Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

  • Выцінанка – від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з чорнай, белай альбо каляровай паперы, а таксама тэхніка традыцыйнага выразання з паперы. Асноўныя рысы народнай выцінанкі – сіметрыя і дэкаратыўнасць вобразаў. У беларускай выцінанцы выкарыстоўваюцца восевы (люстраны), радыяльны і рапортны віды сіметрыі, а таксама сінтэз некалькіх яе відаў. Прызначэнне выцінанкі – насценнае і столевае ўпрыгажэнне, фіранка на акно, сурвэтка, рагавічок на паліцу, цацка для дзіцяці, аздабленне для абраза, труны. У цяперашні час выцінанка папулярна як самастойны твор мастацтва для ўпрыгожвання інтэр'еру, тэхніка графічнага мастацтва для афармлення кніг, плакатаў, паштовак і інш.
  • Выцінанка – адзін са старажытных відаў ДПМ на тэрыторыі Беларусі з канца ХVI ст. Магчыма першымі папяровымі ўзорамі былі кустодыі (аздобы для аховы васковых і сургучных пячатак на дакументах). З даступнасцю паперы ў сялянскім асяроддзі з’яўляецца ўтылітарная выцінанка. Ёй аздаблялі вокны (фіранкі), сцены, мэблю, чырвоны кут, элементы святочных убораў (галаўныя ўборы, калядная зорка). У першай палове ХХ ст. выцінанка перажывае караткачасовы росквіт. У пасляваенны час амаль знікае, але з канца 80-х вяртаецца ў новым сучасным рэчышчы, але з выразным традыцыйным напрамкам.Даследчыцкая дзейнасць па выяўленню, аднаўленні па памяці традыцыйных узораў, носьбітаў гэтага віду народнай творчасці спрыяла цікавасці да гэтага віду выкладчыкаў, прафесійных мастакоў. Стваральнікам Маладзечанскай школы выцінанкі з’яўляецца Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава (1937-2014 г.ж.). У 1987 годзе яна пачынае працаваць у ДМШ г.Маладзечна настаўнікам ДПМ. Выразанне выцінанак вельмі спадабалася вучням. Вікторыя Мікітаўна распрацоўвае рабочую праграму па выцінанцы для малодшых і старэйшых класаў мастацкай школы. У 1992 годзе Маладзечанскі гарвыканкам дае дазвол на адкрыццё «Класа народнага мастацтва» пры ДМШ для выпускнікоў школ па спецыяльнасці: выцінанка, апрацоўка саломы, ільну, разьба па дрэве. Вучэбная праграма ўдасканальвалася, вялася даследніцкая праца над вывучэннем беларускага арнаменту, сімвалізму выяў і тэхнічным прыёмам выцінанкі. У 1995 годзе пры Маладзечанскім музычным каледжы імя М.К.Агінскага было адкрыта аддзяленне ДПМ. Багаты творчы і педагагічны вопыт Чырвонцавай В.М. дазволіў стварыць абгрунтаваную методыку выкладання выцінанкі і вучэбную праграму, зацверджаную Міністэрствам культуры РБ у 2001 годзе. У ходзе экспедыцый 2018г. па Клецкаму раёну быў вынайдзены элемент мастацтва выцінанка (ДУ «Клецкі раённы цэнтр культуры», кіраўнік экспедыцыйнай дзейнасці Пілецкая В.А).Зафіксавана Пілецкай Вольгай у ходзе экспедыцый 2018 года з апытання Лобкі Ганны Іосіфаўны 1941 года нараджэння, жыхаркі вёскі Кухчыцы Клецкага раёна:напярэдадні Вялікдня прыбіралі хату ў папяровыя карункі. Набывалі тонкую цыгарэтную паперу ў «шпікулянтаў», што хадзілі па хатам, і выбівалі гільзамі з-пад куль фіранкі на вокны. Чаму гільзамі? А таму, што нажніцы пасля вайны не ў кожнай хаце былі, а гільзаў на зямлі валялася колькі хочаш рознага дыаметру. Тэхналогія простая — клалі паперу на малюнак (напрыклад, на абрус), абводзілі рысы алоўкам. Затым клалі паперу на драўляную калодку і высякалі ўдарам малаточка гільзамі дробненька дзірачкі па намалёваным контуры. А хто і сам прыдумляў узоры : птушкі, кветкі. А далей з бінта ўсё рабілі, нешта там на вілку наматвалі… Зафіксавана Пілецкай