Адкрыты конкурс народнага вакальна-інструментальнага мастацтва “Згукі мінуўшчыны” трэці раз прайшоў у МінскуУ Мінску на базе сярэдняй школы № 226 13 красавіка 2023 года прайшоў ІІІ адкрыты конкурс беларускага народнага вакальна-інструментальнага выканальніцтва “Згукі мінуўшчыны”. Яго арганізатарамі і заснавальнікамі сталі ўпраўленне па адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска, ДУА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь”, а таксама ГА “Беларускі фонд культуры”. Конкурс праводзіўся ў межах дзейнасці Рэспубліканскай апорнай метадычнай пляцоўкі “Традыцыйная культура і моладзь” гарадскога рэсурснага цэнтра па выхаваўчай рабоце “Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці асобы сродкамі традыцыйнага народнага мастацтва баларусаў”. Пакуль жывы фальклор народа – жывы ён сам і яго краіна. Пакуль існуюць жывыя носьбіты і пераймальнікі традыцыі – яна працягваецца ў пакаленнях. А пачынаць перайманне трэба з самага малога ўзросту – у сям’і, дзіцячым садку, школе. Менавіта на далучэнне дзяцей і моладзі да традыцыйнай народнай культуры – спеваў, прозы, інструментальнай музыкі – накіраваны праект “Згукі мінуўшчыны”. Яго навуковым кіраўніком, аўтарам ідэі і канцэпцыі стаў вядомы дзеяч культуры Беларусі, этнахарэограф і педагог Мікола Аляксеевіч Козенка. Гэты праект працягнуў “фальклорную рэвалюцыю”, распачатую ў 1990-я гады фестывалямі “Берагіня”, “Чачэрская полька” і інш. Сярод мэтаў і задач праекта – мастацкае выхаванне моладзі сродкамі традыцыйнай музычнай культуры Беларусі, яе захаванне і развіццё, вывучэнне лакальных традыцый, выяўленне і падтрымка талентаў. Конкурс ладзіцца раз на тры гады і з’яўляецца адкрытым: на яго могуць падаць заяўку навучэнцы ўстаноў адукацыі, культуры і мастацтва, моладзевых і працоўных творчых суполак любога рэгіёна Беларусі. Узрост удзельнікаў абмежаваны 31 годам, прадугледжаныя чатыры ўзроставыя катэгорыі і тры намінацыі: “Спеўнае выканальніцтва”, “Музычна-інструментальнае выканальніцтва”, “Турнір салістаў-мультывыканаўцаў”. На конкурс прадстаўляюца песні каляндарнай (вясна-лета) і сямейнай абраднасці (вяселле, радзіны), песенныя і танцавальныя найгрышы, народная проза: казкі, легенды, паданні. Экспертная рада ацэньвае адпаведнасць рэпертуару ўзросту выканаўцаў, валоданне майстэрствам народных акапэльных спеваў і тэхнікай ігры на музычных інструментах, майстэрствам імправізацыі. Вялікае значэнне надаецца менавіта вуснаму перайманню – на слых. Вітаюцца лакальныя асаблівасці – дыялект маўлення, манера спеваў, пластыка, строі свайго рэгіёну. Дарэчы, сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел дзеці і моладзь не толькі з вялікіх гарадоў (Мінск, Брэст), але і з вёсак (Вясейка Слуцкага раёна, Мётча Барысаўскага раёна) і раённага цэнтра Асіповічы Магілёўскай вобласці. У асноўным – выхаванцы вядомых у фальклорных колах калектываў, пераможцаў рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Многія – не ўпершыню на “Згуках мінуўшчыны”. Для таленавітых дзяцей, падлеткаў і моладзі гэты конкурс – выдатная магчымасць прадэманстраваць свой талент і вынікі руплівай працы, атрымаць прафесійную экспертную ацэнку і матывацыю рухацца далей. А таксама пабачыць вакол сябе россып такіх жа яскравых, самабытных зорачак, кожная з якіх – індывідуальнасць. Як жа выбраць з іх найлепшых? Задача складаная: кожны ўдзельнік – творчая асоба, са сваёй непаўторнай харызмай, стылем, характарам, “разыначкай”. І безумоўна, з вялікай любоўю да народнай спадчыны і сваёй малой радзімы. І ўсё ж, конкурс ёсць конкурс, і прызавыя месцы размяркоўваць трэба. Гэтую задачу выканала рада экспертаў, у якую ўвайшлі вядомыя навукоўцы і педагогі: Вячаслаў Віктаравіч Калацэй, Алена Міхайлаўна Боганева, Таццяна Аляксандраўна Пладунова, Таццяна Міхайлаўна Крыўко, Алена Васільеўна Гумінская. У намінацыі “Спеўнае выканальніцтва” спаборнічалі асобна хлапечыя, дзявочыя і мяшаныя гурты. Найлепшымі сярод гуртоў мяшанага складу узросту 4-6 год экперты прызналі ансамбль “Васількі” д/с № 431 г.