Этнавадроўкі ў 2024 годзеПашырэнне ведаў пра нематэрыяльную культурную спадчыну (НКС) сярод гарадскіх жыхароў выклікае жаданне паглядзець на свае вочы на адметныя традыцыі і абрады розных рэгіёнаў Беларусі, уласнаруч паспрабаваць народныя рамёствы і асвоіць традыцыйныя выканальніцкія мастацтвы. Сёння гэта можна зрабіць на разнастайных занятках, майстар-класах і навучальных курсах, арганізаваных для дарослых і дзяцей, але непараўнальныя ўражанні пакідаюць сустрэчы з носьбітамі і ўдзел у традыцыйных святах. Таму ўжо не першы год людзі імкнуцца выправіцца ў дарогу і стаць удзельнікамі традыцыйных урачастасцей і фэстаў, арганізаваных з такой мэтай. Прапануем кароткі агляд падзей, звязаных з нематэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, якія ў 2024 годзе прайшлі з актыўным удзелам сталічных жыхароў. 13.01.2024 Шчадрэц у в.Пагост Жыткавіцкага раёна, які ўпершыню праходзіў без Кацярыны Аляксееўны Панчэні, што пайшла з жыцця ў жніўні 2023 г., быў неверагодна шматлюдным. Больш 20 чалавек прымяралі маскі, загадзя развучвалі мясцовыя шчадроўкі, рыхтавалі танцы і музыку, а пасля маляўнічым ланцужком рухаліся ўздоўж заснежаных вясковых вуліц, заходзілі па запрашэнню ў дамы вяскоўцаў і знаёмілі гарадскіх дачнікаў з мясцовай традыцыяй. Гаспадыня Пагосцкага клубу-бібліятэкі Ірына Ціханаўна Торчык шчодра прымала гасцей, сачыла за захаваннем мясцовых звычаяў і цешылася песням і танцам ў клубе, якія госці самі зладзілі з музыкамі фальклорнага калектыву “Абібок” з суседняй в.Запясочча. Вечарам не ўсе госці паехалі дадому, даўнія сяброўкі засталіся начаваць у Юліі Нікіфараўны Панчэні, а заадно, наведалі Шчадрэц у Жыткавічах, дзе зладзілі майстар-клас па традыцыйных беларускіх танцах для ўдзельнікаў свята ў райцэнтры. Сталічныя госці паспелі пашчадраваць і ў аграгарадоку Рычоў, што знаходзіцца ў 15 кіламетрах ад в.Пагост. Удзельнікі мясцовага гурта “Дубравіца” 13 студзеня таксама ладзяць калядны абыход мясцовых жыхароў на Шчадрэц. 21.01.2024 Цягнуць Каляду на дуб у Бярэзінскі раён выправілася крыху менш людзей, чым на Шчадрэц, але знаёмства з народным сямейна-абрадавым калектывам “Радзіна” і ўзорным фальклорным дзіцячым гуртом “Валошкі” Новінскага дома культуры выклікала жаданне сустрэцца яшчэ раз на Масленіцу і зладзіць вялікую танцавальную імпрэзу для дзяцей і дарослых. Да таго ж, дарога ў Новіны вельмі цікавая: можна наведаць Чэрвеньскі краязнаўчы музей, Музей Станіслава Манюшкі і "Прастору Хаіма Суціна" ў Смілавічах. 15.02.2024 Стрэчанне ў Новым Палессі Лельчыцкага раёна ладзяць штогод удзельніцы народнага фальклорнага калектыву “Палескія Напевы”. Кожны, хто пераадолеў далёкую дарогу ў сапраўдную глыбіню Палесся, застаецца здзіўлены і ўражаны маляўнічасцю і зладжанасцю свята, неверагоднаму гучанню песень і шырыні карагодаў, якімі расквечваецца гэта вёска на кароткі час гукання вясны яшчэ ў той час, калі стаіць марозная або шэрая бясснежная зіма. У свяце абавязкова ўдзельнічаюць дзеці, якіх прывозяць школьныя аўтобусы, навучэнцы каледжа з Лельчыц, студэнты з Гомеля. Пачастункі і гульні, прысмакі, прыгатаваныя на вогнішчы, і вясёлыя танцы нікога не пакідаюць абыякавымі. 