Інвентар НКС
Вобласць:
Раён:
Традыцыя вырабу прыпяцкага чоўнаШыфр (у Дзяржаўным спісе): 33АК000162
Дата ўключэння: 19/08/2022
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 12.08.2022 № 04-01-02/6. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 19.08.2022 № 73
Шыфр (у Інвентары): НКС-20220929
Звесткі аб адказнасці адносна НКСКуратар:
Выяўленне элементаў НКСНазва: Традыцыя вырабу прыпяцкага чоўна Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт): Лодка-аднадрэўка, даўбёжнае рамяство, рубіць човен, зрубіць човен, даўбаць, выдаўбіць човен Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы): Жыхары в. Перароў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці Арэол распаўсюджвання:
Гомельская вобласць
» Жыткавіцкі раён
» в. Перароў;
Кароткае апісанне элемента: Гістарычна човен прадстаўляе сабой выдзеўбаную з цэльнага камля дуба, сасны, асіны ці ліпы лодку-аднадрэўку. У залежнасці ад выкарыстанага матэрыялу вар’іруюцца і назвы гатовых вырабаў: з ліпы – ліпаўка, з асіны – асінаўка, з ветлы (вярбы) – вятлоўка. На тэрыторыі Палесся човен быў вельмі распаўсюджаным транспартным сродкам амаль да канца ХХ ст. Прызначэнне выдзеўбаных чаўноў было розным: ад перавозкі да бліжэйшых населеных пунктаў грузаў і людзей – да рыбнай лоўлі і палявання. Выраб прыпяцкіх чаўноў мае свае рэгіянальныя адрозненні. Памеры чаўноў вар’іраваліся ад 2,5 да 10 м даўжыні і 1–1,5 м шырыні. Падобныя памеры дазваляюць павялічыць грузапад’ёмнасць чоўна да трох дарослых мужчын. Памеры залежалі ад прызначэння чоўна і шырыні ракі ці канала. На човен выбіраецца дрэва з тоўстым ствалом і моцнай драўнінай, без вялікіх сучкоў і дэфектаў на паверхні. Кіраванне чоўнам ажыццяўлялася непасрэдна адналопасным вяслом без уключын. Палескае вясло мае сваю адметнасць – папярэчыну на ручцы, якую тут называюць «мыліца». Тэхналогіі вырабу чоўна перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў сем’ях і вясковай супольнасці. Для вырабу чоўна выкарыстоўваліся: сякера, струг, капыл прамы і каленчаты (закруглены), рубанак для ашалёўкі бакоў чоўна. На сённяшні дзень ў в. Перароў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці некалькі майстроў займаюцца даўбёжным рамяством, вырабляюць і карыстаюцца чоўнамі. Гэта Швец Леанід Іванавіч і Масла Уладзімір Васільевіч. Майстры захоўваюць і перадаюць веды і навыкі па вырабу прыпяцкага чоўна жыхарам Жыткавіцкага раёна і зацікаўленым асобам з усёй Беларусі Ідэнтыфікацыя і апісанне элементаКатэгорыя элемента: Традыцыйныя рамёствы » Дрэваапрацоўка Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам: Веды і навыкі, якія зяўляюца характэрнымі для традыцыі вырабу прыпяцкага чоўна, карысныя жыхарам Жыткавіцкага раёна і зацікаўленым асобам ўсёй Республікі Беларусь. Яны дапамагаюць у вывучэнні рэгіянальных асаблівасцяў традыцыйнай культуры Беларусі. Так, сучасныя жыхары вёсак паабапал Прыпяці і яе прытокаў, якія карыстаюцца чаўнамі, зробленымі рукамі дзядоў і прадзедаў, цэняць човен значна вышэй, чым лодку, за хуткі ход і бясшумны рух у прыбярэжных зараслях, за доўгую службу без рамонту, а драўніна ў вадзе становіцца мацнейшай, не баіцца зімовага