Абрад гукання вясны “Чырачка”, што праводзіцца ў апошні дзень Масленіцы, адметная этнічная рыса жыхароў Тураўшчыны. Назва абраду паходзіць ад назвы дробнай качкі “чырачкі” (“чырок”), выяву якой выпякаюць з цеста ў якасці абрадавага пачастунку ў выглядзе коржычкаў, бо лічыцца, што качкі на сваіх крылах прыносяць вясну. Гэтае печыва ўдзельнікі абраду раздаюць аднасяльчанам, якіх сустракаюць па дарозе на самае высокае месца ў ваколіцы – Чарнычовы Горы – узвышшы на ўскрайку сяла, куды ідуць, каб раскласці вогнішча і спаліць ляльку Зімы, з песнямі-вяснянкамі пагукаць вясну і заклікаць чырачку-качачку. На гары таксама водзяць карагоды, спажываюць абрадавыя стравы, качаюцца з гары, а на самае высокае дрэва ўмацоўваюць упрыгожаную ёлачку – сімвал дзявоцтва і вясны жыцця. Традыцыя з’яўляецца дзявочай, асноўныя яе ўдзельнікі – маладыя дзяўчаты, але ім на дапамогу прыходзяць жанчыны сярэдняга і сталага веку. Мужчынскі ўдзел дастаткова абмежаваны.
Адметным элементам тонежскага гукання вясны з’яўляюцца песні-вяснянкі (“Чырачка”, “Грушка”, “Арынка”, “Перапёлачка” і інш.) і карагодныя спевы (“Яшчур”), што выконваюцца ў традыцыйнай манеры.
Цяпер, калі ў Тонежы значна зменшылася колькасць насельніцтва, абрад спраўляюць мясцовыя спявачкі з гурта “Танежанка” і іх пераемніцы — удзельніцы гурта-спадарожніка “Верас”, падлеткі і моладзь. Абрад перадаецца ў вясковай супольнасці, у сем’ях ад пакалення да пакалення, а таксама праз клубную работу са старэйшым, сярэднім і малодшым пакаленнем жыхароў вёскі, праз пераемнасць спеўных і танцавальных, іншых традыцый ад старэйшых захавальнікаў спадчыны, работу з таленавітымі дзецьмі праз навучанне іх традыцыйным спевам, танцам, вусным формам фальклору, абрадавай практыцы падчас святаў народнага календара
Абрад пераносу свячы адбываецца ў в. Наваселле Бярэзінскага раёна 2 разы на год: на Ушэсце (саракавы дзень пасля Вялікадня) і на свята абраза Маці Божай Казанскай (4 лістапада). Абрад складаецца з сукання свячы ўвечары перад пераносам і асноўных абрадных дзеянняў у святочны дзень: уласна пераносу, агульных маленняў і ўрачыстых застолляў у хаце, адкуль выпраўляюць і дзе прымаюць свячу.
“Свячой” завецца як сам абрад, так і комплекс рытуальных прадметаў, што складаеца са свечкі, абраза Казанскай Божай маці і другога з выявай Ушэсця, ручнікоў, якімі пакрыты абразы. Свяча знаходзіцца ў жыхароў вёскі Наваселле па чарзе і ўрачыста пераносіцца ў новую хату двойчы на год.
У навуковай літаратуры выказваецца думка, што абрады пераносу свячы маюць старажытнае паходжанне і актуалізуюцца ў пэўнай супольнасці пад уплывам шэрагу гістарычных абставін. У Наваселлі, адпаведна ўспамінам жыхароў, свячу пераносілі здаўна. Пад уплывам савецкай антырэлігійнай прапаганды ў міжваенны час абрад не здзяйсняўся і быў адноўлены пад час Другой сусветнай вайны.
Свяча вызначаецца супольнасцю як каштоўнасць, у абрадзе ўдзельнічаюць сем’ямі, далучаюць дзяцей. Прыезжыя пераймаюць абрад ад суседзяў. Людзі, што не жывуць стала ў Наваселлі, прыязджаюць у родную вёску адмыслова каб паўдзельнічаць у абрадзе
Абрад ваджэння Кусты на другі дзень Тройцы з’яўляецца этнічнай адметнасцю жыхароў Пінскага Палесся. У Лобчы абрад існуе ў жывой традыцыі дзякуючы ініцыятыве мясцовых жыхароў – дзейнасці народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Лабчанка”.
Абрад суправаджаецца куставымі песнямі, з характэрнай разнастайнасцю тэкстаў, музыкай.
Абрад пачынаецца да абеду, калі яго ўдзельніцы (жанчыны і дзяўчаты) збіраюцца ў хаце ў адной з жанчын. З клёну робяць вянок і адзенне для Кусты, на ролю якой выбіраюць вясёлую прыгожую дзяўчыну.
Гурт з Кустай абыходзіць вёску з куставымі песнямі, просячы гаспадароў двароў адарыць Кусту. Гаспадары дараць хлеб, пірагі, мёд, мяса, сала, яйкі, напоі, даюць грошы, некаторыя накрываюць стол і частуюць усіх удзельніц абраду. Пасля таго, як абыход завершыцца, гурт накіроўваецца туды, дзе ўсе збіраліся перад абрадам і пакінулі прыгатаваныя дома стравы. Усе ўдзельніцы абраду імкнуцца сарваць па некалькі лісткоў з “Кусты”. Жанчыны вераць у лекавую моц гэтай зеляніны. Вяночак Кусты вешаюць на покуць. Завяршаюцца абрадавыя дзеі агульным святочным застоллем.
Кусту ў Лобчы водзяць з незапамятных часоў, традыцыя перадаецца ад пакалення да пакалення.
Практыка абраду мае ўстойлівы характар: ён вызнаецца жыхарамі в. Лобча як элемент іх нематэрыяльнай культурнай спадчыны, пераемнасць традыцыі адбываецца дзякуючы ўдзелу ў святочнай дзеі дзяўчат-падлеткаў