Мінска. Яны былі адзіныя ў дадзенай узроставай катэгорыі – маленькія зорачкі пад кіраўніцтвам Сідлярэвіч Элы Васільеўны. Яны прадставілі беларускую дзіцячую забаву “Мядзьведзь” і гульню “Верабей”, а таксама аўтарскую песню. Ва ўзроставай групе 7-11 год перамаглі мінскія фальклорныя калектывы “Мілавіца” (ЦДАДіМ “Ветразь”) і “Млынок” (ЦДАДіМ “Маяк”) фальклорны гурт “Вясейка” (Вясейская дзіцячая школа мастацтваў) – 1, 2 і 3 месцы адпаведна. Сярод падлеткаў 12-17 год зноў найлепшай аказалася “Мілавіца” ЦДАДіМ “Ветразь” г. Мінска, 2-е месца заняў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны фальклорны гурт “Берагіня” Мётчанскай сярэдняй школы Барысаўскага раёна. Сярод моладзі 18-31 года перамог яшчэ адзін фальклорны калектыў ЦДАДіМ “Ветразь” – “Верасень”. Сярод хлопцаў лепшымі спеўнымі гуртамі прызналі выхаванцаў мінскай “Мілавіцы” і мётчынскай “Берагіні”. Сярод дзяўчат – фальклорныя гурты “Явар” (СШ № 159 г.Мінска), “Берагіня” і “Мілавіца” (1, 2, 3 месцы). У абодвух выпадках удзельнічалі толькі падлеткі 12-17 год. У праекце “Музычна-інструментальнае выканальніцтва” вылучылі дзьве намінацыі: “Ансамблевае выканальніцтва” і “Траіста музыкі” (трохсастаўныя камерныя капэлі). У абодвух намінацыях лідарам стаў гурт “Явар” (СШ № 159 г.Мінска). Юныя музыкі пад кіраўніцтвам Балцэвіч Святланы Генадзьеўны падбіраюць песенныя і танцавальныя наігрышы на слых, часта ўдзельнічаюць у школьных і моладзевых імпрэзах, фестывалях. На конкурсе яны выканалі танцавальныя наігрышы: “Гірша-Мойша” (“Жыдок”) з мястэчка Ільля Вілейскага раёна, “Сербіянка” з в. Неглюбка Гомельскай вобласці, а таксама “Вясельны марш”. Другое месца сярод ансамбляў падзялілі мётчынская “Берагіня” і “Гарэзы” (СШ № 159 г.Мінска”), а трэцяе – “Музыкі” і “Мілавіца” ЦДАДіМ “Ветразь” г.Мінска. Сярод капэляў траістай музыкі другое і трэцяе месцы адпаведна былі прысуджаны выхаванцам “Ветразя” – “Музыкам” і “Мілавіцы”. Што датычыць гэтай установы, яе гурты і сольныя выканаўцы заўсёды дэманструюць высокі мастацкі ўзровень, некалі закладзены легендарным педагогам Снітко Марыяй Васільеўнай. На сёлетні конкурс юных спевакоў, апавядальнікаў і музыкаў рыхтавалі таленавітыя педагогі – кіраўнік гурта “Мілавіца” Касцяневіч Надзея Уладзіміраўна, Кульбіцкая Вольга Аляксандраўна і кіраўнік інструментальнай групы, ансамбля “Музыкі” Герашчанка Алеся Аляксандраўна.
Традыцыйна перамагаюць у розных намінацыях выхаванцы яшчэ аднаго слыннага калектыву – “Берагіня” з в. Мётча Барысаўскага раёна. Гэта ўнікальны творчы асяродак, дзе вясковыя дзеці выхоўваюцца на лепшых прыкладах народнага мастацтва. Заснаваў калектыў ў 1996 годзе Мікола Адяксеевіч Козенка, музычным кіраўніком з’яўляецца Антаніна Анатольеўна Абрамовіч. Гурт уганараваны дыпломам ЮНЕСКА за ўклад у захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Нарэшце, самая складаная і цікавая частка конкурсу – “Турнір салістаў-мультывыканаўцаў твораў народнай спадчыны”. Тут спаборнічалі хлопцы і дзяўчаты трох узроставых груп. Сярод выхаванцаў 10-13 год найлепшай была прызнана Шытава Марыя (філіял “Асіповіцкае УМГ ААТ “Газпром Трансгаз Беларусь”), другое месца заняла Палюшкевіч Варвара (фальклорны калектыў “Скарбніца традыцый” ЦДАДіМ “Ветразь”), трэцяе – Трэццякоў Кастусь (фальклорны