Падняпроўская гліняная цацка-свістулька – гэта ручны выраб з гліны, прызначаны для атрымання свісту, розных гукаў і выконвання мелодый.
У старажытнасці арэал распаўсюджвання Падняпроўскай глінянай цацкі – гэта тэрыторыя Верхняга Падняпроўя. У большасці свістулькі ўвасаблялі такія вобразы, як птушка, курка, пеўнік, качка, конь, козлік, баранчык (авечка), сабачка, бычок, мядзведзь, вершнік на кані, вадзяны свісток “салавейка”. Радзей сустракаліся сава (сыч), парсюк (свінка, дзік), рыбка, алень (лось). Напрыканцы ХІХ ст. гарадскія майстры, у прыватнасці Магілёўскія, паступова пачыналі, пад уплывам рынку і расійскіх цацак, адыходзіць ад традыцыі. Маглі зрабіць ката, чарапаху, жабку, ільва, барыню. Хаця гэтыя вобразы былі вядомыя нашым продкам з даўніны. Яны сустракаюцца як багі, духі, татэмы роду, на ручніках і ў фальклоры. Калі ж вырабы мелі 4 і больш ігравых адтулін, гэта былі ўжо сапраўдныя акарыны.
Толькі ў Падняпроўскай глінянай цаццы ёсць такія вобразы і формы як, птушка, качка, конь, птушка-конь (качка-конь), Крычаўскі конь (качка-конь), вершнік на качцы, вершнік на качцы-кані,
вершнік на кані, коне-певень. Яны адразу адрозніваюцца і вылучаюцца сваёй вобразнасцю, умоўнасцю, пластычным лаканізмам, асаблівымі тэхналогіямі вырабу. З далёкіх архаічных часоў менавіта патомныя майстры ўсходняга Магілёўскага Верхняга Падняпроўя, пераймаючы прыёмы лепкі і характар трактоўкі вобразаў, данеслі амаль да пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя стылістыку, сімвалы, гукі і подых старажытнасці.
Адрадзіў Падняпроўскую цацку-свістульку напачатку 1990-х гадоў народны майстар Вячаслаў Мікалаевіч Якавенка, які і ў цяперашні час вырабляе і папулярызуе ўсе формы і вобразы гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя: праводзіць майстар-класы, прэзентацыі, семінары, гутаркі, чытае лекцыі, з’яўляецца кіраўніком узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Свісцёлка” раённага Цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Крычаўскага раёна”. У г. Магілёве традыцыю лепкі арыгінальных гліняных цацак аднаўляе народны майстар Любоў Міхайлаўна Яшчанка, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Чароўная гліна” ДУА “Педагагічны комплекс яслі-сад-школа №44 г. Магілёва”.
Майстры-носьбіты папулярызуюць Падняпроўскую гліняную цацку-свістульку на розных мерапрыемствах, такіх як фестывалі, конкурсы, агляды, святы, семінары, прэзентацыі, сустрэчы, выставы, форумы, майстар-класы, якія праходзяць у Беларусі, Расіі і іншых краінах.
Гістарычна човен прадстаўляе сабой выдзеўбаную з цэльнага камля дуба, сасны, асіны ці ліпы лодку-аднадрэўку. У залежнасці ад выкарыстанага матэрыялу вар’іруюцца і назвы гатовых вырабаў: з ліпы – ліпаўка, з асіны – асінаўка, з ветлы (вярбы) – вятлоўка. На тэрыторыі Палесся човен быў вельмі распаўсюджаным транспартным сродкам амаль да канца ХХ ст. Прызначэнне выдзеўбаных чаўноў было розным: ад перавозкі да бліжэйшых населеных пунктаў грузаў і людзей – да рыбнай лоўлі і палявання. Выраб прыпяцкіх чаўноў мае свае рэгіянальныя адрозненні. Памеры чаўноў вар’іраваліся ад 2,5 да 10 м даўжыні і 1–1,5 м шырыні. Падобныя памеры дазваляюць павялічыць грузапад’ёмнасць чоўна да трох дарослых мужчын. Памеры залежалі ад прызначэння чоўна і шырыні ракі ці канала. На човен выбіраецца дрэва з тоўстым ствалом і моцнай драўнінай, без вялікіх сучкоў і дэфектаў на паверхні. Кіраванне чоўнам ажыццяўлялася непасрэдна адналопасным вяслом без уключын. Палескае вясло мае сваю адметнасць – папярэчыну на ручцы, якую тут называюць «мыліца». Тэхналогіі вырабу чоўна перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў сем’ях і вясковай супольнасці. Для вырабу чоўна выкарыстоўваліся: сякера, струг, капыл прамы і каленчаты (закруглены), рубанак для ашалёўкі бакоў чоўна.
На сённяшні дзень ў в. Перароў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці некалькі майстроў займаюцца даўбёжным рамяством, вырабляюць і карыстаюцца чоўнамі. Гэта Швец Леанід Іванавіч і Масла Уладзімір Васільевіч. Майстры захоўваюць і перадаюць веды і навыкі па вырабу прыпяцкага чоўна жыхарам Жыткавіцкага раёна і зацікаўленым асобам з усёй Беларусі
Выцінанка – традыцыйнае мастацтва выразання з паперы, распаўсюджанае на тэрыторыі Беларусі. На беларускіх землях яна з'явілася падчас станаўлення мясцовай папяровай вытворчасці ў XVI стагоддзі. Першапачаткова вырабы з паперы выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання царкоўных інтэр'ераў, абразоў. У XIX-пачатку XX стагоддзяў выцінанка стала традыцыйным заняткам. Яе выкарыстоўвалі ў царкоўных і свецкіх інтэр'ерах у якасці апраўлення вокнаў, дзвярэй, а таксама як абрусы і сурвэткі. У гэты ж час сталі папулярныя партрэтныя сілуэтныя выразанні і аб'ёмныя кампазіцыі з паперы — выявы птушак, ліхтароў, зорак асабліва падчас каляндарных святаў. У 1960-1970-я гады ў Беларусі адбылося адраджэнне выцінанкі, але ўжо на больш прафесійным узроўні. У абласных цэнтрах і рэгіёнах фарміруюцца аб'яднанні і школы майстроў, з'яўляюцца навуковыя даследаванні і публікацыі. На сённяшні дзень мастацтва выразання з паперы выкладаецца ў многіх установах адукацыі: мастацкіх школах, вучылішчах і універсітэтах. Пры гэтым выцінанка працягвае заставацца спосабам творчага самавыражэння. Рознымі шляхамі перадаюцца традыцыйныя веды і навыкі па выразанню з паперы з пакалення ў пакаленне. Для беларускай выцінанкі характэрныя каларыстычная стрыманасць, функцыянальнасць, кампазіцыйная строгасць. Стылістычна яна спалучаецца з іншымі відамі народнага мастацтва і сімволікай народнага арнаменту. Традыцыйна майстры выкарыстоўваюць розныя прыёмы выразання з паперы – ад простага выразання сіметрычных кампазіцый нажніцамі да злучэння складаных фігур з дапамогай нажніц і стамескі. На захадзе Беларусі выкарыстоўваецца традыцыйная тэхніка выразання па кардоне з дапамогай спецыяльнага разца і малатка. Сучасная беларуская выцінанка адрозніваецца багаццем і разнастайнасцю жанраў і форм, кампазіцыйных рашэнняў. Але ў яе аснове ляжаць гістарычны вопыт, падыходы і метады, выпрацаваныя майстрамі з розных куткоў Беларусі.