Музычна-інструментальная традыцыя Смаргонскага раёна атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці
На пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбылося ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь 15 снежня 2021 г. прынята рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці музычна-інструментальнай традыцыі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Статус нададзены Народная музыка гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Панямоння фарміравалася ва ўзаемадзеянні з культурнымі плынямі суседніх рэгіёнаў у кантэксце гістарычных падзей ХІХ – XX ст. У народнай культуры інструментальная музыка застаецца актуальнай і запатрабаванай часткай мастацтва вуснай традыцыі. Багатую музычную спадчыну свайго раёна больш 20 год вывучаюць і захоўваюць удзельнікі ўзорнага ансамбля народнай музыкі “Гулянок” ДУА “Смаргонская ДШМ імя М.К. Агінскага” і ўзорнага фальклорнага гурта “Нальшчаначка” ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс Жодзішкаўскі яслі-сад-сярэдняя школа”. Музычна-інструментальная традыцыя Смаргонскага раёна – ўзор рэпрэзентацыі музычна-інструментальнай выканальніцкай сістэмы фальклору Гродзенскага Панямоння з тыповымі стылістычна-жанравымі (траіста музыка як выканальніцкі стыль, абрадавасць і танцавальнасць як функцыянальнасць музыкі) і марфалагічнымі (саліруючыя, гарманізуючыя і рытмізуючыя інструменты) характарыстыкамі. Лакальнай асаблівасцю з’яўляецца партытура мясцовай музычна-інструментальнай капэлі, якая складаецца з вядучай мелодыі скрыпкі (часам, узмоцненай кларнетам), акампануючай мелодыю партыі гармоніка (ці акардыёна), рытмізуючай музычную фактуру партыі барабана. Смаргонскія найгрышы ўключаюць цыкл вясельных маршаў, разнастайныя полькі, вальсы, мелодыі розных танцаў і некаторых песень. Традыцыя народнага музычна-інструментальнага выканальніцтва складаецца з комплекса ўменняў і навыкаў ансамблевага выканання ў складзе капэлы традыцыйнай траістай музыкі, характэрнага мясцовага рэпертуару, а таксама непасрэднай практыкі музіцыравання на святах і фэстах. Нягледзячы на тое, што ў асноўным носьбіты вучаць маладое пакаленне іграць на прафесійным узроўні, методыка навучання адрозніваецца ад акадэмічнай і ў тэхніцы, і ў інтанацыйнасці, і ў самім мысленні выканаўцы. Дзякуючы таму, што перадача ўменняў не абмежавана нотамі і ажыццяўляецца шляхам вуснага пераймання, у дзяцей удасканальваецца музычны слых, развіваюцца творчыя здольнасці. Акрамя таго, народны музыкант хоча і можа ўпрыгожваць сваю музыку, таму ключавой адметнасцю народнага інструментальнага выканальніцтва заўжды выступае свабода і магчымасць імправізацыі. На пасяджэнні ў Міністэрстве культуры традыцыйную музыку Смаргоншчыны прадставілі: Чудакоўская Наталля Станіславаўна – метадыст па музеях і ахове гістрыка-культурнай спадчыны ДУК "Смаргонскі раённы цэнтр культуры" Шунько Андрэй Вячаслававіч – настаўнік ДУА "Смаргонская ДШМ імя М.К.Агінскага", кіраўнік узорнага ансамбля народнай музыкі "Гулянок" Коваль Святлана Паўлаўна – настаўнік ДУА "Смаргонская ДШМ імя М.К.Агінскага" Кавальскі Ігар Уладзіміравіч – гукарэжысёр ДУК "Смаргонскі раённы цэнтр культуры" Форум для отзывов 1 не существует. |

