Інвентар НКС
Вобласць:
Раён:
Абрад “Бразгун” і яго складовы элемент - ушанаванне абраза святых Пятра і Паўла вёскі Наркі Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласціШыфр (у Дзяржаўным спісе): 53АК000074
Дата ўключэння: 16/03/2012
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 26.11.2011 № 11-01-01/4, Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 16.03.2012 № 236
Шыфр (у Інвентары): НКС-130211/01
Звесткі аб адказнасці адносна НКСКуратар:
Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-астветнай работы. Адрас: вул. Першамайская, 10, г. Магілёў, 212010; Выяўленне элементаў НКСНазва: Абрад “Бразгун” і яго складовы элемент - ушанаванне абраза святых Пятра і Паўла вёскі Наркі Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт): Бразгун Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы): Жыхары вёскі Наркі Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці:- Чапеліна Любоў Ільінічна, 1945 г.н., в. Наркі, носьбіт абраду, захавальнік абраза св. Пятра і Паўла;- Гаспадарова Ніна Акімаўна, 1939 г.н., в. Наркі, носьбіт абраду, захавальнік абраза св. Пятра і Паўла;- Князеў Віктар Мікалаевіч, 1935 г.н., в. Верамейкі (нарадзіўся у в. Наркі), носьбіт абраду, захавальнік абраза св. Пятра і Паўла;- Урупіна Алена Іванаўна, 1939 г.н., в.Наркі, носьбіт абраду, захавальнік абраза св. Пятра і Паўла Арэол распаўсюджвання:
Магілёўская вобласць
» Чэрыкаўскі раён
» в. Наркі;
Кароткае апісанне элемента: Па словах саміх удзельніц абрада – жыхарак вёскі Наркі, свята Пятра і Паўла правілі яшчэ іх бабулі. Абрад “Бразгун” звязаны з ушанаваннем іконы святых Пятра і Паўла (аброчнага абраза) і цудатворнай крыніцы. Святы абраз Пятра і Паўла на працягу многіх дзесяцігоддзяў знаходзіцца у мясцовых жыхарак: прыносячы яго дадому, гаспадыня такім чынам абракаецца на здароўе як сабе, так і сваім родным. Да абраза, як дапаўненне, далучаецца асобая свяча вялікіх памераў, якую кожны год жанчыны аднаўляюць, дадаючы да яе кавалкі царкоўнага воску і адзяваючы свячу ў новае адзенне. У абрадзе, які праводзіцца штогод 13 ліпеня, удзельнічаюць практычна ўсе насельнікі вёскі розных узроставых і сацыяльных груп, якія ў гэты дзень упрыгожваюць абраз рознакаляровымі стужкамі і ручнікамі, ставяць абрадавыя свечы і спяваюць перад ім псалмы, затым нясуць да цудатворнай крыніцы і асвячаюць. Завяршаецца абрадавая дзея абрадавай ежай і малітвай перад абразом, якія, згодна з перакананнем удзельнікаў абраду, павінны прынесці дабрабыт і спакой вёсцы і яе жыхарам. “Бразгун”, як і колісь, па-ранейшаму з’яўляецца актуальнай культурнай з’явай і прызнаецца супольнасцю сваёй нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю Ідэнтыфікацыя і апісанне элементаКатэгорыя элемента: Традыцыйныя цырымоніі » Абрады Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам: У вясковай культуры яшчэ жывая традыцыя ушанавання святога абраза Пятра і Паўла. Жыхары в. Наркі, бліжэйшых вёсак, раённага і абласнога цэнтраў, і нават з іншых абласцей прыязджаюць сюды штогод 13 ліпеня каб памаліцца перад цудатворным абразам, прайсці пад ім для здароўя, і набраць пасвячонай вады са святой крыніцы. Дзеці і ўнукі жанчын-носьбітаў ведаюць гісторыю ўзнікнення свята, з’яўлення іконы, дапамагаюць сваім матулям і бабулям. Ёсць надзея, што гэтая традыцыя, якая захавала пераемнасць на ўзроўні сям’і, ад пакалення да пакалення, застанецца сацыяльна і культурна запатрабаванай. Тым не менш, асобныя элементы гэтага абраду (песні, кулінарная традыцыя, традыцыя касцюма і г.