Як танцавальныя конкурсы сталіся лепшай формай захавання традыцыйнага танцавальнага майстэрства

Як танцавальныя конкурсы сталіся лепшай формай захавання традыцыйнага танцавальнага майстэрства

10.05.2022

З лёгкай рукі Міколы Аляксеевіча Козенкі ў Беларусі з 90-х гадоў ХХ ст. распачаліся конкурсы выканаўцаў беларускіх традыцыйных танцаў. Гэта былі не спаборніцтвы творчых калектываў, а конкурсы асобных танцавальных пар, кожная з якіх па-свойму ўвасабляла прыгажосць і адметнасць танцу, паказвала спрыт і майстэрства ў яго выкананні.  Да таго ж, умовы конкурсаў заахвочвалі карыстацца мясцовымі варыянтамі танцаў, якія шмат дзе амаль забыліся, і каб знайсці іх, трэба было падацца ў этнаграфічныя экспедыцыі. Далучыцца да конкурсаў было няпроста, літаратура, наглядныя, метадычныя матэрыялы адсутнічалі, побытавыя танцы імкліва знікалі з ужытку і памяці носьбітаў, аднавіць танец па графічных нататках не кожнаму было пад сілу. Але, як кажуць у народзе, без падпалу дровы не гараць, а Мікола Аляксеевіч здолеў запаліць гэту цікавасць да мясцовай фальклорнай спадчыны, якая натхніла вялікую колькасць кіраўнікоў і ўдзельнікаў фальклорных калектываў па ўсёй Беларусі.

Спачатку, лакальныя фальклорныя фестывалі, пасля Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, за ім абласныя конкурсныя праекты зрабілі спаборніцтвы выканаўцаў беларусіх традыцыйных танцаў самай яскравай падзеяй сярод фальклорных святаў. 

Доўгі час заставалася ў баку сталіца, бо сярод даследчыкаў і практыкаў традыцыйнай народнай культуры яшчэ трывала дыскусія, ці месца фальклору ў вялікім горадзе, або, як любілі казаць, на асфальце. Ды жыхары Мінска  самі далі адказ на гэта пытанне – каштоўныя пярліны нашай традыцынай культуры годныя любых творчых пляцовак і даспадобы гараджанам незалежна ад глыбіні іх вясковых каранёў. Спачатку прыватная ініцыятыва – Школа традыцыйнага мастацтва, натхнёная сваім выкладчыкам беларускага танцу Козенкам М.А., тройчы, пачынаючы з 2013 году, зладзіла ў сталіцы конкурс беларускіх танцаў “Мяцеліца”, на які запрасілі старшакласнікаў і дарослых з ўсёй Беларусі. А пасля і дзяржаўныя ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адгукнуліся і заснавалі конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў “Ветразь”, які вырас з раённага да адкрытага, фактычна, рэспубліканскага фармату, і сёлета адбыўся ў Мінску ў шосты раз. Конкурс носіць імя ўстановы, якая яго арганізавала і падтрымлівае, –  Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Кастрычніцкага раёна г.Мінска. Дружны, зладжаны калектыў Цэнтра дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву паміж вопытнымі педагогамі і маладымі спецыялістамі ладзіць сёння творчыя спабрніцтвы для аматараў беларускага танцу з усёй краіны.

Пасля вымушанага двухгатовага перапынку сустрэча ўдзельнікаў фальклорных калектываў на “Ветразі – 2022”, была надзвычай цёплай і радаснай. Гэтаму садзейнічала і выдатная пляцоўка, прапанаваная Мінскім дзяржаўным палацам дзяцей і моладзі, – утульная тэатральная зала сваім прасторным і адначасова камерным фарматам добра адпавядала характару беларускага побытавага танцу. Вельмі пацешыла геаграфія ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсу. Часта здараецца, што вылучаецца некалькі гуртоў – фаварытаў, удзельнікі якіх забіраюць большасць прызавых месцаў, засмучаючы іншых. Але сёлета ўзнагароды падзялілі ўдзельнікі калектываў з розных мясцін Беларусі – Слуцкага і Барысаўскага раёнаў Мінскай вобласці, Гомельскага і Хойніцкага раёнаў Гомельскай вобласці, Віцебскага і Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці, Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці і г. Мінска. Поўны спіс пераможцаў конкурсу танцавальных пар у чатырох узроставых групах і конкурсу сольнай імправізацыі ў трох намінацыях апублікаваны на сайце Рэспубліканскай апорнай метадычнай пляцоўкі «Традыцыйная культура і моладзь», якая ажыццяўляе інфармацыйную падтрымку конкурсаў фальклорнага мастацтва сярод дзяцей і моладзі ў г.Мінску.

