Мастацкія практыкі саломапляцення ў Беларусі – гэта гістарычна і ментальна ўкаранёны ў жыццё беларусаў комплекс ведаў, тэхналогіі мастацкіх прыёмаў апрацоўкі саломкі збожжавых раслін, уяўленняў аб духоўнай каштоўнасці і сімволіцы матэрыялу і вырабаў з яго, абрадавых практык іх ужывання, які атрымаў у сучаснасці значнае мастацкае развіццё. Беларускае саломапляценне характарызуецца разнастайнасцю відаў ужывання матэрыялу і прыёмаў рамяства, форм вырабаў. Іх пераклік значна пашырыўся на этапе сучаснага развіцця практык саломапляцення у выніку ўзбагачэння прыёмамі прафесійнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і разумення пластычных магчымасцяў матэрыялу, пашырэння сферы прызначэння вырабаў Вылучаюцца наступныя віды мастацкай апрацоўкі саломкі: спіральнае пляценне; пляценне прамых і аб’ёмных пляцёнак; саламяная пластыка; канструяванне з саломін (“павукі”). Найбольш характэрныя віды вырабаў з саломкі: разнастайныя ёмістасці (каробкі, сявенькі, караба і інш. спіральнага пляцення), брылі, капелюшы (прамое пляценне); скарбонкі (аб’ёмнае пляценне), цацкі: птушкі, лялькі, конікі, козлікі і інш., скульптура на каркасе з афармленнем дэкаратыўнымі элементамі, саламяныя кветкі, галаўныя ўборы: капелюшы, вянкі, кароны, пано для інтар’ераў, сувеніры, саламяныя павукі.
Мастацкі набытак сучаснага саломапляцення грунтуецца на калектыўных традыцыях сялянскага саломапляцення і бесперапынна ўзбагачаецца індывідуальнымі творчымі дасягнення асобных аўтараў. У сучасным развіцці беларускага саломапляцення назіраецца жывы працэс ператварэння аўтарскай інавацыі ў калектыўную традыцыю. Плеяда майстроў старэйшага пакалення Вера Гаўрылюк, Таісья Агафоненка, Ларыса Лось, Лідзія Главацкая і іншыя ў станковай саламянай пластыцы (тэматычныя кампазіцыі, птушкі, коні, лялькі) сцвердзілі неабмежаваныя выразна-вобразныя і дэкаратыўна-пластычныя магчымасці саломапляцення. Сучасныя беларускія вырабы з саломкі маюць своеасаблівы стыль, што выяўляецца ў агульна прынятай назве для асобных вырабаў так і агульнай характарыстыцы мастацкай з’явы – “беларуская саломка”. Вызначэнне “беларуская саломка” набыло значэнне нацыянальнага брэнду, мастацкія вырабы і сувеніры з саломкі беспамылкова асацыіруюцца з Беларуссю, сведчаць аб творчых здольнасцях і працавітасці беларусаў
Традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне ў Старадарожскім раёне ўяўляе сабой адметную старонку ў гісторыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. Творчасць майстрых саламянай аплікацыі з вёскі Рухава ўзняла гэты від народнай творчасці на высокі мастацкі ўзровень і сфарміравала адметныя мясцовыя традыцыі вырабу так званых “рухаўскіх” дываноў.
Пачынальніцай мясцовай мастацкай традыцыі стала Кацярынай Максімаўнай Русаковіч, якая стала развіваць распаўсюджаны ў пасляваенны час спосаб дэкаравання жылых памяшканняў і ствараць вырабы, што выклікалі захапленне не толькі ў жыхароў сваёй і суседніх вёсак, але і ў аматараў народнай творчасці па ўсяму Савецкаму Саюзу. Майстрыха натхніла сваякоў і аднавяскоўцаў, сярод якіх высокага ўзроўню майстэрства дасягнулі Надзея Міхайлаўна Пілюк і Марыя Міхайлаўна Русаковіч. Апошняя з іх выгадавала маладых пераемнікаў рамяства, супольнасць якіх сёння дзейнічае ў Старадарожскім раёне.
