У Міністэрстве культуры падтрымалі прапанову аб наданні Пастаўскім дыятанічным цымбалам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці

У Міністэрстве культуры падтрымалі прапанову аб наданні Пастаўскім дыятанічным цымбалам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці

На пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбылося ў Міністэрстве культуры 11 жніўня 2023 г., прынята рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыйнаму інструментальнаму выканальніцтву на дыятанічных цымбалах у Пастаўскім раёне. З дакладам па прапанове выступіла Карпава Таццяна Анатольеўна, малодшы навуковы супрацоўнік ДУК “Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна”.

Сучасны свет поўніцца вялікай колькасцю разнастайных музычных інструментаў. Але вялікую каштоўнасць і гонар выклікаюць менавіта традыцыйныя інструменты. Пастаўскі раён ганарыцца тым, што мае магчымасць прадставіць сёння асаблівы і ўнікальны музычны інструмент Віцебшчыны – традыцыйныя дыятанічныя цымбалы.

Гонарам беларускага Паазер’я з’яўляюцца цымбалы з іх невзычайна пераліўчатым звонам. Гэты запазычаны інструмент прайшоў шматвяковую эвалюцыю і ўмацаваўся ў прафесійна-акадэмічным мастацтве Беларусі ў якасці нацыянальнага. Як сведчаць іканаграфічныя і літаратурныя крыніцы, цымбалы прыйшлі на тэрыторыяю Беларусі ў пачатку ХVI ст. Паступова інструмент распаўсюдзіўся па тэрыторыі ўсёй краіны.

У Пастаўскім раёне захоўваюць і працягваюць развіваць мясцовыя традыцыі інструментальнага выканальніцтва, жывы яшчэ і самі носьбіты традыцыйнай культуры. Гістарычна ў раёне функцыянуюць дзве выканальніцкія школы народных музыкаў: Варапаеўская і Груздаўская. Аб’ядноўваючым звяном абедзвюх школ з’яўляецца ансамбль цымбал са скрыпкай і гармонікам, яго рэпертуар, які найбольш выразна выяўляе адметную асаблівасць выканальніцкага стылю.

Пастаўшчына здаўна славілася таленавітымі музыкамі, якія шмат у чым прадвызначалі шляхі развіцця яе народнай музычна-інструментальнай культуры. Сярод іх майстар па вырабу музычных інструментаў Восіп Мікалаевіч Новік (1908-1989). Яго цымбалы прынеслі славу ўсёй груздаўскай выканальніцкай школе і канструкцыю гэтых цымбал яшчэ не паўтарыў ніхто. На сённяшні дзень цымбаламі, зробленымі Восіпам Мікалаевічам, карыстаецца сям’я Мацкевічаў.

Вырабам дыятанічных цымбалаў на Пастаўшчыне займалася не шмат майстроў. Апошнія з майстроў: Павініч Еўстафій Анісімавіч, які пайшоў з жыцця ў 2015 г., пражываў у в.  Гута, Мычко Уладзімір Міхайлавіч пражывае ў в. Дунілавічы, зусім нядаўна адзначыў свой 90-гадовы юбілей, Жагула Валянцін Пятровіч (1947 г. н.) пражывае ў г. п. Варапаева, Пачкоўскі Аляксандр Генадзьевіч (1956 г. н.) пражывае ў в. Голбія.

На Пастаўшчыне склаліся цэлыя музычныя дынастыі: Падгайскія з в. Цешалава; Мацкевічы, Новікі, Мельцы – в. Пожарцы, Крывенькія – в. Груздава і Ажарава, Крываносы з в. Біюці. Многія музыкі ўмелі добра іграць на некалькіх інструментах вучылі гэтаму дзяцей у сям’і. Сямейныя музычныя традыцыі захоўваюцца і на сённяшні дзень.

