Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыя бытавання народнага лялечнага тэатра ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці (Мірская батлейка)

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 43БК000163
Дата ўключэння: 11/01/2023
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 29.12.2022 № 04-01-02/11 . Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 11.01.2023 № 4.
Шыфр (у Інвентары): НКС-20230223

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. Адрас: вул. Савецкая, 8, 230025, г. Гродна, ;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыя бытавання народнага лялечнага тэатра ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці (Мірская батлейка)

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Мясцовая традыцыя батлеечнага прадстаўлення ў г.п. Мір. Традыцыя прадстаўлення Мірскай батлейкі.

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары г.п. Мір і г.п. Карэлічы Гродзенскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Кароткае апісанне элемента:

Батлеечныя прадстаўленні, што бытавалі ў пачатку ХХ стагоддзя ў Міры, ладзіліся ў двух’яруснай  батлейнай скрыні з простымі дэкарацыямі і лялькамі на прутках ці шпяньках. Вядома, што ў Міры і рэгіёне прадстаўленні батлейкі пачыналіся з 24 снежня, напярэдадні каталікага свята Раства Хрыстова і доўжыліся аж да 19 студзеня, калі праваслаўныя  святкавалі  Хрышчэнне Гасподне.
Калядныя батлеечныя прадстаўленні былі заснаваныя на новазапаветным сюжэце нараджэння Хрыста, але ў адрозненне ад іншых батлеечных дзеяў на Беларусі, прадстаўленні мірскай батлейкі былі цалкам вершаваныя.
Сюжэт класічнай батлеечнай дзеі “Цар Ірад” у мірскай батлейцы мае дзве інтэрпрэтацыі (дзеі “Дары” і “Калядна”), кожная са сваім маральна-духоўным сэнсам.
Захоўваючы традыцыйны падзел узроўняў скрыні на верхні ярус – “неба” і ніжні ярус – “зямлю”, персанажы-лялькі Чорта і, радзей, Смерці, знаходзіліся па-за дзвярамі скрыні, як бы за межамі сусвету і з’яўляліся на “зямлі” толькі пры парушэнні іх чалавекам Боскіх запаветаў, што таксама характэрна толькі мірскай батлейцы.
Прадстаўленні батлейкі ладзіліся ў Міры па хатах мяшчан і займалі каля паўгадзіны часу.
Батлейшчыкі папярэдне ставілі зачыненую батлейку на стол і завешвалі яе фіранкай. Пасля ўваходзілі ў хату і пачыналі віншаванне з дазволу-пажадання гаспадару, гаспадыні і радзіне з абавязковым выкананнем мясцовага канта “А на небе месяц ды зоры…”. Пасля батлеечнай дзеі батлеі выконвалі кант “Неба днесь лікует…” і маглі нават частавацца з радзінай. Грошы за прадстаўленне батлейшчыкі бралі загадзя, пры дагаворы.
Асаблівым было і выкарыстанне батлеямі ручнікоў, як элементаў асабістага ўбранства. Ручнікі перавязваліся наўкос, з пляча на пояс і сімвалізавалі анёльскае дабравесце аб нараджэнні Хрыста, пераклікаючыся з элементам араром, што належаў да ўбранства дыяканаў у царкве.
Характэрным для мірскай батлейкі было прадстаўленне пад час Піліпавага посту, калі ў Міры ў снежні ладзіўся Мікалаеўскі кірмаш.
Менавіта ў гэты час, пачынаючы з 1916 года, батлеі ладзілі дзею “Салдат ды чорт”, створаную на памяць аб земляках, што ўдзельнічалі ў 1 Сусветнай вайне. Такая традыцыя характэрна толькі для батлейкі дынастыі Сілко з Міра.
Батлеечныя прадстаўленні, нягледзячы на свой забаўляльны характар, з даўніх часоў захавалі ў сваёй сутнасці аб’яднанне агульначалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцей. І на сённяшні момант, калі для маладога пакалення прапаноўваемыя маральныя  мадэлі часта ўваходзяць у канфлікт з рэальнай мадэллю паводзін грамадства,  захаваныя ў батлеечным тэатры хрысціянскія матывы з’яўляюцца  канкрэтным духоўна-маральным аргументам, які быў выпрацаваны нашымі продкамі і дзякуючы выразным сродкам свайго ўвасаблення  можа стаць асновай для перабудовы падлеткам і моладдзю асбістай маральнай мадэлі праз засваенне традыцый і культуры ўласнага народа.

