Святочныя падзеі народнага календара ў лютым

Грамніцы, Стрэчанне

Народны фальклорны калектыў “Палескія напевы” ў вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці згодна мясцовым традыцыям 15 лютага адзначае свята "Стрэчанне", або "Грамніцы". Падчас яго правядзення ў выкананні ўдзельніц гурта гучаць традыцыйныя для гэтай мясцовасці песні і карагоды. Спавячкі калектыва выдатна валодаюць мастацтвам спеву і захоўваюць мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Гурт "Новае Палессе" запрашае ўсіх жадаючых адзначыць свята “Стрэчанне” разам. Больш дакладную інфармацыю пра ўмовы наведвання свята можна атрымаць у Лельчыцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці (дырэктар цэнтра Некрашэвіч Іна Мікалаеўна, тэл. +375 44 511 60 16).

изображение_viber_2025-02-03_16-54-05-643.jpg


Масленічная абрадавая гульня «Пахаванне дзеда»

Напрыканцы лютага пачынаецца Масленічны тыдзень, апошні тыдзень у праваслаўных вернікаў перад Вялікім пастом. Штогод у першы панядзелак Масленіцы ў весцы Даўгаполле Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці праводзіцца абрадавая гульня «Пахаванне дзеда», якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У яе правядзенні прымаюць удзел, у асноўным, жанчыны сталага ўзросту, да іх далучаюцца і мясцовыя мужчыны, а незамужнія маладыя дзяўчаты да ўдзелу не дапускаюцца. Больш інфармацыі можна даведацца ў Інвентары неаматэрыяльнай культурнай спадчыны.

“Пахаванне дзеда” будзе праводзіцца і ў бягучым годзе. Аднак наведаць гульню не атрымаецца, паколькі мясцовая супольнасць ужо другі год запар практыкуе яе толькі сваім колам, жыхары вескі Даўгаполле просяць не распаўсюджваць інфармацыю пра яе правядзенне і не наведваць іх у гэты час. Некалькі год таму крытычныя водгукі наведвальнікаў гульні “Пахаванне дзеда” абразілі мясцовых жыхароў, у выніку чаго яны прынялі рашэнне аб абмежаванні доступу да яе правядзення.

Такая сітуацыя – прадмет развагі як наладзіць паважлівую камунікацыю, узаемадзеянне паміж носьбітамі традыцыйнай культуры і тымі, хто ёй цікавіцца. Магчыма, мясцовым спецыялістам, якія датычныя да захавання традыцый мясцовай культуры, варта распрацаваць пералік правіл паводзін і стасункаў для гасцей падчас наведвання практыкі той ці іншай праявы мясцовай культурнай традыцыі. У якасці прыклада можна прывесці Памятку аб правілах паводзін і этычнай камунікацыі  з носьбітамі традыцыі для гасцей в. Пагост падчас правядзенння вясновага абраду “Юраўскі карагод”.

Калі ласка, з павагай стаўцеся да традыцыйнай культуры і яе складнікаў, да людзей, для якіх яна каштоўна, якія яе шануюць і захоўваюць! І яна адгукнецца і раскрыецца перад вамі ва ўсім сваім багацці!


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.