Кола ўдзельнікаў “Юраўскага карагоду” значна пашырылася ў дні фестывалю нематэрыяльнай культурнай спадчыны15.05.2024 Фестываль нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Карагоднае кола” сабраў сёлета як даўніх аматараў традыцыйнай культуры Тураўшчыны, так і новых прыхільнікаў фальклорнай спадчыны рэгіёну. Свае ўражанні, адкрыцці і этнаграфічныя знаходкі прапануе ў гэтым артыкуле Ганна Радзько, актыўная ўдзельніца этнаграфічных экспедыцый РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” Пазнаць глыбей традыцыйную культуру, далучыцца да сумеснага спеву, паўдзельнічаць у святочным карагодзе – унікальная магчымасць для кожнага, хто завітаў на фестываль нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Карагоднае Кола”, што адбыўся 6-7 мая 2024 года. Гэта шанец быць сведкам старажытнага, святочнага абраду на Юр’я. Варта адзначыць, што веснавы абрад “Юраўскі карагод” вёскі Пагост Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласці ў 2019 годзе ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якой патрабцецца тэрміновая ахова. Верагодна, што назва вёскі Пагост паходзіць ад усходнеславянскага слова “погост”, якое ўзыходзіць да дзеяслова з украінскай мовы “погостити” — “пабыць у гасцях”, “наведаць які-небудзь пункт з канкрэтнай мэтай”. Даследчыкі адзначаюць, што на ўсходнеславянскіх землях слова “пагост” сустракаецца ў значэннях “сельская абшчына і яе цэнтр, пагост як “паселішча з царквой”. Аматары, спевакі і аратары, студэнты і выкладчыкі – нас сабраўся вялікі турыстычны аўтобус. Мы рушылі ў дарогу з добрым настроем, музычнымі інструментамі і традыцыйнымі строямі. Увесь час нашага падарожжа пазірала ў вакно. Бясконца магу любавацца роднымі краявідамі – веснавымі, жоўтымі палямі рапсу, што чаргуюцца з бірузова-зялёнымі палямі жыта, карычнева-чорнай узаранай раллёй, пералескамі і сям-там вёскамі, паселішчамі. Першы выган кароў у поле, просьбы пра добры ураджай, гэта былі традыцыі нашых продкаў, пра якія мы ведаем з кніжак, рэдка ад саміх носьбітаў. Сустрэць Юр’е ў Пагосце – гэта ўнікальны шанец на свае вочы пабачыць, як палешукі і госці разам вадзілі карагоды, спявалі і танчылі. І вось аўтобус спыніўся, мы ў Пагосце. Па пясчанай вуліцы праз ўсю вёску ішлі людзі ў традыцыйных строях з Гомельшчыны і не толькі. Сярод удзельнікаў абраду вялікая колькасць носьбітаў традыцыйнай культуры, старажылаў, палешукоў з Тураўшчыны, а таксама іншых рэгіёнаў. Мы далучыліся да гэтай працэсіі. Паволі, крок за крокам мы ішлі за мясцовымі жахарамі і падыходзілі да зялёнага, вялікага жытнёвага поля. Прайсці ў поле можна было толькі праз “вароты” – вялікі рушнік, які з двух бакоў трымалі дзве дзяўчыны. Рушнікі сімвалізуюць царскія вароты. Першым праз вароты праходзіў мясцовы жыхар Іван Дзмітрыевіч, ён выконваў адказную місію падчас абраду – нёс ікону з рушніком. Пасля “праз вароты” праходзілі ўсе астатнія парамі. Так на полі апынулася больш за 100 чалавек. У цэнтры кола – “вядучая” святочнага абраду, загадчыца мясцовага клуба-бібліятэкі Ірына Торчык. У полі прасілі Бога “адмукнуць зямліцу і вупусціць расіцу, каб быў дождж і ўрадзіла збожжа. Потым на граблях замянілі фартух – з зялёнага на чырвоны. Пасля гэтага ўсе вярталіся ў вёску “праз вароты” - таксама па парах, як і заходзілі на поле. Па дарозе з поля праз вёску людзі спыняліся каля хат, быццам бы валачобнікі. Хаты, дзе “чакаюць” былі “падмечаныя” незвычайна – напрыклад, дзіцячай лялькай, што сядзіць на плоце, а часам самі гаспадары чакалі нас перад домам з дарамі ў кошыках. І вось пасля таго, як абыйшлі каля дзесятка хат, працэсія дасягнула пляцоўкі ля сельскага дома культуры, дзе ўжо была падрыхтавана сцэна, а таксама “кірмаш караваяў”. У вёсках было традыцыяй пячы хлеб-карагод. Яго жанчыны выпякалі ў печы, захоўваючы традыцыйны рэцэпт. Пірог аздаблялі “ралцам” – так палешукі называюць галінкі пладовых дрэў, на якія прымацоўваюцца рознакаляровыя стужкі і кветкі. Перад сельскім домам культуры бачым адразу некалькі прыгожых пірагоў-караваяў, адзін прыгажэйшы за другога. Падыходзім да першага “карагода”. Жанчыны хорам кажуць, што яны з гурта “Веціца” з вёскі Старажоўцы і маюць нават свой “слоган – “Уся дзярэўня свеціцца ад нашай Веціцы!”