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Выканальніцкія мастацтвы » Тэатр

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

На сённяшні момант вялікую цікавасць у насельніцтва выклікаюць узноўленыя батлеечныя дзеі старадаўняй Мірскай батлейкі як арганічная частка калядных святаў у рэгіёне. Тэатр батлейка дазваляе кожнаму зацікаўленаму без спецыяльнай падрыхтоўкі дакрануцца да старадаўняй культурнай традыцыі народнага тэатра. Прадстаўленні батлейкі з’яўляюцца адметным аб’ектам этнагарафічнага турызму ў рэгіёне.

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Тэатр батлейка ў г.п.Мір выконвае для мясцовай супольнасці функцыю своеасаблівага этнакультурнага самасцвярджэння. Так як яшчэ ў 20-30-ыя гады ХХ стагоддзя батлейка ў Міры была неад’емнай і характэрнай з’явай культурнай традыцыі мястэчка. Сённяшняя рэканструкцыя гэтай культурнай з’явы дазваляе актыўна далучацца да гісторыі і культуры ўсім жадаючым, захоўваць культурную разнастайнасць і адметнасць рэгіёна. Значнай з’яўляецца і турыстычна-рэкрэацыйная функцыя батлейкі. Прадстаўленні тэатра заўсёды запатрабаваныя на самых розных узроўнях: ад удзелу ў міжнародных фестывалях да мясцовых прэзентацый.

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Установа адукацыі “Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж” Установа “Музей “Замкавы комплекс “Мір” Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Мірская гарпасялковая бібліятэка дзяржаўнай установы культуры “Карэліцкая раённая бібліятэка” Дзяржаўная ўстанова “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” Таварыства з абмежаванай адказнасцю “МірумГрад”, г.п. Мір Аддзел культуры і вольнага часу “Мірскі гарадскі Дом культуры” дзяржаўнай ўстановы “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” Рэдакцыя Карэліцкай раённай газеты “Полымя” Дзяржаўная ўстанова “Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь”, г Мінск Праваслаўны прыход храма Святой Троіцы, г.п. Мір.

Паходжанне элемента:

