Спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці – Сцвігі прэзентуецца песнямі аграгарадка Рычоў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Гэтыя песні па традыцыі перадаюцца ў спадчыну ад пакалення да пакалення мясцовымі жыхарамі праз многія дзесяцігоддзі. Носьбітамі спеўнага стылю з’яўляюцца жыхары аг. Рычоў старэйшага і сярэдняга пакаленняў, больш шырока прэзентуюць дадзеную традыцыю ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля «Дубравіца» Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры.
Песенная спадчына аграгарадка Рычоў прадстаўлена як у традыцыйнай стыхійнай форме выканання (у час разнастайных свят, традыцыйных “бясед”), так і ў сучаснай канцэртна-арганізаванай форме (канцэртная дзейнасць ансамбля «Дубравіца»).
Самабытная мясцовая песенная культура раскрываецца найперш праз шырокую жанравую разнастайнасць. Акрамя жанраў традыцыйнага каляндарна-земляробчага цыклу (калядныя, веснавыя песні), надзвычай поўна прадстаўлены вясельны цыкл, у тым ліку каравайныя песні.
З традыцыйных меладыйных стыляў прадстаўлены і адзіночныя, і сумесныя спевы, у сумесных спевах – аднагалосныя ў сваёй аснове формы ўнісонна-гетэрафонных спеваў і формы шматгалосных ў сваёй аснове спеваў з падводкай.
Аднагалосныя ўнісонна-гетэрафонныя спевы прадстаўлены песнямі каляндарна-абрадавымі і вясельнымі. Для іх характэрныя формульнасць напеваў, вузкі гукавы дыяпазон, для некаторых таксама наяўнасць рэфрэна – словаў, якія паўтараюцца пасля кожнага радка. Да гэтага ж стылю выканання адносяцца “лесавыя” песні, што выконваюцца ў лесе пры зборы грыбоў, ягад, калі грабуць сена– у адпаведную пору года. Спевы з падводкай прадстаўлены песнямі, якія адносяцца да пазабрадавага жанру. Асаблівасцю спеўнага стылю выканання з’яўляецца яшчэ і тое, што песні спяваюцца сумесна жанчынамі і мужчынамі.
Лакальная супольнасць паважліва ставіцца да зберажэння і трансляцыі сваёй спеўнай традыцыі, спрыяе яе захаванню і лічыць яе сваёй духоўнай каштоўнасцю
Песенная паэзія фальклорнага гурта вёскі Казлы ў прыватнасці пазаабрадавая лірыка (любоўная і сямейная), традыцыйныя каляндарна-абрадавыя песні – гэта мастацкае выказванне эстэтычных адносін народа да рэчаіснасці: прыроды, побыту, працы селяніна, абрадаў і звычаяў, што вякамі бытуюць у сялянскім асяроддзі: да прыгажосці самога чалавека: знешняй і ўнутранай. У песеннай паэзіі адлюстраваліся таксама і ідэалы эстэтычнай свядомасці народа: яго рэлігійныя пачуцці і ўяўныя, па-мастацку ідэалізаваныя малюнкі сялянскага жыцця.
Рэпертуар і манера выканання, уласцівая казлоўскаму гурту, рэпрэзентуе, з аднаго боку, тыповыя і яскравыя прыкметы цэнтральнапалескага спеўнага стылю, з другога – вызначаецца самабытнасцю. Найбольш адметная частка песеннага календара вёскі Казлы – веснавыя загуканні. Менавіта ў гэтай групе песень найбольш яскрава праяўляюцца стылявыя асаблівасці палескага веснавога календара і галоўнае значэнне веснавых песень – сваім гучаннем наблізіць надыход вясны. Менавіта напевы веснавых закліканняў у поўную меру раскрываюць склаўшаеся ў музычным побыце Палесся паняцце спяваць “гóласна”. Традыцыі “гóласнага” спявання на адкрытым паветры (“на волі”) веснавых загуканняў у выкананні казлоўскіх спявачак яскрава выяўляюць і сваю імператыўна-рытуальную аснову, і сваю эстэтычную значнасць, і каларыстычную ёмістасць гукавой палітры народнай школы спявання на адкрытым паветры.
Другая адметнасць мясцовай песеннай традыцыі – стыль спявання, які мае назву дыяфонія на элементах бурданіравання. Гэта адзін з найбольш архаічных тыпаў музычна-фальклорнага шматгалосся, які аб’ядноўвае рысы аднагалоснага спявання ва ўнісон і двухгалосных спеваў. Пры гэтым галасы суадносяцца такім чынам, што адзін з іх выконвае асноўную мелодыю, а другі час ад часу “прыпыняецца” на галоўнай ладавай апоры, утвараючы тэрцавыя або квартавыя сугуччы, якія “расквечваюць” асноўную мелодыю. У в. Казлы ў такім стылі выконваецца частка вясельных песень
Спакон вякоў Лельчыцкі раён славіцца сваімі талентамі, а в. Новае Палессе, якая да 1964 г. называлася Каросцін, – невычэрпная крыніца народнай творчасці, адметнага выканаўчага стылю, унікальнага песеннага рэпертуару. Каб падтрымаць гэты багаты пласт духоўнай народнай культуры ў 2000 г. быў створаны фальклорны калектыў “Палескія напевы”.
Галоўная мэта калектыву – захаванне і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны сваёй вёскі. Народная песня прыйшла да ўдзельнікаў фальклорнага калектыву “Палескія напевы” з часоў глыбокай старажытнасці. Песенная творчасць в. Новае Палессе жыве, надзейна і беражліва захоўваецца народнай памяццю, перадаецца з пакалення ў пакаленне.
У склад калектыву ўваходзяць адзінаццаць жанчын сярэдняга і сталага ўзросту, якія валодаюць самабытным палескім спеўным стылем з яго своеасаблівым тэмбравым каларытам і характэрным артыкуляваннем. У гэтых якасцях спеву раскрываецца мясцовая дыялектная спецыфіка, непаўторнасць моўных гаворак Лельчыцкага рэгіёна. Гэта носьбіты мясцовых традыцый, якія з’яўляюцца ініцыятарамі адраджэння народных свят і абрадаў, прыцягваюць да гэтай справы іншых жыхароў вёскі, перадаюць свае веды і ўменні малодшаму пакаленню.
Песенная культура Гомельскага Палесся выяўляецца ў перавазе і асаблівым развіцці асобных песенных жанраў і жанрава-тэматычных груп, у лакальным асэнсаванні агульнабеларускіх песенных жанраў. Яны ж праяўляюць сябе у характары мелодый песень, якія бытуюць у розных кутках рэгіёна, асаблівасцях інтаніравання, у традыцыях гуртавога і адзіночнага спявання, народнай тэрміналогіі.
Цэласная карціна народнапесеннай культуры Гомельскага Палесся раскрываецца ў сукупнасці больш дробных лакальных культур, сярод якіх вылучаецца традыцыя Тураўшчыны, у прыватнасці, той яе часткі, якая месціцца ў басейне рэк Сцвігі і Убарці, і ў якую уваходзіць Лельчыцкі раён, прадстаўлены ў гэтым зборы песеннай творчасцю в. Новае Палессе