Свята фальклору ў Калінкавічах: акцэнт на “сваё”!

Свята фальклору ў Калінкавічах: акцэнт на “сваё”!

Адкрытае свята народных традыцый “Крыніцы-Фэст” прайшло 22 красавіка ў Калінкавічах Гомельскай вобласці. У яго межах адбыліся адразу тры імпрэзы: адкрытая выстава выданняў па народных традыцыях “Ключы-Фэст”, адкрыты конкурс фальклору “Фолк-Фэст” і ХІ абласны конкурс выканаўцаў народных бытавых танцаў “Танц-Фэст “Вытокі”. Арганізатары свята – галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама і ўстанова “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці”.

Вынікі конкурсаў будуць абвешчаны пазней, у пачатку чэрвеня, а мы пакуль пройдземся па самых адметных момантах свята. Яно было прымеркавана да 20-й гадавіны Міжнароднай канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны 2003 г. (ЮНЕСКА) і 85-годдзя з дня ўтварэння Гомельскай вобласці. Сярод галоўных мэтаў – падтрымка і папулярызацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны, адраджэнне традыцый і далучэнне да іх шырокіх колаў грамадства.

Заключныя мерапрыемствы сабралі ў залі Калінкавіцкага раённага дома культуры больш за 300 ўдзельнікаў з 19 раёнаў Гомельскай, Магілёўскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей, г. Мінска. У фае ўстановы ладзілася выстава выданняў па народных традыцыях “Ключы-Фэст”. Свае напрацоўкі і публікацыі прадставілі Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці, Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна, Калінкавіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, Кармянскі раённы цэнтр культуры і вольнага часу, Любанскі раённы цэнтр культуры.

У конкурсах выканальнікаў фальклору і танцаў праводзіўся папярэдні адборачны тур, а на калінкавіцкай сцэне ўжо выступалі найлепшыя. Цягам 9 гадзін сваё майстэрства дэманстравалі выканаўцы ва ўзросце ад 7 да 86 год – як носьбіты, так і пераймальнікі традыцыйнай культуры. “Такім чынам наладжваецца пераемнасць, – падкрэслівае Ірына Валер’еўна Глушэц, – адна з галоўных куратараў свята, член журы, метадыст па народных традыцыях, абрадах і фальклоры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Раней у нас ладзіўся толькі конкурс абласны бытавых танцаў. А сёлета ён “дарос” да акрытага свята – дадаліся два адкрытыя мерапрыемствы – “Фолк-Фэст” і выстава выданняў “Ключы-Фэст”. Мы імкнуліся паказаць нашыя карэнныя традыцыі ў сваім натуральным выглядзе, наколькі гэта магчыма на сцэне. Паспрабавалі накіраваць людзей, каб яны выконвалі “сваё”, мясцовае, без сцэнічных апрацовак, аранжыровак, сцэнізацыі. Параўноўваць выступы канкурсантаў вельмі цяжка. Калі выдатны ўзровень, я проста стаўлю “дзясятку”. Напрыклад, былі шыкоўныя выканаўцы з Брэсцкай вобласці, з Мінска, Калінкавіцкага, Жыткавіцкага, Лельчыцкага, Светлагорскага і іншых раёнаў Гомельскай вобласці”.

Акцэнт на сваё” – напэўна, так можна было б сфармуляваць галоўную ідэю ўсяго свята. Гэта значыць, засваенне менавіта лакальных узораў выканальніцкай традыцыі. Песні, танцы, гульні, казкі, якія прадстаўлялі канкурсанты, пераважна паходзяць з іх вёсак, раёнаў, рэгіёнаў, запісаныя ад мясцовых жыхароў.

Адкрыты конкурс фальклору “Фолк-Фэст” ладзіўся ўпершыню. Народную мастацкую творчасць сваіх рэгіёнаў прадстаўлялі на сцэне людзі розных прафесій, удзельнікі аматарскіх калектываў і аб’яднанняў. Спаборнічалі салісты, дуэты і ансамблі – асобна дзеці, моладзь, дарослыя, а таксама змешаныя калектывы. Геаграфія  ахоплівала розныя рэгіёны Беларусі – ад Брэстчыны да Магілёўшчыны. Зрэшты, яна магла быць і шырэйшай, калі б не аддаленасць райцэнтра. Прыярытэт надаваўся Гомельшчыне – колькасць прадстаўнікоў гэтага рэгіёна не абмяжоўвалася.

Намінацый было шмат: “спевы” (абрадавыя і пазаабрадавыя песні, песенныя карагоды без музычна-інструментальнага суправаджэння), “прыпеўкі”, “танцы, скокі”, “гульні”, “інструментальная музыка” і “творы народнай прозы” (паданні, легенды, казкі, байкі, анекдоты, загадкі, прымаўкі і г.д.). Калі ў конкурсе танцораў удзельнічалі толькі пары, то на “Фолк-Фэсце” можна было пабачыць таксама сольныя, парна-гуртавыя танцы, карагоды, гульні. Журы ацэньвала выканальніцкае майстэрства, традыцыйную манеру, імправізацыйнасць, захаванне мясцовых традыцый і моўнага дыялекту, а таксама строі – арыгіналы аўтэнтычных касцюмаў або іх дакладныя рэканструкцыі.

