Абрад “Намскі Вялікдзень” праводзіцца штогод у чацвер Велікоднага тыдня і з’яўляецца адметным праяў¬леннем лакальнай культурнай традыцыі аг. Аброва Івацэвіцкага раёна. Ён належыць да так званых «заветных празнікаў» ці аброчных дзён, свят, якія былі ўстаноўлены як падзяка або аброк Богу за дапамогу жыхарам вёскі пры ўзнікненні эпідэмій, мору, засухі і інш. Першапрычынай жа ўстанаўлення свята ў Аброва з’явілася збаўленне вёскі ад хваробы і смерці дзяцей, якое здарылася на пачатку ХХ ст. Тады, каб выратаваць сваіх дзяцей, жыхары вырабілі за адну ноч аброчны ручнік і разам з іконай Божай Маці здзейснілі хрэсны ход вакол вёскі, пасля чаго хвароба адступіла.
З той пары ў чацвер на велікодным тыдні абраз Маці Божай – Храніцелькі аброўскай, у спецыяльнай хатцы (ківоце) выносіцца з Міхайлаўскай царквы і разам з харугвамі і крыжам “абыходзіць” у святочнай працэсіі двары вёскі.
Абрад «Намскі Вялікдзень» аброўцаў з’яўляецца жывой і актуальнай традыцыяй, якая спалучае народныя абрадавыя элементы з хрысціянскай духоўнасцю, адлюстроўвае спецыфічна вясковую ментальнасць і сістэму каштоў¬насцей лакальнай вясковай супольнасці
Традыцыя паломніцтва і пакланення «Блакітнай крыніцы» праводзіцца падчас народнага свята Макавей, які вядомы як Мядовы Спас, а таксама звязана з ушанаваннем Жыватворнага Крыжа Гасподняга, Божай Маці і святых пакутнікаў сямі братоў Макавеяў.
У свяце, якое штогод праводзіцца 14 жніўня, удзельнічае практычна ўсё насельніцтва розных узроставых і сацыяльных груп бліжэйшых да крыніцы вёсак Слаўгарадскага раёна і раённага цэнтра. Жыхары Прысожжа – Магілёўскай і Гомельскай абласцей, а таксама сумежных тэрыторый Расіі і Украіны (Смаленшчыны, Браншчыны, Чарнігаўшчыны) у гэты дзень ужо больш за 1000 гадоў збіраюцца да святой «Блакітнай крыніцы», каб набраць вады з хрысцільні Вадохрышча сваіх продкаў.
Людзі, якія прыходзяць на свята бяруць удзел у хросным ходзе, малебне, асвячэнні крынічнай вады і купанні ў ёй. Cвятары хрысцяць малых дзяцей і дарослых. Завяршаецца свята наведваннем і пакланеннем асвячоным старажытным каменным валунам, што знаходзяцца на нерукатворнай паляне, дзе крыніца размешчана. Сама крыніца – цікавы і незвычайны прыродны аб’ект. Вада ў ёй мае пастаянную тэмпературу +8º С, не замярзае зімой і не награваеццца летам.
Паломніцтва да «Блакітнай крыніцы» і свята 14 жніўня з’яўляюцца шырокамаштабнай культурнай з’явай, і з года ў год прыцягваюць увагу не толькі мясцовай супольнасці, якая лічыць гэту традыцыю сваёй нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю, перадае яе ад пакалення да пакалення, але і для насельнікаў іншых рэгіёнаў краіны
Традыцыя пакланення каменным крыжам вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці належыць да так званых аброчных рытуалаў, якія здзяйсняюцца шляхам прынясення аброкаў сакральным месцам ці аб’ектам, а ў дадзеным выпадку – каменным крыжам. У якасці аброка выступаюць тэкстыльныя вырабы (ручнікі, хусты, фартушкі), разнастайныя ўпрыгожванні (пацеркі, ланцужкі), сакральная велікодная ежа, грошы і інш. Пакідаючы аброк, мясцовыя жыхары просяць у камянёў здароўя, шчасця, дабрабыту для сябе і сваіх блізкіх.
Характар элемента прадвызначае захаванне сакральнай функцыі, ужо практычна страчанай у многіх іншых элементаў спадчыны.
Мясцовыя жыхары ахоўваюць каменныя крыжы, шануюць іх, турбуюцца як пра жывых дзяўчынак, прыбіраюць, шчыра вераць у іх звышнатуральную сілу.
Перадача аброчнай традыцыі ажыццяўляецца ад пакалення да пакалення сярод жыхароў вёсак. Аднак, цудадзейныя магчымасці каменных “дзевачак” таксама прыцягваюць увагу людзей з розных куткоў Беларусі і блізкага замежжа, якія прыязджаюць да крыжоў, каб папрасіць аб самым патаемным