Традыцыйныя рухаўскія дываны ўяўляюць сабой насценныя пано рознага памеру, дэкараваныя аплікацыяй з рознакаляровай саломкі па чорнай тканіне, нацягнутай на драўляны падрамнік. Для падрыхтоўкі вялікай колькасці элементаў кампазіцыі адмысловым чынам нарыхтаваныя і пафарбаваныя саламяныя стужкі наклеіваюцца на паперу, а пасля з суцэльных лістоў, пакрытых саломкай, выразаецца патрэбная колькасць дэталей будучага ўзору па загадзя падрыхтаваных шаблонах у адпаведнасці з эскізам дывана. Сіметрычнае размяшчэнне саламяных узораў па ўсёй паверхнасці пачынаецца з галоўнага цэнтральнага матыву, якім могуць быць пышны букет кветак, дрэва з птушкамі, пара аленяў, зайцоў або галубоў, выкананыя ў наіўна-рэалістычнай манеры і абрамленыя раслінным вянком. Па краю дыван мае акаймоўку з разетак, кветак і раслінных парасткаў, якая звязвае ў адзінае кампазіцыйнае цэлае рамку. У кутах і па баках адыходзяць размешчаныя букеты кветак скіраваныя да цэнтра, фон паміж буйнымі ўзорамі запаўняецца дробнымі кветкамі і лісцем. Узоры звычайна паліхромныя і іх яркі колер ззяе на чорным фоне. Дываны могуць быць розных памераў, але на думку даследчыкаў, “асаблівай прыгажосцю вызначаюцца вялікія, здольныя зрокава “трымаць” не толькі адну сцяну, але і ўвесь інтэр’ер”. Па сведчанню доктара мастацтвазнаўства Я. Сахуты менавіта рухаўскія майстрыхі давялі “мастацтва аплікацыі саломай па тканіне да гранічнай дасканаласці”.
Майстры Старадарожскага цэнтра рамёстваў забяспечваюць жыццядзейнасць, захаванне і папулярызацыю традыцыі вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне. Дарослыя і дзеці пад кіраўніцтвам майстроў засвойваюць майстэрства стварэння рухаўскіх дываноў праз пераемнасць і супрацоўніцтва са старэйшымі майстрамі, лічаць каштоўнасцю мясцовую мастацкую традыцыю і ганарацца сваімі таленавітымі продкамі
Спіральнае пляценне Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў і горада Віцебска – традыцыйнае рамяство, якое распаўсюджана на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Тэхналагічны спосаб заключаецца ў тым, што жгуты саломы, пачынаючы са дна вырабу, выкладваюцца па спіралі і сшываюцца паміж сабой гібкімі расчэпленымі пруткамі лазы, палоскамі лыка, яловымі ці сасновымі каранямі, раней – ніткамі з раслінных валокнаў (лён, крапіва, каноплі), а на сённяшні дзень – ніткамі прамысловай вытворчасці. Тэхналогія вырабу нагадвае не столькі пляценне, колькі сшыванне, тым больш што для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльнае прыстасаванне ў выглядзе іголкі – кадычак, швайка з дубовай галінкі. Для фармавання саламянага жгута выкарыстоўваецца полая трубачка. Тэхніка пляцення забяспечвае розныя формы вырабаў. Зберагаючы прыродныя вартасці матэрыялаў, майстры ствараюць не проста карзіну, сумку, кораб, а прадуманыя да дробных дэталяў мастацкія вырабы.
Сярод усёй разнастайнасці плеценых вырабаў з саломы вылучаецца група гаспадарчага начыння, здаўна і паўсюдна пашыранага ў народным побыце – карабы, карзіны, кублы, каробкі для рукадзелля і інш. Аб’ядноўваюцца гэтыя вырабы не толькі характарам прызначэння – для збору, пераноскі і захавання прадуктаў, але і спосабам вытворчасці – спіральным пляценнем. Пластыка гэтых вырабаў і да нашага часу захавала першапачатковую прастату і прадуманасць формаў, іх адпаведнасць прызначэнню вырабаў. Дзякуючы сваім спецыфічным якасцям, саламянае начынне не сустракала канкурэнцыі з боку стварэння вырабаў з іншых шырокадаступных матэрыялаў і таму бытавала практычна паўсюдна. Яно ўжывалася для захавання зерня, мукі і іншых сыпкіх прадуктаў, а таксама іх пераноскі. У некаторых выпадках плеценыя вырабы служылі для зберажэння адзення і іншых каштоўных рэчаў. Бо вырабы ў тэхніцы спіральнага пляцення былі гіграскапічнымі, іх не грызлі мышы. Характэрныя ўтылітарныя якасці плеценага начыння абумовілі яго выкарыстанне і ў якасці пчаліных вулляў.
Плеценыя з саломы вырабы маюць выразную, дасканалую форму, а дробны дыяганальны ці спіральны ўзор лазовага перапляцення на жгутах саломы ажыўляе фактуру самаго вырабу, робіць яго паверхню прыгожай. Несумненна, пры стварэнні вырабаў у тэхніцы спіральнага пляцення ўлічвалася не толькі ўтылітарнае прызначэнне, але і іх мастацкі выгляд. На сённяшні дзень прасочваецца дэкаратыўна-прыкладное прызначэнне плеценых сучасных рэчаў: талеркі, каробачкі, ёмістасці для гарбаты і кавы, каробкі для рукадзелля, званочкі, калачыкі, пано і шмат іншых вырабаў