатай рэгіянальнай традыцыі
Самабытнасць спеўнай традыцыі міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы (Старадарожскі раён) раскрываецца праз непаўторнае жанравае аблічча. У гэтай мясцовасці захаваліся старажытныя напевы каляндарнага (калядныя, веснавыя, жніўныя) і сямейна-абрадавага (вясельныя) цыклаў.
Другой асаблівасцю спеўнага стылю міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы з'яўляецца раннефальклорнае інтанаванне з характэрным для яго комплексам (тэмбравая напружанасць, максімальны дынамічны ўзровень, спецыфічнае унісонна-гетэрафоннае спалучэнне галасоў).
Носьбітамі спеўнага стылю міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы з'яўляюцца жыхары вёсак Прусы і Баранава Старадарожскага раёна. Больш шырока дадзеную традыцыю прэзентуюць удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Набіліцы” Баранаўскага сельскага клуба і народнага фальклорнага калектыву "Прусаўчанка" Прускага сельскага дома культуры.
Песенная спадчына міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы прадстаўлена як у традыцыйнай стыхійнай форме выканання (у час Вялікадня і Троіцы, провадаў у армію і заручынаў, традыцыйных “бясед”, выканання гаспадарчых прац), так і ў сучаснай канцэртна-арганізаванай форме.
Гуртом "Прусаўчанка" адроджаны абрады “Гуканне вясны”, “Зажынкі”, “Радзіны”, “Заручыны”.
Пераемнасці традыцыі спрыяе дзейнасць дзіцячага фальклорнага калектыву “Пралеска” Прускага сельскага дома культуры.
Мясцовая супольнасць паважліва ставіцца да зберажэння і трансляцыі сваёй спеўнай традыцыі, спрыяе яе захаванню і лічыць яе сваёй духоўнай каштоўнасцю
Танчыць “Спораўскую польку” – гэта больш чым векавая традыцыя вёскі Спорава. З іншых пазаабрадавых танцаў гэты адносіцца да парна-гуртавых. Спораўская полька вылучаецца шматфігурным характарам, у якім каманды (аб’явы) робіць ідзін з танцуючых мужчын, ці нехта з музыкантаў, а каманды ідуць у вольным парадку і ў любой паслядоўнасці. Усяго можа быць ад 12 да адвольнай колькасці каманд, якія адлюстроўваюць розныя характэрныя элементы танца. Асаблівасць «спораўскай полькі» у тым, што ў час танца, ногі амаль што не адходзяць ад падлогі.
Вядома, што раней людзі, пасля цяжкага працоўнага дня, збіраліся разам, каб адпачыць, пагутарыць і пагуляць польку. Усе рухі пар павольныя, стрыманыя, што не змаляе хараства танца. Адносіны тут паміж хлопцам і дзяўчынай адметныя сваёй сціпласцю, некай сарамлівасцю. Пры гэтым не страчваецца гульнёвы характар, бо кожная з пар хоча вылучыцца як самая здатная да танцаў.
Раней спораўскую польку гулялі не толькі ў Спорава, але і ў блізкай ад яе в. Здзітава. З цягам часу полька ў Здзітаве страцілася. Зараз, пры дапамозе школы, праводзіцца мэтанакіраваная праца з мясцовымі дзецьмі, каб навучыць іх гуляць польку.
На сённяшні дзень гэты танец з’яўляецца адметнай рысай усіх свят і ўрачыстых нагод, якія адбываюцца ў вёсцы. Валодаюць тэхнікай танца практычна ўсе вяскоўцы, у тым ліку моладзь. Актыўна захоўвае і перадае традыцыю мясцовы фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Жураўка» пад кіраўніцтвам Чайчыц Валянціны Іванаўны, а таксама, з дапамогай таго ж кіраўніка, дзіцячы фальклорны гурт «Жаўручкі», які займаецца адраджэннем фальклорнай спадчыны Бярозаўскага раёна