захавання пад адкрытым небам. Човен на вадзе не перакуліцца, калі ўмець кіраваць ім не прыграбаючы моцна. Так човен, у адрозненне ад лодкі, не патрабуе моцных высілкаў, што ў сваю чаргу робіць яго прывабным для аматараў воднага турызму і для замежных турыстаў, якія прыязджаюць у нашу краіну на паляванне і рыбную лоўлю. Этнатурызм як новы накірунак турызму таксама можа ўлічваць выкарыстанне чоўна для дэманстрацыі традыцыйных палескіх промыслаў – рыбалоўства і палявання, а таксама як адзін з асноўных сродкаў руху па вадзе да пачатку XX ст. ў Беларусі і, асабліва, на Палессі. Цікавым для сучаснага спажыўца можа быць адлюстраванне навыкаў якія майстры захоўваюць і могуць дэманстраваць напаказ для турыстаў, а таксама як майстар-клас для жадаючых пераняць традыцыю Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі: Захаванне традыцыі вырабу прыпяцкага чоўна можа спрыяць выкананню наступных функцый: 1) кансалідуючай – папрыпяцкія палешукі і нават іх нашчадкі, якія пераехалі ў гарады, яшчэ захоўваюць памяць пра тое, што човен служыў іх продкам і быў асноўным сродкам руху, таму цікавасць да вырабу дзяўбаных лодак трэба чакаць перш за ўсё з іх боку; 2) камунікатыўнай – захаванне рамяства па вырабу чаўноў важна для знаёмства з этнічнай культурай Прыпяцкага Палесся, што цікава для саміх жыхароў гэтага краю і турыстаў; 3) сацыялізуючай – аматары воднага турызму ўжо з задавальненнем выкарыстоўваюць чаўны ў спаборніцтвах падчас фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які праводзіцца ў Ляскавічах на тэрыторыі Нацыянальнага парка «Прыпяцкі». Папулярызацыя чоўна садзейнічае сацыялізацыі палешукоў, асабліва жыхароў папрыпяцкага Палесся; 4) каштоўнаснай – човен і прыёмы даўбёжнага рамяства па яго вырабу могуць быць цікавымі айчынным і замежным турыстам, якія могуць паназіраць за працай майстра і г.д. Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента: ДПУ Нацыянальны парк «Прыпяцкі», Жыткавіцкі районы выканаўчы камітэт, музейныя ўстановы раёна, метадычная дапамога з боку ДУК «Жыткавіцкі раённы цэнтр народнай творчасці і арганізацыі вольнага часу насельніцтва» і яго філіялаў Паходжанне элемента: Гісторыю суднабудавання ў Беларусі падрабязна апісала к.г.н. Ніна Буракоўская. Яе артыкул “Човен” змешчаны ў энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі” за 1989 год, а ў часопісе “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі" за 1979 год — артыкул “Рачное суднабудаванне”. У энцыклапедычным даведніку “Народная культура Беларусі”, 2002, змешчаны артыкулы Віктара Цітова “Човен” і “Даўбёжнае рамяство”. Ніна Буракоўская зазначыла:“Суднабудаванне Беларусі мае багатую гісторыю, даўнія традыцыі. Шмат вякоў, аж да вынаходства паравоза, асноўнымі і найбольш таннымі шляхамі транспарціроўкі грузаў на далёкія адлегласці былі рэкі. У вялізных лясных масівах было шмат выдатнага будаўнічага матэрыялу — векавых дубоў, соснаў, ялін. Згодна з дадзенымі археалагічных раскопак, суднабудаванне на тэрыторыі рэспублікі было вядомае ўжо ў эпоху неаліту: выдаўбаны са ствала дрэва човен знойдзены ў Плешчаніцкім раёне Віцебскай вобласці. Найстаражытнымі суднамі ва ўсходніх