Дакументальны фільм “Дачка Прыпяці” атрымаў прыз на II міжнародным інтэрнэт кінафестывалі “Independent Star”
Паўнаметражны дакументальны фільм “Дачка Прыпяці” вытворчасці “Беларускага відэацэнтра” 2012 года атрымаў прыз у намінацыі “Дакументальны фільм” на II Міжнародным інтэрнэт кінафестывалі “Independent Star” (Украіна - Іспанія). Рэжысёр Ігар Бышнёў. Сцэнарый Ігара Бышнёва і Юрыя Ігрушы. Прадзюсер Юрый Ігруша. Кансультант Рэгіна Гамзовіч.
Фільм прысвечаны жыхарам вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, якія жывуць у міжрэччы Прыпяці і Сцвігі непадалёк ад Турава. Назва вёскі азначае месца збору князем палюддзя. І хоць першае ўпамінанне адносіцца да 1520 года, жывыя традыцыі і археалагічныя знаходкі сведчаць пра яе вельмі даўняе паходжанне. Народныя традыцыі захоўвае гурт “Міжрэчча”, створаны ў 1980 годзе Кацярынай Панчэня, бацька якой быў знакамітым гарманістам, таму іх сям’я была цэнтрам культурнага жыцця Пагоста. Дзяўчынка, адораная музычным слыхам і голасам, была такой жа працавітай, як яе бацькі, сваякі і суседзі, з дзяцінства ўпітвала той самабытны дух і навыкі, якімі валодалі лепшыя таленавітыя жыхары Прыпяцкага Палесся. Яна і стала галоўнай гераіняй фільма, які расказвае пра яе нялёгкі жыццёвы лёс і творчасць, сябровак, якія разам з ёю захавалі архаічныя абрады, песні, танцы і карагоды, жаночыя рамёствы, характэрныя для этнарэгіёна Тураўшчына Усходняга Палесся.
Усё іх жыццё звязана з Прыпяццю і гэтым куточкам багатай урадлівай зямлі, якія кормяць і пояць, натхняюць сваёй прыгажосцю, але і вымушаюць часам на суровыя выпрабаванні. Кацярына Панчэня па-хрысціянску ўсё цярпліва і мужна перадольвае, успамінаючы лёс сваіх бацькоў і продкаў, якія ціха спачылі ў Дзедавай даліне на беразе Прыпяці. Такія ж і іншыя гераіні фільма: вось тураўскія мадонны з немаўлятамі на руках, прымаюць хрост і прычасце ў старажытнай тураўскай царкве Усіх святых, 90-гадовая спявачка з вёскі Чэрнічы па мянушцы Прэдкава з яе старажытнай манерай выканання песень, пагосцкія жанчыны ў працы, штодзённых клопатах і святочных абрадавых дзеях — як увасабленне вернасці традыцыям продкаў, веры і надзеі на лепшае жыццё.
Форум для отзывов 1 не существует. |