06-07.05.2024 Юраўскі карагод у вёсках Пагост, Чэрнічы, Рычоў, Старажоўцы, Буразь Жыткавіцкага раёна сёлета распачаў рэгіянальны фестываль нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Карагоднае кола”, які ладзіўся ў рамках праекта ЮНЕСКА па захаванню Юраўскай традыцыі ў в.Пагост. Карагод, які сабраў удзельнікаў у вёсцы Пагост, сапраўды быў шматлюдны і ў полі, і на вуліцах, і на плошчы ля клуба. На свята прыехала многа гасцей праз афіцыйныя запрашэнні і па ўласнай ініцыятыве. Вечарам свята перамясцілася ў Тураў, дзе ў гарадскім доме культуры дапазна былі танцы, а на наступны дзень – песні ўдзельнікаў гучалі над Прыпяццю і з цеплахода, і з берага, і з Тураўскіх узгоркаў. Канцэрт фальклорных калектываў уразіў гараджан багаццем гучання свайго мясцовага фальклору, і натхніў усіх удзельнікаў на новыя сустрэчы. 06.06.2024 Другі раз у Смаргонскім раёне адбыўся фестываль традыцыйнай інструментальнай музыкі “Іграю, як знаю, скачу, як хачу!”. Фестываль прысвечаны, найперш, традыцыйнай музыцы Смаргоншчыны, якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а вось танцавальную частку, якая з’яўляецца неад’емнай часткай народных найгрышаў, штораз падтрымліваюць танцоры Школы традыцыйнага мастацтва з г. Мінска. Дарослыя людзі, што адмыслова вывучаюць традыцыйны беларускі танец, з радасцю аздабляюць на фестывалі выступленні музыкаў спрытнымі скокамі і лірычнымі парнымі танцамі. 09-12.07.2024 У сярэдзіне лета ўжо больш дзясяці год адбываецца рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры “Пятровіца” ў Любанскім раёне. Сёлета традыцыі свята “Пятрок” на Любаншчыне нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Цалкам адноўленае маляўнічае свята ў в.Шыпілавічы – вялікая заслуга апантаных супрацоўнікаў устаноў культуры раёна, мясцовых прыхільнікаў фальклору, нястомных даследчыкаў традыцынай культуры і ўдзельнікаў фэста “Пятровіцы”, якія штогод адгукаюцца на запрашэнне паглыбіцца ў народную культуры Любаншчыны. 21.11.2024 Традыцыйны Міхайлаўскі кермаш у аг. Рычоў Жыткавіцкага раёна з 2022 г. стаў праходзіць з актыўным удзелам фальклорных гуртоў і гасцей з г.Мінска. Знаёмства ўдзельнікаў адбылося ў рамках праекта ЮНЕСКА па захаванню НКС Тураўшчыны, у выніку якога сталічная моладзь атрымала магчымасць бліжэй пазнаёміцца з носьбітамі багатай спеўнай спадчыны міжрэчча Прыпяці-Сцвігі, якую увасабляе народны фальклорны калектыў “Дубравіца” Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры. 24.11.2024 Напярэдадні Каляднага посту ў аг. Скірмантава Дзяржынскага раёна штогод ладзяць традыцыйную мясцовую гулянку “Ката пячы” з рознымі вясёлымі гульнямі, танцамі, спевамі і жартоўным падзелам печанага ката, кавалачак якога трэба здабыць праз пераадоленне розных перашкод. Моладзь і дарослыя выпраўляюцца з Мінску ў Скірмантава, каб пабавіць час у адмысловай народнай гульнявой атмасферы, якую па-майстэрску ствараюць удзельнікі сямейнага калектыву “Сваякі” і народнага хору “Весялухі”. Рытм гадавога кола традыцыйнай культуры ўжо не ўдаецца адчуць у вялікім горадзе, дзе свята бывае кожны дзень. Таму і вандруюць людзі туды, дзе прыродныя рытмы спалучаюцца з жывой народнай творчасцю. З пільнай увагай і вялікай падзякай ставяцца госці да тых супольнасцей, якія ствараюць і захоўваюць асяроддзе, дзе жывуць нашы старадаўнія традыцыі. Паводле інфармацыі ўдзельнікаў вандровак Форум для отзывов 1 не существует. |