Традыцыйны строй МіншчыныУ мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» з 2 ліпеня 2025 года пачне сваю работу выстава «ТРАДЫЦЫІ І СУЧАСНАСЦЬ: НАРОДНЫ КАСЦЮМ». Згодна інфармацыі ўстановы, мэтай праекта з’яўляецца паказ эстэтычнай вартасці і разнастайнасці традыцыйных комплексаў народнага адзення Міншчыны праз экспанаванне захаваных элементаў касцюма і сучасных рэканструкцый, зробленых на падставе даследаванняў. Буйнейшы рэгіён Беларусі мае багатыя традыцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у тым ліку стварэння элементаў касцюма. Вытанчанымі мастацкімі прыёмамі і выразнымі дэкаратыўнымі рашэннямі ўражваюць слуцкі, капыльска-клецкі, вілейскі, пухавіцкі, бярэзінскі строі. Захаванне гэтай не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай спадчыны - адна з важных задач устаноў культуры Мінскай вобласці. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў супрацоўнікі раённых цэнтраў культуры, цэнтраў рамёстваў, педагогі вялі руплівую працу па збору інфармацыі, якая тычыцца традыцыйных строяў. Няспынны пошук крыніц-звестак з этнаграфічных экспедыцый, старых фотаздымкаў і іншых сведчанняў бытавання традыцыйнага касцюма, дазволіў значна пашырыць уяўленне пра лакальныя асаблівасці касцюма. А паглыбленню ў традыцыі народнага мастацтва спрыялі практычныя заняткі па аднаўленню народных убораў. У выставачным праекце будзе прадстаўлены вопыт даследавання і рэканструкцыі касцюмаў раёнаў Мінскай вобласці, які можа мець канкрэтнае практычнае значэнне (у тым ліку сцэнічны касцюм і інш.). Свой унёсак у стварэнне экспазіцыі зрабілі майстры з Беразіно, Валожына, Вілейкі, Дзяржынску, Клецку, Копыля, Любані, Мінску, Мядзеля, Ракава, Салігорска, Слуцку. А актуальнасць традыцыйнага беларускага касцюма будзе прадэманстравана на прыкладзе вырабаў сучасных дызайнераў. Тэлефон для даведак 8 017 342 50 76 Форум для отзывов 11 не существует. |
|