Штогод у аграгарадку Маркава на першы дзень Вялікадня адбываецца ваджэнне “Велікоднага карагода “Лука””. Лука – гэта дугападобны паварот ракі, а таксама мыс, які абгінаецца ракой. Жыхары аграгарадка ладзяць карагод каля царквы Святой Жываначальнай Троіцы. (У дадзены момант месца правядзення абрада ўдакладняецца). Самая старэйшая жанчына Маркава Віктарава Марыя Пятроўна ў цэнтры карагода растаўляе “качаны”. Яны ўяляюць сабой асобныя групы дзяцей (ад трох да дзесяці). Вакол “качаноў” водзяць карагод адмысловым чынам. Вадзіць карагод першапачаткова дазвалялася толькі асобам жаночага полу. У цяперашні час да карагода далучаюцца мужчыны і дзеці. Удзельнікі карагода спяваюць песню “Ой, Лука, мая Лука”.
У ДУА “Маркаўская сярэдняя школа Маладзечанскага раёна” мясцовымі настаўнікамі вядзецца праца па перадачы традыцыі. Шмат маладых людзей удзельнічаюць у карагодзе на Вялікдзень.
“Велікодны карагод “Лука”” з’яўляецца ўстойлівым элементам лакальнай культуры, які спрыяе выхаванню ў новых пакаленняў паважлівых адносін да звычаяў продкаў і захаванню сваёй культурнай адметнасці. Больш у раёне такая традыцыя нідзе не прадстаўлена.
Мясцовая супольнасць прызнае вартасць карагода і вызначае яго як частку сваёй культурнай спадчыны, якую неабходна перадаць будучаму пакаленню.
Абрад “Конікі” штогод ладзіцца ў Шчодры вечар 13 студзеня сярод жыхароў Давыд-Гарадка. Уяўляе сабой калядны абыход хат гуртамі начале з "Конікам". Жыхары города асобнымі групамі калядоўшчыкаў у традыцыйных і сучасных масках уваходзяць у кожны дом з песнямі-шчадроўкі і музыкай, добрымі пажаданнямі, разыгрываюць сцэнкі. Гаспадары шчодра іх адорваюць. Традыцыйныя маскі — гэта Дзед і Баба (сімвалізуюць продкаў), вершнік на Кані (ён носіць на сабе адмысловым чынам вырабленую канструкцыю з маскай Каня, сам апрануты ў шынэль, у руках шабля або іншыя атрыбуты), Мядзведзь, якога вядзе на ланцугу Цыган, Цыганка з лялькай-немаўлём варожыць, Воўк з трубой або горнам сігналіць пра падыход начных шчадроўнічкаў, Чорт, Смерць з касой — пужаюць дзяцей, а Бык, Казёл, Карова, Ліса, Баран, Заяц уключаюцца ў тэатралізаванае дзейства па сітуацыі. Прычым, многія маскі — з музычнымі і сігнальнымі інструментамі: ражок, горн, гармонік, акардэон, баян, барабан і іншыя. На чале кожнага гурта – традыцыйная маска Каня з вершнікам.
У многіх сем’ях беражліва захоўваецца абрадная калядная атрыбутыка. Маладыя мужчыны самі ствараюцьь для сябе “Коніка” і іншыя маскі. Маскі робяць таксама ў школах і па месцы працы, там жа ствараюццца гурты, вучацца абыгрываць маскі і спяваць.
Існаванне да сённяшняга часу абыходаў з каляднай зоркай, выканеннем шчадровак ў Давыд-Гарадку ў жывой традыцыі сведчыць пра яе каштоўнасць для мясцовай супольнасці, якая падтрымлівае і захоўвае яе як частку сваёй культуры
Традыцыя вясновых карагодаў у Пінкавічах складаецца з ваджэння кругавых гульнёвых карагодаў у першы дзень Вялікадня, у нядзелю праз тыдзень, называемую Праводнай, і ў панядзелак пасля Праводнай нядзелі. У панядзелак ладзяць «Провады зімы», падчас якіх кругавыя карагоды змяняюцца на карагод-шэсце: жанчыны рухаюцца за сяло з абрадавай песняй, бягуць і разрываюць «путы зімы», сімвалічна нацягнутыя праз вуліцу, варожаць на ўдачу ва ўсіх жаночых клопатах летам.
