“Юраўскі карагод” з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА!

“Юраўскі карагод” з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА!

Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны завяршыў сваё 14-е пасяджэнне, якое прайшло ў сталіцы Калумбіі з 9 па 14 снежня 2019 г.

Камітэт уключыў 35 элементаў у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, ўнёс два праекты ў Рэестр лепшых практык аховы і пяць элементаў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова. Сярод пяці элементаў, патрэбу ў тэрміновай ахове якіх прызнала ЮНЕСКА, знаходзіцца і вясновы абрад Юраўскі карагод у в. Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Вясновы абрад, які ладзяць жыхары Пагоста на свята Юр’я – першы элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якому быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь ў 2004 г. Пагост – гэта невялікая вёска з насельніцтвам каля 500 чалавек, размешчаная недалёка ад старажытнага Турава. Вёска знаходзіцца ў цэнтры Прыпяцкага Палесся, вядомага сваёй адметнай экасістэмай, якая ўключае найбуйнейшы ў Еўропе лесабалотны комлекс і пойму ракі Прыпяць. Фалькорныя традыцыі гэтага рэгіёну адрозніваюцца разнастайнасцю лакальных форм, элементаў і рысаў культуры, мовы, побыту і светапогляду.

Карагод з даўніх часоў ладзіўся на свята Юр'я, 6 мая ў вёсках з наваколля горада Турава. Абрад скіраваны на забеспячэнне ўрадлівасці зямлі і дабрабыт. Песні, прымеркаваныя да гэтага абраду, памятаюць і спяваюць у многіх вёсках, аднак цэласная абрадавая традыцыя захавалася толькі ў вёсцы Пагост. Свята Юр'я ўключае ў сябе шэраг традыцыйных спеваў, магічных дзеянняў і забаў. Да свята рыхтуецца ўся вёска, хаты і двары прыбіраюцца, людзі рыхтуюць святочнае адзенне. Жанчыны выпякаюць і ўпрыгожваюць абрадавы каравай, які таксама мае назву “карагод”. Раніцай наступнага дня ўсе жыхары вёскі выпраўляюцца ў поле. Наперадзе працэсіі маладыя дзяўчаты нясуць вышыты ручнік, мужчыны – ікону, упрыгожаны каравай, васьміканцовую зорку і зялёны фартух, прымацаваны на граблі, які пры выхадзе з поля будзе заменены на чырвоны. Працэсія ідзе па вуліцах вёскі да поля, засеянага жытам, там большасць удзельнікаў спыняецца на ўскрайку, а жанчыны, што спяваюць рытуальныя песні і мужчыны, якія нясуць хлеб і ікону, выходзяць у цэнтр поля, вакол іх жанчыны і дзяўчаты водзяць карагоды. Акрайчык чорнага ("ахвярнага") хлеба закопваюць у зямлю з просьбай да Бога даць добры ураджай. Пасля карагодаў у полі, удзельнікі абраду ідуць праз усю вёску, спяваючы песні і раздаючы кавалкі рытуальнага хлеба аднавяскоўцам. Жыхары вёскі адорваюць карагодніц яйкамі і печывам. Гулянні, спевы і карагоды ў цэнтры вёскі працягваюцца да самага вечара. У іх прымаюць удзел жыхары Пагоста, суседніх вёсак і госці.

Для далейшага існавання абраду існуюць пэўныя рызыкі і небяпека. Гэта дэмаграфічныя праблемы, паколькі насельніцтва вёскі змяншаецца і моладзь з’язджае ў гарады. Маладыя людзі пакідаюць вёску з-за адсутнасці рабочых месцаў, існуе пагроза пераемнасці традыцыі. Не гледзячы на гэта, старэйшыя ўдзельніцы абраду пастаянна працуюць з маладымі дзяўчатамі і хлопцамі, вучаць іх песням і танцам, вышыўцы, мясцовай кулінарыі. Да мясцовых удзельніц абраду далучаюцца жыхары суседніх вёсак: музыканты, танцоры, якім вельмі падабаецца гэта дзейнасць, і яны з задавальненнем далучаюцца да святаў Пагоста. Стварае пагрозу глабалізацыя і стандартызацыя паўсядзённага жыцця, моладзь часта пераймае больш сучасныя формы правядзення вольнага часу, адыходзячы ад сваёй спадчыны і абіраючы каштоўнасці іншай культуры. Неабходна ствараць механізмы заахвочвання і матывацыі для моладзі, каб яны з павагай адносіліся да культуры продкаў і яе каштоўнасцей. Мае месца і фалькларызацыя элемента НКС, звязаная з неабгрунтаванай эксплуатацыяй носьбітаў традыцыі з боку мясцовых улад падчас розных афіцыйных мерапрыемстваў. Актыўныя носьбіты абраду, якія валодаюць песеннай і танцавальнай традыцыяй арганічна могуць існаваць толькі ў сваім асяроддзі. Устойлівасць элемента НКС цалкам залежыць ад устойлівага развіцця самой вёскі Пагост і паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў рэгіёне.

Вясновы абрад «Юраўскі карагод» з'яўляецца фактарам кансалідацыі мясцовай супольнасці і формай яе культурнага самавыяўлення, якой яны ганарацца. Ён змог захавацца ў савецкія часы, калі забараняўся, а носьбіты пераследаваліся, што сведчыць аб жыццяздольнасці і адаптыўнасці дадзенай традыцыі, зможа і сёння працягваць быць актуальным пры ўмове далейшай падтрымкі і ажыццяўленні сістэмы мераў па яго захаванні і папулярызацыі. Трэба адзначыць, што вёска Пагост вядомая не толькі абрадам "Юраўскі карагод", але і багатымі кулінарнымі традыцыямі, песеннай і танцавальнай творчасцю, якія таксама адлюстроўваюць яе самабытнасць, сацыяльны і культурны патэнцыял. Папулярызацыя гэтых форм народнай культуры і іх распаўсюджванне будзе спрыяць вядомасці вёскі, павышэнню значэння яе абрадаў, вывучэнню іх элементаў падчас мерапрыемстваў у мясцовым доме культуры і з дапамогаю спецыяльных адукацыйных праграм у школах Жыткавіцкага раёна. 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.