Дрыбінскія шапавалы
Творчасць майстроў-шапавалаў Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці адметна майстэрскім валоданнем унікальнай і рэдкай тэхналогіяй валяльнай здабычы.
Валяльны промысел здаўна распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Беларусі. На Магілёўшчыне захаваліся невялікія асяродкі патомных майстроў валяльнай справы, ці «шапавалаў» (лакальная назва), якія практыкуюць выраб валёнак, шапак-магерак, брылёў і інш. Адным з такіх асяродкаў з’яўляецца Дрыбінскі раён. Менавіта валянне шапак і дало саматужнікам назву «дрыбінскія шапавалы». Сёння на Дрыбіншчыне працуе больш за дзясятак майстроў-шапавалаў, якія захоўваюць і перадаюць рамяство сваім пераемнікам. У запісах Е.Р. Раманава адзначаецца, што шапавальства на Дрыбіншчыне ўзнікла на пачатку ХVІІІ ст. Здаўна майстры карыстаюцца сваёй сакрэтнай мовай, якая атрымала назву «катрушніцкі лемязень». Выпрацавана яна была, каб трымаць у сакрэце прыёмы рамяства. Сёння лексічны склад таямнічай мовы шапавалаў налічвае 915 слоў. Вырабы дрыбінскіх шапавалаў славяцца сваёй трываласцю і прыгажосцю, захапляюць сваім дэкорам. Гэта – галаўныя ўборы для мужчын шапкі-магеркі ў выглядзе каўпака або ўсечанага конусу і шапкі-брылі, а таксама цёплыя, па-майстэрску зробленыя валёнкі. Адметнай рысай шапавальства з’яўляецца адсутнасць складаных прылад працы. Нездарма пра шапавала кажуць: «Дзе шапавал стаў, там і яго стан». Форум для отзывов 11 не существует. |
|

