Рэгіянальны фестываль нематэрыяльнай культурнай спадчыны “КАРАГОДНАЕ КОЛА” ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласціПРЭС-РЭЛІЗ Рэгіянальны фестываль нематэрыяльнай культурнай спадчыны “КАРАГОДНАЕ КОЛА” адбудзецца 6-7 мая 2024 г. у рамках рэалізацыі плана аховы вясновага абраду “Юраўскі карагод” у Жыткавіцким раёне Гомельскай вобласці пры фінансавай падтрымцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА). Асноўныя месцы правядзення фестывалю – вёска Пагост і горад Тураў Жыткавіцкага раёна. Даты фестывалю выбраны невыпадкова. У дзень святкавання Юр’я, 6 мая, праходзіць традыцыйны вясновы абрад – Юраўскі карагод. У 2019 годзе ён быў уключаны ў Юраўскі карагод складаецца з абрадавых дзеянняў, накіраваных на ўрадлівасць зямлі і дабрабыт людзей. У абрад уключаны ўзоры старажытных карагодаў, песень, а таксама адметныя матэрыяльныя праявы рэгіянальнай культуры – хлеб-“карагод”, народныя строі, рушнікі і іншыя абрадавыя прадметы. Зараз абрад падтрымліваецца дзякуючы жыхарам вёскі Пагост і дзейнасці філіяла “Пагосцкі клуб-бібліятэка” ДУК “Жыткавіцкі раённы цэнтр народнай творчасці і арганізацыі вольнага часу насельніцтва”. Адна з асноўных мэтаў рэгіянальнага фестывалю нематэрыяльнай культурнай спадчыны – падтрымаць супольнасць носьбітаў і пераемнікаў вясновага абраду “Юраўскі карагод” у Пагосце і іншых навакольных вёсках, а таксама пашырыць практыку праводзіць Юраўскія святы на тэрыторыі старажытнай Тураўшчыны, дзе сёння часткова знаходзяцца некалькі раёнаў – Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Столінскі. Чакаецца, што ўдзельнікамі фестывалю стануць звыш 200 чалавек, большасць з іх – удзельнікі фальклорных аб’яднанняў Гомельшчыны і Міншчыны, носьбіты і пераемнікі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Тураўшчыны, спецыялісты ў сферы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны з ўсіх абласцей Беларусі. Удзельнікі на працягу двух дзён змогуць пазнаёміцца з вопытам адзін аднаго і, магчыма, убачыць рашэнні, як найбольш якасна захоўваць традыцыі сваёй мясцовасці. Арганізатары разлічваюць, што дзякуючы фестывалю атрымаецца стварыць спрыяльныя ўмовы, каб адметныя праявы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Тураўшчыны аднаўляліся ў іх аўтэнтычнай форме, захоўвалі сваю жыццяздольнась і былі даступнымі для шырокага кола зацікаўленых асоб з усёй краіны. У рэгіянальным фестывалі нематэрыяльнай культурнай спадчыны прымуць удзел народныя фальклорныя калектывы Жыткавіцкага раёна – “Міжрэчча”, “Дубравіца”, “Веціца”, “Спасаўка”, “Сцвіжанка”, “Абібок”, “Лянок”, “Хільчанка”, запрошаныя фальклорныя калектывы – “Каханачка” з Лельчыцкага, “Стаўбунскія вячоркі” з Веткаўскага, “Напарачка” з Любанскага раёнаў. З Міншчыны на фестываль прыедуць узорныя дзіцячыя фальклорныя калектывы “Калыханка” (Мінскі раён) і “Вянок” (Валожынскі раён), Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Гасцінец” з аг. Ракаў, спеўны гурт “Стажары” РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” з г. Мінска. З Вялікага Ноўгарада на фестываль прыедзе фальклорны тэатр “Кудзесы”, які ў мастацкай форме раскажа пра Юраўскія традыцыі свайго рэгіёну. Паўнапраўнымі ўдзельнікамі свята стануць студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якія вывучаюць традыцыйны спеў і іншыя фальклорныя напрамкі, ў тым ліку, дзякуючы цесным стасункам з носьбітамі традыцый Тураўшчыны. Першы дзень фестывалю, 6 мая, пачнецца абрадам “Юраўскі карагод” з традыцыйным абыходам двароў, карагодамі на вясковых вуліцах і караваямі па старадаўніх рэцэптах. Далей у двухдзённай праграме “КАРАГОДНАГА КОЛА” – святочны канцэрт “Вясна-красна на ўвесь свет!”, канцэрт-прэзентацыя “Захавальнікі спадчыны”, творчая акцыя “Песні над Прыпяццю”, вечарынка беларускіх традыцыйных танцаў з удзелам мясцовых музыкаў. Яшчэ адна важная мэта гэтай падзеі – ушанаваць памяць і творчыя дасягненні носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія здолелі пераняць лакальную традыцыю ў сваіх продкаў і перадаць свае веды і ўменні новаму пакаленню. Імёны такіх асоб будуць гучаць на канцэрце “Захавальнікі спадчыны” з вуснаў іх наступнікаў і аднавяскоўцаў. Асобнай часткай праграмы рэгіянальнага фестывалю нематэрыяльнай культурнай спадчыны стануць культурна-адукацыйныя праграмы па краязнаўству Тураўшчыны і рэспубліканскі семінар па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У гонар 20-годдзя Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь падрыхтавала фотавыстаўку “Дакрануцца да спадчыны душой”, якая размесціцца ў фае Тураўскага гарадскога дома культуры. Арганізатарам фестывалю выступае ўстанова адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” (БДУКМ) у супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Галоўным упраўленнем культуры Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, Жыткавіцкім раённым выканаўчым камітэтам.
Кантакты для даведак і рэгістрацыі ўдзелу прадстаўнікоў медыя ў фестывалі: Алена Каліноўская, вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКМ, кіраўнік праекта “Рэалізацыя плана аховы вясновага абраду “Юраўскі карагод” у в. Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, уключанага у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якой патрабуецца тэрміновая ахова” (ЮНЕСКА – БДУКМ), +375 29 2643767, heritage.bel@buk.by Форум для отзывов 11 не существует. |
|