Сярод танцораў, што прыехалі на конкурс, былі як вельмі дасведаныя ўдзельнікі танцавальных конкурсаў, якія неаднаразова прымалі ўдзел у “Берагіні”, “Мяцеліцы”, Турніры нацыянальных танцаў у Віцебску, так і зусім новыя ўдзельнікі фальклорнага конкурснага руху. Асабліва прыемна было бачыць, удзельнікаў конкурсаў мінулых гадоў, якія прывезлі сёння ўжо сваіх выхаванцаў, што танцуюць побач з імі. Ніхто не застаўся без добрых эмоцый – ні вопытныя кіраўнікі, якім прыемна было сустрэцца з экспертамі, сябрамі і калегамі, ні маладыя спецыялісты, якія толькі адкрываюць для сябе неабсяжнае поле беларускай традыцыйнай спадчыны. Усе з радасцю падзяліліся сваімі ўражаннямі пра падзею.

Антаніна Абрамовіч, музычны кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурту “Берагіня” ДУА “Мётчанскі  вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Барысаўскага раёна”:
Сёлетні конкурс “Ветразь” – падзея для нас асаблівая. Па-першае, радасна, што нарэшце конкурсы, канцэрты, фестывалі зноў вяртаюцца ў творчае жыццё нашага калектыву. Дзеці даўно чакалі сустрэчы з сябрамі – прыхільнікамі і аматарамі народнага танца. А танцавальныя спаборніцтвы, якія ладзяцца ў “Ветразі”, падабаюцца ім асаблівай атмасферай цеплыні і душэўнасці, якую ўмеюць ствараць арганізатары гэтай выбітной сталічнай установы. Па-другое, наша “Берагіня” прыняла ў свае шэрагі новых юных удзельнікаў, для якіх шосты “Ветразь” стаўся першым сур’ёзным  конкурсным вопытам. Што асабліва парадавала – салідная колькасць лаўрэацкіх дыпломаў розных ступеняў, якія дзеці з гонарам прывезлі ў родную Мётчанскую школу. Хочацца адзначыць яшчэ адну цудоўную рысу сёлетняга конкурсу: журы не проста ацэньвала танцавальныя ўменні дзяцей і падлеткаў – з вуснаў шаноўных людзей удзельнікі пачулі вельмі правільныя, надзённыя і патрэбныя словы ўхвалення тым, хто падтрымлівае народную культуру і верны ёй.

Наталля Еўдакімовіч, кіраўнік народнага ансамбля беларускай песні і музыкі “Сузор’е” ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў Асіповіцкага раёна”:
Неаднаразова прымаючы ўдзел у розных конкурсах побытавага народнага танцу, хочацца падзякаваць арганізатараў гэтых выдатных мерапрыемстваў. Зусім нядаўна ў Мінску прайшоў VI адкрыты конкурс беларускіх народных танцаў "Ветразь-2022". На танцавальнай пляцоўцы былі прадстаўлены танцоры з розных куткоў нашай краіны. Назіраючы за юнымі канкурсантамі радасна ўсведамляць, што традыцыйныя танцы Беларусі з'яўляюцца неад'емнай часткай нашай культуры. Дзеці з задавальненнем дэманструюць традыцыйныя танцы свайго рэгіёну, і нам радасна бачыць іх шчырае зацікаўленне народнай культурай. Гэта кажа аб тым, што трэба развіваць гэты від мастацтва. Хацелася б, каб у школьную праграму ўвялі такі прадмет, як вывучэнне традыцыйных танцаў Беларусі. Гэта мая мара і мая прапанова!

