На граной нядзелі русалкі сядзелі

З сярэдзіны мая у гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе» праходзіць выстава выцінанкі таленавітых майстрыц Наталлі Чэрвонцавай і Канстанцыі Герасіменка – маці і дачкі, прадстаўніц вядомай Маладзечанскай школы выцінанкі.

Афіша.jpg

Наталля Чэрвонцава, мастачка і выкладчыца, прысвяціла амаль 30 гадоў даследаванню з’явы выразання з паперы на Беларусі як тэарэтычна, так і праз свае творы.

Канстанцыя Герасіменка, мастачка, ілюстратарка, з маленства ўдзельнічала ў святах-конкурсах, прысвечаных выцінанцы, шырока ўжывае тэхніку выразання з паперы як традыцыйна, так і ў сучасным мастацкім кантэксце.

Майстэрству выразання з паперы іх вучыла адпаведна маці і бабуля – знакамітая Вікторыя Мікітаўна Чэрвонцава. Менавіта яна з’яўляецца заснавальніцай Маладзечанскай школы выцінанкі. Яе справу працягваюць усе прадстаўнікі роду Чэрвонцавых.

На выставе прадстаўлены працы розных гадоў, а таксама ілюстрацыі да кнігі «Добрая прыказка як да мяшка прывязка».

Музей_ФБ_1.jpg

Музей_ФБ_4.jpg

Музей_ФБ_2.jpg

Музей_ФБ_3.jpg

Творчасць Наталлі Чэрвонцавай і Канстанцыі Герасіменка – яскравы паказчык пераўтварэння выцінанкі з простага ўжытковага рамяства ў сапраўднае мастацтва, у якім могуць быць адлюстраваны складаныя філасофскія пытанні. У  творах са звычайнай паперы яны прапануюць гледачу сваё аўтарскае пераасэнсаванне вобразаў беларускай народнай культуры, сучаснае гучанне традыцыйных уяўленняў аб пабудове свету і жыцці чалавека.

Выстава «На граной нядзелі русалкі сядзелі» працуе да 15 чэрвеня.


Паводле ДУ «Гісторыка-культурны музей-запаведнік „Заслаўе“»


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.