Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены элементу НКС “Стравы з таркаванай бульбы – дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя – традыцыі прыгатавання і ўжывання”

Шырокае распаўсюджванне страў з таркаванай бульбы – асаблівасць нацыянальнай кухні беларусаў, якая сфарміравалася ў канцы ХІХ ст. і захоўваецца да цяперашняга часу. У сям’і кожнага беларуса на стале нязменна прысутнічаюць дранікі, бабка і іншыя стравы, якія сталі своеасаблівым гастранамічным брэндам нашай краіны.

Прапанова аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці  традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў паступіла ў 2021 г. ад Гродзенскай вобласці, да яе пажадалі далучыцца іншыя рэгіёны краіны. Першапачаткова падрыхтаваныя матэрыялы былі вывучаны і абмеркаваны экспертамі ў межах круглага стала, на якім былі выпрацаваны рэкамендацыі па дадатковаму вывучэнню, навуковай апрацоўцы і пашырэнню матэрыялаў прапановы. Адпаведна рэкамендацыям ўсімі абласцямі ў 2022 г. у Міністэрства культуры былі прадстаўлены матэрыялы рэгіянальных прапаноў.

у артыкул.jpg

Беларуская рэспубліканскай навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны 13 мая 2022 г. адзінагалосна падтрымала ініцыятыву аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыям прыгатавання і ўжывання страў з таркаванай бульбы – дранікаў, бульбяных бліноў, бабкі і іншых. Багацце і разнастайасць рэгіянальных бульбяных прысмакаў прадставілі гаспадыні і спецыялісты ўстаноў культуры Гродзенскай вобласці. Пастановай Міністэрства культуры ад 16.05.2022 № 28 ганаровы статус быў нададзены, і нематэрыяльная каштоўнасць уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

У падрыхтоўцы прапановы прынялі ўдзел 66 раёнаў, у якіх сабрана больш 200 народных рэцэптаў, якімі падзяліліся каля 500 носьбітаў кулінарных традыцый. Адпаведная карта падцвярджае, што паўсюль сёння гатуюць дранікі, у 24 раёнах гаспадыні любяць гатаваць вялікія бульбяныя бліны, а ў 20 раёнах захоўваюць традыцыі прыгатавання бульбянай бабкі, кішкі і іншых адметных страў з таркаванай бульбы.

карта.jpg

Гісторыя гэтых страў на нашых землях пачынаецца ў ХІХ ст., калі паступова ўвайшла ў гаспадарку бульба, сфарміраваліся кулінарныя спосабы і прыёмы яе прыгатавання. Асаблівай разнастайнасцю адрозніваюцца стравы, прыгатаваныя з сырой здробненай на тарцы або здзертай бульбы. Адсюль і назвы – таркаваная бульба, таркаванка, дранка, дранікі, драчонікі і інш. Стравы аднолькава зручна гатаваць і ў традыцыйнай печы, і на сучасных газавых ці электрычных плітах або духоўках, таму гэта кулінарная традыцыя – агульная для вёскі і горада. Стравы з таркаванай бульбы, адціснутай праз клінок, – клёцкі “з душамі” на прыкладзе Віцебскай вобласці ўжо ўключаны ў Дзяржспіс, таму ў гэту прапанову ўвайшлі стравы, прыгатаваныя з вадкай або адцэджанай бульбянай рошчыны з разнастайнымі дадаткамі.

Больш старадаўняй стравай з’яўляецца бабка, прыгатаваная ў гаршчочку, якая гатуецца працяглы час ў печы са шкваркамі або без іх. Гэта даўнейшы, менш працаёмкі для гаспадыні спосаб прыгатавання, але больш працяглы па часе Бульбяную рошчыну са шкваркамі наліваюць для запяканя ў свіныя кішкі (страва называецца кішка, налівашка або бульбяная кілбаса), але сёння найчасцей бульбяную масу наліваюць для запякання на патэльню ці іншую плоскую форму. Бульба ў Беларусі сталася надзейным сурагатам жыта, яе часта дадавалі нават у хлеб, і тым больш у бліны, з і якіх яна паступова амаль выцесніла муку. Яны аказаліся настолькі смачнымі, што шмат дзе аддаюць перавагу менавіта бульбяным блінам перад мучнымі.