Карагоды, якія на мясцовай гаворцы называюць «танкы», гэта старажытны від народнага мастацтва, у якім арганічна спалучаюцца песні, рух і гульнёвае драматызаванае дзеянне. Асноўныя ўдзельнікі – жанчыны вёскі Пінкавічы, цяперашнія і былыя ўдзельніцы народнага фальклорнага калектыву «Крыніцы». Па ходу шэсця да спявачак далучаюцца іншыя жыхары вёскі, жанчыны і дзяўчаты становяцца разам і водзяць карагоды.
Вясновыя карагоды пачынаюцца ў першы дзень Вялікадня. Жанчыны пасля святочнай службы ў царкве і святкавання дома пачынаюць вадзіць танкі на вуліцах вёскі. Раней увесь Велікодны тыдзень вадзілі карагоды, але зараз гэтая частка традыцыі не практыкуецца, а становяцца жанчыны ў карагоды ў асноўныя дні, што абазначаюць пачатак і завяршэнне святочнага перыяду. Карагод «Траўка-мураўка» водзяць у два кругі, адзін унутры другога, «Скачэ горобэйко дай по юлоньцы» – гульнёвы карагод з «верабейкам» у крузе, «Тарасова жона» – своеасаблівая жартоўная замалёўка сялянскага побыту, дзе круг выконвае ролю сцэны. Нават такі старажытны кананічна-дыялогавы карагод «Проса», які ў асноўным вядомы сваёй харэаграфічнай формай «сценка на сценку», у Пінкавічах таксама мае кругавую форму. Танок-гульня «Пойдэмо в ляс» дэманструе дзяленне аднаго круга на два, рост яго па памеры ў залежнасці ад колькасці ўдзельніц і давядзенне да стану двух роўных колаў, якія зноў зліваюцца. Пасля ваджэння карагодаў спявачкі ідуць працягваць свята ў танцах і сямейным застоллі, захоўваючы спрадвечныя традыцыі вёскі.
Праз тыдзень пасля Вялікадня ў Праводную нядзелю адбываюцца тыя ж дзеі, што і на Вялікдзень. У панядзелак пасля Праводнай нядзелі адбываецца абрад, прысвечаны выгнанню зімы з вёскі або «Провады зімы». Звычайна ў гэты дзень таксама адбываецца служба ў царкве, пасля якой водзяць танкі. Калі службы няма, спявачкі збіраюцца на пачатку вуліцы Якуба Коласа каля музея, або каля клуба і ідуць да ракі, на скрыжаваннях водзяць карагоды такія ж, як на Вялікдзень і Праводную нядзелю. Падчас шэсця па вуліцы спяваюць «Да проводымо зыму да за гай, за долыну». Крок пераходзіць на бег, жанчыны бягуць і рвуць сімвалічныя «путы зімы» – нацягнутыя ніткі, вяроўкі, шнуры, якімі перагароджана вуліца. Да карагодаў далучаюцца іншыя жыхары вёскі, а таксама дзяўчынкі ад мала да вяліка. Дзеці, мужчыны, іншыя дарослыя, якія не ўдзельнічаюць у карагодах, суправаджаюць шэсце і загадзя перагароджваць дарогу да ракі.
Калі выходзяць за вёску, жанчыны выбягаюць на луг ля ракі, забягаюць у ваду і вырываюць якую-небудзь расліну з вады. Мераюцца: у каго даўжэйшая, тая будзе спраўнейшая і шчаслівейшая ў гэтым годзе. Пасля гэтага вясну ўжо не спяваюць і танкі не водзяць, а вяртаюцца ў вёску, спяваючы траецкія песні
Галоўнымі носьбітамі традыцыі веснавых карагодаў з’яўляюцца сталыя жыхары в.Пінкавічы, удзельнікі народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Крыніцы», які дзейнічае на базе Пінкавіцкага СДК, а таксама дзеці з калектыву-спадарожніка «Крынічанькі». Традыцыя веснавых карагодаў захоўваецца дзякуючы энтузіязму жыхароў і намаганням культработнікаў, якія ганарацца сваёй вёскай і яе культурнымі традыцыямі, таму беражліва іх захоўваюць і стараюцца перадаць маладому пакаленню