Пра культурную спадчыну, яе сучаснае “жыццё” і не толькі
Адзін з такіх кірункаў адраджэння традыцый мінулага прапануе паэтка, музеязнаўца Алена Шатурына (Бобіна), якая з’яўляецца дырэктаркай і сузаснавальніцай сядзібнага комплексу “Ляліва” ў Смаргонскім раёне. Вось што спадарыня Алена расказвае пра канцэпцыю свайго праекта: “…Гэта ўвасабленне адзінаццаці год досведу ў даследаванні і зберажэнні культурнай спадчыны, адлюстраванне вялікай любові да Радзімы і глыбокай павагі да сваіх каранёў, усведамленне адказнасці за будучыню і адданасць справе. Так, адным з такіх узноўленных складнікаў мясцовай культуры, які практыкуецца на тэрыторыі сядзібы і мае аформлены таварны знак – гэта страва рэгіянальнай кухні – Смаргонскія абаранкі. Як вялася работа па даследванню традыцыйнага прыгатавання мясцовага слодыча Алена Шатурына расказвае наступнае: “Абваранкі-смаргонкі”, такую назву таварнага знаку мае гэты слодыч, – гэта не проста таварны знак, але ... адраджэнне славутай спадчыны – традыцыі прыгатавання смаргонскіх абваранкаў, вядомых і непарыўна звязаных са Смаргонню з XVII стагоддзя., а ўпершыню ўзгаданых яшчэ ў XIV ст. Па сведчаннях на ХХ стагоддзя ў 1938 годзе на чатыры з паловай тысячы насельніцтва ў Смаргоні мелася 80 пякарняў па вытворчасці абваранкаў, што сведчыла аб шматвекавой і ўстойлівай традыцыі іх выпякання. Пасля 1939 года прыгатаванне вядомых слодычаў прыпынілася і да сенняшняга дня не ўзнаўлялася. Закінуць такую гістарычную спадчыну, забыцца на яе – проста немагчыма і недапушчальна. Таму і нарадзіліся “абваранкі-смаргонкі”. Гэтаму нараджэнню папярэднічала доўгая праца: даследаванне гістарычных, архіўных крыніц у Беларусі і за яе межамі, якія дагэтуль не былі вядомымі або апублікаванымі, пошук фотаздымкаў, запіс успамінаў Ядзвігі Хадалёнак (1942 г.н.) з вёскі Вішнева Смаргонскага раёна, апошняй з тых, хто сёння памятае, як гатаваліся абваранкі; вывучэнне і аналіз расповядаў абвараначніц са Смаргоні, чые ўспаміны былі зафіксаваныя яшчэ ў 1990-я гг., выяўленне рэцэптур, занатаваных краязнаўцамі ў розныя часы ад XIX да канца ХХ стагоддзя. У выніку было сабрана 8 рэцэптаў. Старанны працэс іх адпрацоўкі, апрабіравання, удасканалення і адаптацыі пад сучасныя рэаліі – усё гэта было зроблена за 2023-2024 гг. І як вынік – густоўна аформленыя і глыбока змястоўныя па сваёй сутнасці пакункі са свежымі і духмянымі традыцыйнымі абваранкамі ручной вытворчасці." З тэрыторыі сядзібы “Ляліва” ўсе помнікі Крэва відаць як на далоні. Пі якасную каву або гарбату з мясцовага рознатраўя, частуйся ўнікальнымі стравамі і найсмачнейшым хлебам, якія прыгатаваны па рацэптам мясцовых гаспадынь (усе рэцэптуры былі сабраны мною пад час шматлікіх этнаграфічных экспедыцый па Смаргонскім і Астравецкім раёнах), слухай “Смаргонскія найгрышы”, знаёмся з гісторыяй і культурай наваколля уласнаручна рабі абваранкі і пернікі, каб потым імі паласавацца, набывай адзіныя ў сваім родзе сувеніры, – і гэта тое, што можна зрабіць ужо зараз. З майго расповяду вынікае чарговы пасыл нашага праекту – каб людзі маглі набыць і пачаставацца тым, чаго няма больш нідзе. Менавіта адраджэнне лакальных традыцый дае нам такую магчымасць для самарэалізацыі...” Алена Шатурына (Бобіна) паспяхова супрацоўнічае з мясцовымі органамі кіравання, актыўна прымае ўдзел у мерапрыемствах, якія ладзяцца ўстановамі культуры ў Мінскай вобласці. Дзякуючы такому ўзаемадзянню, спадарыня Алена прасоўвае на розных узроўнях інфармацыю пра мясцовыя традыцыі, у тым ліку пра "Абваранкі-смаргонкі", знаёміць з іх "смакам" у прамым і пераносным сэнсе. Стварэнне падобных прастор, якія насычаюцца мясцовымі культурнымі складнікамі, дазваляе датыкацца да пэўных традыцыйных праяў мінуўшчыны, практыкаваць іх у сённяшнім часе, захоўваць з дапамогай сучасных рэсурсаў, тым самым працягваць іх існаванне, напаўняць сваё жыццё прыгажосцю, да якой мы датачны праз свае карані, і перадаваць яе будучым пакаленням, каб не забыцца хто ты такі. Даведачная інфармацыя: Алена Шатурына (Бобіна) больш як за дзесяцігоддзе працавала ў напрамку выяўлення, даследвання культурнай спадчыны свайго рэгіёну: ініцыявала ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь 27-мі аб’ектаў – помнікаў архітэктуры, элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны – музычна-інструментальнай традыцыі “Смаргонскія найгрышы”; навукова абгрунтавала і ініцыявала павышэнне катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцей: Крэўскага замка – з нацыянальнай да міжнароднай значнасці, музея-сядзібы Францішка Багушэвіча – з рэгіянальнай да нацыянальнай; з’яўлялася кіраўніком прыватнага праекта па ўзвядзенні вежы-дазорцы на Юравай гары ў Крэве, арганізавала правядзенне за кошт спонсарскіх сродкаў рэстаўрацыйных і аднаўленчых прац у капліцы-пахавальні Качаноў у Івашкаўцах; выступіла аўтарам ідэі і адной са стваральнікаў цыклу відэафільмаў аб помніках сакральнага дойлідства “Веліч былога”, а таксама з’яўляецца ўдзельніцай телевізійных перадач пра беларускую культуру (напрыклад, праграма Навума Гальпяровіча “Суразмоўцы” ) і аўтарам шэрагу турыстычных маршрутаў. Форум для отзывов 1 не существует. |