Самую распаўсюджаную і вядомую на сённяшні дзень бульбяную страву – дранікі выпякаюць у выглядзе невялікіх аладак з таркаванай бульбяной масы амаль без мукі, з дадаткам толькі солі, часам, яшчэ цыбулі і яйка. Выбар складнікаў для дранікаў – справа выключна майстэрства гаспадынь і выбару спажыўцоў. Калі дранікаў атрымалася многа, іх тушаць у гаршчочках. Менавіта такі спосаб захоўвання прыгатаваных у запас дранікаў з’яўляецца найбольш традыцыйным і смачным.

Майстэрства гаспадынь праяўляецца ў прыгатаванні дранікаў з разнастайным начыннем – мясным фаршам, салам, грыбамі, тварагом, фасоляй, гароднінай і іншымі дабаўкамі. Неад’емным складнікам культуры прыгатавання і ўжывання дранікаў з’яўляюцца стравы, якія традыцыйна падаюцца да дранікаў і бульбяных бліноў – смятана, тварог з кіслым малаком, мачанка, верашчака, яечня, грыбная поліўка, іншыя соўсы. У матэрыялах прапановы адлюстравана мноства каларытных мясцовых назваў бульбяных страў, прынятых у лакальных супольнасцях.

Асноўнай формай пераемнасці кулінарных ведаў, навыкаў, майстэрства прыгатавання, усведамлення каштоўнасці мясцовых традыцый з’яўляецца, найперш, сямейнае выхаванне. Мясцовыя супольнасці гаспадынь, якія падтрымліваюць высокі ўзровень і сакрэты кулінарнага майстэрства ў прыгатаванні разнастайнасць бульбяных страў, садзейнічаюць зацікаўленасці маладога пакалення ў пераемнасці ведаў і навыкаў.

Немалаважная роля належыць спецыялістам устаноў культуры, якія праз комплексную сістэму даследвання, захавання і папулярызацыі традыцыйнай культуры надаюць значную ўвагу асаблівасцям рэгіянальнай кухні. Раённымі і абласнымі ўстановамі культуры распрацаваны шэраг мерапрыемстваў па прэзентацыі мясцовых бульбяных прысмакаў, у якіх удзельнічаюць больш за 70 арганізацый культуры.

Ініцыятыва па наданню статусу традыцыям прыгатавання страў з таркаванай бульбы знайшла шырокі розгалас у СМІ. Выйшаў шэраг публікацый, інтэрв’ю і тэлевізійных сюжэтаў, якія праяўляюць вялікую зацікаўленасць грамадства да традыцый і сучаснага стану беларускай бульбянай кухні і жаданне зацвердзіць яе каштоўны статус у грамадскай свядомасці.

Газета “Культура”:
Ці мае права дранік называцца нацыянальным прадуктам? (Культура, № 21 (1564) 21.05.2022 - 27.05.2022 г.)
Прыняць рашэнне аб... смакаце (Культура, № 20 (1563) 14.05.2022 - 20.05.2022 г.)
Сакральны сэнс дранікаў (Культура, № 12 (1555) 19.03.2022 - 25.03.2022 г.)
Дранікі як нацыянальная каштоўнасць (Культура, № 4 (1547) 22.01.2022 - 29.01.2022 г.)

Тэлерэпартажы:
Вкусное достояние: в Беларуси драники признали историко-культурной ценностью страны (Телеканал Мир, 28.05.2022)
С тыквой, фасолью и даже творогом. Какие уникальные рецепты драников существуют в Беларуси? (СТВ, 26.05.2022, «Минск и минчане» за 21.05.2022)
Дранікі афіцыйна атрымалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці (Беларусь 1, 15.05.2022)
Найден ли рецепт идеальных драников? (Беларусь 1, 01.05.2022)

У Інвентары НКС апублікаваны анатацыя прапановы і прэзентацыя нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці.
Праз некаторы час на сайце будуць даступны матэрыялы і зборнікі рэцэптаў па кожнай вобласці. 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.