Самой з’яве батлейкі папярэднічала прынесеная на беларускія землі каталіцкімі манахамі традыцыя калядных містэрый з выстаўленнем нерухомых фігуру касцёлах, ілюструючых Нараджэнне Хрыста. Адным з сведчаннем таму можна лічыць старую “батлейку”, якая была знойдзена на гарышчы Францішканскага касцёла г. Гродна гадоў дзесяць таму. Унікальнасць у тым, што яна забяспечана электрычным механізмам, які быў створаны ў 60-я гады XX стагоддзя пробашчам касцёла Аркадзіем Вальтосам. Усе драўляныя фігуркі былі “жывыя”: Яны не толькі рухаліся па крузе, але і паварочваліся, падымалі рукі, рабілі рухі галавой, стукалі ў барабан, гралі на скрыпцы. Зараз механізм батлейкі працуе часткова. Фігуркі на драўляным крузе, які круціцца, застаюцца нерухомымі, перыядычна спрабуючы рабіць слабыя рухі. Кожная батлеечная лялька, выразаная з дрэва і размаляваная фарбамі, мае свой яскравы ўбор. Аднак нават з часткова адноўленым механізмам батлейка ў Францішканскім касцёле ўражвае як гродзенцаў, так і турыстаў, якія прыязджаюць у Гродна на навагоднія і калядныя святы. Тут можна ўбачыць буданчык з яслямі і немаўляткам Іісусам, схіліўшыміся над ім Марыю і Іосіфа. Побач мноства жывёлін, пастушкі і прыйшоўшыя на паклон тры Каралі, артысты і музыкі. Усю батлейку асвячае Віфлеемская зорка, якая месціцца на столі касцёла. У XVI стагоддзі традыцыйныя храмавыя прадстаўленні выйшлі за сцены касцёлаў у выглядзе батлейкі: скрыні з рухомымі лялькамі. Яны арганічна ўпляліся ў святочна-абрадавы побыт беларускіх мяшчан. Гэта і не дзіўна, бо калядныя святы ў беларусаў мелі багатую самабытную спадчыну ў выглядзе, перш за ўсё, калядных кантаў, альбо па простаму “калядак” ды цэлых прадстаўленняў калядоўшчыкаў. Да такога спалучэння евангельскага сюжэту і элементаў народнага фальклору доўгі час вельмі негатыўна ставіліся як каталіцкая, так і праваслаўная царква, лічачы такую інтэрпрэтацыю нараджэння Хрыста ерэтычнай. Таму батлейка на беларускіх землях даволі хутка выходзіць з-пад уплыву царквы і становіцца адгалінаваннем народнага тэатра “жывога актора”, які меў пэўныя рэгіянальныя асаблівасці. На тэрыторыі Беларусі вызначалася некалькі тыпаў батлеечнага тэатра: - аднапавярховыя (панарамныя); - двухпавярховыя з лялькамі, якія рухаліся; - двухпавярховыя з вежай; - батлейкі па прынцыпу ценявога тэатра; - батлейкі з празрыстымі дэкарацыямі, якія мяняліся пад час спектакля; - батлейкі -“зоркі” З усіх вышэйазначаных відаў батлейкі найбольш распаўсюджанай была двух’ярусная батлейка з простымі дэкарацыямі і лялькамі на прутках ці шпяньках. Значны заняпад батлеечных прадстаўленняў на тэрыторыі нашай краіны назіраўся з канца XIX стагоддзя. Але яшчэ ў пачатку XX стагоддзя ладзіліся прадстаўленні ў Мінску (1915 год), Докшыцах, Маладзечне, Міры і іншых населеных пунктах Навагрудскага павета (20-30-ыя гады). Паводле даследаванняў Наталлі Міхайлаўны Саўчук, якая вывучае развіццё беларускай батлейкі, адно з апошніх батлеечных прадстаўленняў ладзіў у Маскве на Усерасійскай прамысловай выстаўцы ў 1923 годзе мірскі батлейшчык Мацей Барашка з сынам Іларыёнам. Апошнія ж прадстаўленні батлейкі прайшлі ў канцы 50-х пачатку 60-х гадоў XX стагоддзя ў Міры і на Случчыне. Па ўспамінах мясцовых жыхароў Яўгеніі Васільеўны Заяц, Аляксандра Сямёнавіча Шпака, Уладзіміра Уладзіміравіча Лабазы, што жылі ў канцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя, у мястэчку Мір былі добра вядомыя батлеечнікі Сілко. Гэтыя сведчанні далі штуршок адраджэнню батлейкі навучэнцамі і педагогамі ў Мірскім мастацкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы №234. Ля вытокаў гэтай рэканструктарскай дзейнасці стаялі мастакі-рэстаўратары Галіна Пятроўна Жаровіна (год гараджэння 1946), Ганна Альбертаўна Выгонная (год нараджэння 1966), Элеанора Іванаўна Ляхновіч (год нараджэння 1973), Іван Іванавіч Карп (год нараджэння 1971), Міхаіл Мікалаевіч Шапіленка (год нараджэння 1968). Пад іх кіраўніцтвам і пры іх непасрэдным удзеле быў створаны цыкл батлеечных спектакляў “Радзівіліяда” аб магнатах Радзівілах, уладальніках мірскіх земляў і выбітных мецэнатах свайго часу. З 2010 года удзельнікі мірскай батлейкі актыўна займаюцца рэканструкцыяй батлеечных прадстаўленняў мірскіх батлеечнікаў Сілко. Асабліва зацікавілі ўспаміны Надзеі Бычко і Уладзіміра Лабазы аб батлеечных прадстаўленнях падчас Піліпавага посту, якія ўскосна пацвердзіліся ўспамінамі людзей, што прыязджалі на Мірскі Мікалаеўскі кірмаш (на “зімовага Міколу” ў дзень памяці св. Мікалая Цудатворцы – 19 снежня). Так высветлілася, што батлеечнік са сваім возам стаяў на плошчы і запрашаў пабачыць “батлею”, што ладзілася “…у хаце, недалёка ад Блёхавага дому” (Блёх – прозвішча знакамітага мірскага майстра-будаўніка). Разам з вышэйзгаданым апісаннем мясцовая жыхарка Надзея Бычко пераказала сюжэтную лінію яшчэ аднаго прадстаўлення пад назвай “Салдат ды чорт”. Штуршком да стварэння гэтай дзеі сталі трагічныя падзеі Першай сусветнай вайны. Так былі вызначаны галоўныя героі-персанажы батлейкі: Салдат, Анёл, Чорт, Смерць, Жабрачка, Ліхвяр (Каморнік) і асноўная лінія сюжэту: Салдат ідзе дамоў і турбуецца аб тым, як яму жыць пасля таго, як ён губіў чалавечыя жыцці. Яго супакойвае Анёл, а Чорт пахваляецца Смерці, што атрымае гэтую грэшную душу. Але Салдат адратоўвае сябе праз дапамогу Жабрачцы і Ліхвяру. У ходзе рэканструкцыі выявілася цікавая з’ява выкарыстання ў батлейцы Сілко розных моў для характарыстыкі саслоўнай і этнічнай прыналежнасці персанажаў, што суадносілася з традыцыямі класічнай батлейкі. Напрыклад, Анёл як “…той паламар (панамар) пры бацюшку”, а Ліхвяр быў падобны на “…крамнікавага Мэйзу Стальмаха”, што “мовіў адразу і па-руску і па-польску, як спраўны пане, але смешны такі быў…” , ён “крывіў словы па-польску і па-руску каб важней быць, а мовіў, як грэйзаў (неахайна пісаў) атлічным пяром па кары!”, а Чорт уварочваў моцныя “навернае” і такія славечкі, як “барохэн авой”, ды “сабэ”, ото так ён шпынгліў (лаяўся)!” (з успамінаў Уладзіміра Лабазы). Адначасова былі вызначаны рысы пэўнай абраднасці ў батлеечных прадстаўленнях Сілко, якія перад прадстаўленнем мелі звычай віншавання гаспадара і гаспадыні з Калядамі. Гэты звычай уключаў у сябе прывітальныя і развітальныя віншавальныя песні са святочнымі благаславеннямі гаспадарам і радзіне. Больш таго, па ўспамінах Яўгеніі Заяц і Уладзіміра Лабазы, была адзначана традыцыя адзявання ручнікоў батлеечнікамі, як сімвалаў анёлаў, што вельмі блізка пераклікаецца з элементамі дыяканскага аблачэння, стужкамі-арарамі, сімваламі анёльскага благаславення ў хрысціянскай царкве.