д.) могуць выкарыстоўвацца сучаснымі музычнымі калектывамі, вывучацца школьнікамі, студэнтамі, выкарыстоўвацца як турыстычныя прадукты для агратурыстычных гаспадарак Магілёўшчыны. А сам абрад можа быць ўнесены на карту як цікавы і карысны аб’ект агратурыстычнага маршрута вобласці Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі: Абрад мае, найперш, сакральна-рэлігійную функцыю, якая абумовіла яго захаванасць і жывое бытаванне, аб чым сведчыць той факт, што ікона святых Пятра і Паўла стала аброчнай іконай вёскі Наркі, шануецца і зберагаецца да сённяшняга часу. Не толькі жыхары вёскі Наркі лічаць ікону, свячу і крыніцу цудатворнымі, а і ўсе тыя, хто прыязджае з іншых мясцінай краіны, каб далучыцца да абрадавых дзеяў. Рытуальныя дзеянні жанчыны-носьбіты збераглі і перадаюць нашчадкам у тым выглядзе, у якім перанялі ад сваіх матуль і бабуль, што прадвызначыла функцыю ідэнтыфікацыі і яднання супольнасці-носьбіта абраду. Па словах носьбітаў, вялікая колькасць людзей, якія імкнуцца ў вёску 13 ліпеня, сведчыць аб непаўторнасці і ўнікальнасці іх абраду і вылучае іх сярод іншых. Абрад таксама спрыяе захаванню сацыякультурнага мікраклімату вёскі. Веды, звязаныя з абрадам, якія перадаюцца ў супольнасці, указваюць на камунікатыўную функцыю абраду ўнутры супольнасці Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента: Раённы выканаўчы камітэт, аддзел культуры Чэрыкаўскага райвыканкама, Цэнтралізаваная клубная сістэма аддзела культуры райвыканкама Паходжанне элемента: Абраду “Бразгун” больш за два стагоддзі. Яго спраўлялі яшчэ прадзеды, дзяды і бацькі сучасных носьбітаў. На сёняшні час абрад праводзіцца штогод. Носьбіты расказваюць гісторыю узнікнення абрада, якую перадаюць з пакаленне ў пакаленне. Гісторыя сведчыць наступнае: ва ўрочышчы, дзе не ступала нага чалавека, раптам забіла з-пад зямлі крыніца. Вада вылятала з такой моцай, што грукат камянёў і струменяў вады быў чуцен за некалькі вёрст. Людзі спужаліся, пабеглі паглядзець што здарылася. Прыбеглі і ўбачылі цуд: з-пад зямлі б’е чысцюткая вада. Было чуваць размову: “як моцна бразгаюць камяні”; “Бразгае так, што далёка чутна”. Адсюль і назва – “Бразгун”. Людзі пачалі маліцца апосталам Пятру і Паўлу, дзень ушанавання якіх прайшоў напярэдадні. Старэйшыя жыхары гэта прынялі як знак, прынеслі абраз св. Пятра і Паўла, абышлі крыніцу тры разы – і вада супакоілася. Праз дзень паставілі каля крыніцы драўляны зруб і крыж, каб засцерагчыся ад бед і няшчасцяў. З тых самых часоў пажары, а яны часта бушавалі на вёсцы, больш ніколі не дакучалі норкаўцам. Праз год каля крыніцы паставілі капліцу. Жанчыны прынеслі ручнікі, святыя абразы, мясцовы бацюшка–лампадкі і свечкі. З таго часу з усіх куткоў, бліжэйшых і аддаленых, пацягнуліся да крыніцы нямоглыя, якія шукалі паратунку ад цяжкіх хвароб. Шукалі і знаходзілі збаўленне ад пакутаў цялесных і душэўных, розных калецтваў. Нават у Вялікую Айчынную вайну, калі гарэлі суседнія вёскі, Наркі засталіся цэлымі. Гэтаму дапамагла і ікона св. Пятра і Паўла, якая цудам захавалася дзякуючы мясцовым жыхарам. Шмат разоў, ужо ў савецкія часы, прадпрымаліся спробы “згарнуць” крыніцу, не даць ёй жыць. Але кожны раз крыніца струменіла свае воды, і каля яе стаяў асвечаны крыж. Зараз на гэтае намоленае месца прыязджае шмат людзей, каб пакінуць хваробы і аздаравіцца (вада ў крыніцы прызнана цалебнай), памаліцца і набраць вады. Вялікую ікону апосталаў Пятра і Паўла сяльчане вырашылі перадаваць на захоўванне з хаты ў хату як абярэг. Самы працяглы час яна беражліва захоўвалася ў свяцёлцы Кацярыны Фядосаўны Райкінай (ужо няма ў жывых) Стан бытавання: развіццё ці распаўсюджванне Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент: Мясцовыя жыхары лічаць, што нездарма ва ўрочышчы, дзе не ступала нага чалавека, з’явілася крыніца. Вёска Наркі знаходзіцца у маляўнічым месцы Чэрыкаўскага раёна, сярод лугоў і лясоў. Вясковая вуліца нешырокая, якая і па сённяшні час не заасфальтавана. Уздоўж вуліцы, па абодвух баках, стаяць драўляныя хаты вяскоўцаў, некалькі студняў. Архітэктура і інтэр’ер драўляных сельскіх хат не змяніліся, і гэта не здзіўляе, бо ў вёсцы жывуць у асноўным людзі сталага ўзросту. Ад вёскі да крыніцы 7 кіламетраў. Маршрут не мяняўся вякамі – другой дарогі да ўрочышча няма: па вясковай вуліцы да сельскай крамкі, што стаіць на шашы, некалькі кіламетраў па асфальтаванай дарозе, потым паварот у лес, кіламетраў 5 па вузкай лясной сцяжцы – і трапляеш на казачную паляну, якую