Пасля далучэння Заходняй Беларсі да БССР у 1939 г. у музычным свеце Пастаўшчыны адбыліся значныя змены. Груздаўскія музыкі аб’ядналіся ў музычную капэлу. У 1958 г. Якаў Паўлавіч Нікіцін арганізоўвае з груздаўскіх музыкаў цымбальны аркестр. У 1986 г. упершыню ў рэспубліцы пры Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза ў вучэбную праграму ўвоздіцца народная музыка Пастаўшчыны. Навучанне праводзіць Ванда Іванаўна Мацкевіч. Таксама пры школе дзейнічае адзіны ў краіне заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Паазер’е”, у складзе якога ёсць дыятанічныя цымбалы. З мэтай захавання і перадачы традыцый груздаўскіх музыкаў пры школе створаны дзіцячы інструментальны ансамбль “Пастаўскія цымбалісты”. Сёння таксама захоўваюцца традыцыі выканання на дыятанічных цымбалах і пры Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза працягвае сваю дзейнасць клас па навучанню выканальніцву на дыятанічных цымбалах, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Паазер’е” і дзіцячы інструментальны ансамбль “Пастаўскія цымбалісты”. Вучні школы і ўдзельнікі калектываў з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі разнастайных мерапрыемстваў раёна і не толькі.

На пасяджэнні Рады прысутнічаюць носьбіты і пераемнікі музычных традыцый – прадстаўнікі слыннай сям’і Мацкевічаў: Ванда Іванаўна Мацкевіч – дачка вядомага цымбаліста Пастаўшчыны Івана Іосіфавіча Мацкевіча; Вікторыя Віктараўна Кірплюк – унучка Івана Іосіфавіча Мацкевіча і Гардзей Кірплюк – праўнук Івана Іосіфавіча Мацкевіча.

IMG_20230811_095514-2.jpg

На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь Пастаўскія дыятанічныя цымбалы не маюць аналагаў. У розных рэгіёнах Беларусі цымбалы адрозніваюцца строем, памерамі, дыяпазонам, колькасцю галаснікоў, радоў, струн, іх лічбай “у хоры”. Усё гэта ўвасабляе адметнасць той ці іншай лакальнай традыцыі. Напрыклад у дыятанчных цымбалах з Вілейскага і Глыбоцкага раёна было 5 струнаў у адной “пасме”, цымбалы Пастаўскага раёна маюць па 3 струны ў “пасме”. Галоўнымі якасцямі дыятанічных цымбалаў лічацца іх строй, прынцыпы “наладкі”, выгляд малаточкаў і выманне гуку. Таксама важную ролю мае матэрыял з якого вырабляецца інструмент. Кожны майстар пры вырабе кіруецца сваімі прыкметамі пры нарыхтоўцы драўніны, улічваючы рэльеф мясцовасці, перыяд высечкі дрэва, яго ўзрост, а таксама ўмовы пры якіх жыве дрэва. На Пастаўшчыне лічыцца, што чым горш умовы, тым лепш дрэва падыходзіць да вырабу цымбалаў, таму што гук будзе больш яркі і гучны.

У завяршэнне хочацца сказаць, што самае страшнае, што можа зрабіцца ў жыцці, гэта тое, што людзі страцяць сувязь пакаленняў, свае традыцыі. Без мінулага – не будзе будучыні. Неабходна каб нехта займаўся гэтай справай. Захаванне народных традыцый павінна заахвочвацца.

Пастаўскія музыкі зберагаюць свае гістарычныя карані, прывіваюць навучэнцам любоў да сваіх нацыянальных музычных традыцый, сваёй спадчыны. Як шмат гадоў таму нашы майстры і музыкі пераймалі традыцыі ад вядомых майстроў і музыкаў сваёй мясцовасці, так і праз 20 год традыцыя будзе перадавацца далей праз яе пераемнікаў. Пастаўшчына ганарыцца сваімі музыкамі і майстрамі, а самае галоўнае іх жаданнем зберагчы і перадаць сваё майстэрства будучаму пакаленню. 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.