калектыў “Мілавіца” ЦДАДіМ “Ветразь”) – 3-е месца. У групе 14-17 год месцы размеркаваліся наступным чынам: Кавальчук Аляксей і Кудзін Кірыл (абодва з гурта “Берагіня”), трэцяе месца эксперты прысудзілі Казаковай Зоі (“Мілавіца”). Сярод старэйшых удзельнікаў другое месца заняла Замарока Ксенія (фальклорны калектыў “Верасень”), трэцяе – Мардань Дар’я (фальклорны ансамбль “Млынок” ЦДАДіМ “Маяк”). А вось Гран-пры экспертная рада прысудзіла Новіку Назару (фальклорны тэатр “Скарбніца” Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта). Назар – 21-гадовы студэнт 4 курса факультэта інжынерных сістэм і экалогіі, мызыка-самавук, “слухач”. Ён бліскуча выканаў на гармоніку наігрышы (“Кадрыля”, “Нічка тэмна”), запісаныя ад Юхніка Яўгена Васільевіча в. Лядавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці – вясковага музыкі, у якога хлопец і пераняў майстэрства. Харызматычны канкурсант таксама выканаў вясельна-абрадавую песню “Ходыв до дывчыны” і казку “У Ополі бы ў Мотолі” – шыкоўны “стэндап”, прасякнуты сакавітым народным гумарам. Адкуль такая любоў да аўтэнтыкі, такое натуральнае валоданне дыялектам і мясцовай манерай? Педагог, заснавальніца і кіраўніца фальклорнага тэатра “Скарбніца” Бярней Людміла Рыгораўна, распавяла, што разам з навучэнцамі займаецца экспедыцыйнай працай. Пад яе кіраўніцтвам студэнты пераймаюць ад носьбітаў аўтэнтычны фальклор: абрадавыя і пазаабрадавыя песні, танцы, гульні, прымаўкі, загадкі, наігрышы, рэканструюць абрады і святы, ствараюць спектаклі. Тэатр удзельнічаў і шматразова перамагаў у рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях, уганараваны дыпломам ЮНЕСКА. Сёлета на “Згуках мінуўшыны” брэсцкі калектыў выступіў яшчэ і па-за конкурсам з вясельнай і пазаабрадавай песнямі свайго рэгіёна. Таксама ў якасці гасцей імпрэзы выступіў фальклорны гурт “Скарбніца традыцый” ЦДАДіМ “Ветразь” г. Мінска пад кіраўніцтвам Хамутовай Ірыны Вітальеўны. Гурткоўцы прадставілі на сцэне казку з Уздзенскага раёна Міншчыны, веснавыя песні, а таксама правялі майстар-клас для ўсіх ахвотных з веснавымі карагодамі “Пасеялі дзеўкі лён” і “Церніца”. Конкурс “Згукі мінуўшчыны” чарговы раз прадэманстраваў: традыцыя жыве і пераймаецца, нягледзячы ні на што, ды і таленты на нашай зямлі не перавяліся. Гэта пацвердзіў і старшыня Рады экспертаў, дацэнт, кандыдат культуралогіі навуковы супрацоўнік НАН Беларусі Вячаслаў Віктаравіч Калацэй: “На фоне таго становішча, што адбываецца з фальклорам у краіне, мы пабачылі вельмі добры ўзровень. Адчуваецца рост – прынамсі, на прыкладзе тых калектываў і салістаў, якія ўжо не першы раз удзельнічаюць у праекце. Заўсёды прыемна назіраць, як з маленькага дзіцёнка вырастае свядомы выканаўца і носьбіт фальклора. Гэта дае надзею, што вусная мастацкая традыцыя будзе жыць у ХХІ стагоддзі! Парадавалі ўдзельнікі самай складанай комплекснай намінацыі – мультываканаўцы. Фальклор – мастацтва вуснай традыцыі. Яго адметнасць у тым, што выступоўца не выконвае партытуру, а самавыяўляецца – для гэтага трэба мець цэласнае светаўспрыманне, умець раскрывацца свету. Добрую сыгранасць праявілі інструментальныя гурты, напрыклад, мінскі “Явар” і “Музыкі” з цэнтра “Ветразь”. Дзіўна, што тыя ж “Музыкі” ў вельмі юным узросце так выдатна адчуваюць адно аднога, іграюць як паўнавартасны гурт, нават умеюць “свінгаваць”. Вячаслаў Віктаравіч дадаў, што конкурсу больш за ўсё не хапае шырыні геаграфіі – трэба больш актыўна далучаць рэгіёны. Спадзяемся, гэтае пажаданне спраўдзіцца! Воля Семчанка, ЦДАДіМ “Ветразь” г. Мінска. Фота аўтара і М.А.Козенкі Краязнаўчая газета № 16 (933), красавік 2023 года Форум для отзывов 1 не существует. |