. Адна з жанчын распавядае: “Усе збіраліся ў адной хаце, нараджалі карагод. У карагодзе абавязкова павінны быць тры “рагожкі”, а таксама ленты, кветкі. Калісьці кветкі былі толькі тыя, што ў садзе растуць – ці вішні, ці яблыні, ці грушы. А ленты, як сімвал маладосці, бо дзяўчаты плялі ленты ў косы. Абрад праходзіў спачатку на полі. Ішлі на поле, неслі граблі. Граблі (сімвал працы) былі ўпрыгожаныя зялёным фартухом. Калі йшлі на поле, то не спявалі песні. Зялёны фартух – гэта сімвал поля. Пасля таго, як павадзілі карагод на полі, замянялі фартух на чырвоны. З поля вярталіся з чырвоным фартухом – сімвалам гаспадара. Каля кожнага двара прыпыняліся, танчылі, спявалі, каб у гаспадара ўсе было, усе мелася. Гаспадары адорвалі дарамі. Асабліва тыя гаспадары, у каго расло жыта, радаваліся. Лічылася, што тады будзе самы добры, багаты ўраджай. А пасля збіраліся, дзялілі карагод, танцавалі народныя танцы і спявалі карагодныя песні”. Адзін за адным прадстаўляюцца карагоды з іншых вёсак – з Чэрнічаў, з Буразі, і гаспадыні, кожны гурт хваліць свой “карагод” як самы смачны і самы лепшы. Пасля прэзентацыі караваяў пачынаецца святочны канцэрт фальклорных калектываў “Вясна-красна на ўвесь свет!”. Такога канцэрта мне яшчэ не даводзілася чуць! Я была ўражаная, як старажылы, удзельнікі фальклорных гуртоў здолелі захаваць традыцыйную манеру выканання песень, такі магутны голас і прадэманстраваць перад гледачамі такое багацце песень, кожны са свайго этнаграфічнага регіёна. Традыцыйны касцюм, у якім выступалі гурты, часта складаўся з кашулі, андарака, фартуха, якія спявачкі або шылі самі, або атрымлі ў спадчыну яшчэ ад сваёй матулі ці бабулі. Асабліва хочацца адзначыць выступленні фальклорных калектываў “Міжрэчча” (в. Пагост), “Веціца” (в. Старажоўцы), “Спасаўка” (в. Чэрнічы), “Дубравіца” (аг. Рычоў), “Лянок” (в. Буразь), “Стаўбунскія вячоркі” (в. Стаўбун) за аўтэнтычную манеру выканання спеваў і разнастайны рэпертуар. Вельмі парадавалі гасцей і дзіцячыя калектывы “Калыханка” з Мінскага і “Вянок” з Валожынскага раёнаў, аматарскі калектыў “Гасцінец" з Ракава, гурт “Стажары” РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” з Мінска. Самабытнае майстэрства выканаўцаў, цікавая і арыгінальная праграма фестывалю, захапленне студэнтаў і іншых удзельнікаў фэсту стварылі прыязную сяброўскую атмасферу, што дало магчымасць камунікацыі і абмену ідэямі як носьбітаў традыцый, так і апантанай моладзі, якой цікава традыцыйная культура, спевы, танцы. Можна было заўважыць, якую вялікую цікавасць выклікалі выступленні. Пасля канцэрта гледачы падыходзілі да гуртоў, дзякавалі, прасілі сфатаграфавацца на памяць, часам запытвалі пра асаблівасць спеву, цікавіліся як гурты рэпеціруюць і дзе шукаюць тэксты песень, як пераймаюць манеру і вучацца, як знаходзяць час і жаданне перадаваць, дзяліцца спеўнымі скарбамі. Удзельнікі фестывалю з вялікай пашанай ставяцца да песень сваіх продкаў, уражваюць майстэрствам выканання, рады перадаць традыцыі нашчадкам, каб не толькі студэнты, фальклорныя гурты, але і людзі розных прафесій цікавіліся, ведалі, ганарыліся культурным багаццем сваёй краіны.
Фота аўтара Форум для отзывов 1 не существует. |