Культурная спадчына і турызм ў кантэксце навуковых даследванняў

11 верасня 2026 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пачне працу I Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Культурная спадчына Беларусі і турызм: міждысцыплінарныя аспекты даследавання». Яе арганізатарамі з'яўляюцца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, дзяржаўная навуковая ўстанова «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

У анонсе мерапрыемства пазначана, што «ў лік актуальных задач сучаснай гуманітарыстыкі, поруч з вывучэннем і захаваннем культурнай спадчыны Беларусі, уваходзіць яе папулярызацыя. Турыстычная сфера ў гэтых адносінах валодае бязмежным патэнцыялам. Навуковаму абгрунтаванню яе далейшага развіцця, вырашэнню задач па пашырэнні пераліку цікавых турыстычных мясцін нашай краіны могуць служыць мастацтвазнаўчыя, этналагічныя, фалькларыстычныя і філалагічныя даследаванні, што праводзяцца зараз. Канферэнцыя прысвечана абмеркаванню праблем і перспектыў вывучэння культурнай спадчыны Беларусі, сучасных метадаў даследавання і інавацыйных стратэгій рэпрэзентацыі яе аб'ектаў».

Тэматычнае поле:

  • міждысцыплінарны падыход у вывучэнні культурнай спадчыны Беларусі: дасягненні, праблемы, перспектывы;
  • гістарычныя і тэарэтычныя даследаванні аб'ектаў культурнай спадчыны Беларусі як аснова іх прасоўвання на рынку турыстычных паслуг;
  • пытанні вывучэння, захавання, рэстаўрацыі і рэпрэзентацыі помнікаў архітэктуры, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва;
  • актуальныя праблемы музычнага, тэатральнага, экранавага мастацтва Беларусі і перспектывы яго ўключэння ў гісторыка-культурны і падзеявы турызм;
  • этнічная разнастайнасць Беларусі скрозь прызму гісторыка-культурных помнікаў і народных традыцый;
  • нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі (звычаі, традыцыі, абрады, фальклор, беларуская мова, іншыя мовы і інш.): яго вывучэнне, захаванне і ўцягванне ў розныя напрамкі турызму;
  • роля літаратурнай спадчыны Беларусі ў захаванні, інтэрпрэтацыі і папулярызацыі культурных каштоўнасцяў і нацыянальных традыцый;
  • музейныя калекцыі і іх роля ў фармаванні турыстычнай прывабнасці Беларусі;
  • рэстытуцыя культурных каштоўнасцяў і развіццё турызму;
  • выяўленне аб'ектаў культурнай спадчыны, якія могуць атрымаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Сувязь навукі з практыкай падкрэслівае ўдзел у канферэнцыі прадстаўнікоў арганізацый у сферы турызму, рэстаўрацыі і музейнай справы: Цэнтра па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый, Музея гісторыі горада Мінска, Музея Марка Шагала ў Віцебску, Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музейнага комплексу, Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я, тураператараў «Школа падарожжаў», ТАА «Зубр-тур».

Афіша_Цэнтр даследв._1_cr.jpg

Да ўдзелу ў працы навукова-практычнай канферэнцыі запрашаюцца ўсе ахвотныя.


Паводле ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.