Унікальнасць каляднай гульні "Жаніцьба Цярэшкі", якая праводзіцца па традыцыйнаму абрадаваму рэгламенту шлюбных навагодніх забаў моладзі, заключаецца ў наступным:
• архаічнасць, падабенства з паганскімі традыцыямі "ігрышчаў", якія ўпаміналіся ў розных летапісах і праводзіліся ў час сонцаваротаў;
• рэгіянальнасць (пашырана ў Віцебскім і Мінскім рэгіёнах, часткова ў Латвіі на этнічнай тэрыторыі беларусаў – Ілукстыі і Латгаліі), збліжэнне з тэрыторыяй Полацкай зямлі, шлюбна-эратычны змест дае паралелі з украінскай "Маланкай", рускай "Утушкай";
• мастацкі сінкрэтызм, дзе праяўляецца сінтэз вясельна-тэатральнай дзеі, спеву, танца, гульні, музыкі, імправізацыі.
Лепельскі раён (вёскі Велеўшчына, Сталюгі Слабадскога с/с, Вокана Стайскага с/с, Вялікі і Малы Поўсвіж Лепельскага с/с і інш.) уваходзіць у зону найбольшага пашырэння гульні-абрада, дзе захаваліся носьбіты і пераймальнікі традыцыі, створаны прымальна-прыдатныя ўмовы для яе вывучэння і пераймання
Адметнай рысай Лепельскага варыянту "Цярэшкі" з'яўляецца тое, што ў ім прымаюць удзел не толькі халастыя, але і жанатыя пары. На час гульні яны могуць памяняцца мужамі альбо жонкамі, гэта добрае выпрабаванне пачуццяў, даверу адзін да другога.
Казкавы рэпертуар Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай, 1927 г. н., жыхаркі вёскі Магільнае Удзенскага раёна ўключае казкавыя сюжэты ў асноўным шырока вядомыя па ўсёй Беларусі, але якія на сённяшні дзень практычна зніклі з жывога бытавання. У выкананні Лідзіі Міхайлаўны ўсе гэтыя сюжэты набываюць свае гучанне, трактоўку, мастацкі выгляд, у якім гарманічна спалучаюцца традыцыйнасць і імправізацыйнасць. Унікальнасць апавядальнай манеры Лідзіі Міхайлаўны ў тым, што казкі перанятыя ёй ад сваіх бацькоў вусным шляхам, да таго ж засвоены не толькі казкавыя сюжэты, але і народная апавядальная манера. Казкі выконваюцца спакойна-разважліва, павольна, але, разам з тым, інтанацыйна выразнай і эмацыянальна насычанай. У Л. М. Цыбульскай няма раз і назаўсёды зададзенага канона расказвання аднаго і таго ж сюжэта. Пры нязменнай фабуле, казка ў яе вольна вар’іруецца ў дэталях, дапаўняецца песеннымі ўстаўкамі (Лідзія Міхайлаўна выдатная спявачка), этнаграфічнымі замалёўкамі, заўсёды вельмі арганічнымі для кожнага тэксту. Казкі ў выкананні Лідзіі Міхайлаўны, пабудаваныя па законах казкавай архітэктонікі (зачын, канфлікт, кульмінацыя, канцоўка, рытміка-меладычныя медыяльныя формулы), ім уласціва строгая паслядоўнасць у перадачы сюжэта, уключэнне рытмічна арганізаваных формул, своеасаблівая распрацоўка мастацкіх дэталей, якія запавольваюць казкавае дзеянне, эпізуюць сюжэт.
Мясцовая супольнасць ганарыцца казкамі Лідзіі Міхайлаўны, яны з’яўляюцца своеасаблівым брэндам Уздзеншчыны. Дзеці ў школах раёна з задавальненнем чытаюць мясцовыя казкі, яны ўвайшлі ў рэпертуар дзіцячага фальклорнага гурта "Калыханка" Міханавіцкага дома фальклору Мінскага раёна