Конкурс бытавых танцаў “Вытокі” ўжо стаў традыцыйным, ён ладзіцца на Гомельшчыне ўжо ў 11-ы раз. Сёлета да назвы дадаўся прэфікс “Танц-Фэст”. Мэта – захаванне, аднаўленне і пераемнасць традыцыйнага танцавальнага мастацтва Гомельшчыны. Журы ацэньвала не толькі выканальніцкае майстэрства, веданне кампазіцыі, але і захаванне мясцовага танцавальнага стылю, самабытнасць і адметнасць танцавальнай манеры, строі. Паводле Палажэння, ўдзельнічалі танцоры толькі з Гомельшчыны. У фінале і паўфінале 22 красавіка выступіла больш за 60 пар. Яны выконвалі папулярныя бытавыя танцы адпаведна сваёй катэгорыі – усяго шэсць, ад маленькіх дзетак да сталых пар. Напрыклад, самыя малодшыя танчылі “Базар”, “Картузэ”, “Карманчыкі”, польку “Бабачку”, а ў фінале – яшчэ і “Лявоніху”.  А вось “Какетку, “Кракавяк», “Матлёт”, “Месяц”, “Каробачку”, “Мікіту”, “Падыспань”, польку “Верацяно” паказвалі старэйшыя ўдзельнкі, падлеткі і моладзь. Сёлета дадалася новая катэгорыя – асобна спаборнічалі пераможцы мінулых гадоў.

Член журы конкурсу Танц-Фэста Вытокі, і старшыня журы конкурсу Фолк-Фэст, вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Тадэвушаўна Каліноўская зазначае: “Адметнасць сёлетняй праграмы – актыўны ўдзел школ мастацтваў. Прыемна, што навучэнцы далучаюцца да танцавальных конкурсаў у традыцыйным стылі. Няважна, што яны пачаткоўцы, але вельмі добрасумленыя і натхнёныя! У тым ліку, дзеці зусім невялічкага ўзросту – першыя класы, дашкольнікі. З іншага боку, на Гомельшчыне шмат такіх пар, якія стала ўдзельнічаюць у конкурснай праграме, некаторыя і па 10 год. Яны захоўваюць і паляпшаюць свой узровень, дэмантструюць выдатныя ўзоры выканальніцкага майстэрства. На такіх конкурсах, як "Вытокі" на Гомельшчыне і ў шэрагу іншых падобных абласных праектаў выдатна ўвасабляюцца прынцыпы, закладзеныя фестывалем фальклорнага мастацтва "Берагіня".

Знакаміты этнахарэограф, педагог, член журы, в. а. дырэктара Любанскага раённага цэнтра культуры Сяргей Георгіевіч Выскварка сочыць за праектам, бадай, ад самых яго вытокаў: Самае важнае – што такі конкурс ёсць і да яго далучаюцца дзеці, падлеткі. І як жа складана выбіраць сярод іх найлепшых! Калі малодшыя канкурсанты толькі напрацоўваюць майстэрства, то многіх падлеткаў ужо можна лічыць сапраўднымі карыфеямі. Можна прасачыць у іх выступах канкэртную “школу” – педагог пазнаецца ў сваіх вучнях. Бачная індывідуальнасць кожнага танцора: калі яе няма – гэта ўжо не танец, а набор рухаў. У маленькіх дзетак індывідуальная манера яшчэ не так моцна выяўлена, але яскрава прабіваецца ўжо з 13-14 год, асабліва ў хлопцаў. А калі яна дадаецца да “школы” і рэгіянальнай манеры – атрымліваецца сапраўды выдатны танцор!”

Як зазначылі члены журы, мясцовы танцавальны стыль з году ў год выразна дэманструюць танцоры з Акцябрскага раёна, г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага раёна, в. Ліпляны Лельчыцкага раёна – яны трымаюцца сваёй манеры і ад яе не адступаюць. Наогул, каб можна было культываваць тую самую “рэгіянальнасць” у побытавым танцы, вельмі бракуе агульнабеларускіх і лакальных даследванняў, на якія педагогі, этнахарэографы маглі б абапірацца ў сваёй працы.

Незалежна ад таго, як размяркуюцца прызавыя месцы – свята адбылося. І гэта галоўная ўзнагарода для яго ўдзельнікаў, гледачоў і арганізатараў. Кожны танцор, спявак ці апавядальнік, незалежна ад узросту, паказаў сваю творчую індывідуальнасць, яскравую харызму, якія арганічна ўпісаныя ў кантэкст традыцыйнай культуры – менавіта сваёй, мясцовай. А значыць, у яе ёсць будучыня!

02 Юрый Зарэцкі-1.jpg

Воля Семчанка, ЦДАДіМ “Ветразь”, г.Мінск

Фота Юрыя Зарэцкага



Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.