славян былі лодка, човен і струг, якія ўпамінаюцца ў летапісах і ў «Рускай праўдзе» ў IX—XI ст. ст. К сярэдзіне XIII ст. па Заходняй Дзвіне і Касплі хадзілі чаўны, а ў пачатку XV ст. на Нёмане ўжо былі віціны. Павелічэнне грузавых перавозак у канцы XVI — пачатку XVII ст. абумовіла будаўніцтва рачных суднаў большага танажу…” … “Першыя судны былі суцэльныя, з аднаго ствала дрэва, потым, каб павялічыць устойлівасць і аб'ём, пачалі нашываць, набіваць дашчаныя барты. 3 XII ст. вядомыя цалкам дашчаныя судны, а з XVI ст. гэты тып стаў пануючым у водным транспарце. Далейшае развіццё ішло па лініі павелічэння памераў і відаў суднаў, больш стараннага аздаблення”. Артыкул Буракоўскай “Човен” змешчаны ў энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі”, Мінск, 1989, стар. 531: “ Човен — лодка-аднадрэўка, выдзеўбаная з дуба, сасны, асіны, ліпы. Быў пашыраным сродкам воднага транспарту, служыў для мясцовых перавозак грузаў і людзей, рыбнай лоўлі,палявання. Упамінаецца ў “Рускай праўдзе” (1054). У 19 ст. пачаў выцясняцца дашчанымі лодкамі, выйшаў з ужытку ў 20 ст. Традыцыйныя Ч. мелі рэгіянальныя адрозненні. У басейне Нёмана бытавалі Ч. карытападобнай формы, у інш. мясцовасцях — з разгорнутымі бакамі, завостранымі або злёгку закругленымі насамі і кармой, зрэдку — адвеснай кармой і завостраным носам. Памеры Ч. (ад 2,5 да 10 м даўжыні і 1-1,5 м шырыні) залежалі ад прызначэння і шырыні ракі ці канала. Кіравалі Ч. адналопасным вяслом без уключын”. Характэрная асаблівасць палескага вясла — папярэчына на ручцы (муліца, кавылька).У Перарове і Хваенску Жыткавіцкага раёна гэтую папярэчыну называюць “мыліца”. У вёсках паабапал Прыпяці некалі было шмат майстроў, якія выраблялі чаўны для сябе і па замове – суседзям або жыхарам іншых вёсак. Палешукі ўвогуле вучыліся працаваць з дрэвам з дзяцінства. Лічылася, што мужык павінен быць майстрам на ўсе рукі. У балоцістай мясцовасці, дзе мноства рэк і рачулак, човен быў зручным суднам у час палявання на качак, пры рыбнай лоўлі. Ён лёгка і бясшумна прабіраўся сярод зарасніку прыбрэжных раслін. Звычайна чоўнам упраўляюць, седзячы або стоячы на карме. На вольнай вадзе ён рухаецца хутка, як байдарка, да таго ж, на дзіва ўстойлівы. Каштоўнасць рамяства і самога чаўна як сродку руху па вадзе, якім карысталіся яго продкі, зразумеў у 90-х гадах Леанід Швед 1962 года нараджэння, родам з в. Хваенск. У 1998 годзе, навучыўшыся ад старых вопытных майстроў з в. Перароў і пад іх кіраўніцтвам вырабіў свой першы човен. Па заказу Нацыянальнага парка “Прыпяцкі” зрабіў яшчэ 5 чаўнаў з дуба. Сын аднаго з майстроў, якія вучылі Шведа — Уладзімір Масло — жыве на Поўначы Расіі, а зімуе ў роднай вёсцы Хваенск Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці або прыязджае сюды на ўсё лета. Вырабіў для сябе човен, выкарыстаўшы вопыт бацькі, па памяці, калі бацькаў човен адпрацаваў свой тэрмін выкарыстання, і застаўся матэрыял яшчэ на адзін човен, назапашаны некалі бацькам. Стан бытавання: пад пагрозай знішчэння Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент: Выраб чоўна з цэлага камля дуба – традыцыйны для жыхароў Прыпяцкага Палесся і ў цэлым