Вольгай у ходзе экспедыцый 2018, 2019 года з апытання Рамашкі Соф’і Іванаўны, 1942 года нараджэння, жыхаркі агр. Морач Клецкага раёна: рабілі папяровыя фіранкі са звычайных газет. Кіпу газет, каб фіранкі на вокны былі аднолькавыя, клалі на драўляную калодку, алоўкам малявалі абрысы кветак ( ці птушак, хто што прыдумае) і высякалі гільзамі з дапамогай малаточка. Зубчыкі па краю фіранкі рабілі нажніцамі. Гэтыя кветачкі падмалёўвалі вішневым колерам, лісточкі—зяленым. Фарбаў у продажы хапала, бо жылі на мяжы з Польшчай, і гэтай фарбай малявалі, што тканіну і ніткі фарбавалі. Мацавалі гэтыя фіранкі запаранай бульбай. А яшчэ выцінанкай на Морачы аздаблялі «чырвоны кут»,дзе сядзелі маладыя на вяселлі… Я дык са сваім мужам і пазнакомілася, як раз як фіранкі сядзела на ганку біла, а ён з дзвюма баханкамі хлеба пад пазухамі падыйшоў. Зафіксавана Пілецкай Вольгай у ходзе экспедыцый 2018 года з апытання Баршчэўскай Ганны Уладзіміраўны 1942 г.н. жыхаркі горада Клецка: да замужаства жыла ў вёсцы Шчэпічы Клецкага раёна. Помню, як рабілі ўсё гэтага «Павучка» з паперы, прыкладна ў канцы 50-х і ў пачатку 60-х. Па прызначэнню нагадвае саламянага павука, але больш просты. З саломы, то красівы, але ж рабіць доўга, ды і шкада спальваць, калі павуцінне заводзілася. Рэзалі павучка, калі час быў, каб хату ўпрыгожыць. Нарэжаш, развернеш, а тады за лапкі яго, дый бэльку пад столлю. Вісеў ён доўга, а калі павуцінне заводзілася, змёў мятлой ды і ў печку. Каб павялічыць памер паперы, лісты склейвалі запаранай бульбай, а замест грузікаў выкарыстоўвалі сушаныя сліўкі. Паперу маглі выкарыстоўваць чарцёжную, ці якую хто знойдзе. Зафіксавана Пілецкай Вольгай у ходзе экспедыцый 2019 года з апытання Васілеўскай Алены Уладзіміраўны 1936 г.н. жыхаркі вёскі Гурнаўшчына:гэта нашы першыя фіранкі былі з газет. Ото кіпу бралі, па краям сшывалі, а далей хлопец у нас адзін быў, рысаваў хораша. То бяжым да яго і ён нам ужо малюе, а потым ужо на достачку пакладзеш, ды звычайным нажом рэжаш. Як ужэ выражаш, так і будзе. Зараз не магу, рукі слабыя. А далей ужо з марлі ці бінта доўгія рабілі. На лямпачку марлю нацягвалі ды грабушком, што вошы вычосваць, раздзвігалі ніткі. Ды і на абразы тожа вешалі. А потым яшчэ на базары папяровыя фіранкі куплялі, на іх кветачкі наклеяныя з бумагі былі, мо хто і сам рабіў. А тады, як ужэ лепш жыць сталі, то ўжэ і з ткані рабілі фіранкі. З апытання 2021 г.Казлоўскага Сяргея Казіміравіча 1976 г.н. жыхар горада Клецка: упершыню выцінанкай у школе займаўся, сняжынкі рэзалі, але асобай цікавасці гэта праца не вызывала. Яшчэ мама расказвала, як выцінанкі выразала і хату прыбірала да свята: на паліцы, іконы (замест рушніка выцінанку вешала).Мае выцінанкі нясуць мастацкі характар з выкарыстаннем традыцыйных тэхнік. Выкарыстоўваю раслінныя і геаметрычныя матывы, абрысы людзей і жывёлін. У асноўным, ў сваіх выцінаках прытрымліваюся сіметрыі. Пілецкая Вольга Аляксандраўна 1987 года нараджэння, жыхарка горада Клецка: каб знайсці сляды выцінанкі на Клеччыне, штогод арганізоўваю рад даследчых экспедыцый, вяду цеснаю працу са старэйшымі носьбітамі, пераймаю і асвойваю тэхналогію вырабу мясцовых фіранак. Ствараю калекцыі асабістых сучасных выцінанак, са сродкаў масавай інфармацыі – часопісаў, газет, як і ў даўнешнія часы. Творчая выцінанка цесна звязана з культурнымі з’явамі «Прыдарожныя крыжы», «Вакенцы закінутых хатаў» і інш. Працы з тлумачэннем можна назіраць на асабістай старонцы Інстаграм voliechka_piletskaya.