сама прырода стварыла для правядзення гэтага свята. Абрад, працэсія з іконай, вадасвятны малебен праходзяць у традыцыйным ландшафце, які мясцовыя жыхары і раённыя ўлады старанна захоўваюць Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца: Мясцовыя жыхары размаўляюць на сумесі рускай і беларускай моў, так званая трасянка Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента: Матэрыяльным аб’ектам звязаным з практыкай элемента з’яўляецца жаночы і мужчынскі касцюмы, якія да сёняшняга часу захаваліся у носьбітаў. Жаночы касцюм адносіцца да Краснапольскага строя і бытаваў у XIX-XX стст. Складаецца з кашулі, спадніцы, фартуха-аднаполкі і хусткі. Кашуля багата аздобленая чырвоным геаметрычным узорам на рукавах і плечавых ўстаўках-“паліках”, зроблена з тонкага льну. Спадніца ўяўляе сабой шырокі (у чатыры полкі) ваўняны даматканы андарак цёмна-чырвонага колеру ў чорную клетку. Летнія спадніцы – стракатыя камлёты, на поясе збіралася ў дробныя складкі.Фартух доўгі, з даматканага палатна ці пакутной тканіны-“перкалю” і багата аздоблены вышыўкай крыжыкам. Завяршаецца касцюм галаўным уборам – хусткай фабрычнай вытворчасці, спосаб павязвання якой адвольны: канцы павязваліся ззаду, дзе яны ляжалі свабодна. Дапаўняўняецца жаночы касцюм шыйнымі ўпрыгожваннямі, якія ўяўляюць сабой некалькі радкоў пацерак вакол шыі. Мужчынскі касцюм уяўляе сабой кашулю і порткі, сшытыя з тонкага даматканага палатна. Кашуля вышытая па каўняры і манжэтах. Дапаўняў мужчынскі касцюм тканы пояс. Таксама да матэрыяльных аб’ектаў можна аднесці і саму свечку, якую жанчыны кожны год абнаўляюць, вялікіх памераў ікону святых апосталаў Пятра і Паўла, тканыя ручнікі, посуд, драўляную капліцу, аброчны крыж ля крыніцы. Важным элементам абраду з’яўляецца развітальны стол: усе стравы рыхтуюцца “ў пару” (2, 4, 6), на стале іх павінна знаходзіцца цотная колькасць. Абавязковай рытуальнай стравай з’яўляецца боршч (гарачы, каб над талеркай і сталом узнімалася пара). Адзенне свячы складаюць: начная кашуля белага колеру, сукенка ў вузкую палоску, каляровы пояс, стужкі Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента: Песні, псалмы, малітвы, паданні пра абрад прыгатаванне страў для развітальнага столу Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці: Жанчыны-носьбіты абраду “Бразгун” перанялі абрадавыя дзеянні ад сваіх бабуль і матуль, таму можна з упэўненасцю сказаць, што існуе перадача элемента з пакалення ў пакаленне. На сённяшні час існуе некалькі мадэляў перадачы элемента: - у сям’і (у абрадзе прымаюць ўдзел некалькі сем’яў, якія захоўваюць свячу і ікону і перадаюць штогод іх з хаты ў хату); - з пакаленне ў пакаленне: носьбіты перадаюць сваім дзецям і ўнукам гісторыю абраду, рацэпты рытуальнай ежы, парадак правядзення абраду; - праз сродкі масавай інфармацыі; - праз выпуск розных буклетаў, альбомаў; - праз удзел этнаграфічных таварыстваў у фіксацыі абраду, пераемнасці і вывучэння традыцый; - праз удзел вучняў школы ў правядзенні абраду (нясуць кветкі, свечкі); - праз дэманстрацыю відэафільма, знятага Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы сумесна з тэлеканалам “Магілёў 1”. Пагрозы для існавання і перадачы элемента: - сталы ўзрост жанчын-носьбітаў (захавальнікаў) абраду “Бразгун”; - паступовае знікненне выканання псалмоў, бо іх спяваюць толькі жанчыны-носьбіты;- знішчэння традыцыйнага касцюма канца XIX – пачатку XX стст., які апранаюць носьбіты абраду Ключавыя словыКрыніца, свяча, абраз, аброк, святыя Пётр і Павел Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКАДакументы, звязаныя з элементам2010.07.19_Веснік_Чэрыкаўшчыны.PDF 2010.07.19_Веснік_Чэрыкаўшчыны.PDF2011.07.09_Веснік_Чэрыкаўшчыны.PDF 2011.07.09_Веснік_Чэрыкаўшчыны.PDFЭкспертнае заключэнне_Крук І.І.pdf Экспертнае заключэнне_Крук І.І.pdfрэпартаж.pdf рэпартаж.pdfспецрэпартаж.pdf спецрэпартаж.pdf2019-07-17_Веснік_Чэрыкаўшчыны.pdf 2019-07-17_Веснік_Чэрыкаўшчыны.pdfВідэафіксацыяРАДАВОД_БРАЗГУН.avi РАДАВОД __БРАЗГУН 2011.mpg |