для лакальнага этнарэгіёна Тураўшчыны Усходняга Палесся (так званае “Малое Палессе”)— тэрыторыі ў міжрэччы Сцвігі і Прыпяці з аднаго боку і міжрэчча Прыпяці і Гарыні з другога. Рэкі і лясы для жыхароў гэтай тэрыторыі мелі вялізнае значэнне ў гістарычным, эканамічным, сацыяльным і культурным сэнсе. Човен з’яўляецца адным з гісторыка-культурных маркераў іх этнічнай культуры разам з рагатымі галаўнымі ўборамі і абрадам “Карагод”, элементамі традыцыйнай тураўскай дамавой разьбы і традыцыйным светачам, які некалі выкарыстоўваўся для асвятлення хаты. Асновай тэхналогіі вырабу чоўна з’яўляецца даўбёжнае рамяство. Яго захоўваюць на Малым Палессі толькі бортнікі разам са старадаўнімі інструментамі і прыстасаваннямі для вырабу калодных вулляў. Неабходнасць у вырабе дзёўбанага посуду знікла, таму такія вырабы зараз захоўваюцца ў музеях, у клубах, бібліятэках і ў некаторых сем’ях, якім дарагая памяць продкаў. Па-ранейшаму лічыцца неабходным для кожнага мужчыны валодаць рамёствамі па апрацоўцы дрэва, і гэтыя рамёствы кормяць сем’і праз адыходныя промыслы. Па-ранейшаму мужчыны і жанчыны займаюцца ляснымі промысламі. Некаторыя палешукі (пенсіянеры ў асноўным) плятуць кашалі з сасновай дранкі, кошыкі з лазы. У суседнім з Пераровам Хваенску ёсць майстры, якія вырабляюць лодкі з дошак. З жаночых рамёстваў захоўваецца ў асноўным вышыўка, народная кулінарыя, народная медыцына і ветэрынарыя, агародніцтва, птушкагадоўля. Буйны рагаты скот мала хто трымае, кароў мала, старыя ахвотней трымаюць коз. Коней таксама зараз мала хто трымае. У народнай архітэктуры дамавая разьба і тыповыя сядзібы захоўваюцца толькі ў тым выпадку, калі хата старая і калі яе ніхто не перарабляў. Мала засталося ў дэкоры хат салярных сімвалаў і выяў рагоў, крыжоў, вужоў, птушак, жывёл (вільчыкі, франтоны, ліштвы і інш.). Але там, дзе яшчэ захоўваюцца, патрабуюць аховы і пераемнасці традыцый. Наяўнасць рэк і лясоў, розных відаў традыцыйных прыродных матэрыялаў (драўніна розных парод дрэў і кустоў, лаза, рагоз, карэнні дрэў і інш.), якія выкарыстоўвалі продкі, дае магчымасць для далейшага захоўвання традыцыйных рамёстваў і вырабу з іх прадметаў побыту, сувеніраў, выкарыстанне іх у сучасным побыце, будаўніцтве хат і прыбудоў пры іх. Жывучы ля ракі, якая кожную вясну разлівалася, амаль кожны мужчына рабіў для сябе гэты зручны сродак руху для перавозкі грузаў, рыбалкі і палявання - човен. Змалку кожны вучыўся плотніцкай, цяслярскай, сталярнай справе, іншым рамёствам па апрацоўцы дрэва, бо гэта была і лясная тэрыторыя. Многія валодалі і даўбёжным рамяством: рабілі для гаспадарчых патрэб ступы, сальніцы, кадаўбы, карыты і ночвы-апалушкі, жлукты, кублы для адзення, шафкі для кухонных прыпасаў, маслабойкі, калыскі для немаўлят, калодныя вуллі і іншыя рэчы, у тым ліку і чаўны. Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца: Тураўская гаворка жыхароў Усходняга Палесся. Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента: Інструменты: 1) сякера, 2) капыл (жалезны інструмент у форме ступні, з драўлянай ручкай);3) струг закруглены (жалезны завостраны з аднаго боку вогнуты інструмент для грубай апрацоўкі драўніны струганнем, мае дзве драўляныя кароткія ручкі); 4) струг прамы (такі ж інструмент, толькі лязо ў ім не закругленае, а прамое); 5) рубанак. 