Ірына Хамутова, аспірантка БДУКіМ, выхаванка фальклорнага калектыва “Мілавіца”, кіраўнік фальклорнага гурта «Скарбніца традыцый» ЦДА ДіМ “Ветразь” г. Мінска:
VI адкрыты конкурс беларускіх народных танцаў «Ветразь-2022» для мяне нешта большае, чым проста конкурс, а сапраўднае свята побытавых танцаў у сталіцы нашай краіны. У гэтым годзе я дэбютавала ў статусе педагога, які падрыхтаваў удзельнікаў і як кіраўнік фальклорнага гурта «Скарбніца традыцый» з майстар-класам для ўдзельнікаў і гасцей. Для мяне гісторыя ўдзелаў у конкурсе «Ветразь» пачынаецца з самага заснавання дадзенага праекту, з І раённага конкурсу беларускіх народных танцаў «Ветразь» брала ўдзел у спаборніцтве, стаўшы першай пераможцай конкурсу танцавальных пар, а зараз планую дапамагаць развіццю дадзенага праекта.

Аліцыя Крымоўская, педагог дадатковай адукацыі па народнай харэаграфіі ДУА “Гімназія №23 г.Мінска”, уладальніца Гран-пры турніра нацыянальных танцаў у межах XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар”:
Гэта быў мой дэбют у ролі члена экспертнай рады. Хачу адзначыць даволі высокі ўзровень як арганізацыі самога конкурсу, так і падрыхтоўкі ўдзельнікаў. У часткі канкурсантаў дамінавала сцэнічная манера выканання. Спадзяюся, што ў наступны раз кіраўнікі калектываў звернуць увагу на гэтую праблему. Зычу ўсім маленькім (і дарослым) канкурсантам вялікіх поспехаў!

Надзея Касцяневіч, загадчык аддзялення народнай творчасці ЦДА ДіМ «Ветразь» г.Мінска:
Сёння даволі цяжка зацікавіць дзяцей і падлеткаў, а тым больш моладзь, займацца народнымі побытавымі танцамі, бо гэта не модна. Але адкрыты конкурс беларускіх народных танцаў «Ветразь» паказвае адваротнае — падлеткі і моладзь актыўна далучаюцца да танцавальнага руху. Ужо шосты раз цэнтр «Ветразь» збірае на танцавальны конкурс удзельнікаў з усёй Беларусі, дзе з кожным разам дадаюцца новыя творчыя калектывы, які зацікаўлены ўдзельнічаць і вучыцца. Конкурс «Ветразь-2022» сабраў 13 калектываў, з якіх удзельнічала 33 пары і 50 салістаў. Дадзеная форма мерапрыемства дае магчымасць удзельнікам знаёміцца, мець стасункі паміж сабой, дзяліцца ўражаннямі і эмоцыямі.

Галоўны ідэйны натхняльнік конкурсаў беларускіх танцаў М.А.Козенка заўсёды клапоціцца пра тое, каб звесткі пра склад удзельнікаў конкурсу, іх заслугі і вынікі, усе намінацыі, гісторыя калектываў не прапалі з часам, а былі сабраныя ў адмысловыя даведнікі. Часам, гэтыя даведнікі дапаўняюцца цэлым раздзелам з вершамі ўдзельнікаў, напісанымі пад уражаннямі ад творчых спаборніцтваў. Сёлета даведнік не атрымаўся, але тут жа прагучала новая ідэя – магчыма, пара пераходзіць у фармат відэаархіваў у онлайн-прасторы. Гэта дасць магчымасць захоўваць і распаўсюджваць не толькі інфармацыю, але і лепшыя ўзоры выканання беларускіх традыцыйных побытавых танцаў у выкананні маладога пакалення.

Алена Каліноўская
Творчыя спаборніцтвы конкурсу "Ветразь - 2022"
Краязнаўчая газета № 18 (877), май 2022 года


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.