Традыцыйная культура Гомельска-Бранскага рэгіёну: даследванне, збіранне, перайманнеУ Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі 23 студзеня бягучага года прайшоў круглы стол, прысвечаны народным культурным традыцыям Гомельска-Бранскага памежжа. Увага ўдзельнікаў мерапрыемства была засяроджана на тэкстыльных традыцыях Веткаўскага раена Гомельскай вобласці і паўднёва-заходняй частцы Бранскай вобласці. Гэты этнаграфічны рэгіён зараз размяшчаецца на тэрыторыі дзвюх краін – Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У рабоце круглага стала прынялі ўдзел беларускія навукоўцы, даследчыкі ткацкіх народных традыцый, традыцыйных вырабаў з самаробнай тканіны і іншых праяў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а менавіта: Віннікава Марыя Мікалаеўна, старшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства з выступам па тэме рэканструкцыі традыцыйнага касцюма і стварэнні аўтэнтычнага вобраза на прыкладзе Добрушскага і Неглюбскага рэгіёнаў; Рудніцкая Галіна Рэмаўна, старшыня секцыі вышыўкі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, выкладчык студыі беларускай народнай вышыўкі Мінскага ОЦНТ, народны майстар Беларусі, з асвячэннем тэхналагічных асаблівасцей вышыўкі "белым па белым" і злучальнага шва ў панёвах Неглюбскага строю; Смірнова Ірына Юр'еўна, старшы навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, прапанавала матэрыялы даследвання традыцыйнага строя Гомельска-Бранскага памежжа. Змястоўным і пазнавальным быў удзел у мерапрыемстве Беласа Аляксея Аляксандравіча, этнографа, калекцыянера і папулярызатара традыцыйнай культуры Браншчыны (г.Навазыбкаў, Бранская вобл., РФ). Дзейнасць Беласа Аляксея Аляксандравіча – вельмі цікавы прыклад збіральніка і захавальніка традыцый культурнай спадчыны свайго рэгіёна. Аляксей Аляксандравіч сабраў вялікую калекцыю рэгіянальнага народнага тэкстылю XIX-пачатку ХХ стст. Краснагорскага, Суражскага, Мглінскага, Навазыбкаўскага, Клінцоўскага, Унецкага раёнаў Заходняй Браншчыны, частка якой была прадстаўлена на выставе «Соединяя берега» ў мастацкай галерэі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. А. Белас на адкрыцці выставы 13 снежня 2024 г. Фота з сайта Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
Такая вялікая па аб’ему калекцыя ў Беларусі была прадстаўлена ўпершыню. Тут экспанаваліся тканыя і вышытыя ручнікі, рэгіянальнае традыцыйнае адзенне, прадметы хатняга інтэр'еру. На выставе можна было пазнаёміцца з прыкладамі адметных тэхнік ткацтва і вышыўкі, характэрных для Веткаўска-Бранскага рэгіёну. Выстава працавала з 13 снежня 2024 г.па 24 студзеня 2025 г.
Рэгіянальныя традыцыі Усходняга Палесся вывучаюць, збіраюць і захоўваюць і беларускія аматары-даследчыкі: у якасці прыклада можна ўзгадаць Віктара Шыпкова. Асобай увагі заслугоўвае дзейнасць супрацоўнікаў дзяржаўнай ўстановы культуры «Веткаўскі музей стараабрадніцтва ібеларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава», якую высока цэніць і Аляксей Белас. Супрацоўнікі музея спецыялізіруюцца на вывучэнні Веткаўска-Бранскага рэгіёну, зладжваюць этнаграфічныя экспедыцыі, ствараюць часовыя і папаўняюць пастаяныя экспазіцыі ўстановы, прысвечаныя мясцовай традыцыйнай культуры, праз розныя віды музейных мерапрыемстваў далучаюць і паглыбляюць у свет народных традыцый усіх жадаючых . Разам з мясцовымі валанцёрамі Аляксей Белас паспяхова рэалізоўвае розныя гранты і праекты у дзейнасці па вывучэнню і захаванню мясцовых культурных традыцый. Падобныя фарматы рэалізуюцца і на тэрыторыі Беларусі. Падчас круглага стала Таццяна Аляксандраўна Пладунова, дацэнт кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (БДУКМ), падзялілася вопытам асваення народных традыцый в.Неглюбкі Веткаўскага раёна, ў тым ліку студэнтамі ўніверсітэта, і вынікамі гэтага праекта, якія ўвасобіліся ў выданні "Цень стралы" (2018 г.).
Абмен досведам у вывучэнні і захаванні праяў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, яе экспанаванне – гэта тая дзейнасць, якая дамагае ў выніку знайсці шляхі і выпрацаваць формы падтрымкі жыццяздольнасці тых традыцый і культурных праяў, якія маюць каштоўнасць для супольнасцей і асобных людзей, ідэнтыфікуюць "цябе" сярод іншых і дапамагаюць паспяхова ўзаемадзейнічаць паміж рознымі ўдзельнікамі сусветнай культурнай прасторы.
Выкарыстаны фота з сайта Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, А.Гумінскай. Форум для отзывов 1 не существует. |