  • Выцінанка – ажурны ўзор, выразаны з чорнай, белай або каляровай паперы. З канца 19 ст. сустракаецца ў інтэр’еры сялянскага жыцця на тэрыторыі Беларусі, выцінанкай аздаблялі вокны, сцены, мэблю, выкарыстоўвалі у якасці элементаў для святочных убораў, галаўных ўбораў, элементаў каляднай зоркі. Выцінанкі штогод замяняліся на новыя. У цяперашні час выцінанкі выконваюць з дапамогай нажніц, разцоў з белай альбо рознакаляровай паперы. Тэхніка вырабаў выцінанкі здаецца вельмі простай, але патрабуе веданне асноў кампазіцыі, настойлівасці, захаплення гэтай справай.
“вэсну співаты” “провады зімы” "драць заяц" абрад абрады абраз аброк абыход абыход двароў арнамент, узор аснова бандарнае рамяство бандарства баран баранава батлейка беларуская дуда беларуская саломка белаўзорыстае ткацтва, традыцыя, ручнік берда божая маці бортнік бульбяныя бліны бурдон бэтлейка бярэзінскі раён в. пагост вада валёнкі валянне велікодны карагод, "лука", маркава воўна выдаўбіць човен выразанка выразкі вырэзванне з паперы выстрыганка выцінанка выцінанка-выбіванка вышыўка вялікдзень вянкі вярба вяселле вясельныя гульні, песні, "рагаты" каравай, звычай г.п.мір габелен гаворка ганчарства гліна гліняная свістулька гліняная цацка гуканне вясны гульні гульня гурт даўбёжнае рамяство дзед дзежка дзень абраза маці боскай казанскай дзеці дранікі дрэва дуда дудар дударская музыка дударства дудары дудзелкі дудка-выкрутка душа дываны дыялект дыялог дэмбрава ежа жлоб жніво жораўскі хлеб, "кулітка", бохан, хлеб на сыроватцы жывёла жытні хлеб запусты засуха, дождж, магія, ураджай ігрышча “ката пячы” інсіта, мастацтва прымітыву, наіўнае мастацтва інструменты кадрыля кадычак казкавыя сюжэты казкі калода, борць, вулей каляда калядная зорка калядная зорка случчыны, звязда, шчадрэц каляды каляндар камень, паданне, аброк, маладыя, здароўе камяні каравай каравайніцы каравайніцы, дзяжа, мука, печ, “шышкі” карагод карагоды касцёл каталіцтва кваснік кераміка клёцкі конік, шчодры вэчор кросны кросны, перабор, набіванкі, подвязь, штапноўка крыжы крыніца культ камянёў купалаўскі тэатр купалле куст кухня лагойшчына лапці лірыка лодка-аднадрэўка лыка лялька лясное бортніцтва майстар макавей макатка маляванка маляванкі маска масла масленіца масленка музыка мядовы спас найгрыш, капэля. вясельны марш, вальс, намётка народная гульня неглюбка неглюбскі строй павук падвойнае ткацтва пакланенне палессе паломніцтва пальмавая (вербная) нядзеля панажы панямонне папера