У народнай культуры Бярозаўскага раёна традыцыя вырабу выявы птушкі расшчапленнем драўніны мае даўнія глыбокія карані. Птушка трывала існавала ў быце сялян не адно стагоддзе і набыла свае адметныя рысы і формы з адмысловымі прыёмамі выканання.
Сфарміраваныя формы надаюць птушцы лёгкасць і чуласць да руху паветра. У абрысах праглежваецца імкненне да развароту перынак у кола, што вонкава нагадвае стылізаванае сонейка ці расчыненую далонь, якая аберагае, ахінае. Выразаны па краях перынак узор мае геаметрычныя, традыцыйныя формы трохкутніка. Калі перынкі зводзяцца ў замок, трохкутнікі змыкаюцца, і атрымоўваецца прамавугольнік.
Шчэпавая птушка з’яўляецца традыцыйнай цацкай для немаўля. Лёгкая, рухомая птушка, як расчыненая далонь маці, адначасова з’яўляецца і абярэгам для яго ад “дурнога вока”, “урокаў”. У час Вялікіх святаў птушка ўпрыгожвала чырвоны кут, аберагала дом і сям’ю.
Традыцыя вырабу птушак прасочваецца з 18-19 стагоддзяў, да 40-50 гадоў мінулага стагоддзя яна трывала бытавала і была традыцыйнай дэталлю інтэр’еру. Спробу аднавіць тэхналогію вырабу птушкі зрабіў майстар Юркевіч С.С. ў 80-я гады. Удзел майстра ў разнастайных выстаўках, конкурсах, навучальных праграмах стваралі інфармацыйнае поле, што стварала ўмовы для з’яўлення цікавасці да традыцыі і тэхнікі выкананння. З моманту адкрыцця Цэнтра раместваў (2012г.) стасункі метадыста–майстра Лаўрыновіча А.А. з носьбітамі сталі больш дасканалымі і поўнавартаснымі. Сёння Лаўрыновіч А.А., Юркевіча С.С., Пракапчук А.К. з’яўляюцца пераемнікамі сакрэтаў рамяства, вырабляюць класічныя формы птушкі з адметнымі асаблівасцямі, характэрнымі для індывідуальнай творчасці.
Майстры з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі шмалікіх выставак і свят народнай творчасці, птушка заўсёды прыцягвае наведвальнікаў. Сучасныя носьбіты традыцыі ажыццяўляюць перадачу свайго майстэрства праз правяденне майстар-класаў, бо лічаць сваё ўменне каштоўнасцю, якая павінна жыць і перадавацца ад пакалення да пакалення
Бабруйская кераміка мае сваё непаўторнае аблічча – вылучаецца своеасаблівымі прапорцыямі, спалучэннем бескаляровай палівы з багатым каларытам чырвонай гліны, сціплымі дэкарыраванымі абводкамі і штампікамі, спецыфічнай канструкцыяй накрывак і ручак. Для вырабаў бабруйскіх майстроў характэрна чысціня форм, колеру, лаканічнасць пластыкі і дэкору, яркая падкрэсленасць прыроднай прыгажосці матэрыялу.
Усе гэтыя адметныя асаблівасці, што сфарміравалі мастацкае аблічча гліняных вырабаў бабруйскіх майстроў, захоўваюцца і сёння, як і сакрэты найстаражытных прыёмаў апрацоўкі гліны.
У наш час у Бабруйску і Бабруйскім раёне ганчарнае рамяство развіваецца дзякуючы сапраўдным майстрам і прыхільнікам керамікі: аматарскім аб'яднаннем “Стары майстар” і “Беларуская мастацкая кераміка”, ганчарным рамесніцкім майстэрням. Ганчары Бабруйскага раёна не толькі зберагаюць традыцыйную тэхналогію гліняных вырабаў, але і прыўносяць новае ў тэхналагічны працэс, пры гэтым у кожнага майстра застаецца свой стыль, адчуванне прыгожага.
Па ініцыятыве народнага майстра Юрыя Іванавіча Боўды распачаўся рух за адраджэнне, захаванне і развіццё ганчарнай справы ў Бабруйскім раёне і ўвогуле на Магілёўшчыне. Юрый Іванавіч валодае старымі тэхналогіямі чорназадымленай і абварной керамікі, вывучае і папулярызуе мясцовыя традыцыі ганчарства, перадае свае веды маладому пакаленню. Майстар з'яўляецца куратарам дзіцячага ўзорнага калектыву “Глечыкі” Цэнтра рамёстваў г. п. Глуша, выхаванцы якога пераймаюць багаты вопыт майстра. Дзякуючы такім майстрам ганчарнае рамяство на Бабруйшчыне і далей будзе развівацца, набываючы ўсё больш прыхільнікаў
Драўляныя народныя музычныя інструменты бытавалі ў інструментальнай традыцыі практычна на ўсёй тэрыторыі Беларусі. На Падняпроўі папулярнасць музычных інструментаў непасрэдна звязана з існуючымі рэгіянальнымі традыцыямі. Майстры Круглянскага раёна па вырабу драўляных музычных інструментаў працягваюць традыцыі, закладзеныя іх папярэднікамі. Самымі запатрабаванымі былі і застаюцца тут шумавыя, ударныя i духавыя драўляныя музычныя інструменты.
У в. Ваўканосава сёння гуртуецца асяродак таленавітых майстроў па вырабу драўляных музычных народных інструментаў, якім кіруе Аляксандр Антонавіч Харкевіч. Своеасаблівы талент і майстэрства вырабляць драўляныя музычныя інструменты Аляксандр Антонавіч унаследаваў ад сваіх продкаў спевакоў-музыкантаў. У юнацкія гады самастойна зрабіў свой першы бубен, сур’ёзна ж гэтай справай пачаў займацца з 1990 г. Рамяство самародка звязана з самастойным спазнаннем таямніц драўляных сакрэтаў. Сваім унутраным слыхам ён чуе, як адгукнецца дрэва ў тым або іншым інструменце. Самае музычнае дрэва, як лічыць майстар, — гэта дуб, які не толькі добра глядзіцца і апрацоўваецца, але і ўмее выдаваць чароўны гук.
Інструменты ваўканосаўскіх майстроў адметныя мясцовым каларытам, надзеленыя рэгіянальнай спецыфікай. Кожны інструмент вырабляецца з асобым падыходам, па асобных чарцяжах, памерах, гукавых характарыстыках. Значную ўвагу майстры надзяляюць падрыхтоўцы i апрацоўцы дрэвавага матэрыялу.
А. А. Харкевіч стварыў сапраўдны аркестр з амаль трох дзясяткаў музычных інструментаў з дрэва, сярод якіх кляшчоткі, трашчоткі i клякоткі, дудкі i бубны, пранікі, набіліцы i шмат іншых.
Тэхналогія вырабу драўляных музычных інструментаў майстрамі Круглянскага раёна з'яўляецца выдатным узорам народнага рамяства. Майстры перадаюць свае веды музыкам мясцовай школы, удзельнікам фальклорнага ансамбля “Бяседачка”, навучаюць сваіх дзяцей і ўнукаў