Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы «Масляны баран» у вёсцы Мацюкова Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці – гэта тэхналогія прыгатавання хатняга масла і яго эстэтычнага афармлення ў выглядзе «барана» па традыцыйнай рэцэптуры, характэрнай для кухні мясцовай вясковай супольнасці.
Прыгатаванне гэтай стравы пачынаецца са збору смятаны. Затым у спецыяльнай драўлянай бойцы ўзбіваецца масла. Калі масла збілася, зліваецца маслёнка, прамываецца масла ў некалькіх водах, абавязкова соліцца; масла сціскаюць у камок прадаўгаватай формы, і выразаюць фігуру барана. Пры дапамозе марлі ці бінта робіцца авечая поўсць (воўна), якая ножыкам лёгка прыціскаецца да выразанай фігуры. З воску робяцца рожкі, з гарошку перцу – вочкі. Апошнім штрыхом з’яўляецца ўпрыгожванне «Маслянага барана» рознай зелянінай (рутай, шпарагусам, пятрушкай).
«Масляны баран» – святочная страва, але сёння яна выкарыстоўваецца і ў штодзённым хатнім ужытку, гатуецца на розныя мерапрыемствы і ўрачыстасці, для прыезджых гасцей.
Элемент перадаецца ад пакалення да пакалення ў сям’і Струй, члены якой транслююць веды, звязаныя з элементам, у форме вуснага тлумачэння і практычнага паказу ўсім жадаючым вяскоўцам. «Мясляны баран» з’яўляецца адметнай праявай лакальнай культуры харчавання в. Мацюкова і ўспрымаецца супольнасцю як каштоўнасць
Традыцыйная тэхналогія выпечкі жытняга хлеба ў вёсцы Дзеркаўшчына Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца жывой унікальнай праявай лакальнай культуры.
У вёсцы старажытную рэцэптуру і тэхналогію захоўваюць і практыкуюць некалькі сем’яў. Носьбіты традыцыі выпякаюць хлеб для ўласнага ўжывання, а таксама па замове аднавяскоўцаў, для розных свят і мерапрыемстваў.
Працэс прыгатавання жытняга хлеба складаецца з некалькіх стадый: прыгатаванне квасніка (закваскі), квасу, на якім расчыняецца хлеб, замескі і выпечкі хлеба.
Традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне ў сем’ях в. Дзеркаўшчына, а таксама праз мясцовую сістэму адукацыі. Яна прызнаецца носьбітамі ў якасці іх спадчыны