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Лялечны тэатр батлейка быў адроджаны і існуе сёння ў г.п. Мір, што здаўна слаўны сваімі гісторыка-культурнымі традыцыямі. Паспяховаму развіццю батлеечнага тэатра ў многім садзейнічае факт захавання ў пасёлку багатай гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта Мірскі замак XVI ст., касцёл Святога Мікалая канец XVI – пачатак XVII ст., Свята-Траецкая царква пачатка XVI ст., комплекс пабудоў, што належалі калісьці яўрэйскай частцы насельніцтва Міра: будынкі сінагог, іешывы, хедэра, жылыя і гаспадарчыя пабудовы пачатку XX ст., а таксама захаваная з даўніх часоў планіроўка Рынкавай плошчы і старой часткі самога пасёлка. Слава Міра як колішняга рамеснага цэнтра і сёння паспяхова падтрымліваецца выкладчыкамі і навучэнцамі Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, у сценах якога ідзе навучальны працэс на засваенні і развіцці народных рамёстваў (разьба па дрэве, сталярныя работы, вытворчасць керамікі, роспіс па дрэве і тканіне) на прафесійным узроўні. Знаходзячыся ў такім культурным атачэнні батлейка паспяхова развіваецца, як і раней, калі гэты тэатр быў тэатрам рамеснікаў-мяшчан. Захаваныя гістарычныя аб’екты пасёлка надаюць рэканструяваным дзеям мірскай батлейкі рысы аўтэнтычнасці.

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Гарадзенска-Баранавіцкая група гаворак паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы, беларуска-руская, беларуска-польская, беларуска-яўрэйская лінгвістычная інтэрферэнцыя (накладанне).

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Батлеечная скрыня, шпяньковыя батлеечныя лялькі, тканы покрыўны дыван пад скрыню (“капа”).

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Выкананне мясцовых спеваў “Хрыстос нарадзіўся! Алілуя!”, “А на небе месяц ды зоры…”, “Песня мілітантаў”. Батлеечныя дзеі ладзяцца як бы ў кантэксце своеасаблівага “калядавання” з першых калядных дзён, бо звычайна ў Міры, як і ў па ўсёй Карэліччыне, калядуюць толькі на шчодрую куццю. Пры правядзені масавых калядных прадстаўленняў бяруць удзел акцёры самадзейнага тэатра “Закрытыя твары” (выкарыстанне роставых касцюмаў-масак), прадстаўляючы бытавыя замалёўкі.

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Батлеечнае майстэрства перадаецца навучэнцам Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа ў народным лялечным тэатры “Батлейка”.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Адсутнасць стабільнага дарослага саставу акцёраў народнага лялечнага тэатра “Батлейка”

Ключавыя словы

батлейка, г.п.Мір, Каляды

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Экспертнае заключэнне_Т.В.Валодзіна_2022.pdf

Экспертнае заключэнне_Т.В.Валодзіна_2022.pdf

Экспертнае заключэнне_А.У.Лось.pdf

Экспертнае заключэнне_А.У.Лось.pdf

Споведзь_лялечніка_з_Міра_Полымя_21.03.2019.pdf

Споведзь_лялечніка_з_Міра_Полымя_21.03.2019.pdf

Прывіваць_любоў_да_роднай_мовы_Настаўніцкая_газета_20.04.2019.pdf

Прывіваць_любоў_да_роднай_мовы_Настаўніцкая_газета_20.04.2019.pdf

Дакрануцца_да_Нябёсаў_Слушна_06.01.2021.pdf

Дакрануцца_да_Нябёсаў_Слушна_06.01.2021.pdf

Фотафіксацыя