Гарадоцкае ажурнае ткацтва "Кісея" адносіцца да ўнікальнага віду беларускай народнай творчасці. Адметнай асаблівасцю ажурных тканін – ручнікоў, "набожнікаў", абрусаў, – з'яўляецца разрэджаная сеткавая структура. Малюнак ствараюць празрыстыя геаметрычныя шэрагі палос і квадратаў. Для ткацтва такіх тканін выкарыстоўваюцца адбеленыя ільняныя ніці. Краі вырабаў упрыгожваюцца карункамі, вязанымі кручком (?) з белых ільняных нітак.
У Гарадоцкім раёне дадзены від ткацтва сустракаецца паўсюдна. Тэхніка з'яўляецца часткова перададзенай, а ў большай частцы адноўленай па шматлікіх артэфактах, знойдзеных у час экспедыцый, а таксама пры дапамозе метадычных дапаможнікаў і навуковай літаратуры майстрам па ткацтве Гарадоцкага Дома рамёстваў Гушчай Марынай Леанідаўнай. Зараз М.Л. Гушча з'яўляецца асноўнай носьбіткай, працягвае глыбей вывучаць гісторыю і тэхналогію элемента, лічыць яго каштоўнасцю Гарадоччыны.
Ручнікі Марыны Леанідаўны выкарыстоўваюцца на шматлікіх абласных і раённых святах у якасці выставачных экспанатаў. Яна актыўна ўдзельнічае ў конкурсах майстроў народных рамёстваў і промыслаў, яе праца заўсёды адзначаецца на высокім узроўні. Марына Леанідаўна ажыццяўляе перадачу старажытнай тэхналогіі ажурнага ткацтва праз правядзенне майстар-класаў для жыхароў і вучняў Гарадка. На базе Гарадоцкага Дома рамёстваў працуе майстэрня па ткацтву, у якой размешчаны кросны. На занятках вучні знаёмяцца з гісторыяй ажурнага ткацтва і вывучаюць яго працэс
Закладное ткацтва – тэхналогія вырабу тканых узораў, для выканання якіх ужывалася ўточная нітка, якая закладвалася ўручную, а не чаўнаком, як у іншых тэхніках ткацтва.
Закладныя тканіны (заклады) ткалі ў 2 ці 4 ніты. Пры гэтым атрымлівалася тканіна рыпсавага (радзей палатнянага) перапляцення, часам з характэрнымі зазорамі на вертыкальных абрысах малюнка: ніткі ўтку рознага колеру не злучаюцца паміж сабой, а заварочваюцца на суседніх ніцях асновы. Асаблівасць тэхнікі выкання вызначала прастату арнаменту са ступеньчатым контурам – шурпы (ромбы), квадраты, прамавугольнікі, трохвугольнікі, крыжы і інш. Гэта тэхніка з'яўляецца адной з найбольш старажытных тэхнік беларускага народнага ткацтва. Распаўсюджаная раней у многіх рэгіёнах Беларусі, сёння сустракаецца як выразны лакальны варыянт у в. Семежава Капыльскага раёна
Лакальная традыцыя роспісу велікодных яек у г. п. Сапоцкін Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці з’яўляецца адным са старажытнейшых народных відаў роспісу, якія ўвайшлі ў абрад святкавання Вялікадня, прымеркаванага да народных веснавых свят.
Для роспісу вырыстоўваецца спецыяльны самаробны інструмент – «шпілька»– палачка з убітым у тарэц цвічком, пчаліны воск, натуральны фарбавальнік чорна-карычневага колеру з настою кары дубу, альхі, альховых шышак і ржавага жалеза.
Найбольш пашыраны і любімы матыў Сапоцкінскіх майстрых – круг-разетка, які размяшчаецца па цэнтру яйка, свабодныя плошчы запаўняюцца паўразеткамі, кропкамі, ланцужкамі. Нярэдка цэнтры разетак пападаюць на канцы яйка. Такая кампазіцыя дыктуецца асаблівасцямі тэхналогіі: майстрыха вялікім і ўказальным пальцамі трымае яйка на канцах і па крузе наносіць узор з кропелек.
Трыдыцыйным малюнкам на яйках у Сапоцкіна з’яўляецца нанясенне старажытных матываў: птушкі (курыцы), кветкі (рамонкі, дзмухаўцы), яловыя галінки.
Мясцовая майстрыха Юрчэня Антаніна пераняла традыцыю ад маці і перадала сваім вучаніцам – Ларысе Касіцкай і Алене Лашэвіч. Жанчыны карыстаюцца традыцыйнай тэхналогіяй роспісу, дзеляцца сакрэтамі «пісанак» з дзецьмі мясцовай школы, унукамі, жыхарамі і гасцямі г. п. Сапоцкін праз майстар-класы і семінары, фестывалі, заняткі ў гуртках раённага Дома рамёстваў. Жыхары пасёлка Сапоцкін ганарацца і стараюцца зберагчы гэту старажытную традыцыю