Ніна Бохан. Уратаваныя краскі…![]() Маляваныя дываны былі шырока распаўсюджаны па Беларусі ў мінулым стагоддзі. Доктар мастацтвазнаўства Р.Ф. Шаура ў артыкуле “Вобразы малой радзімы ў маляваных дыванах Ірыны Церашковой” пра гэты напрамак інсітнага мастацтва адзначае, што яго “актыўнае развіццё…прыпадае на перыяд 1930–1950-х гг., хоць маляваныя дываны ствараліся не толькі ў гэты час. Справа ў тым, што такія творы, выкананыя на паперы, тканіне, цыраце, не маглі доўга захоўвацца, таму іх старадаўнія ўзоры не дайшлі да нашага часу. Што тычыцца перыяду першай паловы ХХ ст., то ў большасці раёнаў нашай рэспублікі маляваныя дываны былі ў кожнай сялянскай хаце. Мастацтвам роспісу дываноў займаліся не толькі вандроўныя творцы. У буйных вёсках і мястэчках жылі і працавалі мастакі-жывапісцы, якія выконвалі заказы «на даму». Попыт на такую мастацкую прадукцыю быў вялікім, і таму гэты від народнага мастацтва развіваўся на хвалі натуральнай і паўсядзённай у ім патрэбы. Маляваныя дываны станавіліся важным прадметам эстэтызацыі интер’ера жылога памяшкання, сродкам далучэння чалавека да мастацкай культуры.” Да нашага часу мала вядома пра мастакоў таго перыяду. Язэп Драздовіч, Алена Кіш – тыя нешматлікія імёны, якія сталі гучаць толькі амаль напрыканцы ХХ стагоддзя. Вельмі павольна інстнае мастацтва адкрывае звесткі пра сваіх сапраўды народных майстроў . Літаральна ў 2018-2019 гг. стала вядома імя яшчэ адной мастачкі “маляванай прыгажосці” са Смаргоншчыны Ніны Бохан. Пра гісторыю выяўлення, даследвання творчасці Ніны Бохан можна даведацца на сайце “Жывая спадчына Беларусі”, інфармацыйным рэсурсе "Планета Беларусь". Партрэт Ніны Бохан, аўтар С. Ноздрын-Платніцкая На сайце гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” пра яе творчасць і жыццё вельмі паэтычна напісана наступнае: – Мастачка, якая раскідала па палях маляваных дываноў свае краскі. Па лужках ды палісадніках сваіх насценнікаў гадавала яна мілату бы садоўнік дбайны — сапраўдныя кветкі росціць… Краскі бы жывыя. А на дрэўцы — пташачка. Дзівосныя звяры на ўзлеску. Зыркімі колерамі фарбаў на палатне даматканым ці на коўдры, на капе ці на прасціне стае перад намі далячынь краявідаў, што стварыла пані Ніна. Тут і родныя пагоркі з-пад Смаргоні, і дзікія львы на іх… А вакол — краскі родныя, што пышней за баракальныя багеты бы рамкай аздабляюць тыя карціны. Такая пекная паненка, вельмі “гарадская” і заўжды з пурпурам усмешкі, зусім не падобная на суседак-вясковак ці на местачковых кабет, Ніна Бохан хадзіла па хацінках ды прапаноўвала свае цуды — цуды, што хавала яна ў невялічкай фанернай валізцы. Заўжды з тэй валізкай вандравала мастачка. У ёй і няхітры скарб асабісты, і мастацкае начынне — пэндзлі з фарбамі, — ды цуды з дзівосамі. У валізцы тэй — краскі чароўныя, якія Ніна бы штукарка даставала і дарыла людзям… Была яна трошку авантурыстая і зусім не трошку — сацыяльная аўтсайдарка… Аўтсайдарка, як і шмат якія мастакі дый як і шмат якія беларусы-адшуканцы праўды і прыгажосці свету вакольнага ці свету ўнутранага. Блукала па сцяжынках свайго жыцця з тэй валізкай, поўнай красак… І сама стала красачкай… Нават магілкі ейнай не засталося — толькі краскі Ніны Бохан, сапраўднай пані з пурпурам на вуснах… І памяць пра мастачку засталася — дужа ж да сэрца прыйшліся тыя кветкі. Памятаюць пра яе, збіраюць краскі нініны і руплівыя людзі, закаханыя ў шчырасць ейных дываноў. Ратуюць старыя насценнікі, захоўваюць іх. Памятаюць і пра саму пані Ніну, і пра ейны пакручасты лёс, і пра прыгажосць ейнага сусвету. Вывучаюць... Углядаемся ў краскі на палотнах і радасна ўсміхаемся… Прыгожа ж… І згадваем Ніну. І дзякуем усім, хто прыклаўся да ратавання спадчыны смаргонскай мастачкі. Да 30 сакавіка бягучага года ў музеі г. Заслаўя працуе часовая экспазіцыя “Ніна Бохан. Уратаваныя краскі…”, дзе прадстаўлены маляваныя дываны і абразы з прыватных збораў Г. Антонавай-Падмосткі, А. Крукоўскага, З. Варпаховіч і Сінькоўскага дома культуры, І. Крэсла, Л. Сапач, Н. Дзеніс, а таксама партрэт Ніны Бохан мастачкі С. Наздрын-Платніцкай. Усе дываны — без прыкрасы, натуральныя… Такія, якімі і знайшлі іх нашыя героі-збіральнікі — месцамі з плямамі фарбы, з дзюркамі і трошку рваныя, месцамі дэфармаваныя, са “слядамі побытавай рэстаўрацыі”. Адным словам, абсалютна такія, якія яны і былі in situ — якімі яны і віселі ў тых хацінках, у якіх іх адшукалі, — дываны без музейнай рэстаўрацыі, а ад гэтага яшчэ больш мілыя. Тут можна пабачыць іхны натуральны жыццёвы шлях… Як і кожны іншы прадмет, як і кожная жывая істота, якая калісь была маладая і поўная сілаў, дываны старэюць. Праз тыя надрывы-шнары можна пабачыць іхны лёс, у дзюрках ды латках — іхныя прыгоды… Іхнае сапраўднае жыццё… Дываны без прыкрасы, але такія прыгожыя... Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе” запрашае наведаць выставу, пазнаёміцца са спадчынай смаргонскай мастачкі, імя якой нядаўна з’явілася з небыцця. Звесткі пра традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я можна паглядзець ў Інвентары нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Форум для отзывов 1 не существует. |