Танцуем па-даўнейшамуАднойчы вядомы этнахарэограф М.А. Козенка адзначыў: «Мару пра такі час, калі затанцуе ўся Беларусь!». Здаецца, яго чаканні пачалі апраўдвацца дзякуючы жыхарам Гродзеншчыны. У гэтым рэгіёне аматары традыцыйнай культуры актыўна даследуюць і захоўваюць танцавальную спадчыну. Падчас розных мерапрыемстваў яны выконваюць як агульнавядомыя на тэрыторыі краіны побытавыя танцы з характэрнымі для пэўнага рэгіёну рысамі, так і цалкам арыгінальныя мясцовыя танцы. Усё згаданае маглі пабачыць наведвальнікі абласнога фестываля-свята побытавых танцаў «Танцуем па-даўнейшаму», які 15 мая гучна прайшоў у аг. Дзітва Лідскага раёна. Свае майстэрства і веданне традыцыйнага танца паказалі 95 пар, узрост танцораў – ад 5 да 75 гадоў. Адметна, што столькі людзей фестываль не збіраў за увесь час свайго існавання, а ён праводзіцца кожны год ужо ў восьмы раз!
Сапраўдны танцавальны батл пачаўся з выканання ўсімі старэйшымі танцорамі «Лявоніхі».
Эстафету падхапілі 58 пар малодшых удзельнікаў, якія выканалі агульную «Польку».
Выступы канкурсантаў перамяжоўваліся з пазаконкурсным выкананнем кадрыляў Гродзеншчыны. Дарэчы, традыцыя выканання многіх з іх унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Дэмбраўская кадрыля
Тудараўская кадрыля Увогуле падзеі на фестывалі нагадвалі танцавальнае святочнае віраванне. Журы конкурса было сапраўды нялёгка вызначыць пераможцаў, паколькі вартых узнагароды пар было больш, чым месцаў на п’едэстале і прызоў. Тут нельга не адзначыць, што ўзровень майстэрства ўдзельнікаў гэтага фестывалю-конкурсу за апошнія гады значна ўзрос.
Пасля завяршэння конкурснай праграмы ўсе жадаючыя спачатку закруцілі трохкрокам полечную фігуру «Качан», а затым пагулялі ў «Злодзея» (танцавальная гульня). Дапамагаў ім у гэтай справе гурт «Жывіца» (Гродзенскі раён).
Жадаючыя даведацца пра ўсе падзеі фестывалю «Тацуем па-даўнейшаму» могуць паглядзець відэа на YouTube, створанае спецыялістамі Дзітвянскага дома культуры. Свята традыцыйнага побытавага танца атрымалася па-сапраўднаму яркім, насычаным і не пакінула абыякавымі ўсіх прысутных. Кранальна бачыць, калі самыя маленькія ўдзельнікі фестывалю пытаюцца: «А музыка ўжо скончылася? А калі будзем яшчэ танцаваць?» Такія дзеткі даюць нам, дарослым, надзею на тое, што ў традыцыйнай танцавальнай спадчыны нашай краіны ёсць будучыня.
Фотаматэрыялы ДУК «Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці», А. Гумінскай.
Форум для отзывов 1 не существует. |