6) У наш час выкарыстоўваецца бензапіла для палягчэння працы майстра. Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента: Усе сакрэты і асаблівасці вырабу чаўна майстар трымае ў памяці. Ён робіць човен, засноўваючыся на парадах старэйшых майстроў, ад якіх пераняў рамяство, а таксама на аснове ўласнага практычнага вопыту і інтуіцыі. Памеры, якія павінен мець човен, залежаць ад даўжыні і таўшчыні дуба, але ён павінен быць не менш за 5м 20 см даўжыні і 65 см шырыні. Ёсць свае асаблівасці і ў выбары дуба, з якога можна зрабіць човен. Тады човен будзе ходкім (будзе хутка рухацца). Для таго, каб зрабіць човен, майстар павінен валодаць не толькі даўбёжным рамяством, але і такімі рамёствамі, як цяслярства, сталярства і іншымі, умець карыстацца сякерай, пілой, цёсламі, прамым і авальным стругам, скобляй, долатам (пешняй), цыркулем, свердзелам, гэблікам, у наш час - бензапілой. Пры выбары дуба і падчас яго апрацоўкі выкарыстоўваюцца прыкметы, назапашаныя продкамі: дуб павінен быць не толькі пэўных памераў, але і здаровы ў сярэдзіне, без сучкоў звонку. Адсекшы ад дуба трэску, майстар кідаў яе ў ваду – калі трэска не патанала, з гэтага дуб атрымаецца добры човен. Увогуле ў побыце мясцовыя жыхары для сваіх патрэб рабілі шмат рэчаў з прыродных матэрыялаў, яны служылі чалавеку ад нараджэння да смерці. Мужчыны добра ведалі якасці розных парод дрэў і выраблялі з іх часам высокамастацкія творы, якія служылі доўга, перадаваліся з пакалення ў пакаленне і скрашвалі сціплы побыт, забяспечваючы сям’ю ўсім неабходным. Мужчыны самі плялі і шылі абутак для ўсёй сям’і, умелі апрацоўваць скуры жывёл, шылі кажухі і сукні, валодалі некаторымі кавальскімі навыкамі, займаліся смалакурэннем. На Палессі здаўна лічыцца, што кожны мужчына павінен умець апрацоўваць поле, вырошчваць скаціну, валодаць такімі мужчынскімі промысламі, як бортніцтва, рыбалоўства, паляўніцтва. І, як кажуць, быць майстрам на ўсе рукі. Прыроднае асяроддзе было не толькі неабходнай асновай для існавання, але і для арганізацыі побыту. Чалавек браў з гэтага асяроддзя ўсё неабходнае для жыцця, прыкладаючы для апрацоўкі прыродных матэрыялаў свой творчы розум, практычнасць, лоўкія працавітыя рукі, вопыт продкаў і патрэбу ў прыгажосці для арганізацыі свайго побыту. Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці: Тэхналогіі вырабу палескага чоўна перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў сям’і і вясковай супольнасці. Але ў далейшым варта задзейнічаць школу і мясцовы сельскі клуб для навучання хлопчыкаў рамёствам па апрацоўцы дрэва, працы з прыроднымі матэрыяламі. Пагрозы для існавання і перадачы элемента: Традыцыя вырабу палескага чоўна знаходзіцца пад пагрозай знікнення, таму патрабуе падтрымкі з боку дзяржаўных арганізацый (прыродаахоўных, адукацыйных, устаноў культуры) у плане захавання традыцыі і забеспячэння пераемнасці. Ключавыя словычовен, лодка-аднадрэўка, даўбёжнае рамяство, выдаўбіць човен, Перароў Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА |